форма вядзення пакрымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГІГІЕ́НА (ад радые... + гігіена),
раздзел медыцыны, які вывучае ўплыў іанізавальных выпрамяненняў на здароўе чалавека і распрацоўвае меры процірадыяцыйнай аховы. Аб’ядноўвае 4 асн. кірункі: дазіметрычны (вывучэнне крыніц і доз апрамянення), радыебіял. (вывучэнне эфектаў уздзеяння радыяцыі на арганізм), гігіенічны (рэгламентаванне ўзроўняў дапушчальнага апрамянення) і санітарна-арганізац. (распрацоўка канкрэтных мер процірадыяцыйнай аховы). Падзяляецца на Р. працы і камунальную. Вывучае натуральны і тэхнагенны павышаны фон іанізавальнага выпрамянення, мед. радыяцыйную надбаўку за кошт дыягнастычных і лячэбных працэдур, уплыў павышанага радыяцыйнага фону на здароўе насельніцтва, умовы і асаблівасці фарміравання радыяцыйных абставін на рабочых месцах, распрацоўвае мерапрыемствы па ахове насельніцтва пры радыяцыйных аварыях, вывучае заканамернасці міграцыі радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе і інш. Рэкамендацыі па гігіенічным нарміраванні іанізавальных выпрамяненняў распрацоўвае Нац. камісія Беларусі па радыяцыйнай ахове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́ТКА,
1) слясарная аперацыя нанясення на загатоўкі метак (кропак і ліній), якія паказваюць контуры паверхняў, што падлягаюць мех. апрацоўцы, а таксама восевых і дапаможных ліній, цэнтравых знакаў для выверкі загатовак пры ўстаноўцы на станках.
Робіцца на спец. разметачнай пліце з дапамогай разнастайных разметачных інструментаў. Асн. спосабы Р.: па чарцяжы, шаблоне, узоры, па месцы (па памерах адной дэталі размячаюць памеры спалучанай з ёй дэталі). Для правільнай устаноўкі загатовак на разметачнай пліце карыстаюцца спец. прызмамі, дамкратамі, падкладкамі і інш. 2) Р. дарожная — лініі і абазначэнні на праезнай частцы вуліц і дарог, на апорах мастоў, бардзюрах і інш. Устанаўліваюць парадак дарожнага руху, дапамагаюць арыентавацца ў дарожных абставінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЙЗМАН Леанід Ісакавіч (4.1.1916, Кіеў — 1989),
расійскі арганіст, піяніст, музыказнавец, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Д-р мастацтвазнаўства (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1938, пакл.фп.; 1941, пакл. аргана), з 1942 выкладаў у ёй (з 1963 праф.). Яго выканальніцтва спалучала віртуознае валоданне арганам, маштабнасць і вобразнасць ігры, высакародную строгасць інтэрпрэтацыі. У рэпертуары творы розных стыляў і эпох: Я.Свелінка, Ф.Куперэна, І.С.Баха, С.Франка, П.Хіндэміта, А.Гедыке, Дз.Шастаковіча і інш. Аўтар рэдакцый клавірных твораў Баха, Г.Ф.Гендэля, фп. санат і канцэртаў І.Гайдна, В.А.Моцарта, К.М.Вебера, Ф.Мендэльсона, М.Рымскага-Корсакава і інш.; даследаванняў па гісторыі аргана і арганнай музыкі («Арган у гісторыі рускай музычнай культуры», 1979). Сярод вучняў А.Янчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,
віды лёгкай атлетыкі, якія ўключаюць скачкі з разбегу ў вышыню, даўжыню, трайны скачок і скачкі з шастом. Скачкі ў выш., даўж. і з шастом уваходзяць у праграму лёгкаатлетычнага дзесяцібор’я (мужчыны); скачкі ў выш. і даўж. — сямібор’я (жанчыны). У праграмы спаборніцтваў С.л. ўключаны ў 1860-х г., у праграму Алімп. гульняў — у 1896. На Беларусі спаборніцтвы па С.л. праводзяцца з 1913 (г. Гомель, скачкі ў выш. і даўж. з месца). Чэмпіянаты Беларусі па лёгкай атлетыцы, у т. л. і па С.л., адбываюцца з 1924. Сярод бел. лёгкаатлетаў найб. вызначыліся: у трайным скачку — У.Булатаў, Г.Валюкевіч, У.Гараеў — сярэбраны прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым), А.Каваленка — бронз. прызёр, І.Лапшын — сярэбраны прызёр XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗвыпадковых працэсаў,
раздзел матэматычнай статыстыкі, дзе разглядаюцца метады апрацоўкі і выкарыстання стат. даных, якія адносяцца да выпадковых працэсаў.
Найб. важны клас задач С.а. — задачы выяўлення сігналаў на фоне шуму, што мае дастасаванні ў радыёлакацыі. Задачы статыстычнага ацэньвання параметраў узнікаюць, калі па выніках назіранняў за значэннямі параметраў працэсу на працягу пэўнага прамежку часу неабходна вылічыць значэнні гэтых параметраў у моманты часу па-за межамі часу назірання або вылічыць значэнні параметраў дапаможнага працэсу, статыстычна звязанага з назіраным. Шэраг задач С.а. адносяць да задач на непараметрычныя метады статыстыкі, напр., задачы на вызначэнне размеркавання імавернасцей дадзенага працэсу па выніках назіранняў. Існуюць таксама метады С.а. выпадковых працэсаў, дзе яны разглядаюцца як маркаўскія працэсы ці як кампаненты мнагамернага працэсу, які задавальняе пэўную сістэму стахастычных дыферэнцыяльных ураўненняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНГАНЬІ́КА (Tanganyika),
возера ў Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Танзаніі, Замбіі і Бурундзі. Пл. 34 тыс.км². Размешчана ў тэктанічнай упадзіне Усх.-Афрыканскай зоны разломаў на выш. 773 м. Даўж. каля 650 км, шыр. да 80 км, глыб. да 1470 м (другое па глыбіні пасля воз. Байкал). Берагі прамалінейныя, месцамі высокія і стромкія. У Т. ўпадаюць рэкі Малагарасі і Рузізі. Сцёк пар. Лукуга ў р. Луалаба (бас.р. Конга). Багатая фауна; сярод рыб, крэветак, весланогіх і інш.вял. колькасць эндэмікаў. Водзяцца бегемоты, кракадзілы, шмат вадаплаўных птушак. Па берагах — нац. паркі: Сумбу (Замбія), Гомбе-Стрым (Танзанія); рэзерват Убвары (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Рыбалоўства. Суднаходства. Парты: Кігома (Танзанія), Бужумбура (Бурундзі), Калеміе (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Адкрыта англ. даследчыкамі Р.Бёртанам і Дж.Спікам у 1858.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫГЛІ́Ф (грэч. triglóphōs ад tri- у складаных словах — тры + glyphō рэжу) у архітэктуры, прамавугольная, крыху выцягнутая па вертыкалі пліта з некалькімі жалабкамі. Звычайна Т. размяшчаюцца па восях калон і інтэркалумніяў, на канцах фрыза па вуглах будынка; у выніку чаргавання з метопамі ўтвараюць фрыз у дарычным ордэры. Т. ў камені ўяўляюць сабой арнаментаваныя тарцы бэлек першапачатковага драўлянага перакрыцця. Вядомы ў драўлянай архітэктуры Стараж. Грэцыі. У бел. архітэктуры Т. найб. характэрны для збудаванняў стыляў класіцызму і ампіру (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). У некат. будынках Т. пад уплывам мясц.нар. традыцый адрозніваўся ад класічнай першаасновы і набываў своеасаблівую трактоўку (Пінскі палац). Матывы дарычных фрызаў з Т. выкарыстаны ў архітэктуры 1950-х г. (порцікі-лоджыі паміж дамамі на пл. Перамогі ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ РАЗГО́РТКА,
паслядоўнае раскладанне (разгортка) відарыса, створанага аптычнай сістэмай у тэлевізійнай перадавальнай камеры, на складальныя элементы адначасова з атрыманнем відэасігналу, а таксама адваротнае пераўтварэнне з дапамогай кінескопаэл. сігналаў у бачны відарыс. У першых тэлевізійных сістэмах Т.р. ажыццяўлялася мех. спосабам, электронную Т.р. прапанаваў Б.Л.Розінг (гл.Тэлебачанне).
У вяшчальных сістэмах чорна-белага і каляровага тэлебачання Т.р. ажыццяўляецца сканіраваннем зыходнага відарыса разгортвальным элементам (электронным ці светлавым праменем пастаяннай інтэнсіўнасці), сінтэз відарыса на экране кінескопа — электронным праменем, прамадуляваным відэасігналам па інтэнсіўнасці. Раскладанне і сінтэз відарыса праводзяць па радках злева направа (радковая разгортка) і па вертыкалі зверху ўніз (кадравая разгортка). След ад руху разгортвальнага элемента ўтварае тэлевізійны радок, сукупнасць радкоў — тэлевізійны растр, перададзены (узноўлены) за гэты час відарыс — тэлевізійны кадр (поле).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УКРАЇНСЬКИЙ ІСТОРИ́ЧНИЙ ЖУРНА́Л»,
навуковы часопіс, орган Ін-та гісторыі Нац.АН Украіны. Выдаецца ў Кіеве з 1957 6 разоў на год. Змяшчае матэрыялы па гісторыі Украіны і сусв. гісторыі, па метадалогіі і методыцы гіст. даследаванняў, гіст. дакументы і каментарыі да іх, мемуары, агляды гіст. крыніц і інш. Друкуюцца матэрыялы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пытанням гісторыі Беларусі прысвечаны арт. Я.М.Карпачова «Гарады і мястэчкі Беларусі ў другой палове XVIII ст.» (1968, № 9), А.П.Грыцкевіча «Універсал Багдана Хмяльніцкага гораду Слуцку (1656 г.)» (1970, №12), Г.Д.Казьмірчука і А.В.Сілкіна «М.В.Доўнар-Запольскі як дзекабрыстазнавец» (1995, № 1), Ф.М.Шабульда «Бітва каля Сініх Вод 1362 г.: малавядомыя і невядомыя аспекты» (1996, №2) і інш.