ТЭНЗАРЭЗІ́СТАР (ад лац. tensus напружаны, нацягнуты + рэзістар),
рэзістар, які мяняе сваё эл. супраціўленне пры дэфармацыі расцяжэння ці сціскання (гл. Тэнзарэзістыўны эфект). Адрозніваюць Т. металічныя (вырабляюць з дроту ці фольгі ў выглядзе рашотак) і паўправадніковыя (у выглядзе пласцін ці эпітаксіяльных плёнак). Выкарыстоўваецца як адчувальны элемент у тэнзадатчыках, а таксама ў пераўтваральніках ціску ці мех. напружання ў эл. сігнал., напр., у мікрафонах і гуказдымальніках.
т. 16, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
тэрмафобы (ад тэрма... + грэч. phobos страх), жывыя арганізмы, якія здольны існаваць і размнажацца толькі пры адносна нізкіх т-рах (звычайна не больш за 10 °C). Да Т.а. належыць большасць жыхароў глыбінь акіянаў, мораў, буйных азёраў, вадаёмаў і сушы раёнаў з халодным кліматам (Арктыкі, Антарктыкі, высакагор’яў). Тэрмафобныя мікраарганізмы наз. таксама псіхрафільнымі ці крыяфільнымі, а тэрмафобныя расліны падзяляюць на крыяфіты і псіхрафіты.
т. 16, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІ́ЛКСА ЗЯМЛЯ́ (Wilkes Land),
частка тэрыторыі Усх. Антарктыды паміж Зямлёй Адэлі і Зямлёй Каралевы Мэры. Выш. паверхні ледавіковага покрыва на Пд да 1000—2500 м. Магутнасць лёду больш за 3000 м. На ўзбярэжжы трапляюцца ўчасткі, свабодныя ад лёду (аазісы Бангера, Грырсана, нунатакі, скалы). Адкрыта амер. экспедыцыяй Ч.Уілкса ў 1840. Названа яго імем. На У.З. аўстрал. навук. станцыя Кейсі (з 1969).
т. 16, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІ́ТЛЕМ (Whitlam) Эдвард Гоф (н. 11.7.1916, г. Мельбурн, Аўстралія),
аўстралійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. У 1952—78 дэп. палаты прадстаўнікоў ад Аўстрал. лейбарысцкай партыі; з 1960 нам. лідэра, у 1967—77 лідэр лейбарысцкай фракцыі ў парламенце. У 1972—75 прэм’ер-міністр, адначасова да 1973 міністр замежных спраў Аўстраліі. У 1976—77 віцэ-старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала. У 1983 быў прадстаўніком Аўстраліі пры ЮНЕСКА.
т. 16, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАБІЯ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА (англ. Fabian Society; назва ад імя стараж.-рым. палкаводца Фабія Максіма Кункатара, вядомага сваёй паспяховай, але павольнай тактыкай чакання),
арганізацыя брыт. інтэлігенцыі. Створана ў 1884. Прапагандавала ідэі паступовага, эвалюцыйнага пераўтварэння капіталіст. грамадства ў сацыялістычнае. У таварыства ўваходзілі С.Дж. і М.Б.Уэб, Дж.Б.Шоу, Г.Дж.Уэлс і інш. інтэлектуалы. Пасля заснавання Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі (1900) — у яе складзе, значна паўплывала на праграму апошняй.
т. 16, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́БРЫКА-КУХНЯ,
у савецкія часы буйное механізаванае прадпрыемства грамадскага харчавання з завершаным цыклам вытв-сці (ад першаснай апрацоўкі сыравіны да гатовай стравы). Мела цэхі: агароднінны, мяса-рыбны, халодных закусак, кандытарскі, некалькі абедзенных залаў. Частка прыгатаваных страў рэалізавалася ў іншых раздатачных пунктах і буфетах бліжэйшых прадпрыемстваў. Першая на Беларусі Ф.-к. пачала працаваць у Мінску ў 1932 (з 1994 рэстаран «Папараць-кветка»).
т. 16, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАГАЦЫТО́З (ад грэч. phagos пажыральнік + kytos клетка),
актыўнае захопліванне і паглынанне мікраскапічных іншародных жывых аб’ектаў (бактэрыі, фрагменты клетак) і цвёрдых часцінак аднаклетачнымі арганізмамі ці некат. клеткамі шматклетачных жывёл (фагацытамі). Адкрыты І.І.Мечнікавым у 1882. Складаецца з паслядоўных стадый: збліжэнне аб’екта Ф. і фагацыта, размяшчэнне аб’екта на паверхні фагацытуючай клеткі (атракцыя), паглынанне, ператраўліванне. Адыгрывае важную ролю пры запаленні, гаенні ран, як фактар неспецыфічнага імунітэту.
т. 16, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЗАВАЯ СКО́РАСЦЬ,
фізічная велічыня, якая характарызуе перамяшчэнне пастаяннай фазы гарманічнай хвалі ў прасторы. Вызначаецца суадносінамі v = f/λ = ω/k, дзе f — частата ваганняў, λ — даўжыня хвалі, ω = 2πf — цыклічная частата, k = 2πλ — хвалевы лік. Пры распаўсюджванні хваль у асяроддзі залежыць ад частаты ваганняў (гл. Дысперсія хваль), што скажае форму сігналаў канечнай працягласці (гл. Салітон). Адзінка Ф.с. ў СІ — метр за секунду.
т. 16, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАМІ́ЛІЯ (лац. familia сям’я),
у Старажытным Рыме сямейная гаспадарча-юрыд. адзінка, якая аб’ядноўвала ўсіх членаў сям’і, што паходзілі па мужчынскай лініі ад аднаго родапачынальніка або ўвайшлі праз шлюб ці ўсынаўленне. Улада галавы сям’і распаўсюджвалася на ўсю Ф., у т. л. на маёмасць і рабоў. Члены Ф. аб’ядноўваліся дамашнім культам. Ф. наз. таксама род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМАЦЫ́Я (грэч. pharmakeia ад pharmakon лякарства),
сукупнасць навукова-практычных дысцыплін па пошуках, прыгатаванні, стандартызацыі, даследаванні, захаванні і водпуску лекавых сродкаў. Цесна звязана з фармакалогіяй і інш. Асн. раздзелы Ф.: фармакагнозія, фармацэўтычная хімія, тэхналогія фармацэўтычных прэпаратаў і інш. Адзін з важнейшых кірункаў Ф. — даследаванне будовы рэчываў, характару сувязей у іх малекуле, хім. і фіз. уласцівасцей, што дазваляе ажыццяўляць мэтанакіраваны сінтэз новых фізіялагічна актыўных злучэнняў.
т. 16, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)