КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДВЫЗНАЧЭ́ННЕ,
рэлігійнае вучэнне, паводле якога ўсё у свеце прадвызначана воляй Бога. Ідэя П. ўзнікла ў часы язычніцтва ў форме фаталізму, падпарадкавання чалавека лёсу, касм. неабходнасці. Хрысціянства выступіла з вучэннем пра ласку Божую, якая зыходзіць на абраных. Зыходзячы са спасылкі на недасканаласць і грахоўнасць прыроды чалавека, прыхільнікі Пелагія сцвярджалі магчымасць самаст. выратавання душы праз добрыя справы і заступніцтва царквы. Гэтыя падыходы ў трактоўцы П. ляглі ў аснову правасл. і каталіцкай дактрын выратавання. Ідэі Аўгусціна развіў пратэстантызм у вучэннях М.Лютэра і англіканства. Кальвіністы лічаць, што чалавечы лёс знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Бога, які выбірае ці адвяргае чалавека яшчэ да яго нараджэння. Некаторыя пратэстанты дапускаюць, што сац.-эканам. актыўнасць асобы і высокі ўзровень дабрабыту можа сведчыць аб магчымай абранасці. Вучэнне П. лягло ў аснову некаторых канцэпцый тэалогіі, гісторыі ў якасці абгрунтавання ідэі богаабранасці (яўр. народу, Расіі, ЗША і інш.). Дактрына П. выразна выяўляецца ў іудаізме, ісламе і інш. рэлігіях.
А.А.Цітавец.
т. 12, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.
С.С.Ермакова.
т. 13, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд. ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх. ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.
т. 1, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАСЦЬ,
маральная і сац.-псіхал. якасць, якая праяўляецца ў пачуцці абавязку і адказнасці чалавека перад грамадствам, у яго гатоўнасці і здольнасці абараняць свае правы і свабоды, законныя інтарэсы інш. грамадзян. Гістарычна звязана з раннімі формамі дэмакратыі, з развіццём полісаў як спецыфічнай формы сац.-эканам. і паліт. арг-цыі грамадства і дзяржавы. У стараж. Грэцыі і Рыме грамадзянскасць разглядалася як адна з важнейшых дабрачыннасцей грамадзяніна. Паглыбленню зместу і сутнасці грамадзянскасці садзейнічалі бурж. рэвалюцыі ў шэрагу краін Еўропы і заканад. прызнанне імі правоў чалавека і грамадзяніна. Сапраўдная грамадзянскасць асобы характарызуецца яе сталай паліт. свядомасцю, развітым пачуццём патрыятызму, дачыненнем да лёсу сваёй Радзімы і яе народа, прагрэс. пераўтварэнняў у розных сферах жыцця грамадства. Пачуццё грамадзянскасці спалучаецца з пачуццём гонару за гісторыю сваёй краіны, яе традыцыі, звычаі і сімвалы (герб, гімн, сцяг), са строгім выкананнем яе канстытуцыі і законаў, з павагай годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў інш. асоб. Аднак грамадзянскасць нельга зводзіць да законапаслухмянасці, лаяльнасці чалавека ў адносінах да ўлад і тым больш да канфармізму. Грамадзянскасці проціпастаўляюцца апалітычнасць, абсентэізм, абыякавасць, фармальная, папулісцкая паліт. актыўнасць.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 5, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯБІЯЛО́ГІЯ (ад гелія... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае сувязі сонечнай актыўнасці з рознымі з’явамі ў біясферы Зямлі. На існаванне такіх сувязей указваў у канцы 19 ст. Арэніус, навукова абгрунтаваў гэтую з’яву ў 1915 А.Л.Чыжэўскі — адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Сонца ўплывае на жывыя арганізмы непасрэдна (электрамагнітныя выпрамяненні і пратоны высокіх энергій сонечных успышак) або ўскосна праз уплыў сонечнай радыяцыі на іанасферу, магнітасферу і атмасферу Зямлі. Геліябіялогія вывучае ролю гэтых фактараў у функцыянаванні біял. сістэм, іх заканамернасці і механізмы дзеяння. Выяўлена перыядычнасць біял. працэсаў, звязаная з 11-гадовым і больш працяглымі цыкламі сонечнай актыўнасці, а таксама з 27-сутачным абарачэннем Сонца вакол сваёй восі. Лічаць, што сонечная актыўнасць уплывае на ваганні ўзроўню захваральнасці, смяротнасці і функцыянальны стан нервовай сістэмы людзей, на ўраджайнасць раслін, інтэнсіўнасць размнажэння і міграцыі жывёл і інш. Гэтыя з’явы могуць перыядычна паўтарацца або мець аперыядычны характар, які звязваюць з уплывам геамагнітных бур, што ўтвараюцца пасля ўспышак на Сонцы. Вывучэнне прыроды і прагназаванне з’яў геліябіялогіі важныя для экалогіі, касм. біялогіі, сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш.
т. 5, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНАЯ СІТУА́ЦЫЯ ў філасофіі,
момант найглыбейшага ўзрушэння ў жыцці чалавека, калі ён асэнсоўвае сваю існасць, імкнецца да поўнай яе рэалізацыі і адчувае безумоўную свабоду выбару; катэгорыя экзістэнцыялізму. З’яўляецца аптымальным варыянтам для высвятлення сутнасці свабоды, якая ставіць індывіда на мяжу быцця і небыцця перад тварам смерці, пакуты, віны, клопату; пры гэтым чалавек здымае з сябе ўсе аб’ектыўныя абмежаванні свабоды (знешнія нормы, агульнапрызнаныя каштоўнасці, паліт. ўціск — усё, што складае яго асобны свет і дазваляе незалежны выбар). Дае асобе магчымасць пераадолець недасканаласць паўсядзённага існавання і выйсці за яго межы. Звязана з абвостраным самаадчуваннем асобы, якая знаходзіцца ў крызісных жыццёвых умовах і ўсведамляе сваю сутнасць, абапіраючыся толькі на свае сілы і магчымасці, і павінна рабіць адзіна правільны выбар. П.с. стымулюе актыўнасць асобы, як імкненне да рэфлексіі, аднак можа прывесці чалавека да неўрозаў, стрэсаў. Метад дасканалага высвятлення чалавечых перажыванняў — П. с. ў мастацтве. Як элемент экзістэнцыяльнага светаадчування П.с. з яе абвостранай дынамікай, непрадказальнай фабулай, праблемай выбару з’яўляецца атрыбутам эстэт. ўспрымання быцця. Феномен П.с. стаў сінтэзам філасофіі, тэалогіі, мастацтва, этыкі, псіхалогіі і г.д.
А.А.Цітавец.
т. 11, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІЯНА́РНАСЦЬ (ад грэч. passio пачуццё, пакута),
неадольная цяга людзей да ажыццяўлення сваіх ідэалаў. З’ява П. ўведзена Л.М.Гумілёвым. Паводле Гумілёва, П. ляжыць у аснове ўсякіх дзеянняў, якія пакідаюць след у гісторыі. Яна фарміруецца ў выніку моцных усплёскаў біяхім. энергіі космасу, адкрытай і апісанай У.І.Вярнадскім, і канцэнтруецца ў параўнальна невялікіх абласцях зямной паверхні. На падставе гэтай ідэі Гумілёў стварыў пасіянарную тэорыю этнагенезу, у цэнтры якой уяўленне пра этнас як біясферны, несац. феномен чалавечых паводзін. Пасіянарныя «штуршкі» нараджаюць павышаную сац. актыўнасць, якая ў пэўных гісторыка-геагр. умовах садзейнічае ўтварэнню новых этнасаў і этнічных сістэм (суперэтнасаў). Энергія П. забяспечвае стварэнне і існаванне ў біясферы Зямлі ўсёй разнастайнасці этнічных сістэм — прыродных калектываў людзей з агульнымі стэрэатыпамі паводзін, на які накладвае адбітак геагр. асяроддзе, культ. традыцыя і этнічнае акружэнне.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Этногенез и биосфера Земли. 2 изд. Л., 1989;
Яго ж. География этноса в исторический период. Л., 1990;
Яго ж. От Руси к России: Очерки этнич. истории. М., 1992;
Яго ж. Из истории Евразии. М., 1993;
Чижевский АЛ. Земное эхо солнечных бурь. 2 изд. М., 1976.
т. 12, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм. паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л. с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж. к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр. краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл. Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.
І.І.Матвеенка.
т. 13, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЫ́ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПРАДУ́КТ (ВНП),
эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна 2/3 ад узроўню 1990.
І.Дз.Прахарэнка.
т. 3, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)