АНТО́НІЙ (Марк) (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́НЫ (Parnassius),
род дзённых матылёў сям. паруснікаў, або кавалераў, атр. лускакрылых. Сустракаюцца пераважна ў горных раёнах Еўразіі, лакальна на раўнінах. На Беларусі трапляюцца апалон чорны (P. mnemosyne) і апалон (P. apollo) — рэдкія віды, занесеныя ў Чырв. кнігу.
Размах белых крылаў да 9 см, пярэднія крылы з 2—5 чорнымі плямкамі, заднія з чырвонымі. Апалон чорны па памерах меншы і без чырвоных плямак на крылах. Лёт у чэрв.—жніўні. Вусені чорныя з 2 радамі чырвоных плямак, кормяцца ў крас.—маі лісцем чубаткі, скочак і заечай капусты. Жывуць групамі. Кукалкі на глебе. Зімуюць у абалонцы яйца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПВЕ́ЛІНГ (ад англ. up наверх + well хлынуць),
падыманне водаў з глыбіняў у верхнія слаі акіяна, мора. Выклікаецца ўстойлівымі вятрамі, што зганяюць паверхневыя воды ў адкрытае мора, на месца якіх падымаюцца воды слаёў, што ляжаць ніжэй, а таксама пасатнымі і ўсх. памежнымі цячэннямі ў Атлантычным, Ціхім і інш. акіянах. Асабліва актыўны ў прыбярэжных зонах, дзе вада падымаецца з глыбіняў 100—300 м. Агульная пл. пастаяннага апвелінгу складае 1 млн.км² пры сярэдняй вертыкальнай скорасці падняцця водаў 1 м/сут. З цыркуляцыяй акіянскіх водаў у працэсе апвелінгу звязваюць утварэнне некаторых радовішчаў карысных выкапняў (напр., фасфарытаў), размяшчэнне багатых прамысл. раёнаў акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКА́НСКІЯ ГОРЫ, Ракхайн, Аракан-Йома,
горы на З п-ва Індакітай, у М’янме. Працягласць каля 800 км. Выш. да 3053 м (г. Вікторыя). Сярэдневышынныя складкава-глыбавыя горы, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Паралельныя мерыдыянальныя хрыбты з вострымі і стромкімі схіламі, падзеленыя эразійна-тэктанічнымі далінамі на Пн, пераходзяць на Пд у нізкагорныя ланцугі пакатых узвышшаў выш. 150—200 м. Складзены са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў, па перыферыі — з асадкавых парод. Карысныя выкапні: волава, вальфрам, свінец, золата, серабро, каштоўныя камяні. Наветраныя зах. схілы ўкрыты вільготнымі трапічнымі вечназялёнымі лясамі, падветраныя ўсх. — мусоннымі лістападнымі, на выш. 1000 м і больш — вечназялёнымі дубовымі і хваёвымі лясамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С УСЕ́ВАЛАДАВІЧ [каля 1117, Горадзен (Гародня) — пасля 1151],
князь гарадзенскі. Сын кн.Усевалада Давыдавіча і Агаф’і (дачкі Уладзіміра Манамаха). Гарадзенскае княства атрымаў у спадчыну разам з братам кн.Глебам Усеваладавічам. У 1144 удзельнічаў у паходзе кіеўскага кн. Усевалада Ольгавіча на Галіцкага кн. Уладзіміра Валадаравіча. Падтрымаў кн.Ізяслава Мсціславіча ў яго барацьбе з Юрыем Далгарукім за велікакняжацкі прастол. У 1150 разам з Ізяславам хадзіў пад Дарагабуж, у 1151 войска Барыса Усеваладавіча ўдзельнічала ў аблозе Кіева, пасля ўзяцця якога гнала кн. Юрыя да Белгарада. Некаторыя даследчыкі лічаць, што летапісны Горадзен, дзе княжыў Барыс Усеваладавіч, знаходзіўся не ў Панямонні, а на ПнУ Уладзіміра-Валынскай зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВЫ КАМЯНІ́,
манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэр. Беларусі. 7 вял. валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози...». Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя; астатнія разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага кн.Рагвалода Усяславіча (пасля хрышчэння Барыс) у 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя (гл. таксама Рагвалодаў камень).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТЫЁН (франц. bastion ад позналац. bastillio будую ўмацаванне),
пяцівугольнае ўмацаванне ў вуглах крапасной агароджы для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж крапасных сцен і равоў перад імі. Бастыёны паявіліся ў Італіі ў канцы 15 ст., напачатку мураваныя, з 16 ст. земляныя. Крапасны бастыён складаўся з 1 ці 2 земляных валоў для размяшчэння гармат: 1-ы быў галоўны, 2-і (узвышаўся над 1-м) наз. кавальер. Два даўжэйшыя бакі бастыёна наз. фасамі, карацейшыя — фланкамі. Фланкі двух суседніх бастыёнаў і частка крапасной сцяны паміж імі (курціна) стваралі бастыённы фронт. На Беларусі бастыёны вядомы з сярэдзіны 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
бел. эміграцыйная газета. Выдавалася з 31.10.1947 да снеж. 1966 у Мюнхене на бел. мове. З 1955 бел. тыднёвік палітыкі, культуры і грамадскага жыцця. Выдавец У.Бортнік (з 1955). Асн. задачай лічыла развіццё і паглыбленне патрыятызму ў эмігранцкім асяроддзі. Друкавала інфармацыю пра міжнар. жыццё, навіны, карэспандэнцыі пра паліт. становішча на Беларусі, матэрыялы па гісторыі, культуры, мастацтве. Выдавала дадаткі: дзіцячы «Каласкі», літ., жаночы. Пры «Бацькаўшчыне» дзейнічала выдавецтва, якое выпусціла творы Я.Купалы, Я.Коласа, Л.Калюгі, К.Чорнага і інш. Мела прадстаўніцтвы і распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргенціне і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГІН (Менахем) (16.8.1913, г. Брэст, Беларусь — 9.3.1992),
палітычны дзеяч Ізраіля, юрыст. Адукацыю атрымаў у Варшаўскім ун-це. Перад вайной узначальваў сіянісцкі рух у Польшчы. У 1939 з акупацыяй Польшчы ням. фашыстамі ўцёк у Вільню, дзе быў арыштаваны сав. ўладамі і сасланы ў Сібір. У 1943 у складзе Андэрса арміі трапіў у Палесціну, камандаваў ваен. групоўкай «Іргун». У 1948—83 старшыня партыі «Херут». У 1973—83 лідэр нац. фронту «Лікуд». Прэм’ер-міністр Ізраіля ў 1977—83. Падпісаў Кэмп-Дэвідскія пагадненні (1978) і мірны дагавор з Егіптам (1979). Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з А.Садатам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Брэсцкім раёне, у бас. Серадовай Рэчкі, за 30 км на Пд ад Брэста. Пл. 0,5 км², даўж. 1,03 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 21,5 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 140 км².
Схілы катлавіны невысокія, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, зпаўн. боку сплавінныя. Дно да глыб. 2 м складзена з заглееных пяскоў, глыбей — сапрапелістае. Слаба зарастае, пераважна ў паўн. і паўд.-ўсх. частках; шыр. паласы расліннасці 5—10 м. Каналамі злучана з азёрамі Рагазнянскае і Чорнае. Каля возера зона адпачынку, курорт і турбаза.