гарадскі пасёлак, цэнтр Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Бераставічанка. За 63 км ад Гродна, за 10 км ад чыг. ст. Бераставіца на лініі Масты—Бераставіца, на аўтадарозе Гродна—Бераставіца—Ваўкавыск. 5,8 тыс.ж. (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як уладанне навагрудскага ваяводы А.І.Хадкевіча. Належала Мнішкам, Патоцкім, Касакоўскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка (афіцыйна гэты статус зацверджаны ў 1725). З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1900 — 1786 ж., дробныя прадпрыемствы. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, вёска ў Крынкаўскім р-не Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Вялікай Бераставіцы і раёне 634 чал. З 1944 цэнтр раёна, з 1947 гар. пасёлак. У 1962—66 у Свіслацкім р-не. У 1969 — 2,9 тыс. жыхароў.
Сярэдняя, муз. і спарт. школы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Бераставіцкі касцёл Візітацыі Дзевы Марыі, касцёл (пач. 20 ст.), заезны двор (2-я пал. 19 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),
рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПІЦБЕ́РГЕН (Spitsbergen; стараж.-рус. назва Грумант, нарв.Свальбард),
архіпелаг у зах. частцы Паўн. Ледавітага ак.Пл. каля 62 тыс.км². Буйныя а-вы: уласна Ш. (Заходні Ш.), Паўн.-Усх. Зямля, Эдж, Баранца. Берагі парэзаны фіёрдамі. Рэльеф горны (выш. да 1712 м, г. Ньютан). Больш за 35,1 тыс.км² паверхні ўкрыта ледавікамі, пашырана шматгадовая мерзлата. У расл. покрыве — імхі, лішайнікі, карлікавая бяроза і вярба. Нац. паркі — Паўн.-Зах. Шпіцберген, Форлан; некалькі рэзерватаў, у т. л.Паўн.-Усх. Свальбард. Радовішчы каменнага вугалю. Адм. цэнтр — Лонгйір, порт — Барэнцбург.
Адкрыты экспедыцыяй 1596—97 галандскага мараплаўца В.Барэнца. У 17 ст. Ш. — арэна барацьбы за кітабойныя промыслы паміж Галандыяй і Англіяй. У выніку сутыкненняў паміж іх прамысл. флатамі (1618) паўн.ч. ўзбярэжжа Ш. замацавана за галандцамі (засн. тут паселішча Смерэнбург), а паўд. — за англічанамі, французамі, ганзейскімі гарадамі і інш. У 1765 і 1766 на Ш. арганізавана рас. экспедыцыя пад камандаваннем адмірала В.Я.Чычагова. Доўгі час Ш. быў нічыйнай тэрыторыяй. У 1822 тут засн. 1-я нарв. зімоўка. Суверэнітэт Нарвегіі над Ш. устаноўлены міжнар. Парыжскім дагаворам 1920 (Шпіцбергенскі трактат; СССР далучыўся ў 1935), які адначасова аб’явіў Ш. нейтралізаванай тэрыторыяй У 1925 Нарвегія афіцыйна абвясціла Ш. часткай Нарв. каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НЕЦ,
назва залатой манеты стандарту дуката, грашова-лікавая адзінка абмежаванага ўжытку; вагавая адзінка для золата. Назва ад рус. вызначэння «червонный золотой» у адносінах да замежных залатых манет 15 — пач. 18 ст.; пісьмова зафіксавана ў 1749 указам Манетнай канцылярыі Рас. імперыі, калі ў 1701—97 выпускаліся залатыя манеты без пазначэння наміналу (лігатурная маса 3,47 г, проба 986—960), у 1701—51 — двайны Ч. У 1768—1806 і 1818—67 залатая манета — рэлікт нідэрл. дуката, што незаконна білася да 1849 у Рас. імперыі для замежных плацяжоў і выплат жалавання ў пагранічных гарнізонах; вызначэнне «червонный» проціпастаўлялася Ч. і ўжывалася ў дачыненні да імперыялаў. У 1834—41 афіц. назва рас. манет двайнога наміналу 3 руб., або 20 злотых, у 1868—85 — наміналу 3 руб., якія паводле метралагічных даных прыблізна адпавядалі дукату. У 1922 Ч. — залатая манета РСФСР са стандартам утрымання золата, адпаведным дарэв. 10-рублёвай манеце. Яна эмітавалася і ў 1923 Дзяржбанкам СССР, але ва ўнутр. абарачэнне не паступіла, а для замежных плацяжоў не ўжывалася з-за адмовы прымаць яе замежнымі краінамі. У 1925 выпушчана пробная залатая манета СССР паводле стандарту Ч. РСФСР. У 1923—24 адзін з наміналаў і адзінка зборных адносна Ч. наміналаў банкаўскіх білетаў Дзяржбанка РСФСР узору 1922 (1, 3, 5, 10, 25 Ч.), якія былі законным плацежным сродкам ва ўсіх сав. рэспубліках. Папулярная іх назва «белыя Ч.» з-за аднабаковага афармлення тыпу англ. фунтаў стэрлінгаў. Па ўтрыманні золата адпавядалі манеце Рас. імперыі ў 10 руб. У 1923 Ч. забяспечвалася 80% грашовага абарачэння краіны, пасля рэформы 1924 банкноты складалі 67%. З 1923 Ч. стаў адзіным цвёрдым плацежным сродкам, але фактычная адмова ад практычнай яго канверсоўнасці выклікала выбух інфляцыі Ч. Афіцыйна зняты з абарачэння ў 1947, фізічна — з пач. 1930-х г. Узор білетаў 1937 кампазіцыйна нагадваў долар ЗША 1933. Забарона вывазу па-за межы СССР банкаўскіх білетаў у 1926 выклікала адмену каціровак Ч. на замежных біржах, што прычыніла моцную шкоду замежным фін. структурам—трымальнікам Ч. і канчаткова вызначыла курс на фін. самаізаляцыю сав. краіны. Афіцыйна ўсе ўзоры Ч. СССР, знятыя ў 1947, паступова выключаліся з абарачэння з увядзеннем новых узораў адпаведных наміналаў. У Вял.Айч. вайну адзін з наміналаў і адзінка зборных адносна Ч. наміналаў акупац. грошай рэйхскамісарыята Украіна, да якога была далучана і паўд.ч. Беларусі (старыя сав. грашовыя знакі з курсам 1 Ч. = 1 акупац. марцы). Залатая манета з наміналам Ч. і гербам РСФСР узору 1922 з датамі 1974—82 выпускалася ў парушэнне прававых норм СССР для замежных калекцыянераў сав.-герм. прадпрыемствам «Міжнумізматыка». У пасляваен. час «Ч.» — простанародная назва банкаўскага білета чырв. колеру ўзору 1961 наміналам 10 руб., з пач. 1990-х г. — папулярная на тэр. Беларусі назва банкноты ЗША у 10 долараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1632—34, Смаленская вайна,
вайна Расійскай дзяржавы за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі, якія ў выніку Дэулінскага перамір’я 1618 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Цар Міхаіл Фёдаравіч і яго бацька патрыярх Філарэт накіравалі ў вер. 1632 на Смаленск 40-тысячнае войска пад камандаваннем ваяводы М.Б.Шэіна. Яно заняло Себеж, Невель, Усвяты, Дарагабуж, Старадуб, у студз. 1633 асадзіла Смаленск. Рас. войскі праніклі ў глыб Беларусі, авалодалі Асвеяй, Друяй, Полацкам (акрамя крэпасці), Прапойскам, асадзіла Мсціслаў і Крычаў. Гетман польны ВКЛ К.Радзівіл перакінуў у Смаленск падмогу, частка казакаў і дваран пакінула рас. войска. У канцы жн. 1633 да Смаленска падышоў кароль польскі і вял.кн.ВКЛ Уладзіслаў IV з 25-тысячным войскам, якое адцясніла рас. войска ад Смаленска і акружыла яго. 25.2.1634 Шэін падпісаў акт аб капітуляцыі, паводле якога рэшткі рас. арміі (8 тыс.чал.), пакінуўшы ўсю артылерыю і інш. зброю, адышлі з-пад Смаленска. Паводле Палянаўскага міру 1634 Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Рэч Паспалітая вярнула большасць захопленых зямель, Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон.
А.П.Грыцкевіч.
Беларуска-польскія войскі пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. З гравюры В.Хондыуса. 1636.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗМАГА́РНАЯ ФРА́НЦЫЯ»
(«La France Combattante»),
рух за нац. незалежнасць Францыі супраць ням.-фаш. захопнікаў і вішысцкіх калабарацыяністаў (гл.«Вішы») у час 2-й сусветнай вайны 1939—45. Узначальваў рух Ш. дэ Голь. Прымыкала да антыгітлераўскай кааліцыі. У 1940 наз. «Свабодная Францыя». 24.9.1941 у Лондане быў створаны кіруючы орган «З.Ф.» — Франц.нац.к-т (ФНК). Рух тэрытарыяльна апіраўся на франц. калоніі (Чад, Камерун, Габон і інш.). Меў узбр. сілы і ўдзельнічаў у шэрагу ваен. аперацый. У ліст. 1942 ФНК накіраваў у СССР групу франц. лётчыкаў для сумеснай барацьбы супраць гітлераўцаў (пазней авіяполк «Нармандыя—Нёман»), Прадстаўнікі «З.Ф.» ўваходзілі ў Нац. савет Супраціўлення, створаны ў маі 1943 арг-цыямі Руху Супраціўлення. Пасля высадкі англа-амер. войск у Алжыры (ліст. 1942) і пераезду туды ФНК апошні пераўтвораны ў Франц.к-тнац. вызвалення (ФКНВ), які ў 1943—44 прадстаўляў дзярж. інтарэсы Францыі (афіцыйна прызнаны ўрадамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі). 2.6.1944 ФКНВ перайменаваны ў Часовы ўрад Франц. рэспублікі на чале з дэ Голем. Пасля вызвалення Парыжа (25.8.1944) канчаткова прызнаны вышэйшым органам выканаўчай улады Францыі.
Літ.:
Голль Ш. де. Военные мемуары: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1957—60;
Смирнов В.П. Движение Сопротивления во Франции в годы второй мировой войны. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАНО́ЎЧЫ СХОДу Расіі,
прадстаўнічая ўстанова, створаная на аснове ўсеагульнага выбарчага права для вызначэння формы праўлення і выпрацоўкі канстытуцыі краіны пасля звяржэння манархіі ў лют. 1917. Скліканне У.с. лічылася гал. задачай Часовага ўрада, але выбары яго дэпутатаў адбываліся ўжо пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, пры рэальнай уладзе бальшавікоў, з 12(25).11.1917 да пач. 1918. Было выбрана 715 дэпутатаў, з іх 59% эсэраў, 25% бальшавікоў, 5% канстытуцыйных дэмакратаў, 3% меншавікоў. На Беларусі і Зах. фронце за бальшавікоў прагаласавала 49% выбаршчыкаў, за эсэраў — 37%. Пасяджэнне У.с. адкрылася 5(18).1.1918 у Таўрычаскім палацы ў Петраградзе (у той жа дзень бальшавікі разагналі дэманстрацыю ў яго падтрымку). З’явіліся 410 дэпутатаў (у асн. эсэры-цэнтрысты, бальшавікоў і левых эсэраў 155 чал., або 38,5%), старшынёй абраны эсэр В.М.Чарноў. Калі У.с. адмовіўся прызнаць дэкрэты з’ездаў Саветаў, бальшавікі і левыя эсэры пакінулі пасяджэнне, і каля 5 гадзін раніцы 6(19).1.1918 паводле загаду СНК яго спыніў нач. каравула палаца матрос А.Р.Жалезнякоў («Каравул стаміўся»). У ноч на 7(20).1.1918 ВЦВК сваім дэкрэтам афіцыйна распусціў У.с., што абвастрыла грамадз. супрацьстаянне ў краіне.
Кр.:
Учредительное собрание. Россия, 1918: Стенограмма и др. док. М., 1991.
Літ.:
Протасов Л.Г. Всероссийское учредительное собрание: История рождения и гибели. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́НГА ПЛАН,
другі рэпарацыйны план для Германіі па выніках 1-й сусв. вайны, распрацаваны міжнар. к-там экспертаў на чале з О.Юнгам (ЗША), зацверджаны 20.1.1930 на 2-й Гаагскай канферэнцыі 14 краінамі.
У адрозненне ад Даўэса плана Ю.п. вызначаў дакладную суму рэпарацый для Германіі ў 113,9 млрд. марак, штогадовыя плацяжы зніжаны на 20% і складалі па 2 млрд. марак на наступныя 37 гадоў. Паводле Ю.п. змяняўся парадак спагнання рэпарацый. адмянялася сістэма аблігацый, ад плацяжоў вызвалялася герм.прам-сць, рэпарацыі павінны былі выплачвацца з даходаў чыг. транспарту і дзярж. бюджэту. ліквідаваўся кантроль над эканомікай і фінансамі Германіі, не прадугледжваліся санкцыі на выпадак невыканання абавязацельстваў. Адначасова прынята рашэнне датэрмінова вывесці саюзныя войскі з Рэйнскай вобл. ЗША, зацікаўленыя ў рэгулярных плацяжах амер. трымальнікам аблігацый за пазыкі Германіі, прымусілі Вялікабрытанію. Францыю і Італію згадзіцца з адтэрміноўкай рэпарацыйных выплат на год (т.зв. «мараторый Гувера», ад імя прэзідэнта ЗША), які набыў сілу 15.7.1931. Калі тэрмін мараторыя скончыўся. Германія, спасылаючыся на эканам. крызіс, спыніла выплату рэпарацый, і Ю.п. перастаў існаваць (афіцыйна адменены на Лазанскай канферэнцыі 1932). Выкліканы Ю.п. цяжар спрыяў распальванню ў Германіі шавіністычных настрояў напярэдадні прыходу да ўлады фашыстаў (студз. 1933). Крах Ю.п. адкрыў магчымасці для аднаўлення герм.ваен.-прамысл. патэнцыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАБІ́НСКІ КЛУБ,
палітычны клуб і масавая грамадская арг-цыя ў Францыі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99. Узнік у чэрв.—кастр. 1789, названы па месцы пасяджэнняў у зале б. бібліятэкі манахаў-дамініканцаў (у Францыі наз. якабінцамі) у Парыжы. Меў шматлікія мясц. секцыі (больш за 44 тыс. ў 1794). Напачатку аб’ядноўваў усіх праціўнікаў феад.-абсалютысцкіх парадкаў пры дамінуючай ролі прыхільнікаў канстытуцыйнай манархіі з ліку ліберальнага дваранства і буйной буржуазіі. Вясной 1790 найб. кансерватыўныя з іх (Э.Ж.Сіес, А.Г.Мірабо, М.Ж.Лафает і інш.) утварылі ўнутры клуба замкнёнае «Таварыства 1789»). У ліп. 1791 у сувязі з паліт. крызісам, выкліканым спробай караля Людовіка XVI уцячы за мяжу, манархісты-канстытуцыяналісты выйшлі з Я.к. і ўтварылі т-вафельянаў. У клубе да восені 1792 панавала групоўка рэспубліканцаў на чале з Ж.П.Брысо, якая пазней атрымала назву жырандыстаў. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) абвастрыўся канфлікт паміж радыкальнымі групоўкамі Я.к. і жырандыстамі, якія пакінулі клуб у кастр. 1792. З гэтага часу Я.к. — асн.паліт. цэнтр якабінцаў, дзе ў перыяд якабінскай дыктатуры (чэрв. 1793 — ліп. 1794) панавала групоўка М.Ф.М.І.Рабесп’ера і выпрацоўваліся асн. кірункі дзярж. палітыкі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту (27—28.7.1794) Я.к. у пач.ліст. 1794 разгромлены «залатой моладдзю» і 12.11.1794 афіцыйна зачынены дэкрэтам Канвента. Спробы аднавіць яго дзейнасць у 1795—96 і 1798—99 спынены Дырэкторыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯПО́НА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1894—95.
Выклікана імкненнем Японіі ўсталявацца ў Карэі і Паўн.-Усх. Кітаі. Падставай вайны паслужыла тое, што Кітай (намінальны сюзерэн Карэі) накіраваў туды ў чэрв. 1894 2,5 тыс. салдат для падаўлення сялянскага паўстання 1893—94. Абвінаваціўшы Кітай у парушэнні ранейшых пагадненняў, Японія ўвяла ў Карэю сваю армію і заняла г. Сеул. У Карэі быў утвораны праяпонскі ўрад, які 27.7.1894 звярнуўся да Японіі за дапамогай. Але ўжо двума днямі раней (25.7.1894) яп. флот (без абвяшчэння вайны) атакаваў у порце Інчхон кіт.ваен.-трансп. судны, у выніку чаго загінула больш за 1 тыс.кіт. салдат. 1.8.1894 Японія афіцыйна абвясціла вайну Кітаю. Ваен.-тэхн. перавага Японіі хутка вызначыла поспехі яе арміі і флоту. У вер. 1894 яп. войскі атрымалі 2 перамогі (каля Пхеньяна і на р. Ялу) і разгарнулі ваен. дзеянні на тэр. Паўн.Усх. Кітая. Да сак. 1895 яп. армія захапіла Ляадунскі п-аў, гарады Вэйхайвэй, Інкоў і наблізілася да сталіцы Маньчжурыі г. Мукдэн. У выніку Кітай вымушаны быў 30.3.1895 падпісаць пагадненне аб перамір’і, а 17.4.1895 — Сіманасекскі дагавор 1895, паводле якога Кітай страціў Ляадунскі п-аў, а-вы Тайвань і Пэнхуледао, адмовіўся ад сюзерэнітэту над Карэяй і выплачваў кантрыбуцыю. Японія ўзмацніла свае пазіцыі ва Усх. Азіі і стала на шлях ваен. экспансіі.