АНАЛО́ГІЯ (ад грэч. anālōgia адпаведнасць, падабенства),

1) прыём (метад) выяўлення падабенства паміж прадметамі, іх уласцівасцямі і якасцямі. Усе прадметы прыроды (ад элементарных часціц і да касм. аб’ектаў) распадаюцца на пэўныя групы і класы, якія маюць агульныя ўласцівасці і прыкметы — аналогіі. Прыём аналогіі скарачае тэрміны даследаванняў і часам прыводзіць да навук. адкрыццяў, разам з тым ён можа быць крыніцай памылак, калі выкарыстаны некрытычна ці будуецца на выпадковых падабенствах і прыкметах (атаясамленне грамадства і арганізма, арганізма і механічнай сістэмы, сумлення і камп’ютэра, некаторых аналогій у гіст., сацыялагічным, паліталагічным і эканам. даследаваннях). Прыёмы аналогіі, маючы значныя пазнавальныя магчымасці, павінны дапаўняцца іншымі метадамі даследавання. Аналогія шырока выкарыстоўваецца ў фізіцы, матэматыцы, псіхалогіі і інш. (напр., падабенства ў паводзінах святла і гуку прывяло да вываду, што святло мае хвалепадобную прыроду).

2) У біялогіі — марфалагічнае падабенства органаў або іх частак розных па паходжанні, але аднолькавых па функцыях. Аналогія развіваецца ў выніку канвергенцыі. Органы, якія выконваюць аднолькавыя або блізка падобныя функцыі, наз. аналагічнымі (напр., крылы птушак і насякомых, шчэлепы рыб і ракаў). Развіццё іх сведчыць толькі аб прыстасаванасці органаў да аднолькавых умоў існавання, а не аб эвалюцыйным падабенстве (гл. Гамалогія).

3) У мовазнаўстве — утварэнне моўнай адзінкі шляхам прыпадабнення да адзінак і адносін, якія ўжо існуюць у мове. Так, форма «яблыняў» замест «яблынь» ужываецца па аналогіі з формамі «лічбаў», «вербаў» (канчатак «-аў» абумоўлены збегам зычных), што таксама ўтварыліся на ўзор стараж. формаў «сыноў», «дамоў». Найб. характэрна аналогія ў граматыцы, дзе яна выраўноўвае формы слоў, што вылучаюцца з агульнага рада, і вядзе да уніфікацыі (напр., «ядзім» як «глядзім» замест больш архаічнага «ямо»). Аналогія ўзнікае ў жывым маўленні, з цягам часу можа быць замацавана ў нармаванай моўнай сістэме.

4) У праве — прыём вырашэння дзярж., гаспадарчымі, грамадскімі і інш. органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі юрыд. пытанняў, не ўрэгуляваных нормамі права. Адрозніваюць аналогію закону — дастасаванне ў вырашэнні пэўных пытанняў прававых нормаў, якія рэгулююць падобныя грамадскія адносіны, і аналогія права — прымяненне агульных асноў і прынцыпаў прававога рэгулявання адпаведнай галіны права ці прававога інстытута. На Беларусі аналогія выкарыстоўвалася на розных этапах развіцця дзяржаўнасці і права. Сучаснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь поўнасцю забараняе аналогію ў крымін. праве, але дазваляе ў цывільных праваадносінах, у адм., прац., гасп. і інш. галінах права. Аналогія выкарыстоўваецца ў некат. замежных краінах. Напр., у краінах англа-саксонскай сістэмы права (ЗША, Вялікабрытанія) дапускаецца аналогія крымін. закону пры дапамозе т.зв. прэцэдэнту.

А.​М.​Елсукоў, А.​А.​Кожынава, В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЗНАВА́ЛЬНЫЯ ЗНА́КІ,

адзнакі на транспартных сродках, ваен. тэхніцы і ўзбраенні. Вызначаюць іх дзярж. прыналежнасць, прызначэнне, дачыненне да аб’яднанняў, відаў і родаў войскаў і інш. Складаюцца з сімвалаў, літар, лічбаў, спец. знакаў і іх камбінацый.

Апазнавальныя знакі лятальных апаратаў (ЛА) вызначаюцца Міжнар. арг-цыяй грамадз. авіяцыі (ІКАО). Звычайна складаюцца з пач. літар назвы дзяржавы і лічбавага знака, які прысвойваецца ЛА пры занясенні ў рэестр грамадз. паветр. суднаў дзяржавы. Наносяцца на крылы, бакавыя паверхні фюзеляжа, кіль. Ваен. самалёты і верталёты маюць апазнавальныя знакі ў выглядзе геам. фігур (кругоў, квадратаў, палос, зорак, крыжоў і інш.). Напр., апазнавальныя знакі ЛА Германіі — чорны крыж і выява дзярж. сцяга; Японіі — чырвоны круг; ЗША — белая пяціканцовая зорка. Апазнавальныя знакі караблёў і суднаў (у т. л. ваен.) — выява дзярж. сцяга і бартавы нумар (вялікія караблі маюць таксама ўласную назву). Апазнавальныя знакі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, іх прыналежнасці да віду ўзбр. сіл, роду войскаў (службы) маюць большасць дзяржаў. Апазнавальныя знакі прыналежнасці да аб’яднання, злучэння і інш. ўключаюць іх эмблемы і групу лічбаў, іншыя апазнавальныя знакі — спец. каляровыя знакі ў выглядзе палос, рысункаў, геам. фігур і г.д. На грамадз. трансп. сродках наносяцца міжнар. апазнавальныя знакі (гл. табл.).

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь апазнавальныя знакі — круг, падзелены гарызантальнай лініяй. У верхняй палове круга літары МА, знізу — выява дзярж. сцяга. На аўтамабілі, матацыклы, прычэпы таксама наносяцца: чырвоны крыж — на санітарныя машыны; Т — на машыны трансп. групы; ВАІ — на аўтамабілі і матацыклы ваен. аўтаінспекцыі і інш.

Міжнародныя апазнавальныя знакі на аўтамабілях
Аргенціна RA ЗША USA Расія ROS
Аўстрыя A Ізраіль IL Румынія RO
Балгарыя BG Індыя IND Турцыя TR
Беларусь BY Іспанія E Украіна UA
Бельгія B Італія I Фінляндыя SF
Бразілія BR Канада CON Францыя F
Венгрыя H Кітай TJ Чэхія CZ
Вялікабрытанія GB Латвія LR Швейцарыя CH
Германія D Нарвегія N Швецыя S
Данія DK Партугалія P Югаславія YU
Егіпет ET Польшча PL Японія J
Апазнавальныя знакі на ваенных самалётах: 1 — Вялікабрытаніі; 2 — ЗША; 3 — Італіі; 4 — Кітая; 5 — Фінляндыі; 6 — Францыі; 7 — ФРГ; 8 — Японіі.
Апазнавальныя знакі (эмблемы) на трубах гандлёвых суднаў: 1 — Вялікабрытаніі (кампанія «Рабінзон энд Сан»); 2 — Галандыі («Конінклійке»); 3 — ЗША («Мобіл Ойл»); 4 — Італіі («Адрыятыка Сасьетэ»); 5 — Канады («Уэстэрн Канада Стымшып»); 6 — Турцыі («Дэнезчылык Банкасы»); 7 — ФРГ («Ханза»); 8 — Японіі («Таё Каюн Сангуо»).
Апазнавальныя знакі авіяэскадрылляў. Тактычных знішчальных: 1—2 — Вялікабрытаніі; 9—12 — ЗША; знішчальных: 3—4 — Вялікабрытаніі; 5—8 — Францыі («Эльзас», «Іль дэ Франс», «Нармандыя—Нёман», «Ларэн»).

т. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ,

участкі зямной паверхні, якія ўзняты вышэй за 500 м над узроўнем мора і характарызуюцца рэзкімі ваганнямі вышынь на невял. адлегласцях.

Горы адасоблены ад сумежных раўнін падножжамі ці пераходнай паласой невысокіх (500 — 700 м) расчлянёных перадгор’яў. Цягнуцца ад соцень да некалькіх тысяч кіламетраў прамалінейна (Вял. Каўказ, Кардыльеры) або выгінаюцца як дугі (Альпы, Карпаты). Схілы ў залежнасці ад тэктанічнай будовы, характару горных парод, узросту, клімату бываюць пакатыя, стромкія (40—45°), вертыкальныя; паводле марфалогіі і профілю адрозніваюць прамыя, увагнутыя, выпуклыя, увагнута-выпуклыя, ступеньчатыя. У залежнасці ад памераў, будовы і ўзросту вылучаюць горны пояс, горную сістэму, горную краіну, горныя хрыбты, горныя грады, горныя вяршыні, горныя групы, раздзеленыя паніжэннямі: міжгорнымі ўпадзінамі, горнымі далінамі. Іх спалучэнне дае розныя тыпы расчлянення гор у плане: паралельнае (Каўказ), радыяльнае (Хан-Тэнгры, пік Перамогі ў Цянь-Шані), перыстае, або папярочнае (Высокі Таўэрн у Альпах), крацістае (Паўд. Урал, Усх. Цянь-Шань), расчлянёнае з кулісападобным размяшчэннем хрыбтоў (Зах. Закаўказзе, Паміра-Алай). У марфал. адносінах горы падзяляюцца на нізкагор’і (да 1000 м), сярэднягор’і (да 2000 м), высакагор’і (вышэй за 2000 м). Нізкагор’і ўтвараюцца, калі пераважаюць працэсы разбурэння (выветрыванне, эрозія, схілавы перанос матэрыялу і інш.), вызначаюцца мяккімі, акруглымі профілямі, шырокімі далінамі рэк (Бадхыз, Казахскі драбнасопачнік). Сярэднія горы (Вагезы, Капетдаг, Сярэдні Урал, Шварцвальд) маюць спадзістыя схілы, авальныя перагіны, купалападобныя вяршыні, шырокія даліны рэк. Высокія горы (Анды, Альпы, Гімалаі, Памір, Цянь-Шань і інш.) характарызуюцца глыбокім расчляненнем, стромкімі схіламі, наяўнасцю пірамідальных вяршынь і высокіх грабянёў (гл. Нізкагорны рэльеф, Сярэднегорны рэльеф, Высакагорны тып рэльефу). Паводле паходжання горы ўмоўна падзяляюць на: тэктанічныя са складкавай (Альпы, Анды, Гімалаі), або складкава-глыбавай структурай (Апалачы, Урал, Цянь-Шань), паднятыя на некалькі тысяч км, якія вылучаюцца разнастайнасцю рэльефаўтваральных працэсаў і глыбокім расчляненнем; эразійныя — высокаўзнятыя платопадобныя паверхні з гарызантальнай геал. структурай, якія пазней апынуліся пад уплывам навейшых (неатэктанічных) падняццяў і расчлянёны далінамі рэк і часовых патокаў (плато Каларада); вулканічныя, конусы вулканаў, высакагорныя лававыя покрывы (Армянскае нагор’е). Адрозніваюць геал. ўзрост (час першага падняцця гор з геасінкліналі) і геамарфалагічны (час апошняга ўтварэння горнага рэльефу). Напр., Цянь-Шань пачаў фарміравацца ў каледонскую эпоху арагенезу, сучасныя марфал. рысы склаліся ў кайназоі. Найважнейшыя паверхневыя (экзагенныя) працэсы ў гарах — выветрыванне, эрозія, ледавіковыя працэсы, схілавы перанос матэрыялу і інш. Асноўная геагр. заканамернасць горных тэрыторый — праяўленне вышыннай пояснасці. Гл. таксама Горныя ландшафты, Горны клімат.

Літ.:

Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987;

Леонтьев О.К., Рычагов Г.И. Общая геоморфология. 2 изд. М., 1988.

Л.​У.​Мар’іна.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР, аркестр духавых інструментаў,

калектыў выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод спецыфічных асаблівасцей Д.а.: тэмбрава-каларыстычная яскравасць гучання, дынамічныя градацыі, шырыня дыяпазону, высокая тэсітура, магчымасць выкарыстання на адкрытым паветры, у руху, пры эфектных перабудовах, што абумоўлівае яго абавязковае ўключэнне ў ваен. побыт. Д.а. ўдзельнічаюць у маштабных сацыяльна-культ. мерапрыемствах, служаць важным сродкам муз.-эстэт. выхавання. Склад Д.а. гістарычна мяняўся. Сучасныя Д.а. адрозніваюць па відах (прафес., самадзейныя, у т. л. дзіцячыя, дарослыя, жаночыя, цывільныя, ваен., вучэбныя, канцэртныя і інш.) і па складзе: медны і мяшаны малы, няпоўны і вялікі (вял. медны ўключае групы характэрных, ударных і асн. амбушурных інструментаў; вял. мяшаны — увесь сучасны духавы і ўдарны інструментарый). Часам у Д.а. уключаюць эпізадычныя і нетрадыц. сольныя інструменты.

Д.а. вядомы са старажытнасці. У Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі, Шумера-Вавілоніі яны служылі для суправаджэння розных урачыстасцей, рэліг. цырымоній і ваен. дзеянняў. З 17 ст. паявіліся ў Еўропе. Музыку для Д.а. пісалі Ф.​Гасек, Г.​Ф.​Гендэль, Л.​Бетховен, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Э.​Меполь, А.​Аляб’еў, А.​Арэнскі, М.​Рымскі-Корсакаў і інш. Д.а. выкарыстоўваюць у складзе сімф. аркестра (Рэквіем Берліёза, Урачыстая уверцюра «1812 год» П.​Чайкоўскага), часам уводзяць у оперу (напр., медны Д.а., ці т.зв. «банда», іграе ў «Сівой легендзе» Дз.​Смольскага, «Матухне Кураж» С.​Картэса).

На Беларусі (паводле летапісных і літ. крыніц) ансамблі духавых і ўдарных інструментаў здаўна выкарыстоўваліся ў вайск. і прыдворным побыце. У 16—18 ст. найб. пашыраны былі ваен. аркестры, сярод іх «янычарская музыка», і прыгонныя, у т. л. рагавыя аркестры («паляўнічая музыка»), «музыка шклоўскага корпуса» С.​Зорыча і інш. У 19 — пач. 20 ст. існавалі шматлікія ваен. і цывільныя Д.а., у т. л. пад кіраўніцтвам І. і К.​Вяржбіцкіх, Д. і В.​Стафановічаў, А.​Чартовіча ў Мінску, пры культавых установах, пажарных дружынах, аматарскія калектывы пры гімназіях і рэальных вучылішчах. У 1990-я г. на Беларусі працуюць Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Аркестр Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь, мінскі аркестр духавых інструментаў «Няміга», гарадскія ў Гомелі, Гродне, вучэбныя ў Бел. акадэміі музыкі («Фанфары Беларусі»), Бел. ун-це культуры («Светач»), Магілёўскім муз. вучылішчы, Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, а таксама шматлікія аматарскія Д.а., у т. л. жаночыя і дзіцячыя. Іх дзейнасць значна стымулюе творчасць бел. кампазітараў у галіне духавой музыкі.

Літ.:

Инструменты духового оркестра. Мн., 1984;

Организация духовых оркестров и обучение игре на духовых инструментах. Мн., 1981.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫХА́НКА,

1) кароткая песенька простага зместу, якую спяваюць звычайна над калыскаю; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. К. знаёмяць дзіця з роднай мовай, навакольным светам, расказваюць пра жывёл і птушак, пра іх учынкі і прыгоды, даюць быт. замалёўкі нар. жыцця. Грунтуецца на тых самых эстэт. прынцыпах, карыстаецца тымі ж маст. сродкамі, што і нар. песні наогул.

Вызначаюцца напеўнай мелодыкай у рытме калыхання, даступнасцю зместу, прастатой кампазіцыі, займальнасцю. Для іх характэрна фантастыка, якая, як і казачная, цесна звязана з жыццём, але адрозніваецца светлым, жыццесцвярджальным настроем. Змест і форма К. улічваюць патрабаванні нар. педагогікі. У К. захаваліся рэшткі міфалагічных уяўленняў продкаў (адухоўленыя вобразы Сну, Дрымоты і інш.) Вылучаюцца песні-імправізацыі і песні з устойлівым традыц. тэкстам. Апошнія распадаюцца на тэматычныя групы: «Кот носіць сон у хустцы, кашалі», «Няхай кату ўсё ліха», «Каток злізаў смятану, мядок», «Каток злавіў рыбку за хвасток», «Прыдзе шэранькі ваўчок» і інш. Паводле кампазіцыі К. вельмі разнастайныя: маналог-апавяданне маці, маналог-зварот да дзіцяці, дыялагічныя песні. Напеўнасць, пяшчотнасць дасягаюцца пры дапамозе алітэрацыі, асанансу, памяншальна-ласкальных суфіксаў, паўтораў асобных слоў і цэлых канструкцый, дзіцячай лексікі.

2) У прафесійнай музыцы — песня або інструментальная п’еса ў запаволеным тэмпе з характэрным рытмічным пагойдваннем у акампанеменце. Падобная да нар.-быт. песень для закалыхвання дзіцяці. З канца 18 ст. жанр К. вядомы ў вак. лірыцы (К. для голасу з фп. пісалі Ф.​Шуберт, І.​Брамс, А.​Аляб’еў, М.​Глінка, М.​Мусаргскі, П.​Чайкоўскі і інш.), у оперы («Садко», «Кашчэй Бессмяротны» М.​Рымскага-Корсакава, «Мазепа» Чайкоўскага), араторыях («На варце міру» С.​Пракоф’ева). З 19 ст. вядомы інстр. К. (для фп. Ф.​Шапэна, Брамса, Ф.​Ліста, Э.​Грыга, М.​Балакірава, А.​Рубінштэйна, для скрыпкі і фп. М.​Равеля, для сімф. аркестра А.​Лядава, І.​Стравінскага і інш.). Бел. кампазітары звярталіся да жанру К. ў камерна-вак., камерна-інстр., хар., песенных творах (Л.​Абеліёвіч, С.​Аксакаў, М.​Аладаў, Я.​Глебаў, Л.​Захлеўны, В.​Капыцько, Дз.​Лукас, І.​Любан, П.​Падкавыраў, Ю.​Семяняка, А.​Туранкоў, Э.​Тырманд, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін, Л.​Шлег), у операх («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера, «Матухна Кураж» С.​Картэса) і балетах. М.​Літвін стварыў кантату «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1979).

Публ.: Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Літ. гл. таксама пры арт. Дзіцячы фальклор.

Г.​А.​Барташэвіч, Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́МЦЫ (саманазва дойчэ),

народ, асн. насельніцтва Германіі (74,6 млн. чал.). Агульная колькасць 86 млн. чал. (1992). Шматлікія групы Н. жывуць у ЗША (5,4 млн. чал.), Канадзе (1,2 млн. чал.), Казахстане (958 тыс. чал.), Расіі (843 тыс. чал.), Бразіліі (710 тыс. чал.) і інш. краінах Еўропы, Азіі, Лац. Амерыкі, Паўд. Афрыкі і ў Аўстраліі. На Беларусі — 4805 чал. (перапіс 1999). Гавораць на нямецкай мове. Вернікі — пратэстанты (пераважна лютэране) і католікі. Першыя звесткі пра Н. на Беларусі адносяцца да 12 ст. (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У 1-й пал. 14 ст., калі вял. кн. Гедзімін запрасіў у ВКЛ рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Ў 16 ст. адбываліся перасяленні Н. у Віцебск і Полацк, дзе існавалі ням. факторыі. Першыя Н.-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гар. насельніцтва. Новы этап у гісторыі Н. на Беларусі пачаўся ў 18 ст., калі каля 1790 на тэр. Брэсцкага пав. выхадцамі з Вюртэмберга былі засн. калоніі Нойброў і Нойдорф. Паводле перапісу 1897, больш за 10 тыс. Н. жылі ў Гродзенскай губ. (найб. значная група ў раёне Беластока), больш за 7 тыс. — у Віцебскай губ. (найб. у Віцебску і Віцебскім пав.), да 4 тыс. — у Мінскай губ., да 1,8 тыс. — у Магілёўскай губ. Большасць Н. займалася с.-г. дзейнасцю, у Гродзенскай губ. — таксама апрацоўкай баваўняных вырабаў. Былі сярод іх фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгунак, аканомы маёнткаў, рамеснікі і інш. У 1908—10 прайшла новая хваля перасялення Н. з Валыні на Бел. Палессе. Большасць Н. вызнавала лютэранства. Лютэранскія цэрквы (кірхі) былі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку, пры іх існавалі прыходскія ням. школы. У 1910 у Віцебску дзейнічала Ням. дабрачыннае т-ва. У пач. 20 ст. сярод Н. былі таксама прадстаўнікі баптыстаў, евангельскіх хрысціян і асабліва адвентыстаў сёмага дня. У пач. 1-й сусв. вайны многія Н. з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі, аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У сярэдзіне 1920-х г. у БССР было 7075 Н., з іх 3,5 тыс. ў Мазырскай акрузе. З 1926 існавалі 2 ням. нац. сельсаветы: Бярозаўскі ў Нараўлянскім і Анзельмаўскі (пазней імя Р.​Люксембург) у Каралінскім р-нах; дзейнічалі ням. нац. школы. У канцы 1930-х г. нац.-культ. работа згорнута, у 1937 скасаваны нац. сельсаветы. У 1940-я г. ў выніку міграцый ням. насельніцтва значна скарацілася, у пасляваен. час павольна аднаўлялася за кошт перасяленняў з розных рэгіёнаў СССР.

На Беларусі ў 1990 створана т-ва Н. Беларусі «Адраджэнне».

І.​В.​Карашчанка.

т. 11, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА (Ghana),

Рэспубліка Гана (Republic of Ghana), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс. км². Нас. 16 446 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).

Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.

Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч. тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц. традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс. ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.

Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац. арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.

6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.​Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.​Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.​Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл. ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац. дэмакр. кангрэс, Нац. патрыят. партыя і інш. Цэнтр. прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.

Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс. т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс. т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс. т, баксітаў 370 тыс. т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас. р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс. кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс. т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч. прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс. км, з іх 6,1 тыс. км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд. ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн. трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал. гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.

Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.​Ахума, А.​Аджае, Дж.​Каслі-Хейфарда, С.​Д.​Менса, Р.Е.​Г.​Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г.гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.​Р.​Акуа, раманы і п’есы Дж.​Х.​Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.​К.​Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.​Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.​Аму, К.​А.​Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.​К.​Армы, «Анова» К.​А.​Айда, «Муж для Есі Элуа» К.​Бедыяка, «Свавольнікі» К.​Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.​Т.​Сазерленд, Нкетыя, І.​Хо, Х.​Сетсаафія, Дж.​Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар. скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.​Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.​Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап. рэаліст. манеры.

Літ.:

История Ганы в новое и новейшее время. М., 1985;

Мазов С.В. Парадоксы «образцовой» колонии: Становление колониального о-ва Ганы, 1900—1957 гг. М., 1993.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТА (італьян. ghetto),

частка тэрыторыі горада, адведзеная для прымусовага пасялення пэўнай расавай, нац., прафесійнай ці рэліг. групы насельніцтва, найчасцей яўрэяў. У сярэднія вякі гета існавалі ў многіх гарадах Зах. Еўропы і мусульм. Усходу з прычыны нац.-рэліг. адасобленасці яўр. насельніцтва. У 1-й пал. 19 ст. ў еўрап. краінах гета зніклі і захаваліся толькі на мусульм. Усходзе. У гарадах ВКЛ, Рэчы Паспалітай і царскай Расіі гета не было.

У 2-ю сусв. вайну гета ў адносінах да яўрэяў адроджаны ва Усх. Еўропе ням.-фаш. захопнікамі ў якасці лагераў смерці, канцлагераў для ізаляцыі, а потым і масавага знішчэння яўр. насельніцтва. На тэр. Беларусі акупанты стваралі гета ў гарадах, мястэчках і вял. вёсках. Сюды часта звозілі і яўрэяў з Германіі, Польшчы, Аўстрыі і інш. краін Еўропы. Тэр. гета звычайна абносілі калючым дротам, ахоўвалі войскамі або паліцыяй; самавольны выхад за межы гета караўся смерцю. Вязні гета павінны былі насіць на вопратцы апазнавальныя знакі: паўкруглыя жоўтыя нашыўкі для ўсіх, чырвоныя — для тых, каго выкарыстоўвалі на работах, зялёныя — для ўтрыманцаў. У некат. гета знакамі служылі жоўтыя шасціканцовыя зоркі (магендовіды) на грудзях і спіне. Умовы жыцця ў гета былі невыносныя. Кіравалі імі ням. каменданты, пры якіх ствараліся марыянетачныя органы «самакіравання» — саветы старэйшын, а ў буйных гета — яўр. саветы (юдэнраты) і яўр. паліцыя. Па няпоўных звестках, на тэр. 165 нас. пунктаў Беларусі (у сучасных межах) размяшчалася 176 гета: у некат. гарадах іх было па некалькі (напр., у Гомелі — 4, па 2 у Бабруйску, Брэсце, Глыбокім, Гродне, Жлобіне, Мінску, Навагрудку). У 2 мінскіх гета ўтрымлівалася каля 100 тыс. чал. За гады акупацыі на тэр. Беларусі загінула каля 865 тыс. яўрэяў, у т. л. 55 тыс. з замежных краін. У цяжкіх умовах гета дзейнічала антыфаш. падполле, асабліва актыўна ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Бярозе, Нясвіжы, Слоніме. Напярэдадні падрыхтоўкі фашыстамі масавых расстрэлаў або вывазу ў лагеры смерці адбыліся паўстанні ў Глыбокім, Докшыцах, Клецку, Лахве (Лунінецкі р-н), Міры (Карэліцкі р-н), Нясвіжы і інш. У партыз. руху і падполлі Беларусі ўдзельнічала каля 15 тыс. яўрэяў, гал. чынам б. вязняў гета. У шэрагу нас. пунктаў Беларусі на месцах б. гета пастаўлены абеліскі, памятныя знакі. У 1992 зарэгістравана Бел. асацыяцыя яўрэяў — б. вязняў гета і нацысцкіх канцлагераў.

Кр.: Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—44): Сб. материалов и док. Мн., 1997.

Літ.:

Гай Д. Десятый круг. М., 1991;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;

Месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Давед. Мн., 1996.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ФАНТАСТЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

фільм фантаст. кірунку, які грунтуецца на навук. гіпотэзах. Ад фільмаў групы «фэнтэзі» (ад англ. fantasy фантастыка) адрозніваецца тым, што аснову іх складаюць міфы і казкі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Гал. тэмы Н.-ф.ф. — падарожжы ў часе і касм. прасторы, кантакты з іншапланетнымі цывілізацыямі, альтэрнатыўная гісторыя чалавецтва, грамадства ва ўмовах будучыні. Развіццё такіх фільмаў звязана з навук. дасягненнямі і сац. зменамі ў грамадстве. Першы Н.-ф.ф. — «Заваяванне паветра» (1901, рэж. Ф.​Зека, Францыя). Як жанр склаўся ў фільмах рэж. Ж.​Мельеса, які прыдумаў першыя спецэфекты для здымак фантаст. кіно («Падарожжа на Месяц», 1902, ЗША; «20 000 лье пад вадою», 1907; «На заваяванне полюса», 1912, абодва Францыя, і інш.). У 1920-я г. з’явіліся фільмы з сац.-філас. кірункам і арыгінальнай стылістыкай («Аэліта», 1924, рэж. Я.​Пратазанаў, СССР; «Метраполіс», 1926; «Жанчына на Месяцы», 1929; абодва рэж. Ф.​Ланг, Германія, і інш.). З 1930-х г. пашырыліся фільмы пра звар’яцелых вучоных («Забойства на вуліцы Морг», 1932, рэж. Р.​Флорэ; «Чалавек-невідзімка», 1933; «Франкенштэйн», 1931; «Нявеста Франкенштэйна», 1935; усе рэж. Дж.​Уэйл, ЗША), фантаст. цывілізацыі («Страчаны гарызонт», 1937, рэж. Ф.​Капра, ЗША). У 1950—80-я г. пераважалі фільмы пра касм. падарожжы, прыбыццё іншапланецян на Зямлю, перспектывы развіцця навукі і тэхнікі і інш., у якіх цэнтр увагі часта пераносіўся на маральныя, філас., сац., экалагічныя праблемы: «Напрамак — Месяц» (1950, рэж. І.​Пайчэл), «Гэта прыйшло з іншай прасторы» (1953, рэж. Дж.​Арналд), «Заваяванне космасу» (1955, рэж. Б.​Хаскін), «На апошнім беразе» (1959, рэж. С.​Крамер), «Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу» (1963; усе ЗША), «Касмічная Адысея 2001» (1968, Англія—ЗША), «Завадны апельсін» (1971, Англія; усе рэж. С.​Кубрык), «Зорныя войны» (1977, рэж. Дж.​Лукас), «Іншапланецянін» (1982, рэж. С.​Спілберг), «Чужыя» (рэж. Дж.​Кэмеран), «Муха» (рэж. Д.​Кроненберг, абодва 1986; усе ЗША) і інш. Пашырыліся фантаст. кінасерыялы («Зорны шлях», з 1979, рэж. Р.​Уайз, І.​Кершнер і інш.). У 1990-я г. з’явіліся фільмы сінтэтычнага кірунку, якія спалучаюць рысы «фэнтэзі» і Н.-ф.ф., для маст. вырашэння актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі і камп’ютэрныя спецэфекты («Парк Юрскага перыяду», 1995, рэж. Спілберг, ЗША, і інш.). З 1960-х г. развіваўся сав. Н.-ф. ф.; «Чалавек-амфібія» (1962, рэж. Г.​Казанскі, У.​Чабатароў), «Салярыс» (1972, рэж. А.​Таркоўскі), «Маўчанне доктара Івенса» (рэж. Б.​Мятальнікаў), «Масква—Касіяпея» (абодва 1974), «Падлеткі ў сусвеце» (1975), «Праз церні да зорак» (1981, усе рэж. Р.​Віктараў), «Атэль «Каля загінуўшага альпініста» (1979, рэж. Р.​Краманаў), «Завяшчанне прафесара Доўэля» (1984, рэж. Л.​Менакер), «Кіндза-дза» (1986, рэж. Г.​Данелія) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г. Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г. рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛ Казіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл. Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл. Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).

Літ.:

Янин В.Л. Новгородские акты XII—XV вв. М., 1991;

Фроянов И.Я. Мятежный Новгород. СПб., 1992.

С.​В.​Пазняк.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)