ВЕК,

1) тое, што стагоддзе.

2) Гіст. перыяд у развіцці чалавецтва, які вызначаецца пэўным узроўнем матэрыяльнай культуры (тып прылад працы, матэрыял, з якога яны вырабляюцца і інш.): каменны век, бронзавы век, жалезны век.

3) Жыццё, перыяд існавання каго-н. ці чаго-н.

4) У геалогіі — геахраналагічнае падраздзяленне геал. эпохі, адрэзак часу, за які ўтварыліся пароды пэўнага яруса. Мае тую ж назву, што і ярус (напр., апшэронскі век і апшэронскі ярус). Працягласць веку каля 10 млн. гадоў у палеазоі, каля 5—6 млн. гадоў і менш у мезазоі і кайназоі.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛАКРЫ́ЛЫЯ (Megaloptera),

атрад насякомых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Жывуць каля вады, на прыбярэжнай расліннасці, лічынкі ў вадзе. На Беларусі найб. вядомая віслакрылка звычайная (Sialis lutaria).

Маларухомыя насякомыя цёмнага колеру. Маюць 2 пары аднатыпных перапончатых шырокіх крылаў (размах 2—4 см), якія ў спакоі стрэхападобна прыкрываюць брушка. Вусікі шчацінкападобныя, шматчленікавыя, вочы фасетачныя, буйныя. Вылет дарослых насякомых вясной або ў пач. лета. Яйцы адкладваюць на лісце водных раслін. Лічынкі жывуць у вадзе 2 гады, кормяцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі, акукліваюцца ў глебе; пажыва для рыб.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЧЭ́НЦА (Vicenza),

горад на ПнУ Італіі. Знаходзіцца ў вобл. Венецыя, каля падножжа Альпаў, на р. Бакільёне. Адм. ц. правінцыі Вічэнца. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. 107,1 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел на чыгунцы Венецыя—Мілан. Металургія, тэкст. і с.-г. машынабудаванне, хім., гумавая, тэкст., абутковая, швейная, керамічная, харч., папяровая, ювелірная прам-сць. Маст. галерэя. Руіны стараж.-рым. пабудоў. Цэрквы (10—16 ст.), палацы (15—18 ст.). Шматлікія пабудовы А.​Паладыо (16 ст.), у т. л. палац К’ерыкаці, Базіліка, т-р Алімпіка, каля Вінчэнцы знакамітая познарэнесансавая віла «Ратонда».

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОСТРАПРЫПРА́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія назапашваюць у розных органах пахучыя вострасмакавыя рэчывы (эфірны алей, гліказіды, таніны, алкалоіды, фітанцыды) і ўжываюцца як прыправа. Вядома каля 150 відаў, пашыраных ва ўсім свеце, асабліва ў паўд. шыротах. Найб. значэнне сярод трапічных вострапрыпраўных раслін маюць гваздзіковае дрэва, карычнае дрэва, мускатнік, кардамон, імбір, перац струкавы. На Беларусі культывуюцца каля 30 відаў, у т. л. аніс звычайны, гарчыца белая, ісоп лекавы, каляндра пасяўная, крэс-салата, кмен звычайны, хрэн звычайны, розныя віды цыбулі, часнок, меліса лекавая, мята перцавая, кроп пахучы і інш.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЯ́,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 22 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,29 км², даўж. 1,16 км, найб. шыр. 310 м, найб. глыб. 9,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,8 км. Пл. вадазбору 5,53 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, на З да 14, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія. Пойма шыр. ад 10 да 200 м, забалочаная, месцамі пад хмызняком. Дно глеістае, каля берагоў пясчанае. Упадае ручай з возера без назвы, на Пд пратока ў воз. Чарэйскае.

т. 4, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 7 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,37 км², даўж. 1,34 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 8,6 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 2,3 км². Схілы катлавіны выш. 6—15 м, на Пд да 5 м, разараныя, на ПнУ пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПнУ і ПдЗ сплавінныя. Дно каля берагоў стромкае, пясчанае, глыбей за 2 м сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у р. Ушача.

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЧЫНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 14 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,22 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 4,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, пясчаныя. Берагі выш. да 0,5 м, забалочаныя, тарфяністыя, да ўрэзу вады расце лес і хмызняк. Дно плоскае, сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчанае. Шыр. паласы надводнай расліннасці 15—30 м. Упадае меліярац. канава, выцякае ручай у воз. Сямёненкі.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́БНІК, грабеннік (Cynosurus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я, таксама ва ўмераных раёнах Еўропы. На Беларусі ўсюды трапляецца грэбнік звычайны (C. cristatus). Расце на лугах, лясных палянах, узлесках, пустках і каля дарог. Утварае густыя жоўта-зялёныя дзярнінкі.

Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны без паўзучых падземных парасткаў. Лісце вузкае, пляскатае, лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 2—5-кветныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае аднабаковае коласа- ці яйцападобнае густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, прыдатныя для стварэння газонаў.

Г.​У.​Вынаеў.

Грэбнік звычайны.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАДАЛУ́ПЕ-ІДА́ЛЬГА МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1848,

паміж Мексікай і ЗША. Завяршыў амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48. Падпісаны пад націскам ЗША 2.2.1848 у населеным пункце Гуадалупе-Ідальга (на Пн ад Мехіка). Набыў сілу 30.5.1848. Юрыдычна аформіў заваяванне ЗША каля 55% тэр. Мексікі з багатымі зямнымі нетрамі і глебамі (Тэхас, Новая Мексіка, Верхняя Каліфорнія і інш., агульнай пл. каля 2,3 млн. км²), прызнанне паўн. граніцы Мексікі па р. Рыо-Грандэ, кампенсацыю ёй за страчаныя тэр. ў суме 15 млн. дол., адмову ЗША ад фін. прэтэнзій да Мексікі і інш.

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАТЫДЭЯ́ЛЬНЫЯ (Dothideales),

парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных зонах Еўразіі, у Паўд. Амерыцы. На Беларусі каля 40 відаў, 10 родаў, найб. вядомыя афіябол, бікасферэла, вентурыя і інш. Сапратрофы, развіваюцца на адмерлых ч. раслін. Многія паразіты (канідыяльная стадыя) культ. раслін, выклікаюць паршу яблыні і грушы, цэркаспарозы і інш. хваробы.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) паглыблены ў субстрат. шара- або грушападобныя, чорныя, уключаюць адну ці некалькі локул. Сумкі 8-споравыя, цыліндрычныя, амаль яйца- або грушападобныя, сядзячыя ці на кароткай ножцы, размешчаны ў локулах.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)