РЭГУЛЯ́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,

войскі пастаяннай кадравай арміі, якія існуюць у шэрагу краін свету. Узніклі ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 17—18 ст., у Расіі ў пач. 18 ст. Р.в. адрозніваюцца ад ірэгулярных войск (напр., у Расіі казацкія і інш. часці і падраздзяленні, у т. л. міліцыйнай арміі). У 2-й пал. 20 ст. ў шэрагу дзяржаў адбылася прафесіяналізацыя рэгулярных армій і флатоў. Гл. Прафесійная армія.

т. 13, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ (ваен.),

вайсковае фарміраванне, у якое ўваходзяць некалькі злучэнняў або меншых па складзе аб’яднання, а таксама часцей і ўстаноў. Паводле складу і задач, якія вырашаюцца, бывае: стратэгічнае (узбр. сілы, кааліцыйныя аб’яднаныя ўзбр. сілы на тэатрах ваен. дзеянняў), аператыўна-стратэгічнае (фронт, група армій, флот), аператыўнае (армія, флатылія, эскадра, авіяцыя флоту і інш.), аператыўна-тактычнае (злучэнні і часці розных радоў войскаў, спецвойскаў і службаў аднаго віду ўзбр. сіл), тэрытарыяльнае агульнавайсковае (гл. Ваенная акруга).

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ПАЛСКАЯ БІ́ТВА 1396,

бітва, што адбылася 25 вер. каля г. Нікопал (Балгарыя) паміж арміяй тур. султана Баязіда I і войскам крыжаносцаў (французы, іспанцы, італьянцы, англічане, чэхі і інш.), якім камандаваў венг. кароль Жыгманд (гл. Сігізмунд I). Больш падрыхтаваная тур. армія (гл. таксама Янычары) разграміла феад. рыцарскае войска крыжаносцаў (большасць забіта, частка трапіла ў палон, невял. колькасці пашчасціла ўцячы). У выніку гэтай перамогі Турцыя замацавала сваё панаванне на Балканскім п-ве.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Варшаўскае княства,

залежная ад Францыі дзяржава ў 1807—15. Утвораная паводле Тыльзіцкага міру 1807 з часткі польск. зямель Прусіі. Пашырана за кошт польскіх зямель, адваяваных польскай арміяй у Аўстрыі ў ходзе Аўстра-французскай вайны 1809 (тэр. з гарадамі Кракаў, Кельцы, Радам, Люблін і Седльцы). Пл. 142 тыс. км², нас. 4,3 млн. чал. (79% палякаў, 8% літоўцаў і беларусаў, 7% яўрэяў, 6% немцаў). Узначальваў саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст, прызначаны франц. імператарам Напалеонам I. Дзейнічала прапанаваная Напалеонам канстытуцыя, паводле якой створаны сейм і дзярж. савет, армія (да 40 тыс. чал.; камандуючы Ю.Панятоўскі), пацверджаны прывілеі шляхты, тэр. герцагства падзелена на 6 дэпартаментаў і 60 паветаў. Дэкрэтам 1807 сяляне вызвалены ад прыгоннай залежнасці, аднак сял. і абшчынныя землі пакінуты ў неад’емнай уласнасці памешчыкаў. Развіваліся здабыча вугалю, металургія і сукнаробства. У 1812 база франц. арміі пры ўварванні ў Расію, у якім удзельнічала польск. армія; пасля правалу паходу Напалеона ў Расію (гл. Вайна 1812) занята рас. войскамі (1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 з б.ч. герцагства ўтворана Каралеўства Польскае, Пазнанскі і Быдгашчцкі дэпартаменты вернуты Прусіі (з іх створана Вял. княства Пазнанскае), Кракаў і яго наваколле сталі «вольным горадам» (гл. Кракаўская рэспубліка).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЧАНСКАЯ БІТВА 1812 Адбылася ў ходзе вайны 1812 31 ліп.

(12 жн.) каля вёсак Гарадзечна і Паддубна (цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.) паміж рус. 3-й Зах. арміяй А.​П.​Тармасава і напалеонаўскімі карпусамі (аўстрыйскім К.​Ф.​Шварцэнберга і 7-м саксонскім Ж.​Л.​Рэнье). 25 ліп. (6 жн.) Шварцэнберг атрымаў загад Напалеона ўзначаліць усе войскі на паўд. напрамку і адкінуць рускіх на Валынь. У баях 27 ліп. (8 жн.) пад в. Сягневічы і 29 ліп. (10 жн.) у Пружанах аўстрыйцы і саксонцы разбілі рускія авангарды і выйшлі да Гарадзечна, куды 30 ліп. (11 жн.) падышла ўся армія Тармасава. На працягу дня 31 ліп. (12 жн.) рускія (каля 20 тыс. чал.),

заняўшы абарону на правым беразе ручая Гарадзечна, стрымлівалі атакі аўстра-саксонскага войска (каля 38 тыс. чал.). Увечары, калі Шварцэнберг перакінуў на правы фланг свежую кав. брыгаду, рускія пачалі адыход. Звесткі пра страты супярэчлівыя: кожны бок свае страты акрэслівае прыблізна ў 1,5 тыс. чал., а страты праціўніка ў 3—5 тыс. У выніку Гарадзечанскай бітвы рус. армія цалкам пакінула тэр. Гродзенскай губ. У памяць бітвы каля в. Паддубна ў 1912 пабудавана капліца (разбурана ў Вял. Айч. вайну), у 1962 пастаўлены абеліск.

В.​В.​Антонаў.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫЛІ́ЙСКІЯ ПАЎСТА́ННІ РАБО́Ў,

паўстанні рабоў на в-ве Сіцылія ў 2-й пал. 2 ст. да н.э. Пасля 2-й Пунічнай вайны Рым ператварыў Сіцылію ў сваю жытніцу. Узмацненне эксплуатацыі рабоў, што працавалі на латыфундыях, выклікалі хваляванні, якія перараслі ў паўстанні. 1-е паўстанне 136(138 ці 137) — 132 да н.э. ўзначаліў раб-сірыец Еўн. Паўстанцы захапілі г. Эна і абвясцілі Еўна царом пад імем Антыёха. Другую армію паўстанцаў узначальваў раб-кілікіец Клеон. Калі абедзве арміі аб’ядналіся, ён узначаліў 70-тыс. войска, якое захапіла гарады Таўраменій, Катану, Месану і інш. Былі створаны органы дзярж. кіравання: савет, нар. сход. У 132 да н.э. консул П.​Рупілій задушыў паўстанне. Клеон загінуў у баі, Еўн памёр у турме. 2-е паўстанне (104—99 да н.э.) у паўд.-зах. частцы і ў цэнтры Сіцыліі ўзначаліў раб-італік Сальвій (абвешчаны царом пад імем Трыфона), а на захадзе в-ва — раб-кілікіец Афініён. Калі іх арміі аб’ядналіся, Афініён стаў стратэгам Трыфона, а калі той памёр — царом. Рым. армія пад кіраўніцтвам прэтараў Лукула, потым Гая Сервілія не здолела разбіць рабоў. У 101 да н.э. армія консула Манія Аквілія высадзілася ў Сіцыліі і ў 99 да н.э. задушыла паўстанне.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКІ ДАГАВО́Р 1936 аб дружбе і саюзе.

Падпісаны 26 жн. ў Лондане. Пашыраў самастойнасць Егіпта ва ўнутр. і знешніх справах: скасоўваўся інстытут англ. саветнікаў пры ўрадзе Егіпта, павялічвалася егіп. армія, Англія абавязвалася падтрымаць хадайніцтва Егіпта аб уступленні ў Лігу Нацый, фармальна спынялася акупацыя Егіпта англ. войскамі. Адначасова дагавор захоўваў асн. ваен. пазіцыі англічан (у зоне Суэцкага канала ёй дазвалялася трымаць да 10 тыс. войска). Дэнансаваны Егіптам у 1951. Англія прызнала яго адмену па Англа-егіпецкім пагадненні 1954.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1945 у чэшскіх землях,

узброенае антыфашысцкае нац.-вызв. паўстанне ў маі 1945 пад кіраўніцтвам Чэш. нац. савета (ЧНС, створаны ў крас. 1945 з прадстаўнікоў усіх груп руху Супраціўлення). Планавалася на 7 мая, але ўжо 1 мая ў шэрагу нас. пунктаў пачалося стыхійнае выступленне жыхароў. 5 мая цэнтрам барацьбы стала Прага: гараджане раззброілі і блакіравалі часці герм. арміі, захапілі склады з ваен. тэхнікай і ўзбраеннем, занялі цэнтр. тэлеф. станцыю, пошту, пачалі ўзводзіць барыкады. У гэты дзень было абвешчана, што ў чэш. землях улада перайшла да ЧНС як прадстаўніка ўрада Нац. фронту (створаны ў крас. 1945 у г. Кошыцы). 6 мая ням.-фаш. камандаванне пачало наступленне на Прагу, у шэрагу раёнаў горада завязаліся баі. 6—7 мая на бок паўстанцаў перайшлі «ўласаўцы» (гл. ў арт. Руская вызваленчая народная армія Руская вызваленчая армія). Ваен.тэхн. перавага дазволіла акупантам пацясніць паўстанцаў, якія папрасілі дапамогі ў сав. войск. Каб зменшыць колькасць ахвяр і выратаваць Прагу ад разбурэння, сав. камандаванне раней прызначанага тэрміну пачало Пражскую аперацыю 1945. 9—10 мая Прага была вызвалена. У П.п. актыўны ўдзел прымалі эмігранты з Беларусі, у т. л. М.​І.​Забэйда-Суміцкі.

Літ.:

Движение Сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы, 1939—1945. М., 1995;

Поп И.И. Чехословакия—Советский Союз, 1941—1947 гг. М., 1990.

І.​В.​Перапечка.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛО́ЎСКІ (Дзмітрый Фёдаравіч) (2.10.1848, г. Омск, Расія — 15.11.1894),

расійскі ваен. гісторык. Праф. (1889). Ген.-маёр (1891). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1866), Акадэмію Генштаба (1873). З 1873 у войсках на штабных пасадах. З 1885 выкладчык, з 1890 нач. кафедры гісторыі рас. ваен. майстэрства Акадэміі Генштаба. Заснавальнік т.зв. рас. ваен.-гіст. школы, падкрэсліваў самабытнасць рас. ваен. майстэрства. Аўтар прац «Руская армія ў Сямігадовую вайну» (вып. 1—3, 1886—91), «Запіскі па гісторыі ваеннага майстэрства ў Расіі (1683—1794)» (вып. 1—2, 1891—94) і інш.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕДНЯ́К»,

штодзённая сялянская газета. Выходзіла з 25.9.1918 да жн. 1919 на рус. мове напачатку ў Смаленску як выданне Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б), з 25.2.1919 у Мінску як орган ЦБ КП(б)Б, з 12.3.1919 орган ЦК і Мінскага губ. к-та КП(б) Літвы і Беларусі. Асвятляла жыццё Сав. краіны, падзеі грамадз. вайны, друкавала матэрыялы пра дзейнасць к-таў беднаты, сельскіх камуністаў. Частка тыражу засылалася ў акупіраваныя Польшчай раёны Беларусі. Мела рубрыкі: «Па Расіі», «За рубяжом», «У ворагаў Савецкай улады», «Чырвоная Армія» («Чырвоны фронт»), «Вясковае жыццё» і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)