ІЗАЛЯЦЫЯНІ́ЗМ,

палітыка дзярж. замкнёнасці, адмовы ад удзелу ў пераадоленні міжнар. канфліктаў. Тэрмін з’явіўся ў ЗША у сярэдзіне 19 ст. для абазначэння кірунку знешняй палітыкі, заснаванай на ідэі неўмяшання ва ўзбр. канфлікты на тэр. Еўропы. У наш час тэрмін «І.» разумеецца ў больш шырокім сэнсе. У выглядзе санкцый і інш. захадаў ён выкарыстоўваецца з мэтай эканам. і паліт. націску на асобныя краіны ў палітыцы міжнар. ін-таў, арг-цый і некат. дзяржаў.

т. 7, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТЫ́, Крут (Krut; ? — 1093),

князь Вендскай дзяржавы [1066—93]. Паходзіў, верагодна, з княжацкай дынастыі, якая ў 10—12 ст. правіла на в-ве Руяна (цяпер в-аў Руген, Германія). Узначальваў супраціўленне прыбалтыйскіх і палабскіх славян іх прымусовай хрысціянізацыі з боку ням. герцагаў. У час аслаблення «Свяшчэннай Рымскай імперыі» пры Генрыху IV пашырыў межы Вендскай дзяржавы да Паўн. мора, падпарадкаваў Нордальбінгію. Загінуў у барацьбе з Генрыхам, сынам Готшалка, які дзейнічаў у саюзе з саксонцамі.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,

назва рэв. к-та, які дзейнічаў у Мазыры пад кіраўніцтвам Мазырскай арг-цыі РСДРП у час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905. 30.10.1905 на агульнагарадскім мітынгу выбраны рэўком, які меў баявую дружыну і 9 дзён праводзіў рэв. мерапрыемствы. Была зроблена спроба захапіць склады зброі і казначэйства, вызваліць палітвязняў. У сутычцы з царскімі войскамі 4 чал. забіты, 6 паранена. Усе члены рэўкома сасланы ў Сібір на вечнае пасяленне.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ НЯЎРА́ДАВЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

міжнародныя аб’яднанні нац. груп, саюзаў і прыватных асоб няўрадавага характару, створаныя імі з мэтай спрыяння міжнар. супрацоўніцтву ў паліт., эканам., навук.-тэхн., культурнай, гуманітарнай і інш. галінах чалавечай дзейнасці. Такія аб’яднанні павінны адпавядаць наст. крытэрыям: ажыццяўляць сваю дзейнасць у больш чым 2 дзяржавах, быць міжнароднымі паводле сваіх мэт, складу членаў, структуры і фін. падтрымцы. У наш час у свеце існуе больш за 3 тыс. М.н.а.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЕ АРЫЕНТАВА́ННЕ,

від падводнага спорту. Уключае 3 асн. практыкаванні: «арыенціры», «зоны» і «зорку». Пры іх выкананні спартсмен праплывае з аквалангам пэўную дыстанцыю і мяняе напрамак у зададзеных пунктах. Спаборніцтвы праводзяцца ў адкрытых вадаёмах у асабістым і камандным заліках. Пры ацэнцы вынікаў улічваецца час пераадолення дыстанцыі і дакладнасць арыентавання. Бел. спартсмены ўдзельнічалі ў спаборніцтвах у 1960—88. Пераможцы і прызёры чэмпіянатаў СССР — Н.​Ясючэня (1970), І.​Хрысценка (1976), А.​Шымановіч (1977).

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К Рыгор Сяргеевіч (24.1.1912, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 14.5.1944),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу пілотаў (1936), Ваен.-марскую акадэмію (1942). У Чырв. Арміі з 1934. Камандзір самалёта лейт. П. вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40, калі ў час бамбардзіроўкі свой ахоплены полымем самалёт пасадзіў у тыле ворага і вывеў экіпаж за лінію фронту. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Загінуў пры выкананні баявога задання.

Р.С.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЮ́К Іван Іванавіч (15.2.1917, Мінск — 26.4.1973),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Батайскую ваен. авіяшколу пілотаў (1940). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах: камандзір звяна, эскадрыллі. Лётчык-знішчальнік капітан С. за час вайны зрабіў 430 баявых вылетаў, правёў 125 паветр. баёў, збіў 19 і ў групе 8 самалётаў праціўніка. Да 1961 у Сав. Арміі.

І.І.Семянюк.

т. 14, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМУ́З, Думузі,

у міфалогіі і рэлігіі стараж. семіцкіх народаў бог урадлівасці, які штогод памірае і ўваскрасае. Паводле стараж. шумерскага міфа Т. — бог-пастух, каханы і муж багіні Інаны, якая аддала яго ў падземнае царства «як замену» сябе самой. Т. выратавала яго сястра Гештынана, якая пагадзілася праводзіць пад зямлёй замест брата палавіну кожнага года (у гэты час Т. апякае зямлю, якая квітнее і пладаносіць). У фінікійскай міфалогіі Т. адпавядае Адоніс.

т. 15, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАНГ (ням. Flanke, франц. flanc ад франкскага hlanka бок),

левы або правы край строю, бок фронту (аператыўнага пастраення войск). У параўнанні з фронтам Ф. — найб. уразлівае месца (выхад праціўніка на Ф. вядзе да пагрозы акружэння, парушае сувязь з тылам і інш.). Напр., у час правядзення Беларускай аперацыі 1944 асобае значэнне надавалася разгрому флангавых груповак ням.-фаш. войск у раёнах Віцебска, Бабруйска і інш. (гл. Бабруйскі «кацёл», Віцебскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЕ́ШЫ (франц. fléche страла),

палявыя, радзей доўгатэрміновыя ўмацаванні тыпу рэдана, якія выкарыстоўваліся войскамі ў 18 — пач. 19 ст. Мелі 2 фасы даўжынёй па 20—30 м, якія ўтваралі тупы вугал, павернуты вастрыём да праціўніка (у плане нагадваў наканечнік стралы — адсюль назва). Ствараліся для прыкрыцця важных напрамкаў і пунктаў (напр., у час вайны 1812 у сістэме ўмацаванняў Дрысенскага лагера, Баграціёнавы Ф. каля в. Сямёнаўская і інш.). На Ф. размяшчаліся пяхота і артылерыя.

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)