ЛЯБЕ́ЦКАЯ (Алена Канстанцінаўна) (15.7.1903, б. хутар Лягуцева, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 28.1.1982),

дзеяч рэв. і нац. вызв. руху ў Зах. Беларусі. Стварала гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). 3 ліст. 1927 сакратар Слонімскай акр. управы ТБШ. На 1-м з’ездзе ТБШ (1927) выбрана старшынёй рэвіз. камісіі, на 2-м (1929) — старшынёй кантрольнага савета. За рэв. дзейнасць у 1928 зняволена ў турму ўладамі Польшчы. Дэлегат 1-га антыфаш. кангрэса (1929, Берлін), чл. зах.-бел. к-та па падрыхтоўцы Еўрап. сял. кангрэса, яго дэлегат. У лют. 1930 арыштавана, засуджана на 6 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1933 у БССР; працавала ў ЦК Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Аўтар успамінаў.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА (Алена Мікалаеўна) (н. 6.10.1961, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2000). Скончыла БДУ (1985). З 1985 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1989 у Мінскім лінгвістычным ун-це, з 1995 — у БДУ. Даследуе пытанні сучаснай бел. літ. мовы, яе гісторыю, этымалогію лексікі, слав. мовы, агульнае мовазнаўства. Аўтар кн. «Інтэлектуальныя абазначэнні: функцыянаванне і матывацыя» (1994, з А.​А.​Кожынавай), «Сістэмны рух і гуманітарныя навукі» (1996, з М.​А.​Сакаловай), «Дзеясловы з семантыкай разумовых працэсаў у беларускай мове» (2000), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па бел. мове для школы і інш.

Тв.:

Белорусский язык для русскоязычных. Мн., 1994 (разам з А.​А.​Кожынавай, А.​Г.​Тарасевіч).

М.​Н.​Крыўко.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЦКАЯ (Алена Віталеўна) (н. 11.1.1950, в. Дзякаўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса, педагог. Засл. настаўніца Беларусі (1987). Скончыла БДУ (1971). Настаўнічала на Слонімшчыне, Магілёўшчыне, у 1977—93 у Слонімскай СШ № 2. З 1993 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Друкуецца з 1966. Выдала зб-кі вершаў «Надзея» (1983), «Роздум» (1988), у якіх эмац. тонкае і па-народнаму мудрае ўспрыманне маральных каштоўнасцей, сатырычна трапнае адчуванне духоўных заган жыцця. У паэме «Вытокі» (1999) усведамленне арганічнай лучнасці лёсу чалавека з лёсам народа Зах. Беларусі ў 20 ст. Аўтар навучальна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў «Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе» (1999), «Пазакласная праца па беларускай літаратуры» (2000).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛДА́НАЎ (Марк Аляксандравіч) (сапр. прозвішча Ландаў; 7.11.1886, Кіеў—25.2.1957),

рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1910). З 1919 у эміграцыі. Аўтар гіст. тэтралогіі «Мысліцель» (1921—27), прысвечанай пераломным падзеям у Францыі і Расіі ў эпоху Вял. франц. рэвалюцыі (раманы «Дзевятае тэрмідора», «Чортаў мост», «Змова», аповесць «Святая Алена, маленькі востраў»). Своеасаблівым поглядам «з эміграцыі» на падзеі рас. рэвалюцыі і трагічны раскол рас. грамадства сталі яго трылогія «Ключ», «Уцёкі», «Пячора» (1929—36), раманы «Вытокі» (1950) і «Самазабойства» (1956), у якіх эрудыцыя гіст.-філас. даследавання спалучаецца з вастрынёй прыгодніцкага сюжэта. Аўтар кніг гіст. нарысаў «Агонь і дым» (1922), «Сучаснікі» (1928), «Партрэты» (1931 і 1936) і інш. У сав. час. творы Алданава былі забаронены (пачалі друкавацца ў 1989).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1991.

М.А.Алданаў.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕВА (Таццяна Назараўна) (н. 9.10.1922, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў Кіеўскім т-ры муз. камедыі (1943). З 1948 на Беларусі: працавала ў Брэсце, Магілёве; з 1952 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Актрыса лірыка-драм. плана, валодае высокай сцэн. культурай, псіхал. распрацоўку ролі спалучае з дакладным вонкавым малюнкам: Вікця («Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Юлія Тугіна, Кручыніна («Апошняя ахвяра», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Джульета і Алена («Рамэо і Джульета», «Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра), Агнія («Традыцыйны збор» В.​Розава). Тонкі гумар уласцівы камед. персанажам: Адэля («Ажаніцца не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота), Маці («Дзверы стукаюць» М.​Фермо), Паўла («Гульня з кошкай» І.​Эркеня).

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЎСКАЯ (Алена Іванаўна) (25.12.1904, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 29.8.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1952). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—70 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца вострахарактарных роляў, майстар эпізоду. Глыбокая народнасць нац. вобразаў найб. ярка выявілася ў бел. рэпертуары: Марыля, Альжбета («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.​Купалы), бабка Мар’я («Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Наста («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Агата («Цэнтральны ход» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага). Сярод роляў у класічным рэпертуары: Пашлёпкіна («Рэвізор» М.​Гогаля), Фяона («Мінулася кату масленіца» А.​Астроўскага), Варвара і Квашня («Ягор Булычоў і іншыя» і «На дне» М.​Горкага), Карміцелька («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера).

В.​А.​Ракіцкі.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСУ (Алена Якаўлеўна) (н. 1.5.1914, С.-Пецярбург),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1945). Скончыла Ленінградскі ун-т (1940). З 1944 працавала ў Шадрынскім, з 1951 Мінскім пед. ін-тах, у 1980—85 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Аўтар навук. прац і метадычных дапаможнікаў: «Станаўленне метаду сацыялістычнага рэалізму ў творчасці Я.​Купалы» (1962), «Пытанні тэорыі літаратуры» (1964, з М.​А.​Лазаруком), «Фальклорныя традыцыі ў дакастрычніцкай творчасці Я.​Купалы» (1965), «Дакастрычніцкая творчасць Я.​Купалы ў святле літаратурных сувязей і традыцый» (1976), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (1970, з Лазаруком), «Задума. Мастацкая ідэя і вобразны свет літаратурнага твора» (1980), «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў» (1983, з Лазаруком), «Вывучэнне рускай літаратуры ва ўзаемасувязі з беларускай» (1988, з В.​Івашыным, Лазаруком) і інш.

т. 9, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ (Алена Сямёнаўна) (н. 22.12.1922, в. Ліпнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыла Рагачоўскі настаўніцкі ін-т (1941) і БДУ (1946). Працавала ў Курскім абл. выд-ве, у час. «Работніца і сялянка» (1950—72), выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (1972—83). Друкуецца з 1947 (аповесць «У прасторах жыцця»). У цэнтры ўвагі пісьменніцы жыццё і праца сучаснікаў, праблемы асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей (аповесць «Шляхі-дарогі», 1950; зб-кі апавяданняў «Блізкія знаёмыя», 1954; «Падслухала сэрца», 1960; «Пісар страявой часці», 1969; «Адно імгненне», 1974; «Мыс Добрай Надзеі», 1977; «Шурка Рэмзікаў», 1985, і інш.). Лепшыя апавяданні («Пані старшыніха прыехала», «Адно імгненне», «Зімовая дарога», «Марыула», «Падгор’е») вылучаюцца глыбінёй пранікнення ва ўнутр. свет чалавека, моцным маральна-этычным і грамадз. напаўненнем. На аўтабіягр. матэрыяле напісана тэтралогія «Пачакай, затрымайся...» (аповесці «Расці, Ганька», 1966; «Доля знойдзе цябе», 1967; «Новы свет», 1968; «Пачакай, затрымайся...», 1970; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), у якой паказаны нялёгкі шлях у жыццё сялянскай дзяўчыны, духоўнае пасталенне чалавека. Аўтар кніг для дзяцей («Заўтра ў школу», 1956; «Сябры», 1958; «Калінавая рукавічка», 1963, і інш.). Творы Васілевіч дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэт. бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая нар. мова. Аўтар зб-каў эцюдаў, роздумаў, эсэ («Люблю, хвалююся — жыву...», 1986; «Элегія», 1988). Пераклала на бел. мову аповесць М.​Стэльмаха «Гусі-лебедзі ляцяць» (1975), раман Д.​Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (1976), аповесць Г.​Башырава «Зялёная мая калыска» (1981) і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1982—83.

Літ.:

Шкраба Р. Літаратура і мова. Мн., 1969. С. 304—316;

Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977. С. 91—125;

Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979. С. 88—114;

Яфімава М. Алена Васілевіч // Беларуская дзіцячая літаратура. Мн., 1980;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983. С. 27—29, 197—205.

С.​А.​Андраюк.

А.С.Васілевіч.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́ВА (дзявочае Новікава) Алена Дзмітрыеўна

(н. 28.7.1947, г. Савецкая Гавань Хабараўскага краю, Расія),

бел. спартсменка (фехтаванне на рапірах), дзеяч фіз. культуры і спорту. Засл. майстар спорту (1968), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1979), засл. трэнер Беларусі (1994). Канд. пед. н. (1979), праф. (1993). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1971). Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у асабістым (1968) і камандным (1968, 1972, 1976) пяршынствах, прызёр Алімпійскіх гульняў: бронзавы ў асабістым (1976) і сярэбраны ў камандным (1980) заліках. Чэмпіёнка свету ў асабістым (1969) і камандным (1970, 1971, 1974, 1975, 1977—79) пяршынствах, 11-разовая чэмпіёнка Еўропы ў асабістых і камандных спаборніцтвах. Член выканкома Нац. алімпійскага к-та Беларусі (з 1991). Узнагароджана ганаровым прызам Міжнар. алімпійскага к-та «За ідэалы алімпізму ў спорце» (1966) у сувязі з 100-годдзем алімпійскага руху.

А.​Дз.Бялова.

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛО́ВІЧ (Алена Мікалаеўна) (10.5.1906, г. Разань, Расія — 8.11.1957),

руская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1923 працавала ў т-рах Расіі. З 1934 у Бел. трэцім дзярж. т-ры (БДТ-3), з 1937 у Мазырскім т-ры рабочай і калг. моладзі і створаным на яго базе ў 1938 Палескім абл. драм. т-ры. У 1945—46 дырэктар Брэсцкага абл. драм. т-ра імя ЛКСМБ. З 1946 актрыса Палескага і створаных на яго аснове Пінскага і Магілёўскага (1954) абл. драм. т-раў. Характарная актрыса.

Сярод роляў: Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), пані Яндрыхоўская («Партызаны» К.​Крапівы), Марына Сямёнаўна («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Франя («Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага), Baca («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Гурмыжская («Лес» А.​Астроўскага), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля).

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)