ПРАПУСКА́ННЯ КАЭФІЦЫЕ́НТ асяроддзя,

адносіны інтэнсіўнасці выпрамянення, якое прайшло праз асяроддзе, да інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на яго. Найб. пашырана выкарыстанне П.к. ў дачыненні да светлавых патокаў. τ =Φ/Φ0, дзе Φ і Φ0 — адпаведна светлавы паток, які прайшоў праз асяроддзе і які падае на яго паверхню. Значэнне П.к. цела залежыць ад яго памераў, формы і стану паверхні, а таксама ад вугла падзення, спектральнага складу і палярызацыі выпрамянення. Адрозніваюць П.к. накіраванага (выпрамяненне праходзіць праз асяроддзе без рассеяння), дыфузнага (асяроддзе рассейвае ўсё выпрамяненне, што падае на яго) і для змешанага (выпрамяненне часткова рассейваецца) прапускання. Вызначэнне П.к. — адно са светлавых вымярэнняў (гл. Фотаметрыя).

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУТКО́Ў Сцяпан Дзмітрыевіч (1.1.1911, г. Апочна Лодзінскага ваяв., Польшча — 10.4.1978),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. авіяцыі (1955). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну маёр П. да лютага 1943 зрабіў 43 баявыя вылеты. Знішчальная дывізія на чале з П. у чэрв.—ліп. 1944 наносіла ўдары па ворагу ў раёнах Оршы, Барысава, Мінска, Гродна; на чыг. участку Орша—Барысаў лётчыкі дывізіі паралізавалі рух у тыле праціўніка, нанеслі значныя страты ворагу ў мінскім «катле». Да 1971 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Ліда Гродзенскай вобл.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГАЖУ́НІ (Calopterygidae),

сямейства стракоз падатр. раўнакрылых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Трапляюцца па берагах рэк і ручаёў. На Беларусі 2 віды: П. бліскучая (Calopteryx splendens) і П.-дзяўчына (C. virgo).

Размах крылаў да 35 мм. Афарбоўка залаціста-зялёная або сіняя. Ротавыя органы грызучыя. Драпежнікі; дарослыя ловяць насякомых на ляту, лічынкі кормяцца дробнымі воднымі беспазваночнымі. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Лічынкі маюць 3 шчэлепы на канцы брушка, развіваюцца ў праточных вадаёмах з глеістым дном і зараснікамі водных раслін. Корм для рыб і каляводных птушак.

А.​Дз.​Пісаненка.

Прыгажуні: 1 — бліскучая; 2 — прыгажуня-дзяўчына (а — самка; б — самец).

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАРАПТО́З, наскурная кароста,

інвазійная хвароба жывёл, якая выклікаецца кароставымі кляшчамі з роду наскурнікаў. Хварэюць буйная і дробная раг. жывёла, коні, трусы, ласі, алені і інш. Узбуджальнікі спецыфічныя для пэўных відаў жывёл. Пашырана ўсюды, у т. л. на Беларусі.

Хвароба часцей рэгіструецца ў асенне-зімовы перыяд, у цёплы час года набывае скрытае, запаволенае цячэнне. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворымі жывёламі, праз прадметы догляду, подсціл і інш. Праяўляецца неспакоем, моцным свербам, жывёлы знясільваюцца, у іх выпадае поўсць, на скуры ўтвараюцца жаўтавата-чырв. вузельчыкі, напоўненыя вадкасцю. У авечак паталаг. працэсы развіваюцца ў вобласці паясніцы і спіны, у буйн. раг. жывёлы — на карку, шыі, каля кораня хваста.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСТЫ́ГА Іван Іванавіч (н. 10.4.1918, в. Сухаполь Архангельскага р-на, Башкортастан),

маршал авіяцыі (1975), Герой Сав. Саюза (1978). Засл. ваен. лётчык СССР (1967). Беларус. Скончыў Энгельскае ваен. авіявучылішча (1940), Ваен. акадэмію Генштаба (1957). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Бранскім, 1-м і 2-м Прыбалт., 2-м Бел. і 1-м Укр. франтах: камандзір звяна, эскадрыллі, нач. паветрана-стралк. службы авіядывізіі, корпуса, камандзір штурмавога авіяпалка. Удзельнік Сталінградскай бітвы, Беларускай, Вільнюскай, Каўнаскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай аперацый. Пасля вайны на камандных пасадах у ВПС (у 1967—77 нам. галоўнакаманд.) і інш. пасадах ва Узбр. сілах СССР і Расіі.

І.І.Пстыга.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУКЦЫ́НІЯ, пучынія (Puccinia),

род іржаўных грыбоў сям. пукцыніевых. Каля 1800 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты злакаў, асаковых, складанакветных, парасонавых, лілейных (гл. Іржа раслін). Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм і рас. На Беларусі каля 200 відаў. Найб. вядомыя П.: злакавая (P. graminis), выклікае сцябловую ржу злакаў, карончатая (P. coronifera) — карончатую ржу аўса, скрытая (P. recondita) — бурую ржу жыта і пшаніцы.

Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі. Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру. Цыкл развіцця поўны (5 тыпаў споранашэння) і няпоўны, бываюць аднагаспадаровыя (развіццё ўсіх тыпаў споранашэння на адной расліне) і рознагаспадаровыя (гаплоідная і дыплоідная стадыі грыба развіваюцца на розных раслінах).

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́ШНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зеха (выцякае з возера), за 14 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 0,34 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 5,2 м, даўж. берагавой лініі 3,46 км. Пл. вадазбору 20,9 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—12 м (на Пн і З 2—3 м), пераважна пад лесам. Берагі сплавінныя, участкамі пясчаныя, парослыя хмызняком. Пойма на ПдЗ і ПнУ шыр. да 700 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Упадае ручай з воз. Доўгае, выцякае ручай у воз. Азерцы. Есць пасяленні баброў.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭН, Пен (Penn) Уільям (14.10.1644, Лондан — 30.7.1718), англійскі паліт. дзеяч, заснавальнік англ. калоніі Пенсільванія. Вучыўся ў Оксфардзе, дзе далучыўся да квакераў. За пропаведзі квакерскага вучэння зняволены ў Таўэры, дзе ў 1669 напісаў праграмны твор «Ні крыжа, ні кароны». У 1676 заснаваў у зах. ч. англ. калоніі Нью-Джэрсі пасяленне для квакераў і інш. эмігрантаў з Англіі, якіх праследавалі за рэліг. вераванні. У 1681 атрымаў ад англ. караля Карла II Сцюарта хартыю на права валодання значнай тэр. на З ад р. Дэлавэр. На гэтых землях, названых Пенсільваніяй, увёў рэліг. цярпімасць і прыязныя адносіны з індзейцамі. У 1682 заснаваў г. Філадэльфія. З 1684 жыў у Англіі.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЕ́ЦКІ Сцяпан Сцяпанавіч (н. 21.8.1949, в. Аляксейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (2000). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі (з 1992 г. заг. лабараторыі). Навук. працы па тэхналогіі і матэрыялазнаўстве палімераў і кампазітаў. Распрацаваў тэхналогію атрымання новых кампазітных матэрыялаў на аснове палімераў, якія знайшлі выкарыстанне ў машынабудаванні. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1975.

Тв.:

Точные пластмассовые детали и технологин их получения. Мн., 1992 (у сааўт.);

К оценке влияния модификаторов на межфазные взаимодействия в полимерных смесях // Весці АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1992. №1.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́, Пятра, Пятрок,

у беларусаў і інш. слав. народаў стараж. земляробчае свята. Адзначалася 29 чэрв. ст. стылю. З’яўлялася своеасаблівым працягам Купалля. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. — апякун хлеба і хлебаробаў. Калі спрыяла надвор’е, з П. пачыналі сенакос. З гэтага свята звычайна пачыналіся т.зв. пятроўскія карагоды, якія працягваліся да Спаса. У час святкавання спявалі пятроўскія песні, адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі, якому ў старажытнасці папярэднічала кумаванне дзяўчат паміж сабой (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі, яны на працягу года лічыліся кумамі). Пасля П. дзень ішоў на спад, лета хілілася на восень.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)