І́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Елісеевіч) (4.6.1909, г. Харкаў, Украіна — 16.9.1994),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1929. Першая кніга — зб-к нарысаў «Днепрэльстан» (1932). Аўтар аповесці, пабудаванай на матэрыяле жыцця Т.Шаўчэнкі, «Сэрца чакае» (1939; перапрацаваны варыянт — п’еса «Пецярбургская восень», 1941, паст. 1954). Героіку Вял.Айч. вайны адлюстраваў у кн. апавяданняў і нарысаў «Байцы з нашых мясцін» (1941), «Горны пейзаж» (1942), «Крываўнік» (1946). У лірыка-гумарыстычным рамане «Казацкаму роду няма зводу, ці Мамай і Агонь-Маладзіца» (кн. 1—2, 1958) адлюстраваў гіст. падзеі на Украіне ў 2-й пал. 17 ст., у бурлескным стылі стварыў вобраз героя-запарожца, які ўвасабляе ідэю бессмяротнасці нац. духу, імкненне ўкраінскага народа да свабоды. Творы І. прасякнуты багатым укр. фальклорам. Зб. аповесцей, нарысаў і замалёвак «Аснова, або Хто там стукае ў дзверы? Пастскрыптум жыцця публіцыста» (1984) — філас. роздум пра жыццё, літ. творчасць, культуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ група мёртвых моў індаеўрап. сям’і (гл.Індаеўрапейскія мовы). Былі пашыраны ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. — першых ст.н.э. ў цэнтр. і паўд. Італіі. Падзяляліся на 2 галіны: оскска-умбрскую і лацінска-фаліскскую. Некат. асаблівасцямі І.м. збліжаюцца з кельцкімі мовамі. Пісьмо запазычана ў этрускаў. Вывучэнне лексікі І.м. цяжкае з прычыны фрагментарнасці іх тэкстаў. Лексічнае адрозненне ад лацінскай мовы звязана з уплывам этрускай, а на Пд — стараж.-грэч. моў. Пісьмовыя помнікі оскскай мовы датуюцца 5 ст. да н.э. — 1 ст.н.э., помнікі умбрскай мовы — 3—1 ст. да н.э. (т.зв. Ігувінскія табліцы 3—2 ст. да н.э.). На лац. мове створана багатая л-ра. Фаліскскія тэксты (7—8 ст. да н.э.) складаліся з анамастыкі і зазналі этрускі ўплыў.
Літ.:
Цветаев И. Сборник осских надписей с очерком фонетики, морфологии и глоссарием. Киев, 1877;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТЭ́Й, Кіт, Кідэака,
старажытны горад Баспорскага царства, гарадзішча якога знаходзіцца на беразе Чорнага мора, за 40 км на Пд ад г. Керч (Крым). Існаваў у 5 ст. да н. э. — 5 ст.н. э. Гарадзішча пл. 4,5 га размешчана на высокім абрывістым беразе, з бакоў умацавана валам і ровам. У 4 ст. да н. э. горад быў абнесены каменнай сцяной таўшчынёй каля 2,5 м, у 1 ст.н. э. паралельна ёй пабудавана 2-я сцяна таўшчынёй да 3 м. У цэнтры гарадзішча раскопкамі выяўлены рэшткі культавай пабудовы, мармуровы сонечны гадзіннік, храмавы стол з надпісам 234 года, што паведамляе пра буд-ва храма. Этапы росквіту К. — 4—3 ст. да н. э. і 2—1-я пал. 3 ст.н. э. Насельніцтва займалася земляробствам і гандлем збожжа. У адрозненне ад большасці баспорскіх гарадоў у К. не было сваёй гавані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ФА́РНЫ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ Існаваў у 16—1-й пал. 20 ст. ў г. Клецк Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. У 1560-я г. М.Радзівіл Чорны перадаў храм кальвіністам. Тут з пратэстанцкімі пропаведзямі выступаў бел. гуманіст С.Будны. Пры Альбрыхце II Радзівіле (маршалак ВКЛ і ўладальнік Клецка) зноў перададзены католікам. У 1607 асвячоны біскупам віленскім Ю.Радзівілам. Узведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і 5-гранная апсіда завяршаліся агульным дахам. Да паўн. сцяны прэсбітэрыя прылягала невял. 2-павярховая сакрысція, на 2-м паверсе якой была скарбніца. Да гал. фасада была прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (ніжні ярус чацверыковы, астатнія васьмерыковыя) з арачнымі аконнымі праёмамі, упрыгожаная нішамі і філёнгамі, завершаная купалам. У інтэр’еры разныя алтары, скульптура. Пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, узарваны ў 1950-я г. (захавалася ч.зах. сцяны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ВЕНТ-ГА́РДЭН»
(«Covent Garden»),
оперны тэатр у Лондане. Засн. ў 1732 тэатр. дзеячам і акцёрам Дж.Рычам як драматычны. З 1847 оперны, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны т-р «Ковент-Гардэн», з 1949 дзяржаўны. У 18—1-й пал. 19 ст. ў т-ры працавалі некалькі самаст. труп; ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі, цыркавыя праграмы. Сучасны рэпертуар складаюць творы англ. кампазітараў і сусв. класіка. З канца 19 ст. спектаклі ідуць на мове арыгінала. У іх удзельнічаюць буйнейшыя спевакі свету. У розны час спектаклямі т-ра дырыжыравалі Р.Вагнер, Ф.Вейнгартнер, О.Клемперэр, А.Коўтс, Г.Малер, Ф.Мотль, Г.Рыхтэр, Б.Хайтынк, А.Мелік-Пашаеў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў і інш. Сярод муз. кіраўнікоў т-ра Т.Бічэм, К.Ранкль, Р.Кубелік, К.Дэйвіс, Г.Шолці і інш. З 1946 на сцэне «К.-Г.» выступае Каралеўскі балет Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСУЛ (ад лац. consul саветнік),
1) у Стараж. Рыме ў эпоху рэспублікі (з 6 ст. да н. э.), назва пасад 2 службовых асоб, якія валодалі вышэйшай ваен. і цывільнай уладай. Выбіраліся на адзін год з патрыцыяў, а з 4 ст. да н. э. таксама і з плебеяў. Праводзілі набор у войска і камандавалі ім у час вайны, склікалі сенат і нар. сход, па-за межамі г. Рым мелі права караць грамадзян смерцю. У перыяд імперыі званне К. захавалася толькі як ганаровы тытул.
2) Назва пасады члена вышэйшага органа (калегіі К.) па кіраванні гар. рэспублікай у гарадах Паўн. і Сярэдняй Італіі ў канцы 11—1-й пал. 13 ст. Выбіраліся на 1 год у колькасці 4—20 чал. 3) У Францыі ў перыяд Консульства (1799—1804) тытул 3 асоб, фармальна надзеленых усёй паўнатой выканаўчай улады, якая фактычна належала толькі 1 -му К. (Напалеону Банапарту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАВЕ́ЦТВА,
бел. традыцыйнае рамяство па пашыве верхняга адзення з палатна, сукна, футра (пераважна аўчын). Вядома з даўніх часоў. З 16 ст. ў буйных гарадах існавалі кравецкія цэхі (у 1634 Магілёўскі цэх атрымаў каралеўскі прывілей), у маёнтках працавалі прыгонныя рамеснікі-краўцы, якія абшывалі гаспадароў і дворню. У 2-й пал. 19 ст. К. на Беларусі было пашырана ў форме адыходніцтва: краўцы-саматужнікі (звычайна сяляне) у свабодны ад земляробчай працы час (з восені да вясны) хадзілі па вёсках у межах сваёй воласці або павета і працавалі ў хаце заказчыка. Шылі суконныя світы, палатняныя насовы, аўчынныя кажухі і паўкажушкі. У мястэчках і гарадах краўцы стала займаліся К. і шылі на заказ. Часам яны наймалі работнікаў або вучняў. Заказ на пашыў адзення афармляўся з дапамогай спец. драўляных бірак з насечкамі, якія абазначалі колькасць аўчын і знак краўца. З развіццём фабрычнага пашыву адзення К. амаль знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура кельцкіх плямён, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. насялялі тэр. Еўропы ад Атлантыкі і Брытаніі да паўд. схілаў Альпаў і зах. схілаў Карпат (Украіна). Назва ад мяст. Латэн у Швейцарыі. Насельніцтва Л.к. стварыла своеасаблівую цывілізацыю, уплыў якой адчуваўся ва ўсёй Еўропе. Ён прывёў да стварэння т.зв. латэнізаваных археал. культур Еўропы: пшэворскай культуры, зарубінецкай культуры, Паянешты-Лукашоўка, ясторфскай і інш. культур. Ад Л.к. атрымаў назву асобны перыяд жал. веку Еўропы латэн (5—1 ст. да н.э., паміж гальштатам і рымскім часам). Імпарты з арэалу Л.к. і іх мясц. імітацыі знойдзены на тэр.Усх. Еўропы, у т. л. на Беларусі (фібулы, бранзалеты і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІЦА,
вёска ў Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 145 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Зэльва. 121 ж., 54 двары (1999). Сельскі клуб. Помнік архітэктуры — Міхайлаўскі касцёл (1782).
Вядома з 2-й пал. 15 ст. як сяло і прыселак у маёнтку Дзярэчын. Уласнасць Копачаў (Капачэвічаў), у 16 ст. — Нарбутаў (Нарбутовічаў). У 1505 надворны харунжы Войцех Нарбутовіч з жонкай Ганнай заснавалі тут касцёл Міхаіла Архангела (не захаваўся). У крыніцах 17 ст. Л. наз. мястэчкам (1610), потым — сялом (1630, 1663). Належала Гарабурдам, Палубенскім, Пініцкім, Цехановічам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. вёска Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—200 ж., 29 двароў, царква, крама. З 1921 у Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на. У 1962—66 у Слонімскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКСО́Р,
горад у Егіпце, на правым беразе р. Ніл. Узнік на месцы стараж. Фіў (сталіца Егіпта ў 21—11 ст. да н.э.). Каля 60 тыс.ж. (1997). Цэнтр рамесніцкай вытв-сці. Кліматычны курорт. Турызм.
На зах. ускраіне Л. стараж.-егіп. храм багоў Амона-Ра, Мут і Хансу. Уключае прамавугольны двор з падвойнай каланадай, калонную залу-гіпастыль з 32 калонамі, свяцілішча, уваходны пілон і вял.цэнтр. каланаду (усе 2-я пал. 15 ст. да н.э., арх. Аменхатэп Малодшы, аўтары дэкору арх. браты Горы і Суці), 2-і пілон (фланкіраваны 6 калонамі Рамсеса II) і двор, абкружаны 74 калонамі са статуямі фараонаў паміж імі (1317—1251 да н.э., арх. Бекенхонсу). Алеяй сфінксаў злучаўся з Карнакам. У храме ўвасобіліся арх. тэндэнцыі эпохі Новага царства (16—11 ст. да н.э.) — імкненне да грандыёзнасці прасторавай кампазіцыі, яе развіццё па падоўжнай восі, урачыстасць, шырокае выкарыстанне разнастайных па формах калон (лотаса і папірусападобных).