МЕ́ЛЬНІК (Сцяпан Паўлавіч) (13.8.1883, с. Засулле Лохвіцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 28.6.1938),
бел. вучоны ў галіне батанікі і лесаводства. Чл.кар.АН Беларусі (1936). Д-рбіял.н. (1935), праф. (1923). Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1911). З 1923 у Горацкім с.-г. ін-це, у 1926—30 дырэктар Цэнтр. лясной доследнай станцыі Беларусі, з 1933 дырэктар Бат. сада АН Беларусі. Навук. працы па лесаводстве, дэндралогіі і феналогіі раслін. Распрацаваў праграмы і інструкцыі па лесафеналагічных назіраннях, правёў тыпалагічнае вывучэнне лясоў Беларусі, даследаваў паркі і інш. дэндралагічныя аб’екты, даў класіфікацыю тыпаў лесу Беларусі з улікам урадлівасці і вільготнасці глебы. У 1938 рэпрэсіраваны (прыгавораны да вышэйшай меры пакарання). Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Таблицы для определения главнейших деревьев и кустарников. Горы-Горки, 1925;
Лесо-фенологические наблюдения. Горы-Горки, 1928.
Літ.:
Юркевич И.Д., Чекалинская Н.И. Основатель Ботанического сада АНБССР // Ботаника. Мн., 1969. Вып. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Уладзімір Іванавіч) (14.4.1888, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — сак. 1938),
рускі паэт. Брат Г.І.Нарбута. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1906—12). Уваходзіў у аб’яднанне акмеістаў «Цэх паэтаў». У 1922—28 на парт. і выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1908. У першым зб. «Вершы» (1910) пераважае тэма прыроды. У паэт. зб-ках «Алілуя» (1912, арыштаваны цэнзурай; 2-е выд. 1922), «Вій» (1915), «Верацяно» (1919), «Плоць», «У вогненных слупах», «Вершы пра вайну» (усе 1920), «Вялікдзень» (1922) і інш. тэмы адчаю і надзеі, спалучэнне розных стылістычных і моўных пластоў — ад біблейскага да вясковага. Аўтар паэмы «Аляксандра Паўлаўна» (1922), апавяданняў, этнагр. нарысаў, артыкулаў пра М.Гумілёва, С.Гарадзецкага, М.Клюева, М.Цвятаеву, В.Мандэльштама і інш. Творчасці Н. ўласціва сувязь з укр. фальклорам, выкарыстанне ўкраінізмаў, царкоўнаславянізмаў, інтэнсіўнасць фарбаў, натуралізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ГНІЎЦАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (27.8.1920, г. Луганск, Украіна — 7.9.1981),
расійскі спявак (бас). Нар.арт.СССР (1965). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю (1949). З 1949 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай. Яго выкананне вызначалі высокая муз. культура, эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, драм. майстэрства. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), кароль Рэне, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Тэсей («Сон у летнюю ноч» Б.Брытэна), Генерал («Гулец» С.Пракоф’ева), Бястужаў, Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.Шапорына), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава). У канцэртным рэпертуары вак. лірыка С.Рахманінава. Зняўся ў фільмах «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Алека» (1954).
Літ.:
Шпиллер Н. А.Огнивцев // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙСКІ (Мікалай Ільіч) (28.2.1880, с. Кунашоўка Нежынскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна —28.7.1948),
савецкі паліт. і ваен. дзеяч. Вучыўся ў Дзямідаўскім юрыд. ліцэі (Яраслаўль, 1901—05). Чл.РСДРП з 1901, з 1903 бальшавік. Супрацоўнік бальшавіцкіх газет «Звезда» і «Правда» (1910—14). У 1917 кіраўнік ваен. арг-цыі пры ЦК і Петраградскім к-це РСДРП(б), старшыня Усерас. бюро франтавых і тылавых арг-цый пры ЦК. партыі. У Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 старшыня Петраградскага ВРК, кіраваў узяццем Зімняга палаца. З ліст. 1917 нарком ваен. спраў РСФСР, старшыня Усерас. калегіі па арг-цыі і кіраванні Чырв. Арміі. З сак. 1918 у кіруючым апараце Чырв. Арміі. У 1919 нарком па ваен. і марскіх справах Украіны. У 1919—23 кіраўнік Усевобуча. У 1924—35 на парт. і сав. рабоце, у т. л.чл.ЦКК партыі (1924—30). Працы па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́ЎСКІ ((Padlewski) Зыгмунт) (1.1.1836, с. Малая Чарняўка Ружынскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 15.5.1863),
польскі рэвалюцыянер. Скончыў Артыл. акадэмію ў Пецярбургу (1861). Уваходзіў у тайную рэв. арг-цыю, якую ўзначальвалі З.Серакоўскі і Я.Дамброўскі. Пасля ад’езду ў Парыж прымаў удзел у дзейнасці Т-ва польскай моладзі, пазней выкладаў у польскай ваен. школе ў Італіі. У 1862 вярнуўся на радзіму і прызначаны рэв. начальнікам Варшавы, увайшоў у склад Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве (ЦНК). У вер. і ліст. 1862 вёў перагаворы з А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым і М.А.Бакуніным пра ўзаемадзеянне з рас.рэв. рухам. У снеж. 1862 ад імя ЦНК заключыў пагадненне з ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу. Выступаў за неадкладны пачатак паўстання. У час паўстання 1863—64 узначальваў паўстанцкія атрады ў Плоцкім ваяводстве. Арыштаваны рас. ўладамі і расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІЙЧУ́К (Васіль Уладзіміравіч) (н. 12.2.1922, г. Жытомір, Украіна),
бел. скульптар. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1949). Творам уласцівы псіхалагізм вобразаў, дэталёвая прапрацоўка форм, імкненне да дакладнай перадачы натуры. Сярод станковых кампазіцый «Вызваленне» (1951), «Улетку» (1954), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958), «Маці партызана» (1961), «Подзвіг» (1963), «Мір, Праца, Свабода, Роўнасць, Братэрства, Шчасце ўсіх народаў» (1968), «Генерал Даватар» (1972), «Перамога», «На апаленай зямлі», «Клятва партызан» (усе 1975), «Дзеці вайны» (1984); партрэты М.Калініна (1975, 1977), А.Сахарава (2000), удзельнікаў партыз. руху на Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны. Аўтар помнікаў У.І.Леніну ў гарадах Старыя Дарогі (1959), Столін (1980, з С.Селіханавым), Ф.Э.Дзяржынскаму ў г. Дзяржынск (1959, з А.Заспіцкім) і партызанцы А.Ф.Колесавай у г. Крупкі (1967), Калініну ў Мінску (1979, з І.Глебавым), манументаў воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў гады вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙЗЕН (Марк Восіпавіч) (3.7.1895, с. Зайцава Сінельнікаўскага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 25.11.1392),
расійскі спявак (бас), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус.вак. школы. Нар.арт.СССР (1937). Вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі (1917—18). З 1921 у Харкаўскім оперным т-ры. З 1925 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета, у 1930—54 — Вял.т-ра. У 1965—70 заг. кафедры ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1967 праф.). Валодаў моцным голасам рэдкай прыгажосці і шырокага дыяпазону. Выконваў усе вядомыя басовыя партыі з рус. опер. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Тонкі інтэрпрэтатар камернай лірычнай музыкі. Удзельнічаў у выкананні вак.-сімф. твораў В.А.Моцарта, Л.Бетховена, Дж.Вердзі. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦА,
рабочы пасёлак у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна) на аўтадарозе Столін—Сарны. За 7 км на Пд ад Століна, 238 км ад Брэста. 6,8 тыс.ж. (2000).
У 19 ст. вёска Столінскай вол. Пінскага пав. У 1886—332 ж., 31 двор, царква. З пабудовай чыгункі Лунінец—Роўна (1885) чыг. ст. Гарынь. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Сталінскага пав. Палескага ваяв., 948 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 у Столінскім р-не Пінскай вобл., з 1954 Брэсцкай вобл. З 6.7.1960 рабочы пасёлак.
Працуюць з-ды: абліцовачна-фасаднай керамікі, кансервавы, камбінат буд. матэрыялаў, лесазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, камбінат быт. абслугоўвання; 3 сярэднія і сярэдняя вочна-завочная школы, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, цэрквы — правасл., хрысціян веры евангельскай, хрысціян баптыстаў-евангелістаў. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў (Сяргей Леанідавіч) (н. 1.7.1911, г. Еўпаторыя, Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна),
савецкі дзярж. і ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1978), Герой Сав. Саюза (1980). Скончыў Горкаўскае бранятанк. вучылішча (1934), Ваен. акадэміі бранятанк. і механізаваных войск (1947) і Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1932. З 1934 у танк. войсках на Д. Усходзе, удзельнік баёў на воз. Хасан (1938). У Вял.Айч. вайну нач. штаба ўпраўлення камандуючага бранятанк. і механізаванымі войскамі Карэльскага фронту (1943), каманд. бранятанк. і механізаванымі войскамі 32-й арміі (1944). З 1947 камандзір танк. палка, нач. штаба танк. дывізіі, з 1952 камандзір механізаванай дывізіі, потым нач. штаба і камандзір аб’яднання. У 1960—64 нач. штаба — 1-ы намеснік каманд. войскамі Маскоўскай ваен. акругі. З 1964 1-ы нам.каманд., з 1965 каманд. войскамі Ленінградскай ваен. акругі. З 1967 1-ы нам. міністра, у 1984—87 міністр абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКА́ЛЬСКІ (Пётр Пятровіч) (26.9.1832, г. Харкаў, Украіна — 11.4.1887),
украінскі кампазітар, публіцыст, фалькларыст, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Харкаўскі ун-т (1852). У 1859 аднавіў дзейнасць адэскага Філарманічнага т-ва, удзельнічаў у стварэнні Т-ва аматараў музыкі (1864, у далейшым Адэскае муз.т-ва) і муз. школы пры ім (1866). Яго оперы — адны з першых прафес. узораў укр. опернага мастацтва. Сярод муз. твораў: оперы «Мазепа» (1859), «Майская ноч» (1863), «Асада Дубна» (1878); кантата «Баль Пятра Вялікага» (1859); балада «Слухай» (1864); фп. (каля 40) і віяланчэльныя п’есы, рамансы (больш за 40), хары, песні і інш. У муз.-крытычных артыкулах адстойваў ідэі народнасці муз. мастацтва. Аўтар працы «Руская народная музыка, велікаруская і маларуская...» (1888). Збіраў і апрацоўваў нар. песні, у т. л.бел., шэраг з іх апублікаваны ў яго зб. «Маларасійскія і беларускія песні» (выд. 1903).
Літ.:
Карышева Т.И. Петр Сокальский: Жизнь и творчество. М., 1984.