ПРЫЗЫ́Ў на ваенную ці альтэрнатыўную службу, прыцягненне грамадзян да выканання воінскага абавязку (павіннасці) або інш. службовых абавязкаў у адпаведнасці з законам. У Рэспубліцы Беларусь паводле закону «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) існуюць наступныя віды П.: на тэрміновую ваен. службу (праводзіцца 2 разы ў год) паводле Указа Прэзідэнта; на ваен. службу па мабілізацыі і ў ваен. час (праводзяцца пры абвяшчэнні ў краіне поўнай або частковай мабілізацыі); на ваен. службу ў мірны час афіцэраў запасу, якія не прайшлі тэрміновую ваен. службу і не дасягнулі 27 гадоў (праводзіцца паводле рашэння Савета Міністраў). У шэрагу краін, у т. л. СНД (Украіна і інш.), існуюць законы (у Рэспубліцы Беларусь праект закона) аб альтэрнатыўнай службе. Гл. таксама Абавязак воінскі, Воінская павіннасць.
В.М.Качура.
т. 13, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)