1) харчовы прадукт, які атрымліваюць размолам зерня розных культур, пераважна пшаніцы і жыта, а таксама аўса, ячменю, грэчкі, кукурузы, бабовых культур; асн. сыравіна для хлебапякарнай, макароннай і кандытарскай вытв-сцей. Якасць М. характарызуецца колерам, пахам, смакам, кіслотнасцю, вільготнасцю (14,5%), памолам, водапаглынальнай і газаўтваральнай здольнасцямі і хім. саставам (колькасць пажыўных і мінер. рэчываў, вітамінаў, ферментаў і інш.), які залежыць ад віду зерня, рэжыму яго памолу і гатунку М. Пшанічную М. вырабляюць вышэйшага, 1-га і 2-га гатункаў, крупчатку і шатраваную, жытнюю — сеяную і шатраваную. М. шатраваная і 2-га гатунку мае вітаміны (Bl,B2, PP і E), якіх амаль няма ў М. вышэйшага і 1-га гатункаў. Гл.таксамаМукамольна-крупяная прамысловасць.
2) Здробненыя да парашкападобнага стану рэчывы мінер. (напр., вапнавая М.), расліннага (напр., сянная М.) ці жывёльнага (напр., касцявая М.) паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАМЕ́ННЫЯ ТЛУ́СТЫЯ КІСЛО́ТЫ,
ненасычаныя тлустыя к-ты, неабходныя для росту і развіцця млекакормячых. Да іх адносяцца лінолевая кіслата, ліналенавая кіслата, арахідонавая кіслата, а таксама некаторыя інш. ненасычаныя тлустыя к-ты агульнай ф-лы CH3(CH2)x(CH=CHCH2)y(CH2)zCOOH (дзе x = 1,4,5,7, y = 1-6, z = 0-7), што маюць ад 18 да 24 атамаў вугляроду ў малекуле і цыс-канфігурацыю. З’яўляюцца структурнымі кампанентамі гліцэрыдаў, а таксамафосфаліпідаў, якія ўваходзяць у састаў біял. мембран; удзельнічаюць у біясінтэзе простагландзінаў. Колькасць Н.т.к. канчаткова не вызначана.
Лінолевая і α-ліналенавая к-ты не сінтэзуюцца ў жывёльных арганізмах, трапляюць у арганізм з ежай (алей, жывёльны тлушч). Арахідонавая і інш. Н.т.к. з’яўляюцца метабалітамі лінолевай і α-ліналенавай кіслот (могуць сінтэзавацца ў арганізме). Недахоп Н.т.к. выклікае дэрматыт. Патрэбнасць чалавека ў Н.т.к. каля 10 г у суткі (у пераліку на лінолевую к-ту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПЕРАРЫ́ЎНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, якая набывае бясконца малыя прырашчэнні пры бясконца малых зменах аргумента. Маюць важныя ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
Дыферэнцавальная функцыя заўсёды неперарыўная (існуюць недыферэнцавальныя Н.ф.); інтэграл ад Н.ф. на адрэзку заўсёды існуе; для ўсякай функцыі, неперарыўнай на адрэзку, можна знайсці мнагасклад, значэнні якога адрозніваюцца на гэтым адрэзку ад значэнняў функцыі менш, чым на адвольна малы папярэдне зададзены лік (тэарэма Веерштраса). На такіх мнагаскладах грунтуецца набліжэнне функцый (гл.Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый). Сума, рознасць і здабытак Н.ф. даюць у выніку таксама Н.ф. Дзель дзвюх такіх функцый будзе таксама Н.ф., акрамя пунктаў, дзе назоўнік дробу роўны нулю. Паняццю Н.ф. проціпастаўляецца паняцце разрыўнай функцыі. Адна і тая ж функцыя можа быць неперарыўнай пры адных значэннях аргумента і разрыўнай пры другіх. Напр., дробавая частка ліку x разрыўная пры цэлых значэннях аргумента і неперарыўная пры астатніх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАСЦІ́ЛІШЧЫ,
месцы нерасту рыб і кругларотых. Спалучаюць спрыяльныя ўмовы для пач. этапаў развіцця патомства. Прыродныя Н. фітафільных рыб — мелкія зарослыя ўчасткі вадаёмаў са стаячай ці слабапраточнай вадой, пелагафільных — участкі з хуткім цячэннем, літафільных — таксама з камяніста-галечным дном. Перамяшчэнне рыб да Н. (часам за тысячы кіламетраў ад месцаў нагулу, гл.Паўпрахадныя рыбы, Прахадныя рыбы) наз. нераставай міграцыяй. Для праходу рыбы да Н. праз плаціны і інш. перашкоды на рэках будуюць рыбапрапускныя збудаванні. Для ачысткі, паляпшэння гідралагічнага і пажыўнага рэжымаў і інш. праводзяць меліярацыю прыродных Н. Ствараюць таксама штучныя Н.: галечна-друзавыя ўчасткі і грады ў рэчышчах рэк, спец. нераставыя каналы (для ласосяў), сховішчы (напр., плеценыя кошыкі), Н. з галінак, карэнішчаў раслін і інш., замацаваныя на мелкіх месцах (стацыянарныя) ці плывучыя (маюць вял. значэнне пры моцных ваганнях узроўню вады) і інш. У сажалкавых рыбных гаспадарках робяць нераставыя сажалкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́СКА,
від стараж. падвесных упрыгожанняў да адзення (часцей жаночага), збруі і інш. Служылі таксамаамулетамі. Найчасцей іх насілі разам з каралямі і пацеркамі, на ланцужках, шнурках, прышывалі на адзенне На Беларусі найб.стараж. П. адносяцца да палеаліту (з зубоў жывёл). У бронзавым веку выкарыстоўвалі бурштынавыя П. з вял. адтулінай пасярэдзіне, а таксама медныя акулярападобныя П. У жал. веку пашыраны П. металічныя (бронзавыя і жал.), касцяныя, гліняныя розных геам. форм. У 10—13 ст. з каляровых і каштоўных металаў выраблялі П. ў выглядзе плоскіх сімвалаў нябесных свяціл, жывёл, птушак, бытавых рэчаў, крыжыкаў, званочкаў. П. знаходзяць на паселішчах і ў пахаваннях. Найб. цікавыя П. знойдзены ў Барысаве, Віцебску, гарадзішчы Маскавічы, курганных могільніках каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на і в. Калодзецкая Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГО́Н (ад грэч. polygōnos шматвугольны),
1) участак сушы або мора з паветр. прасторай над імі, прызначаны для выпрабавання зброі, баявых сродкаў, тэхнікі, а таксама для баявой падрыхтоўкі войск. П. бываюць пастаянныя і часовыя; паводле прызначэння падзяляюцца на навук.-даследчыя, выпрабавальныя (ядз., ракетныя, тарпедныя, артыл., авіяц., танк., сувязі і інш.); заводскія (для праверкі якасці вырабленага ўзбраення, яго прыстрэлкі, наладкі) і вучэбныя, на якіх праводзяцца вучэнні войск, баявыя і вучэбныя стрэльбы, бомбакіданне, тарпедакіданне. У залежнасці ад прызначэння П. абсталёўваюць назіральнымі пунктамі, мішэннымі ўстаноўкамі, бліндажамі, укрыццямі, сродкамі сувязі, забяспечваюць кантрольна-вымяральнымі прыладамі, трансп. сродкамі і інш. 2) Спец. абсталяваная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для выпрабавання рознай тэхнікі, а таксама для вырабу элементаў зборных буд. канструкцый і дэталяў. Да абсталявання П. ў буд-ве, напр., адносяцца бетонна-растворныя ўстаноўкі, бетонаўкладчыкі, вібрапляцоўкі, пад’ёмныя краны, формы для бетанавання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ДЫЭЛЕ́КТРЫКАЎ,
працэс узнікнення ў дыэлектрыках стану, які характарызуецца наяўнасцю эл.дыпольнага моманту ў кожнага элемента іх аб’ёму (палярызаванага стану), пад уздзеяннем знешніх фактараў (эл. палёў, мех. напружанняў, змены т-ры і інш.), а таксама сам палярызаваны стан дыэлектрыка. Характарызуецца палярызаванасцю ці вектарам палярызацыі .
Найб. значэнне мае П.д. у знешнім эл. полі, якая абумоўлена зрушэннем электронаў у атамах і іонах (электронная, ці дэфармацыйная палярызацыя), зрушэннем іонаў у цвёрдых дыэлектрыках з іоннай крышт. рашоткай (іонная палярызацыя), паваротам дыпольных малекул (арыентацыйная палярызацыя). Залежыць ад напружанасці знеш. эл. поля — . У слабых палях
, дзе ε0 — эл. пастаянная, χ — дыэлектрычная ўспрыімлівасць. П.д. можа мець месца з прычыны мех. напружанняў (гл.П’езаэлектрычныя матэрыялы). Існуюць дыэлектрыкі са спантаннай (самаадвольнай) палярызацыяй (гл.Піраэлектрычнасць, Сегнетаэлектрыкі), а таксама дыэлектрыкі, здольныя працяглы час захоўваць наэлектрызаваны стан (электрэты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДЫ́ГМАў мовазнаўстве,
узор тыпу скланення або спражэння, а таксама сукупнасць канчаткаў, уласцівая слову як прадстаўніку пэўнага класа лексіка-граматычных адзінак, кожная з якіх валодае аднолькавай сістэмай марфал. форм. Напр., назоўнікі ж.р. адзіночнага ліку «хата», «варона», «бяроза» і інш. аб’ядноўваюцца марфал. П. (склонавымі канчаткамі) «-а», «-ы», «-е», «-у», «-ай (-аю)», «-е». Марфал. П. можа служыць словаўтваральным сродкам пры адсутнасці інш. паказчыкаў словаўтварэння (т.зв. канверсія). Напр., склонавыя канчаткі з асновай «сол’-» утвараюць назоўнік («соль», «солі», «соллю» і г.д.), з асабовымі канчаткамі — дзеяслоў («салю», «соліш», «соліць», «солім» і г.д.). У шырокім значэнні П. — любы клас моўных адзінак, аб’яднаных пэўнай агульнай прыкметай. На гэтай падставе вылучаюць, акрамя марфал., П. лексічныя, сінтакс., словаўтваральныя. Гл.таксамаПарадыгматыка.
Літ.:
Кубрякова Е.С., Соболева П.А. О понятии парадигмы в формообразовании и словообразовании // Лингвистика и поэтика. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
атрыманне розных вырабаў і паўфабрыкатаў (пракату) са сталі і інш. металаў шляхам пракаткі. Робіцца таксама дадатковая апрацоўка вырабаў: тэрмічная, траўленне, нанясенне пакрыццяў.
На металургічных (радзей на машынабуд.) заводах П.в. з’яўляецца завяршальным звяном цыкла металургічнай вытв-сці (гл.Металургія, Чорная металургія, Каляровая металургія). Існуюць 2 тэхнал. схемы вытв-сці стальнога пракату, калі гатовыя вырабы атрымліваюць: са злітку або з бесперапынналітых блюмаў, слябаў і загатовак. У гэтых схемах 2 стадыі: па 1-й атрымліваюць паўпрадукт, ахалоджваюць і зачышчаюць, на 2-й ажыццяўляюць паўторны нагрэў паўпрадукту і робяць вырабы на сартавых і інш. пракатных станах.
На Беларусі асн. частку пракату чорных металаў вырабляюць на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне, таксама на Мінскім аўтамабільным заводзе, Мінскім трактарным заводзе, Гомельскім заводзе сельскагаспадарчага машынабудавання і інш. Выпуск гатовага пракату чорных металаў 1300 тыс.т (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ ЛІ́НІЯсувязі,
сукупнасць тэхн. сродкаў і асяроддзя распаўсюджвання радыёсігналаў для забеспячэння радыёрэлейнай сувязі. Бывае аналагавая і лічбавая, стацыянарная і рухомая, адна- і многапралётная.
Стацыянарная многапралётная Р.л. будуецца ў выглядзе ланцуга прыёмна-перадавальных радыёстанцый (радыёрэлейных станцый; РРС), устаноўленых у межах прамой бачнасці (найб. пашырана). Для павышэння далёкасці сувязі паміж РРС іх антэны ўстанаўліваюць на мачтах (вежах) і на ўзвышаных месцах. Існуюць таксама трапасферныя Рл. у якіх выкарыстоўваецца адбіццё радыёхваль ад ніжняй мяжы трапасферы. Многапралётная Р.л. мае 2 канцавыя і шэраг прамежкавых і вузлавых РРС. Аднапралётная Р.л. ўтвараецца з 2 канцавых РРС, часта бывае рухомая і служыць, напр., для перадачы тэлевізійных праграм з рухомай тэлевізійнай станцыі на тэлецэнтр. Стацыянарныя аднапралётныя Р.л. служаць для арганізацыі сувязі праз перашкоды, напр., рэкі, а таксама для ўтварэння «ўставак» у магістральныя кабельныя, у т. л. валаконнааптычныя, лініі сувязі.