МАРСКІ́Я СЛАНЫ́ (Mirounga),

род цюленевых атр. ластаногіх. 2 віды. Паўд. М.с. (M. leonina) пашыраны ў Паўд. паўшар’і (а-вы Кергелен, Макуоры, Паўд. Георгія і інш.), паўн. (M. angustirostris) — на ўзбярэжжы Мексікі і Каліфорніі. Сезонна мігрыруюць. Жывуць статкамі.

Найб. буйныя з ластаногіх: самцы даўж. да 6,5 м, маса да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Валасяное покрыва кароткае, афарбоўка — ад светла-бурай да карычневай. На канцы морды ў самцоў скурны мяшок («хобат», адсюль назва) даўж 40—80 см. Кормяцца галаваногімі малюскамі, рыбай. Палігамы, у гарэме да 20 самак. Нараджаюць 1 дзіцяня.

Марскі слон.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУ́ГА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 36 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,36 км², даўж. 810 м, найб. шыр. 710 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 11,5 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м (на У да 10 м), пераважна пад лугам, на У разараныя. Берагі сплавінныя, на ПнУ пясчаныя, забалочаныя. Дно выслана сапрапелем, на У і Пн уздоўж берагоў да глыб. 1 м трапляюцца пясчаныя адклады. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае р. Маруга.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫНАВА́ННЕ (ад франц. mariner саліць у расоле),

спосаб кансервавання харч. прадуктаў (садавіны, агародніны, грыбоў, рыбы). Заснавана на здольнасці воцатнай к-ты разам з кухоннай соллю прыпыняць жыццядзейнасць многіх мікраарганізмаў.

Пры М. рассартаваныя, вымытыя, ачышчаныя (пры неабходнасці разрэзаныя) прадукты заліваюць марынадам — растворам солі і цукру (або толькі цукру) у вадзе, правараным з вострымі прыправамі, у які дабаўлены воцат. Тэрмін захавання марынаваных прадуктаў (марынадаў) павялічваюць пастэрызацыяй: найлепш захоўваць марынады пры паніжанай (0—4 °C) т-ры ў закаркаванай тары. М. выкарыстоўваюць і для кулінарнай апрацоўкі прадуктаў (напр., мяса, селядцоў).

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1371,

бітва на р. Марыца (пры Чарнамене, на З ад сучаснага тур. г. Эдырне) паміж тур. войскамі і апалчэннем народаў Паўд.-Усх. Еўропы (сербаў, харватаў, баснійцаў, балгар, венграў, валахаў і інш.), якое сабраў паўднёвасербскі кароль Вукашын. У ноч на 26 вер. туркі знянацку атакавалі колькасна пераўзыходзячае іх саюзнае войска, якое не мела адзінага камандавання, і знішчылі яго. У бітве загінуў Вукашын. М.б. адкрыла тур. заваёўнікам шлях у глыб Балканскага п-ва. Яны авалодалі Зах. Фракіяй, амаль усёй Македоніяй, значнымі часткамі Сербіі і Балгарыі.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАРЭ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Mascarene Islands),

група астравоў у Індыйскім ак., на У ад в-ва Мадагаскар. Нас. больш за 1,76 млн. ж. (1996). Складаецца з 3 вял. а-воў: Рэюньён (франц. ўладанне), Маўрыкій і Радрыгес (у складзе дзяржавы Маўрыкій). Складзены з вулканічных парод. Выш. да 3069 м (на в-ве Рэюньён). Ёсць дзеючыя вулканы. Клімат трапічны, пасатны, вільготны. На наветраных схілах гор участкі вечназялёных трапічных лясоў, на падветраных — саванна. Плантацыі цукр. трыснягу, какосавай пальмы, чаю, алоэ, кавы, ванілі. Першы з еўрапейцаў дасягнуў астравоў партугалец П. ды Машкарэньяш (Маскарэньяс) у 1507.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСУ́Л,

горад на Пн Ірака. Адм. ц. мухафазы Найнава. Пабудаваны ў 7 ст. арабамі на месцы стараж. крэпасці. Нас. 879 тыс. ж. (1998). Порт на правым беразе р. Тыгр. Трансп. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (у т. л. вытв-сць мусліну — ад назвы М.), харч., гарбарна-абутковая, нафтаперапр., металаапр., цэментная. У раёне М. здабыча нафты (Айн-Зала). Ун-т. Арх. помнікі 12—13 ст., у т. л. мячэць Джамі аль-Кабір (або ан-Нуры) і мінарэт (12 ст.). Мусульм. музей асірыйскага і парфянскага мастацтва. Паблізу М. руіны стараж. г. Ніневія.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЦІ́КІ (ад грэч. mastichē смала масцікавага дрэва) у будаўніцтве, матэрыялы ў выглядзе пластычных сумесяў арган. вяжучага рэчыва і танкамолатага напаўняльніка. Бываюць бітумныя, гумава-бітумныя, дзёгцевыя, палімерныя і інш.; гарачыя, якія перад выкарыстаннем разаграюць, і халодныя, якія разводзяць арган. растваральнікамі або вадой.

Дахавыя М. — бітумныя (руберойдавыя) і дзёгцевыя (толевыя) выкарыстоўваюць для прыклейвання рулонных дахавых матэрыялаў, гідраізаляцыйныя — для прыклейвання гідраізаляцыйных матэрыялаў, для абмазачнай ізаляцыі; М. на падлогу — бітумныя, для прыклейвання паркету, лінолеуму да асновы; герметызавальныя — для ўшчыльнення стыкаў зборных канструкцый. М. павінны быць цеплаўстойлівыя, з высокай клейкасцю, пластычнасцю і даўгавечнасцю.

А.​Я.​Вакар.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУСЕ́ВІЧ (Павел Аляксеевіч) (н. 15.7.1930, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Д-р хім. н. (1990). Скончыў БДУ (1955), дзе працаваў у 1958—94 (у 1978—89 заг. лабараторыі НДІ фіз.-хім. праблем). Навук. працы па сінтэзе і даследаванні фіз.-хім. уласцівасцей сінт. палімераў. Распрацаваў новы клас стабілізатараў і мадыфікатараў, якія ахоўваюць палімеры ад старэння.

Тв.:

Защита синтетических и биологических полимеров от деструкции с помощью аминопроизводных ортобензохинона // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1984. № 4.

т. 10, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРАКАРДА́ТАС ((Maurokardatos) Аляксандрас) (11.12.1791, г. Стамбул, Турцыя — 18.8.1865),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі; адзін з кіраўнікоў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У студз. 1822 прэзідэнт Нац. сходу ў Эпідаўры, які абвясціў незалежнасць Грэцыі і выбраў М. яе прэзідэнтам (1822—23). Імкнуўся цэнтралізаваць кіраванне краінай, арыентаваўся на Вялікабрытанію. У сувязі з абвастрэннем супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстання адмовіўся ад пасады прэзідэнта. У 1827—31 быў у апазіцыі да І.Кападыстрыі. Пры каралю Атоне I займаў урадавыя і дыпламат. пасады, у 1844 і 1854—55 прэм’ер-міністр.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Андрэй Мацвеевіч) (1701, г. Ноўгарад, Расія — 1739),

расійскі жывапісец. Пасланы Пятром I для ўдасканалення ў Нідэрланды (1716—27), вучыўся ў Амстэрдаме і Антверпенскай АМ (1725—27). З 1727 у Пецярбургу узначальваў «жывапісную каманду» пры Канцылярыі ад пабудоў. Выконваў жывапісныя дэкар. работы ў Пецярбургу (у т. л. ў Петрапаўлаўскім саборы) і Маскве, размаляваў шэраг цэркваў. Аўтар станковых кампазіцый і партрэтаў: «Алегорыя жывапісу» (1725), партрэты І.А. і А.​П.​Галіцыных (1728), т. зв. «Аўтапартрэт з жонкай» (1729). Творчасць М. паўплывала на станаўленне рас. свецкага мастацтва 18 ст.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)