АЙБЕ́К (сапр. Ташмухамедаў Муса; 10.1.1905, Ташкент — 1.7.1968),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1965). Акад. АН Узбекістана (1943). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1930). Першы зб. вершаў «Пачуцці» (1926). Асэнсаванне гіст. мінулага узб. народа, падзей 1-й сусв. і Вял. Айч. войнаў, праблем сучаснай вёскі — галоўнае ў зб-ках вершаў і паэм «Флейты сэрца» (1929), «Факел» (1932), «Песня сонца» (1955), «Палымяныя гады» (1965), сац.-псіхал. і гіст.-біягр. раманах «Свяшчэнная кроў» (1940), «Наваі» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Сонца не пагасне» (1958), «Вялікі шлях» (1967), кнізе-дзённіку «Па фронце» (1965) і інш. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1963 за аўтабіягр. аповесць «Дзяцінства» (1962).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Ташкент, 1985—87.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́СТА (Acosta),

да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.​Спінозы.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСУ́МСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава на тэр. паўн. Эфіопіі з цэнтрам у г. Аксум. Першыя звесткі пра Аксумскае царства адносяцца да 1 ст. н.э. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах з Індыі і Усх. Афрыкі ў Міжземнамор’е спрыяла эканам. і культ. росквіту Аксумскага царства. З канца 3 ст. дасягнула вял. магутнасці. У час праўлення цара Эзана (пач. 4 ст.) заваявана Нубія, ішла барацьба (4—6 ст.) з Хім’ярыцкім царствам за панаванне ў Паўд. Аравіі. У 4 ст. ў Аксумскае царства пранікла хрысціянства, якое ў барацьбе з іудзействам замацавала візант. ўплыў. Пасля захопу персамі Паўд. Аравіі (6 ст.) і арабамі Егіпта (7 ст.) пачаўся эканам. і паліт. заняпад, паступова Аксумскае царства распалася.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУДЖА́ВА Булат Шалвавіч (н. 9.5.1924, Масква),

расійскі пісьменнік, аўтар і выканаўца песень. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Лірыка» (1956), «Астравы» (1959), «Вясёлы барабаншчык» (1964), «Арбат, мой Арбат» (1976), «Песні і вершы» (1989), «Дары лёсу» (1993) і інш. Для іх характэрна зліццё размоўнай і песеннай інтанацый, празаізмаў і патэтыкі. Стваральнік своеасаблівага выканаўчага стылю — аўтарскай песні («Возьмемся за рукі, сябры», «Лёнька Каралёў», «Паўночны тралейбус», «Ах, Арбат, мой Арбат...» і інш.). Напісаў раманы «Падарожжа дылетантаў» (кн. 1—2, 1976—78), «Спатканне з Банапартам» (1983); «Скасаваны тэатр» (1994); аповесці «Будзь здаровы, шкаляр» (1961), «Бедны Аўросімаў» (1969), «Паходжанні Шыпава, ці Старадаўні вадэвіль» (1971).

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989;

Милости судьбы: [Новые стихи]. М., 1993.

Б.Ш.Акуджава.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТЫНТА́Г,

горы ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, паміж Куньлунем і Наньшанем. Аддзяляюць Тарымскую ўпадзіну і Цайдамскую катлавіну. Даўж. каля 800 км. Паўд.-зах. частка Алтынтага — скалістая, моцна расчлянёная, укрыта вечнымі снягамі і ледавікамі, макс. выш. да 6161 м; паўн.-ўсходняя — кароткія масівы выш. больш за 5000 м; цэнтральная — рэзка звужаная і паніжаная, пераважная выш. да 3000—3500 м. Складзены з гнейсаў, крышталічных сланцаў, філітаў. Карысныя выкапні: руды храмітаў, свінцу, цынку, нікелю, плаціны. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Найб. р. Чэрчэн з прытокамі. На перадгор’ях камяністыя пустыні, у далінах растуць эфедры, салянкі, зараснікі саксаулу і тамарыску, на схілах гор — стэпавая расліннасць і альпійскія лугі. Жывёльны свет: дзікі як, антылопы, куку-яманы і інш.

т. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ДЫЙ (Olpidium),

род хітрыдыевых грыбоў сям. альпідыевых. Больш за 20 відаў. Трапляюцца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 віды. Найб. пашыраны альпідый капусны (O. brassicae) — узбуджальнік чорнай ножкі расады капусты, лёну, агуркоў, аўса, пшаніцы, памідораў, салаты, тытуню і інш.

Вегетатыўнае цела (плазмодый) аднаклетачнае. Зоаспарангіі (органы бясполага размнажэння) шарападобныя, з доўгай вывадковай трубкай, адзіночныя або па 2—12 у клетцы. Зааспоры яйцападобныя, з 1 доўгім жгуцікам. Развіваецца ва ўмовах пераўвільгатнення. Пры неспрыяльных умовах зааспоры функцыянуюць як гаметы. Цысты зімуюць у глебе. Расліны заражаюцца пасля з’яўлення семядоляў або першых лісцікаў.

Альпідый капусны: 1 — плазмодый і зіготы грыба ў клетках кораня; 2 — зоаспарангіі; 3 — зааспоры; 4 — пашкоджаная расада капусты («чорная ножка»).

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТА́НКАВЫЯ ПТУ́ШКІ, альтаншчыкі,

буданнікі (Ptilonorhynchidae),

сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8 родаў, 18 відаў. Жывуць у трапічных лясах Новай Гвінеі з прылеглымі астравамі і на Пн і У Аўстраліі. Найб. вядомы альтаншчык атласны (Ptilonorhynchus violaceus).

Даўж. 22—40 см. Апярэнне бурае, цёмна-сіняе або фіялетавае. У большасці моцныя дзюба і ногі, кароткі хвост. Многім відам характэрны палавы дымарфізм: самцы прыгажэйшыя за самак. Робяць з галінак і травы своеасаблівыя буданы або альтанкі (адсюль назва) даўж. да 1 м, выш. да 50 см для спароўвання. Пляцоўку перад імі ўпрыгожваюць пер’ем, ракавінамі, бліскучымі каменьчыкамі, насякомымі, кветкамі. Гнёзды на дрэвах, у кладцы 1—3 яйцы. Наседжвае самка. Усёедныя. Здольныя да гукапераймання.

Альтанкавая птушка.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬША́НІЦКАЯ БІ́ТВА 1527.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ і крымскіх татараў каля р. Альшаніца (прыток Дняпра), за 30 км на ПдУ ад Кіева 27 студз. Са снеж. 1526 татары шматлікімі набегамі на польскія, паўд.-бел. і літ. землі прычынялі вял. страты. 7 тыс. коннікаў ВКЛ на чале з вял. Гетманам К.​Астрожскім і палявым гетманам Я.​Радзівілам, а таксама войскі князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і інш. дагналі татараў (24 тыс. чал. на чале з царэвічам Малаем) на р. Альшаніца, разбілі іх і вызвалілі 80 тыс. палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць, Малай узяты ў палон, а потым забіты. Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕЛАТЭРАПІ́Я (ад грэч. ampelos вінаград + тэрапія), вінаградалячэнне,

выкарыстанне пладоў і соку вінаграду ў лек. мэтах. Вядома са старажытнасці, у Расіі з канца 19 ст. Практыкуецца ў зонах вінаградарства, звычайна ў спалучэнні з клімататэрапіяй. Лепшыя лек. сарты — Шасла, Рыслінг, Семільён, Гауш, Акішміш, Тагузюм чэлекі. Асн. станоўчы ўплыў ампелатэрапіі звязаны з багаццем і разнастайнасцю ў спелых пладах і соку вінаграду вугляводаў, пекцінавых і мінер. рэчываў, вітамінаў; выяўляецца праз нармалізацыю і актывацыю абменных працэсаў (асабліва водна-салявога абмену), апетыту, сакрэцыі страўніка, маторыкі кішэчніка, функцый мочавыдзялення і інш. Проціпаказана пры цукр. дыябеце, вострых захворваннях, язве страўніка, гіпертаніі, хранічных паносах і абвастрэннях туберкулёзу. Дозы спажывання пладоў вінаграду пры ампелатэрапіі могуць дасягнуць 2 кг, соку — 1,2 л за суткі.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТАЛІ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,

унутраная ч. Малаазіяцкага нагор’я, у Турцыі. Даўж. каля 700 км (з З на У), шыр. 400 км (з Пн на Пд). На Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі, на Пд — гарамі Таўр. Паверхня выраўнаваная, слаба расчлянёная, пераважныя выш. 800—1500 м, найб. — 3916 м (вулкан Эрджыяс). Складзена ў асн. з асадкавых парод, адзначаны праяўленні вулканізму. Радовішчы бурага вугалю. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў ад 200 да 500 мм за год, максімальныя — вясной. Анаталійскае пласкагор’е перасякаюць рэкі Кызыл Ірмак, Сакар’я і інш. Ёсць саланчакі і салёныя азёры (воз. Туз і інш.). Глебы шэрыя і бурыя. Расліннасць — сухі палынова-злакавы стэп (у гарах) і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў. Аазіснае земляробства, жывёлагадоўля.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)