ПАКЛО́НСКІ (Канстанцін Вацлаў Юр’евіч) (? — пасля 1661),
бел. военачальнік у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, палкоўнік. У пач. вайны перайшоў на бок рас. цара Аляксея Міхайлавіча, ад якога атрымаў званне бел. палкоўніка. Войска П. складалася з 6 тыс.чал. На працягу жн. 1654 узяў Чавусы і Магілёў (разам з арміяй ваяводы М.Ваейкава). На падуладных тэр.усх.Беларусі спрабаваў праводзіць самаст. палітыку, незалежную ад царскага ўрада і ўкр. казакоў, што прывяло да жорсткага супрацьстаяння і баявых дзеянняў з наказным гетманам укр. казацкага войска І.Залатарэнкам. Да канца 1654 казакі былі выцеснены з Магілёўскага пав. У 1655 перайшоў на бок ВКЛ, пацярпеў паражэнні ад рас. войск пад Барысавам і Койданавам, ад казакоў Залатарэнкі пад Ашмянамі. З восені 1655 завербаваны ў войска брандэнбургскага электара Фрыдрыха Вільгельма, саюзніка Рэчы Паспалітай. Праз некалькі месяцаў, з-за здрады электара, удзельнічаў у паходзе на Прусію пад кіраўніцтвам В.Гасеўскага. 22.10.1656 у час бітвы са шведамі пад Філіпавам трапіў у палон, зняволены ў Мальбаркскай крэпасці. Пасля вызвалення на вайсковую службу не пайшоў, уласныя сродкі ахвяраваў на ўзбраенне войск ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІ́ЗМ,
слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЁЎ ПАХАВА́ЛЬНЫХ У́РНАЎ КУЛЬТУ́РЫ,
агульная назва шэрагу археал. культур паводле характэрнай прыкметы — могільнікаў без насыпаў, што ўтрымлівалі рэшткі крэмацыі, звычайна пахаваныя ў гліняных пасудзінах на дне магілы. Узніклі ў раннім бронзавым веку і існавалі больш за 1700 гадоў. Былі пашыраны па ўсёй Еўропе. У раннім жал. веку ў могільніках трапляюцца таксама пахаванні ў ямках без урнаў і трупапалажэнні. У 15—4 ст. да н.э. ад Балтыйскага ўзбярэжжа да р. Дунай і ад р. Шпрэ да Валыні была пашырана самая стараж. з П.п.у.к. — лужыцкая культура. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў далінах рэк Дунай і Рэйн у паўн.-зах. частцы Швейцарыі і Усх. Францыі ўзніклі паўд.-германская і парэйнская П.п.у.к. У пач.жал. веку носьбіты гэтых культур праніклі далей на тэр. Францыі, у 8 ст. да н.э. — на Пірэнейскі п-аў (Каталонія, Кастылія), у 9—8 ст. да н.э. з’явіліся ў Брытаніі. Пашырэнне палёў пахаванняў не звязана з экспансіяй аднаго народа ці генетычнымі сувязямі плямён. Лічаць, што гэты абрад быў успрыняты этнічна разнастайнымі групамі насельніцтва Еўропы. На Беларусі да П.п.у.к. належыць зарубінецкая культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),
навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.
Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.С.Грабніцкі, С.С.Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.К.Обердык, А.Дыль, К.Кох, Э.Лукас і інш.
На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел.НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж.абл.с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.
Літ.:
Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́МЯЦЬ»,
шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Выдаецца паводле пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь «Аб выданні ў рэспубліцы кніг Памяці» на бел. мове (асобныя дакументы і матэрыялы на рус. мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў створаны гар. і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Выданне пачата выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ў 1985 («Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»). На 2000 над выданнем кніг серыі працуюць усе дзярж. выд-вы, выдадзена больш за 70 кніг. Кожная кніга мае раздзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтр. месца ў выданні прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырв. Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфаш. руху, асоб, якія садзейнічалі партыз. руху і падполлю. У апошнім раздзеле вельмі значныя падраздзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «З гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вял. месца адведзена дакумент. матэрыялам. Кожнае выданне багата праілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСТВА,
рэлігійна-палітычны цэнтр каталіцызму, які ўзначальвае nana рымскі. Узнікла ў 5 ст. на базе Рым. епіскапства. У 756 атрымала ад караля франкаў Піпіна Кароткага землі вакол Рыма і папа стаў свецкім гасударам, уладальнікам Папскай вобласці і інш. тэрыторый. У сярэднія вякі П. вяло барацьбу за перавагу царк. улады над свецкай. У 14 ст. П. знаходзілася пад уладай франц. кароны; у 1309—1377 рэзідэнцыя пап знаходзілася ў франц.г. Авіньён. У канцы 15 — пач. 16 ст. антыфеад. рух, Рэфармацыя, утварэнне самастойных пратэстанцкіх цэркваў аслабілі ўплыў П. У 16 ст. П. ўзначаліла контррэфармацыю. У канцы 16 — пач. 17 ст. П. рабіла намаганні па распаўсюджванні каталіцызму на Беларусі, Украіне і ў Расіі (гл.Брэсцкая унія 1596). У 1870 у сувязі з уключэннем Рыма ў склад італьян. дзяржавы Папская вобласць была ліквідавана. Пазбаўлены свецкай улады папа абвясціў сябе «вязнем Ватыкана». Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 папа зноў стаў свецкім правіцелем — кіраўніком дзяржавы Ватыкан. П. і каталіцкая царква знаходзяцца ў дачыненні адно да аднаго, але не з’яўляюцца тоеснымі; у асобных краінах інтарэсы П. і царквы не заўсёды супадаюць.
атрад птушак. Вядомы з міяцэну (каля 17 млн.г. назад). 1 сям., 7 падсям., 69 родаў, 324 віды. Пашыраны пераважна ў трапічнай і субтрапічнай зонах. Жывуць на дрэвах; гнёзды ў дуплах, расколінах скал, норах. Трымаюцца статкамі. Многія віды здольныя пераймаць чалавечую гаворку (ара, жако, какаду і інш.). Добра пераносяць няволю, многія віды аматары трымаюць як дэкар. птушак (на Беларусі — да 30 відаў: неразлучнікі, амазоны, какаду, жако, хвалістыя папугайчыкі і інш.). 27 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. ад 9,5 см (дзятлавыя П.) да 1 м (ара гіяцынтавы), маса адпаведна ад 10 г да 1 кг. Апярэнне пераважна яркае, стракатае. Галава вялікая, шыя кароткая. У многіх відаў на галаве чубок. Дзюба высокая, выгнутая, моцная; наддзюб’е рухома сучленена з лобнымі касцямі. Крылы закругленыя, дужыя. 1-ы і 4-ы пальцы на нагах павернуты назад. Пераважна расліннаедныя, часам спажываюць жывёльны корм. Манагамы. Нясуць 2—5 яец (зрэдку да 12). Гл. таксама Лоры, Нестары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. populus народ, насельніцтва),
сукупнасць жывых арганізмаў аднаго віду, якія маюць агульны генафонд, свабодна скрыжоўваюцца ці патэнцыяльна здольны скрыжоўвацца паміж сабой (панміксія), займаюць агульную тэр. і маюць пэўныя прасторава-часавыя ўзаемаадносіны. Тэрмін «П.» ўвёў В.Іагансен (1903).
Мае складаную структуру, якая падтрымліваецца механізмамі самарэгуляцыі і характарызуецца колькасцю асобін, шчыльнасцю засялення, характарам прасторавага размеркавання, палавым, узроставым і генет. складам. Унутры П. вылучаюць больш дробныя групы (сем’і, дэмы, парцэлы, мікрапапуляцыі і інш.). П. розных відаў, якія пражываюць у адным месцы, ствараюць біяцэноз. У прыродзе налічваецца шмат тыпаў П. (напр., насельніцтва Беларусі можна разглядаць як П. людзей; статак зуброў у Белавежскай пушчы — прыродная П. і інш.). Аддзяляецца ад суседніх П. рознымі формамі ізаляцыі, аднак межы паміж імі дакладна не акрэслены. П. разглядаецца як элементарная адзінка эвалюц. працэсу, здольная рэагаваць на змену асяроддзя перабудовай генет. структуры, з’яўляецца формай існавання віду, якая забяспечвае яго эвалюц. ўстойлівасць у сувязі з генет. разнастайнасцю асобных П. Вывучэнне П. мае важнае значэнне для распрацоўкі навук. асноў рацыянальнага выкарыстання і захавання біял. рэсурсаў. Гл. таксама Папуляцыйная генетыка, Экалогія папуляцыйная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЖНЯ́К (Тарас Мікалаевіч) (н. 9.3.1924, в. Цернаўка Смелянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст.Беларусі (1997). Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1949). Працаваў у Львове. У 1965—98 у Бел.АМ (з 1988 заг. кафедры). Працуе ў галіне керамікі («Абаронцы Брэсцкай крэпасці», 1970; скульптура «Даніла Галіцкі», 1974; пано «Мінск», 1977; вазы «Над Віліяй», 1988, «Белавежская пушча», 1993, «Кветкі», 1999, «Марскі брыз», 2000; дэкар. кампазіцыя «Караблікі і дэльфіны», 1966, і інш.), шкла (вазы «Кожнаму чацвёртаму», 1982, «Восень», 1987; скульптура «Пінгвіны», 1987; кампазіцыі «Чорная быль», 1988, «Поры года», 1989, і інш.), металу (партрэт Героя Сав. Саюза С.І.Грыцаўца, 1967, і інш.). Аўтар афармленчых работ у Палацы чыгуначнікаў (1978), Палацы шлюбаў Заводскага р-на (1981—83), гандл. цэнтры «Валгаград» (1984) у Мінску, палацах культуры нафтавікоў у Наваполацку (1967), саўгаса «Прагрэс» Брэсцкай вобл. (1984), будынку шпіталя для інвалідаў Вял.Айч. вайны ў в. Бараўляны Мінскага р-на (1986) і інш. Творы адметныя дакладнасцю кампазіцыі, вобразнай выразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя (паразітычныя) арганізмы (ад грэч. parasitos нахлебнік),
арганізмы, якія жывуць на паверхні (эктапаразіты) або ў целе (эндапаразіты) інш. арганізма (т.зв. гаспадара), кормяцца за кошт яго тканак, сокаў або змесціва стрававальнага тракту і часткова або цалкам ускладаюць на яго рэгуляванне сваіх узаемаадносін са знешнім асяроддзем. Выклікаюць у арганізме гаспадара імунабіял. і паталаг. рэакцыі. На Беларусі выяўлена некалькі тысяч відаў паразітычных жывёл (паразіты мед., вет. і агранамічнага значэння).
П. падзяляюць на аблігатных (абавязковых) і факультатыўных (неабавязковых). Розныя сістэм. групы і віды арганізмаў маюць спецыфічны склад П. Найб. пашыраны П. сярод вірусаў, бактэрый, прасцейшых, грыбоў, чарвей і членістаногіх. Многія эндапаразіты выклікаюць захворванні жывёл і чалавека (малярыя, тулярэмія, энцэфаліты, гельмінтозы і інш.). Эктапаразіты (пераважна крывасмокі: камары, мошкі, кляшчы, блохі, вошы і інш.) — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (малярыя, тыф, чума і інш.). Для жывёл-П. характэрны спрошчаныя або рэдукаваныя стрававальная сістэма і органы пачуццяў, добра развітыя органы размнажэння (забяспечваюць вял. плоднасць) і прымацавання (для ўтрымання на целе або ўнутры гаспадара) і інш. П. вывучае паразіталогія, паразітацэналогія. Гл. таксама Паразітызм.