БЕНКЕНДО́РФ Аляксандр Хрыстафоравіч (4.7.1781 ці 1783 — 5.10.1844),

расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1832), генерал ад кавалерыі (1829), сенатар (1826), чл. Дзярж. савета (1829). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1827). Адзін з бліжэйшых саноўнікаў Мікалая I. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях у Грузіі, войнах з Францыяй, Турцыяй. З 1824 губернатар Васільеўскага в-ва ў Пецярбургу. Удзельнічаў у задушэнні паўстання дзекабрыстаў, потым член Следчай камісіі. Узначальваў створаныя на аснове яго праекта «Аб упарадкаванні знешняй паліцыі» (1826) Корпус жандараў і Трэцяе аддзяленне; курыраваў справы, звязаныя з дзекабрыстамі, студэнцкімі гурткамі, паўстаннем 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, сял. хваляваннямі 1840-х г. Ініцыятар узмацнення цэнзуры (ажыццяўляў цэнзуру твораў А.​С.​Пушкіна). Выступаў за паступовую адмену прыгоннага права, якое лічыў крыніцай хваляванняў.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч (21.2.1888, г. Арол, Расія — 7.3.1940),

рускі вучоны, адзін з заснавальнікаў радыётэхнікі ў СССР. Чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў Інж. вучылішча (1909) і Афіцэрскую эл.-тэхн. школу (1914) у Пецярбургу. З 1922 праф. Маскоўскага вышэйшага тэхн. вучылішча, з 1932 — Ленінградскага ін-та інжынераў сувязі (з 1940 яго імя). Навук. працы па радыётэхніцы, радыёвяшчанні, радыёлакацыі, фізіцы верхніх слаёў атмасферы. Арганізаваў вытв-сць электронных лямпаў у Расіі (1916—19). У 1918—28 узначальваў радыёлабараторыю ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пад яго кіраўніцтвам створана першая ў свеце магутная радыёвяшчальная станцыя ў Маскве (1922), першыя ў свеце караткахвалевыя накіраваныя антэны і караткахвалевыя лініі далёкай радыёсувязі (1924—30).

Тв.:

Собр. трудов. М.; Л., 1956.

Літ.:

Остряков П.А. М.​А.​Бонч-Бруевич. М., 1953.

М.А.Бонч-Бруевіч.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНАВІ́ЦКІ Аляксандр Юльянавіч (23.3.1914, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 24.7.1975),

бел. вучоны-патафізіёлаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1950), д-р мед. н. (1940), праф. (1948). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1936). З 1941 у Іркуцку, з 1944 у Ін-це агульнай і эксперым. паталогіі, адначасова з 1948 у Маскоўскім стаматалагічным ін-це. З 1950 дырэктар Ін-та тэарэт. медыцыны АН БССР, у 1953—59 у Ін-це аховы мацярынства і дзяцінства, у 1958—63 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па праблемах рэактыўнасці арганізма, шоку, следавых рэакцый у паталогіі, кампенсатарных прыстасаваннях і метадалагічных пытаннях медыцыны.

Тв.:

Экспериментальная терапия некоторых форм гипоксии головного мозга // Компенсаторные приспособления при патологии сердечно-сосудистой системы. Мн., 1966.

А.Ю.Бранавіцкі.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1984 у Браславе на базе школьнага музея. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 147,6 м²), больш за 12 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (неаліт. прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 11 ст., энкалпіёны, кафля і зброя з замка ў Іказні, посуд і манеты з сярэдневяковай Друі і інш.), матэрыялы з гісторыі Браслаўшчыны часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пра падзеі вайны 1812, паўстання 1863—64, перыяду ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, Вял. Айч. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены вырабамі ткацтва, ганчарства, кавальства, разьбярства, пляцення, нар. муз. інструментамі. Асобныя экспазіцыі прысвечаны краязнаўству Браслаўшчыны, мастаку П.​Сергіевічу, медыку С.​Нарбуту (сын гісторыка Т.​Нарбута). З 1989 праводзяцца навук.-краязнаўчыя канфер. «Браслаўскія чытанні».

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЛЯ́К,

устойлівае павелічэнне памераў шчытападобнай залозы без прыкмет запалення і злаякаснага пераўтварэння. Адзін з асн. сімптомаў розных па этыялогіі і клінічных праявах хвароб. Прычына ўзнікнення валляка дыфузнага таксічнага (тырэатаксікоз) дакладна не выяўлена. Яе звязваюць з ператамленнем, нерв. перанапружаннем, перанесенымі вострымі інфекцыямі, псіхічнымі траўмамі і інш. фактарамі, у т. л. спадчыннымі. Найчасцей хварэюць жанчыны. Валляк спарадычны (нетаксічны) працякае звычайна без яўных парушэнняў функцыі шчытападобнай залозы. Пры значным павелічэнні залозы магчымы расстройствы дыхання (сціскаюцца трахеі), глытання (сціскаецца стрававод), расшырэнне вен твару, шыі (з прычыны сціскання крывяносных сасудаў). Валляк эндэмічны пашыраны ў геагр. зонах з малой колькасцю ёду ў асяроддзі (вада, глеба, прадукты харчавання; у Беларусі на Палессі) і яго дэфіцытам для сінтэзу і сакрэцыі тырэоідных гармонаў. Лячэнне медыкаментознае ці хірургічнае.

Л.​Д.​Чайка.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́БА, Волаба,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².

Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 м (у зах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́КНЫ ПРЫРО́ДНЫЯ, валокны натуральныя,

тэкстыльныя валокны расліннага, жывёльнага і мінер. паходжання для вырабу пражы.

Раслінныя валокны прыродныя (баваўняныя, ільняныя, канапляныя, джутавыя і інш.) складаюцца з цэлюлозы, якой спадарожнічаюць геміцэлюлоза і лігнін. Вылучаюць з насення, лісця ці сцёблаў раслін. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тканін, трыкатажу, нятканых вырабаў, швейных нітак, вяровак, канатаў. Жывёльныя валокны прыродныя — шэрсць (валокны валасянога покрыва авечак, коз і інш.) і шоўк (валокны з выдзяленняў залоз вусеняў тутавага і інш. шаўкапрадаў); іх асновай з’яўляецца бялок — керацін. Шарсцяныя валокны маюць нізкую цеплаправоднасць, эластычныя, гіграскапічныя, але нетрывалыя. Выкарыстоўваюць для вытв-сці касцюмных, палітовых тканін, трыкатажу, лямцавых вырабаў. Шоўк мае высокую трываласць, эластычнасць, гіграскапічнасць, лёгка фарбуецца. З яго вырабляюць тонкія плаццевыя і бялізнавыя тканіны. Мінеральныя валокны прыродныя — азбест.

М.​Р.​Пракаачук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАШЫ́ЛАЎ Клімент Яфрэмавіч (4.2.1881, с. Верхняе Луганскай вобл., Украіна — 2.12.1969),

савецкі парт., дзярж. і ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1935). Двойчы Герой Сав. Саюза (1956 і 1968), Герой Сац. Працы (1960). У грамадз. вайну камандзір і чл. РВС шэрагу армій і франтоў. З 1925 нарком абароны СССР. З 1940 нам. старшыні СНК СССР, з 1946 — СМ СССР. Чл. Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС у 1926—60. У 1953—60 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Уваходзіў у бліжэйшае паліт. акружэнне І.​В.​Сталіна, адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных. Уваходзіў у т.зв. антыпартыйную групу (В.​М.​Молатаў, Л.​М.​Кагановіч, Г.​М.​Малянкоў і інш.), аднак на пленуме ЦК КПСС (чэрв. 1957) прызнаў свае памылкі і асудзіў фракцыйныя дзеянні.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСА́ДЗЕ Акакій Аляксеевіч (6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),

грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.​Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз. т-ра імя Л.​Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз. т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.​Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.​Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.​Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр. работы).

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ Уладзімір Аляксандравіч (н. 9.1.1952, Мінск),

бел. фалькларыст і этнограф. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1974). У 1974—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Бел. пед. ун-це імя М.​Танка. Даследуе пытанні бел. фалькларыстыкі і этнаграфіі. Аўтар манаграфіі «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979), кн. «Збіральнікі» (1991, пра бел. фалькларыстаў), «Беларускі народны каляндар» (1993). Укладальнік тома «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986, яго ўступ і каментарыі), зб-каў «Хто з’еў прасвірку» (1979, з А.​Фядосікам), «Дай Божа знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996) і інш. На бел. мову з польскай пераклаў аповесць Я.​Корчака «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1982).

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)