ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,
калегіяльны орган ваен. і паліт. кіраўніцтва, прызначаны для абмеркавання прынцыповых пытанняў ваен. будаўніцтва, арганізацыі ваен. дзеянняў, кіравання, падрыхтоўкі і забеспячэння войск. У залежнасці ад задач і прызначэння ваенны савет можа стварацца ў маштабе ўзбр. сіл, віду ўзбр. сіл, фронту, арміі, корпуса. Пастаянныя ваенныя саветы дарадчага характару існуюць у вышэйшых ваен. інстанцыях большасці дзяржаў свету. У Вялікабрытаніі пры Мін-ве абароны дзейнічае савет абароны, а пры дэпартаментах відаў узбр. сіл — адпаведныя яго к-ты (армейскі, ваенна-паветр., адміралцейства). Блізкія па структуры сістэмы ваенных саветаў існуюць у Германіі, Францыі і інш. У пач. Вял. Айч. вайны ў СССР існавалі ваенныя саветы франтоў на чале з камандуючымі войскамі, ВПС, войск ППА краіны, у 1942 — бранятанк. і механіз. войск, у 1943 — пры камандуючым артылерыяй і ваенным саветам. Гал. ўпраўлення фарміраванняў і ўкамплектавання Чырв. Арміі. У мясцовасцях, дзе абвешчана ваен. становішча, ваенныя саветы перадаваліся функцыі органаў дзярж. улады. Ва ўзбр. сілах краін СНД існуюць ваенныя саветы ў відах узбр. сіл, ваен. акругах, акругах ППА, на флатах, у арміях, флатыліях, пагран. войсках, войсках МУС і г.д. Вышэйшым калегіяльным органам ваен. кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з’яўляецца калегія Мін-ва абароны, а ў ВПС, войсках ППА і армейскіх карпусах — ваенны савет.
т. 3, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ АКАДЭ́МІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1995 на базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага (з 1953) і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага (з 1980) вучылішчаў. Рыхтуе: камандзіраў падраздзяленняў мотастралковых, танкавых, паветрана-дэсантных, інжынерных, аўтамабільных, унутраных, пагранічных войск; камандзіраў падраздзяленняў тылавога забеспячэння, артылерыі, афіцэраў-псіхолагаў, лётчыкаў, ваен. інжынераў ракетных войск і артылерыі, войск сувязі, супрацьпаветранай абароны, ваенна-паветраных сіл. У 1995—96 навуч. г. ф-ты: камандна-штабны, агульнавайсковы, ракетных войск і артылерыі, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, інжынерных і аўтамаб. войск, авіяцыйны, падрыхтоўкі замежных ваеннаслужачых, унутр. войск Мін-ва ўнутр. спраў, пагранічных войск. Ад’юнктура з 1956, дактарантура з 1993. Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1967, доктарскіх — з 1978.
С.Л.Савік.
т. 3, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,
умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст. Мн., 1978.
т. 3, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ ВАЕ́ННАЕ ІНЖЫНЕ́РНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (МВВІВ). Засн. ў 1953 у Гомелі на базе Гомельскага пях. вучылішча як вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча. З 1954 у Мінску. З 1955 Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча проціпаветранай абароны, з 1968 — Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча проціпаветранай абароны. З 1988 дактарантура (ад’юнктура з 1955). З 1992 МВВІВ. Падрыхтавала больш за 14 тыс. ваен. інжынераў, у т. л. каля 3 тыс. спецыялістаў для краін Еўропы, Азіі, Б.Усходу, Афрыкі і Лац. Амерыкі. У 1995 на базе МВВІВ і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
МВИЗРУ ПВО — МВВИУ: Ист. очерк, 1978—1993 гг. Мн., 1993.
В.Ц.Осіпаў, В.В.Старыкаў.
т. 10, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕМАДЫФІКА́ЦЫЯ,
штучная змена радыеадчувальнасці клетак, тканак і арганізма ці ў бок яе зніжэння (проціпрамянёвая абарона), ці ў бок павышэння (радыесенсібілізацыя). Фіз. і хім. агенты, якія выкарыстоўваюцца для проціпрамянёвай абароны — радыепратэктары, для сенсібілізацыі да выпрамянення — радыесенсібілізатары.
т. 13, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАР РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦІ,
дазіметрычная прылада для выяўлення радыеактыўнага забруджвання мясцовасці і папярэдняга вызначэння дозы іанізавальнага выпрамянення. Бывае пераносны і стацыянарны. Імі забяспечваюцца падраздзяленні радыяцыйнай і хім. разведкі, разведвальныя дазоры, пасты назірання і сувязі, а таксама фарміраванні грамадз. абароны.
т. 7, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРНАСТУПЛЕ́ННЕ,
асобы від наступлення, у якім ажыццяўляецца пераход ад абароны ў наступленне з мэтай разгрому груповак наступаючага праціўніка. Праводзіцца ў стратэг., часам аператыўным маштабе, падрыхтоўваецца ў ходзе абарончай аперацыі. Нярэдка перарастае ў агульнае наступленне, якое завяршае разгром праціўніка.
т. 8, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦІРА́ДА (ад франц. retirer адступаць),
1) адступальныя баявыя дзеянні войск (адыход) у мэтах заняцця новых пазіцый.
2) Умацаванні ў палявых пазіцыях і крапасных збудаваннях для абароны ў выпадку адступлення. Тэрмін «Р.» часам выкарыстоўваўся ў значэнні ўхілення ад рашучых дзеянняў.
т. 14, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 15.1.1917, с. Чарналескае Будзёнаўскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1948) і Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1969). У арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Паўн.-Каўк., Закаўк., Сцяпным, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. У 1972—76 каманд. войскамі Далёкаўсх. ваен. акругі, у 1976—80 1-ы нам. галоўнакаманд., у 1980—85 галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі — нам. міністра абароны СССР. У 1977—78 адначасова ўзначальваў сав. ваен. місію па аказанні дапамогі ўраду Эфіопіі ў адбіцці агрэсіі з боку Самалі. У 1985—86 1-ы нам. міністра абароны СССР.
т. 13, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЕЛЕ́НТЫ [ад лац. repellens (repelentis) які адпіхвае, адганяе],
хімічныя прэпараты або рэчывы з групы пестыцыдаў для адпужвання насякомых, кляшчоў, птушак, грызуноў, для абароны людзей і жывёлы ад нападу насякомых крывасмокаў, аховы с.-г. раслін і насення ад шкоднікаў.
У якасці Р. супраць насякомых (камароў, сляпнёў, мошкі і інш.) выкарыстоўваюць кампазіцыі N,N-дыэтыл-м-талуаміду (ДЭТА) і дыметылфталату з інш. Р. (напр., 2-этылгександыол-1,3, эфірныя алеі), якія вырабляюць у выглядзе ласьёнаў, крэмаў, аэразолей. Для адпужвання кляшчоў адзенне прамочваюць бензілбензаатам, N-бутылацэтанілідам. Для аховы насення ад птушак у пратравы дадаюць меркаптадыметур ці аксалат медзі, для абароны раслін ад зайцоў, аленяў і інш. у пасты для абмазкі ствалоў або ў прэпараты для апырсквання — тэтраметылтыурамдысульфід (ТМТД), каніфоль, дыцыклапентадыен і інш.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 14, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)