ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],
старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр.ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МНЫ МОСТ,
тып моста, статычная схема якога ўяўляе сабой раму. Пралётныя канструкцыі яго жорстка злучаны з маставымі апорамі (стойкамі, калонамі). Існуюць рамна-падвесныя масты (з бэлькамі, падвешанымі да канцоў рыгеляў) і рамна-кансольныя (з Т-падобных рам, злучаных пасярэдзіне пралёта шарнірам). Невялікія Р.м. звычайна выкарыстоўваюцца як пуцеправоды. Будуюць Р.м. пераважна з жалезабетону (маналітнага і зборнага), часам са сталі.
І.І.Леановіч.
Схемы рамных мастоў: а, б — з вертыкальнымі і нахіленымі стойкамі; в — рамна-падвеснага; 1 — стойка; 2 — рыгель; 3 — шарнір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЖАВА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 8 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,51 км², даўж. 1,1 км, найб.шыр. 730 м, найб.глыб. 9,4 м, даўж. берагавой лініі 3,15 км. Пл. вадазбору 3,3 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. да 8 м, на З, Пн і У абразійныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд і ПдУ нізкія. Дно ў прыбярэжнай зоне пясчанае, глыбей ілістае. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Рака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЫЯ ГО́РЫ, Крушне-Горы (ням. Erzgebirge, чэш. Krušné hory). Размешчаны ўздоўж мяжы Германіі і Чэхіі, паўн.-зах. акружэнне Чэшскага масіву. Даўж. каля 150 км, выш. 1244 м. Складзены пераважна з крышт. парод, пясчанікаў, кангламератаў. Р.г. — тыповы горст са стромкімі паўд. і больш пакатымі паўн. схіламі. Хвалістая вяршынная паверхня з асобнымі базальтавымі астанцамі ўкрыта лугамі і тарфянікамі, у якую глыбока ўрэзаны лясістыя цясніны. На схілах выш. 800—900 м — мяшаныя лясы, вышэй — тарфянікі, лугі. Радовішчы руд вальфраму, вісмуту, цынку, бурага вугалю. Тэрмальныя крыніцы, курорты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ, смаўжы,
гастраподы (Gastropoda),
клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.
Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,
узброеныя фарміраванні ў паветах Віцебскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сярод гал. прапагандыстаў і дзеячаў падрыхтоўкі паўстання ў Віцебску былі бел. пісьменнік А.І.Вярыга-Дарэўскі, М.Карафа-Корбут і інш. 25.4.1863 у Дынабургскім пав. выступіла група Л.Плятэра, якая захапіла пад Крэслаўкай транспарт са зброяй, але паўстанцы былі рассеяны; Плятэр па загадзе М.Мураўёва расстраляны ў Дынабургу. У Аршанскім пав. дзейнічаў атрад І.М.Будзіловіча. На Дзісеншчыне быў сфарміраваны паўстанцкі атрад Г.М.Дмахоўскага, які рушыў на Кублічы і Докшыцы, але 26.5.1863 быў разбіты, яго камандзір загінуў. У Лепельскім пав. О.Грабніцкім створаны паўстанцкі атрад, які таксама быў рассеяны. У раёне Бешанковічы—Бачэйкава дзейнічала паўстанцкая група, якая была разбіта, яе кіраўнік Дык сасланы на катаргу. На мяжы Себежскага і Дрысенскага пав. дзейнічаў атрад Б.М.Кульчыцкага, які 6.5.1863 быў разбіты; Кульчыцкі, каб пазбегнуць палону, застрэліўся. Паўстанцы Себежскага, Полацкага, Віцебскага, Веліжскага і Лепельскага пав. меркавалі злучыцца і рушыць на Полацк і Віцебск, а таксама захапіць Дынабург з багатымі арсеналамі зброі. Але гэтыя планы не ажыццявіліся. Паўстанцкія атрады і групы Віцебшчыны гінулі або рассейваліся, не паспеўшы разгарнуць дзейнасць. Сяляне не падтрымалі паўстаўшых. Атрады фарміраваліся пераважна са шляхты, разначынцаў, дробных чыноўнікаў, навучэнцаў. Пасля задушэння паўстання многія ўдзельнікі віцебскіх паўстанцкіх атрадаў былі пакараны ці перайшлі на нелегальнае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛА (Кастусь) (сапр.Качан Аляксандр Ігнатавіч; н. 16.11.1925, в. Верацеі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
празаік, паэт, драматург. Піша на бел. і англ. мовах. Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі. У чэрв. 1944 паступіў у Мінскую школу камандзіраў Бел. краёвай абароны і з ёю пакінуў Мінск. Сажн. 1944 у франц. Супраціўленні, са снежня — у Брытанскай 8-й арміі ў Італіі (2-і польскі корпус). За ўдзел у баях супраць немцаў узнаг. залатой «Зоркай Італіі». З 1947 у Канадзе. У Таронта арганізаваў Згуртаванне беларусаў Канады (1948, першы яго старшыня), рэдагаваў газ. «Беларускі эмігрант» (1948—54). Рэдагуе час.бел. ветэранаў «Зважай». У трылогіі «Гараватка» («Дзярлівая птушка», 1965; «Закрываўленае сонца», 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», 1981) праз гісторыю бел. вёскі з сімвалічнай назваю Гараватка імкнуўся паказаць гіст. лёс Беларусі — гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Раманы «Змагарныя дарогі» (1962), «За волю» (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу бел. моладзі ў складаных даваен., ваен. і пасляваен. умовах на Беларусі і за мяжою, яе шляху да нац. самасвядомасці. У зб. «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія Акулы, яго аўтабіягр. абразкі.
Тв.:
Змагарныя дарогі. Мн., 1994.
Літ.:
Арлоў У. Беларус з берагоў Антарыё // Полымя. № 6. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ І КРЭДЫ́ТНЫХ КААПЕРАТЫ́ВАЎ, Белсельсаюз,
рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1921—29. Створаны ў Мінску як Саюз с.-г. кааперацыі Беларусі, з 1922 наз.Бел.цэнтр. саюз с.-г. і прамысл. т-ваў (Белсельпрамсаюз), з 1925 — Белсельсаюз. Напачатку меў на мэце арганізацыю вытв-сці і збыту с.-г. прадукцыі, калектывізацыю вёскі. Дзейнасці перашкаджалі рэарганізацыі, няўвага да фінансавага боку справы, захапленне арганізац.-мітынговымі метадамі кіравання, што ў 1924 прывяло яго амаль да краху. У сак. 1924 выбраны новы склад кіраўніцтва (старшыня праўлення С.Лысаў, старшыня савета Дз.Ф.Прышчэпаў, старшыня рэвіз. камісіі І.І.Валодзька), у маі 1925 прыняты новы статут, які вызначыў задачы: абарона працоўных інтарэсаў членаў саюза, забеспячэнне іх насеннем, с.-г. прыладамі і сыравінай, арганізацыя прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, распрацоўка агракульт. мерапрыемстваў. Са станаўленнем нэпа ў бел. вёсцы пашырылася нізавая сетка с.-г. кааперацыі, умацавалася яе сац. база, развіваліся спец. віды с.-г. кааперацыі (малочная, садова-агародная, меліярацыйная). Аднак каап. ўстановы не былі пазбаўлены дзярж. кантролю і цалкам залежалі ад дзярж. крэдытаў. У 1928 са складу Белсельсаюза вылучаны Белкалгассаюз (гл.Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых калектываў). Пасля ліквідацыі Белсельсаюза яго функцыі перададзены рэсп. галіновым саюзам с.-г. кааперацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАНІ́Т»,
кодавая назва аперацыі бел. партызан у Вял.Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач.Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.З.Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак. пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 кмчыг. пуці, 619 кмтэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партыз. фарміраванні, таму што «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».