КІМЕРЫ́К (грэч. Kimmerikon),

старажытны горад на паўд. узбярэжжы Керчанскага п-ва на зах. схіле гары Опук. Існаваў з 5 ст. да н.э. Росквіт адносіцца да мяжы нашага часу. У 3 ст. горад разбураны, у 4—5 ст. жыццё аднавілася на частцы гар. тэрыторыі. Раскопкамі 1927, 1947—49, 1950—51 выяўлены абарончыя сцены таўшчынёй 2,5 м, жылыя дамы 1—3 ст., складзеныя з вапняку, збожжавыя ямы, цыстэрны для вады. Знойдзены каменныя ступы, зерняцёркі, амфары са збожжам і інш. Жыхары займаліся земляробствам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, гандлем.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РАЎСКАЯ ВЕ́ЖА,

помнік абарончага дойлідства 2-й пал. 13 — пач. 19 ст. Размяшчалася на дзядзінцы стараж. г. Тураў (цяпер гар. пасёлак у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл.) і была гал. абарончым збудаваннем Тураўскага замка. Адносіцца да тыпу валынскіх вежаў. Пабудавана з цэглы на вапнавым растворы. Паводле планаў 18—19 ст. мела форму круга дыям. 11 м. Унутры была падзелена на некалькі баявых ярусаў. Разбурана ў 1830-я г.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

т. 16, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМАНІ́СІ,

руіны горада-крэпасці (пл. 25 га) каля г.п. Дманісі ў Грузіі ў сутоках р. Машавера і Пінезауры. Узнік у эпоху сярэдневякоўя. З 9 ст. Д. валодалі арабы, пасля туркі-сельджукі, выгнаныя ў 1123 Давыдам IV Будаўніком. Росквіт Д. адносіцца да 12—13 ст. Пасля разгрому Д. Цімурам у 14 ст. пачынаецца яго заняпад. Да 18 ст. горад абязлюдзеў. У выніку раскопак (вядуцца з 1936) выяўлены гар. пабудовы, знойдзена кераміка, манеты, прылады працы, зброя, скарб з 25 залатых і сярэбраных упрыгожанняў 12—13 ст.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПІЙ (лац. Europium),

Eu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 63, ат. м. 151,96, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы ​151Eu (47,82%) і ​153Eu (52,18%). У зямной кары 1,3∙10​−4% па масе. Адкрыты ў 1901 франц. хімікам Э.​Дэмарсэ.

Серабрыста-белы метал, tпл 826 °C, шчыльн. 5245 кг/м³. У паветры хутка акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі), узаемадзейнічае з вадой і мінер. кіслотамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам. Выкарыстоўваюць як паглынальнік нейтронаў у ядз. тэхніцы, актыватар люмінафораў у каляровым тэлебачанні.

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФА́ЗА (ад лац. inter паміж + фаза), інтэркінез,

частка жыццёвага цыкла клеткі паміж двума паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі. У клетках, якія страцілі здольнасць дзялення (напр., нейронах) — перыяд ад апошняга мітозу да смерці клеткі. Да І. адносіцца таксама часовы выхад клеткі з цыкла (стан спакою). У І. сінтэзуюцца рэчывы, неабходныя для існавання і наступнага дзялення клеткі, узнікаюць структуры, што забяспечваюць яе спецыфічныя тканкавыя функцыі. Працягласць І. складае 90% часу ўсяго клетачнага цыкла. Прыкмета інтэрфазных клетак — дэспіралізаваны стан храмаціну (выключэнне — палітэнныя храмасомы двухкрылых і некат. раслін, што захоўваюцца на працягу ўсёй І.).

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТЭ́РЫЙ (лац. Ytterbium),

Yb, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 70, ат. м. 173,04, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 168, 170—174, 176. У зямной кары 3,310 % па масе. Адкрыты ў 1878 швейц. хімікам Ж.​Марыньякам (гл. таксама Ітрый).

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 824 °C, tкіп 1211 °C, шчыльн. 6958 кг/м³ У паветры устойлівы Узаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з кіслародам, галагенамі, вадародам, азотам, серай. Выкарыстоўваюць як газапаглынальнік у электравакуумных прыладах, кампанент крышталяфасфораў і люмінафораў.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЧ (ад ням. Kitsch таннасць, безгустоўнасць),

стэрэатыпнае псеўдамастацтва, якое не мае маст.-эстэт. каштоўнасці; спецыфічная з’ява, якая адносіцца да ніжэйшых пластоў масавай культуры. Тэрмін «К.» узнік у 19 ст. ў Германіі. Для К. характэрны імітацыя форм, звязаных у масавай свядомасці з прэстыжнымі формамі культуры, фабрыкацыя прымітыўнай, разлічанай на знешні эфект пачуццёва-прыемнай прыгажосці. Праявіўся практычна ва ўсіх галінах культуры, найб. пашырэнне атрымаў у жывапісе (т. зв. «салонны» жывапіс), літаратуры (бульварная літаратура), эстр. музыцы і розных формах быт. аздаблення. З 1960-х г. элементы К. выкарыстоўваюць поп-арт і некат. кірункі постмадэрнізму.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАДЗЕ́Ж у крымінальным праве,

тайнае выкраданне чужой маёмасці, адно са злачынстваў супраць уласнасці. Яго кваліфікуючыя прыкметы: паўторнасць, учыненне К. па папярэдняй змове групай асоб або з пранікненнем у жыллё, памяшканне ці інш. сховішча, з нанясеннем значнай страты пацярпеламу. Да асабліва кваліфікуючых відаў адносіцца К., учынены ў буйных памерах або арганізаванай групай, або асабліва небяспечным рэцыдывістам. Караецца папраўчымі работамі, штрафам або пазбаўленнем волі на пэўныя тэрміны, а пры абцяжваючых адказнасць акалічнасцях — пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́СА ТЭАРЭ́МА,

адна з лімітных тэарэм імавернасцей тэорыі, што адносіцца да размеркавання адхілення частаты з’яўлення падзеі ад яе імавернасці пры незалежных выпрабаваннях.

Паводле Л.т., калі пры кожным з n незалежных выпрабаванняў у m выпадках адбываецца некаторая выпадковая падзея, імавернасць з’яўлення якой роўная p(0<p<1), то імавернасць няроўнасці z1 < ( m − np ) / np ( 1 − p ) < z2 блізкая пры вял. z да значэння інтэграла Лапласа. У агульным выглядзе даказана П.С.Лапласам (1812); асобны выпадак Л.т. быў вядомы А.​Муаўру (1730), таму яе часам наз. тэарэмай Муаўра—Лапласа.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДРО́СТ,

маладое пакаленне дрэвавых раслін пад полагам лесу або на высечках, здольнае сфарміраваць дрэвастой. Утвараецца шляхам прыроднага аднаўлення відаў мацярынскага дрэвастою (насеннага або парасткавага паходжання) і ў выніку налёту насення інш. відаў дрэў (змена парод). Ствараецца таксама пасадкай. У лясных фітацэнозах часта ўтварае самастойны ярус. На развіццё П. ўплываюць асветленасць, тэмпературныя і глебавыя ўмовы і інш. Адрозніваюць П. па вышыні, таўшчыні, энергіі росту. Жыццяздольнасць, вышыня і ўзрост П. з’яўляюцца крытэрыем пры ацэнцы прыроднага аднаўлення лесу. На Беларусі да П. гасп.-каштоўных парод адносіцца маладое пакаленне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)