«ПЕРШАСАКАВІКО́ЎЦЫ»,

«першамартаўцы», 1) члены «Народнай волі», арганізатары і ўдзельнікі забойства імператара Аляксандра II 13 (1 па старым стылі) сак. 1881. Непасрэдны забойца цара І.Я.Грынявіцкі смяротна паранены ў час замаху. Паводле суд. працэсу 7—10.4.1881 А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, М.І.Кібальчыч, Ц.​М.​Міхайлаў, М.​І.​Рысакоў павешаны, Г.М.Гельфман асуджана на вечную катаргу; інш. ўдзельнікі асуджаны на інш. працэсах «Нар. волі» 2) Члены тэрарыст. фракцыі «Нар. волі» (15 чал.), арганізатары прадухіленага паліцыяй замаху на імператара Аляксандра III 13 (1 па старым стылі) сак. 1887 («другія першасакавікоўцы»). Паводле суд. працэсу 27.4—1.5.1887 П.​І.​Андрэюшкін, В.​Дз.​Генералаў, В.​С.​Асіпанаў, А.І.Ульянаў, П.​Я.​Шавыроў павешаны, астатнія прыгавораны да катаргі і ссылкі.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧАНЕ́ГІ, бечанегі,

саюз цюркамоўных плямён у паўн. Прычарнамор’і ў 8—12 ст. Напачатку качавалі на У ад Волгі, у канцы 8 ст. разбілі ў прычарнаморскіх стэпах венграў і занялі тэр. ад Волгі да вусця Дуная. Асн. іх занятак — качавая жывёлагадоўля. Падзяляліся на 8 плямён, агульнаплемяннога аб’яднання П. не існавала. Рабілі пастаянныя набегі на Русь і краіны Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы. У 972 знішчылі дружыну князя Святаслава Ігаравіча, забілі яго самога. У 1036 разбіты войскам кн. Яраслава Мудрага. У канцы 11 ст. сур’ёзна пагражалі Візантыйскай імперыі. У 1091 разбіты аб’яднаным візантыйска-палавецкім войскам, пасля чаго іх тэр. занялі плямёны полаўцаў.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЮ́ТАЎ Пётр Андрэевіч (23.12.1906, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1960),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў 1-ю Ваен. школу авіятэхнікаў (1932), Качынскую ваен. школу лётчыкаў (1935). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік выратавання чэлюскінцаў у 1934, баёў каля воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка капітан П. вызначыўся 17.12.1941 над Ладажскім воз. пад Ленінградам, дзе ў паветр. баі з 6 варожымі знішчальнікамі збіў 2 з іх, на пашкоджаным самалёце адбіваў атакі; за час вайны збіў 17 варожых самалётаў. Да 1955 у Сав. Арміі.

П.А.Пілютаў.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Войкаўскае вадасховішча. У Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля зах. ускраіны г.п. Плешчаніцы. Створана на р. Дзвінаса ў 1958. Пл. 2 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Катлавіна выцягнута з ПдУ на ПнЗ. Берагі пад лесам, правы забалочаны, левы высокі (ад 1,5 да 3 м). Дно выслана ілам. на мелкаводдзі — пяском. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 40—50 см) трымаецца да 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 50 см. Зарастае каля 40% плошчы. Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, адпачынку і спарт. мерапрыемстваў.

Плешчаніцкае вадасховішча.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯСЕ́ЦК,

касмадром у Архангельскай вобл. Рас. Федэрацыі. Засн. ў 1957. Гал. аб’екты: стартавыя комплексы, тэхн. пазіцыі, вымяральныя пункты, г. Мірны. Першы старт ракеты-носьбіта з ШСЗ «Космас—112» здзейснены 17.3.1966. З П. адбылося больш за 1500 запускаў ракет-носьбітаў; на каляземныя арбіты выведзена каля 2000 ШСЗ навук., нар.-гасп., ваен. і інш. прызначэння (1.1.2001). Выпрабавана 10 ракетна-касм. комплексаў, 11 ракет-носьбітаў, у т. л. «Саюз» і «Саюз-2», «Маланка», «Цыклон», «Космас» і інш., пры дапамозе якіх на каляземныя арбіты выводзіліся ШСЗ «Маланка», «Метэор», «Акіян», «Фатон», «Інтэркосмас» і інш. Ракеты-носьбіты выкарыстоўваюцца таксама для вываду на арбіты апаратуры і ШСЗ інш. краін.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО (Po),

самая вялікая рака Італіі. Даўж. 652 км, пл. басейна каля 75 тыс. км². Вытокі ў Коцкіх Альпах, цячэ пераважна па Паданскай раўніне з З на У, упадае ў Адрыятычнае м., утварае забалочаную дэльту (пл. каля 1,5 тыс. км²). Гал. прытокі: Дора-Рыпарыя, Дора-Бальтэа, Агонья, Тычына, Ада, Ольё, Мінча, Тартара (злева); правыя прытокі больш кароткія і менш мнагаводныя. Частыя паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля г. Ферара 1460 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У бас. П. шмат ГЭС. Суднаходная на 540 км ад вусця. Суднаходнымі прытокамі і каналамі злучана з азёрамі Лага-Маджорэ, Кома, Гарда. На П. гарады Турын, П’ячэнца, Крэмона.

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫЎНЫ ЛЕДАВІ́К.

мацерыковы лёд, наземны ледавік у выглядзе суцэльнага ледзянога шчыта (купала). Дасягае магутнасці некалькіх кіламетраў (больш за 4 км у Антарктыдзе) і плошчай у мільёны квадратных кіламетраў. Утвараецца там, дзе снегавая лінія апускаецца да ўзроўню нізін. Напрамак руху і шчытападобная пукатая форма П.л. не залежаць ад характару рэльефу дна. Вобласць жыўлення размешчана ў цэнтр., найб. узвышанай частцы, адкуль лёд расцякаецца да краёў. Расход лёду ажыццяўляецца пераважна за кошт яго сцёку ў шэльфавыя ледавікі і адколвання айсбергаў. П.л. займаюць пл. 14,4. млн. км², з іх 85,3% прыпадае на Антарктыду, 12,1% на Грэнландыю, 2,6% на ледавікі Канадскага Арктычнага архіпелага, Ісландыі, Шпіцбергена і інш. астравоў Арктычнага басейна.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОНТАПАРЭ́Я (Pontoporeia affinis),

беспазваночная жывёла сям. хаўстарыдаў атр. бакаплаваў кл. ракападобных. Пашырана ў вадаёмах на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве ў глыбокіх (больш за 10 м) вадаёмах з вял. колькасцю кіслароду ў вадзе, пераважна ў глеістых і глеіста-пясчаных донных адкладах. На Беларусі рэдкая, ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага перыяду. Адзначана на Пн, у азёрах Паўд. Воласа і Снуды. Занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 10 мм, маса да 10 мг. Цела дугападобнае, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расл. і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца яйцамі (16 шт. і больш) адзін раз за жыццёвы цыкл. Корм для рыб.

В.​П.​Сяменчанка.

Понтапарэя.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЎСВІЖ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Эса, за 4 км на ПдУ ад г. Лепель. Пл. 0,41 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 7—9 м (на ПнУ 15—20 м), разараныя, месцамі пад лугам. Берагі выш. да 0,5 м, на З нізкія, парослыя азёрна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Уздоўж зах. берага забалочаная пойма шыр. 70 м. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Дно да глыб. 3 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Упадаюць 2 меліярац. канавы.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАГРЭ́С»,

серыя сав. (рас.) аўтам. трансп. грузавых касм. апаратаў для забеспячэння працяглага функцыянавання арбітальных станцый («Салют», «Мір», міжнар. касм. станцыі). Створаны на базе касм. карабля «Саюз». Складаецца з 3 адсекаў: грузавога, кампанентаў дазапраўкі і прыборна-агрэгатнага. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «П.» каля 7 т, у т. л. карыснага грузу 2,3 т. Даўж. 7 м, макс. дыяметр 2,72 м. Працягласць актыўнага аўтаномнага палёту да 4 сут, у складзе станцыі — да 3 мес. Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам «Саюз» з касмадрома Байканур. На Зямлю не вяртаецца. «П.-1» запушчаны 20.1.1978. Ажыццёўлены палёты каля 90 «П.» і іх мадыфікацый (2001).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)