НАРКАТЫ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

група раслін, якія маюць рэчывы, здольныя ўзбуджаць ці прыгнечваць цэнтр. нерв. сістэму. Да Н.р. належаць пераважна вышэйшыя расліны, з ніжэйшых — некат. грыбы (напр., мухаморы). Найб. пашыраны ў тропіках Паўд. і Паўн. Амерыкі, Цэнтр. Азіі. Асн. Н.р.: мак снатворны, каноплі індыйскія, какаінавы куст, гармала звычайная, эхінакактус, блёкат чорны, тытунь і інш. Звычайна ядавітыя, маюць у сабе дзеючыя рэчывы (пераважна алкалоіды), якія валодаюць лек. ўласцівасцямі і выкарыстоўваюцца ў медыцыне, часцей як абязбольвальныя. Пры сістэм. ужыванні прэпаратаў з Н.р. развіваецца залежнасць ад іх — наркаманія. Гл. таксама Лекавыя расліны і Ядавітыя расліны.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ПАЭ́Т БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.3.1956. Я.​Купалу і Я.​Коласу ганаровае званне Н.п.Б. прысвоена паводле пастаноў СНК БССР. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь паэтам, якія стварылі выдатныя творы маст. л-ры і маюць асаблівыя заслугі ў развіцці л-ры.

Народныя паэты Беларусі

1925. Я.​Купала (І.​Д.​Луцэвіч).

1926. Я.​Колас (К.​М.​Міцкевіч).

1962. П.​У.​Броўка.

1968. А.​А.​Куляшоў, М.​Танк (Я.​І.​Скурко).

1973. П.​Е.​Панчанка.

1991. Н.​С.​Гілевіч.

1992. Р.​І.​Барадулін.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́Н,

рака ў Кіргізіі і Узбекістане, правая састаўляючая р. Сырдар’я. Даўж. 807 км, пл. басейна 59,1 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў Цэнтр. Цянь-Шаня (да ўпадзення р. Малы Н. наз. Вял. Н.), цячэ ў міжгорнай даліне, месцамі ў вузкіх цяснінах. Сярэдні расход вады каля г. Учкурган (Узбекістан) 429 м³/с. Разводдзе ў маі. Выкарыстоўваецца для арашэння, пераважна зямель Ферганскай даліны. Ад Н. (каля г. Учкурган) пачынаецца Вялікі Ферганскі канал. На Н. — Курпсайская, Тактагульская, Таш-Кумырская, Учкурганская ГЭС і вадасховішчы; гарады Нарын, Таш-Кумыр (Кіргізія). У вярхоўях — Нарынскі запаведнік.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ТРЫЕВАЯ ПО́МПА», «натрыева-каліевая помпа»,

мембранны механізм, які падтрымлівае ў клетцы пэўныя суадносіны іонаў натрыю Na​+ і калію K​+ шляхам іх актыўнага транспарту супраць электрахім. і канцэнтрацыйнага градыентаў. Звычайна абмен катыёнамі паміж клеткай і навакольным асяроддзем адбываецца праз сістэму спец. мембранных каналаў па градыентах (пасіўны транспарт). Актыўны перанос супраць любога з градыентаў патрабуе затрат энергіі, якая паступае пры распадзе АТФ. Функцыянаванне «Н.п.» звязана з пераносам метабалітаў, а для нерв. і мышачных валокнаў таксама з механізмам узбуджэння і залежыць ад метабалізму клеткі. Гл. таксама Іонная праводнасць, Транспарт рэчываў.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ МАЁМАСЦІ (Biens nationaux),

тэрмін, прыняты ў гістарыяграфіі для вызначэння рухомай і нерухомай маёмасці, канфіскаванай дзяржавай у французскую рэвалюцыю 1789—99. Паводле закона ад 2.11.1789 у Францыі былі канфіскаваны зямельныя ўладанні царквы, у лют. 1792 канфіскавана і прададзена маёмасць эмігрантаў, у кастр. 1793 — пакараных смерцю. У сак. 1794 Канвент санкцыяніраваў канфіскацыю маёмасці ва ўсіх «ворагаў рэвалюцыі» і бязвыплатную яе перадачу «патрыётам, якія мелі ў гэтым патрэбу». Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў (1814, 1815) частка непрададзеных зямель вернута б. уладальнікам, за прададзеныя Н.м. яны атрымалі грашовую кампенсацыю.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЧА,

рака ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бобр (бас. р. Дняпро). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 526 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Баркі Крупскага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Вяляцічы Барысаўскага р-на. Даліна трапецападобная, у многіх месцах невыразная, шыр. 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, адкрытая, шыр. 300—600 м, перасечаная меліярацыйнымі канавамі. Рэчышча каналізаванае на працягу 28 км, на астатнім працягу звілістае, шыр. 5—10 м. Прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАЛО́Г (ад грэч. nekros мёртвы + logos слова),

артыкул або нататка з выпадку смерці каго-небудзь, спосаб ушанавання памяці нябожчыка. Змяшчае асн. факты біяграфіі, прац. здабыткаў, адзначае заслугі памерлага перад грамадствам. У розных Н. выступаюць на першы план розныя грані жыцця і дзейнасці, духоўнага аблічча нябожчыка. Да Н. паводле жанру прымыкаюць вершы, напісаныя з выпадку смерці блізкіх аўтару людзей: «Над магілай друга» Я.​Коласа (на смерць Я.​Купалы), «Памяці Б.​В.​Платонава» Г.​Бураўкіна, «Смугою зажурыліся палі» С.​Грахоўскага (на смерць І.​Мележа).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),

1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.

2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЭІ́ДЫ (Nereidae),

сямейства многашчацінкавых чарвей. 35 родаў, каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды ў прыбярэжнай зоне мораў. Некат. пераносяць моцнае апрасненне. Жывуць на дне ў норках, утвараюць вял. пасяленні. Найб. шматлікі род нерэіс (Nereis) — каля 150 відаў.

Даўж. ад 4 да 90 см (звычайна 5—10). Афарбоўка пераважна зялёных тонаў. Усёедныя. Раздзельнаполыя. Пры палавой спеласці ў многіх Н. адбываецца ператварэнне ў гетэранерэідныя формы (эпітакія); павялічваюцца вочы, параподыі, паяўляюцца плавальныя шчацінкі, і чэрві падымаюцца на паверхню вады для размнажэння. Корм для рыб і птушак.

Да арт. Нерэіды. Нерэіс.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎРАЛГІ́Я (ад неўра... + algos боль),

інтэнсіўны, звычайна прыступападобны боль, які распаўсюджваецца па ходзе нерва ці яго галін. Узнікае пры запаленчых, траўматычных (у т. л. мікратраўмы), таксічных, метабалічных уздзеяннях, пры сцісканні нерваў у касцявых і інш. каналах. У нерв. ствалах настаюць дыстрафічныя змены, разрастанне злучальнай тканкі. Найб. часта трапляецца Н. трайчастага нерва (кароткачасовыя прыступы пакутлівага болю ў вобласці твару, часам з пачырваненнем скуры, ацёкам, дрыжаннем, павышэннем крывянога ціску і інш.). Радзей бывае Н. вушна-скроневага, носа-вейкавага, языкаглотачнага нерваў, патылічная Н. і інш. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., іголкарэфлексатэрапія.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)