часціна мовы, якая паказвае на прадметы і якасці, не называючы іх. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка. Паводле суадносін з інш. часцінамі мовы З. падзяляюць на назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя; паводле значэння — на асабовыя (я, мы, ты, вы), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, наш, твой), пытальна-адносныя (хто, што, каторы), указальныя (гэты, той, такі), азначальныя (сам, увесь, кожны, іншы), адмоўныя (ніхто, нішто), няпэўныя (нехта, некаторы, нейкі). У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і дадатковых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛІ́ЎСКІ Юзаф (1797, Віленшчына — 1.9.1855),
удзельнік польскага нац.вызв. руху 1820 — пач. 1830-х г., адзін з лідэраў польскай паліт. эміграцыі ў Францыі. З 1817 служыў у войску Каралеўства Польскага, чл. нелегальных арг-цый — Саюза вольных палякаў, Патрыятычнага т-ва і інш. Удзельнік паўстання 1830—31. У ноч на 30.11.1830 кіраваў захопам арсенала ў Варшаве, удзельнічаў у стварэнні паўстанцкіх атрадаў, у баях, меў чын палкоўніка. Пасля падаўлення паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе зблізіўся з рухам карбанарыяў. У 1832 перайшоў натэр. Галіцыі, дзе арыштаваны і засуджаны да пакарання смерцю, якое заменена на 20-гадовае зняволенне. У 1848 амнісціраваны, выехаў у Парыж, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАРО́ЖАЦ Аляксандр Аляксандравіч (н. 13.2.1927, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. вучоны ў галіне паталаг. фізіялогіі. Д-рмед.н. (1985), праф. (1994). Ганаровы акад.Міжнар. акадэміі інтэгратыўнай антрапалогіі (1996, Кіеў). У 1957—94 у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні інфекц. працэсу і прафілактыцы ўскладненняў пасля аперацый на органах страўнікава-кішачнага тракту. Адкрыў з’яву інфіцыравання брушной поласці з кішэчніка праз фізічна герметычны шоў герметычнае шво*. Даў новыя ўяўленні пра механізмы ўзнікнення перытаніту і спаечнага працэсу пасля аперацый на страўніку і кішэчніку. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Инфицирование брюшины через физически герметичный кишечный шов. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ПИСЫ»,
навуковы часопіс бел. эміграцыі. Выдаецца з 1952 набел. мове (кн. 1—22; у 1952—54 і з 1974 у Нью-Йорку; у 1962—70 у Мюнхене, Германія) Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Гал. рэдактары В.Тумаш, С.Станкевіч, Т.Бэрд. Мае раздзелы: «Даследаванні», «Рэфератныя працы», «Нарысы», «Успаміны», «Дакументы», «Зацемкі», «Бібліяграфія», «Хроніка беларускага жыцця ў беларускім замежжы», «Кнігапіс». Друкуе працы па бел. гісторыі, мове, л-ры, мастацтве, эканоміцы, матэрыялы пра дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі, рэцэнзіі на беларусазнаўчыя выданні, хроніку бел.навук.-культ. жыцця на эміграцыі. За час існавання «З.» сталі цэнтрам гуртавання інтэлектуальных сіл зах.бел. дыяспары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПО́ЛЬСКАЯ [Zapolska; сапр.Корвін-Піятроўская
(Korwin-Piotrowska)] Габрыэля (30.3.1857, в. Падгайцы Луцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 17.12.1921),
польская пісьменніца і актрыса. Выступала ў т-рах Варшавы, Львова, Парыжа. Пачала друкавацца ў 1880-я г. У прозе глыбокі псіхалагізм характараў спалучала з натуралістычнымі тэндэнцыямі (зб. навел «Акварэлі», 1885, «Чалавечы звярынец», 1893, аповесць «Сезонная любоў», 1905). Найб. вядомасць ёй прынеслі драм. творы (п’есы «Жабуся», 1897, «Іх чацвёра», 1907, «Паненка Малічэўская», 1910), асабліва п’еса «Мараль пані Дульскай» (1906, пер.набел. мову М.Татур, 1958, паст. т-рам імя Я.Коласа ў 1956) — вострая, з’едлівая сатыра на мяшчанства. Аўтар п’ес «Той» (1898), «Сібір» (1899), рамана «Зашуміць лес» (1899).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА,
у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Шэвінка, за 8 кмнаПнУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,29 км², даўж. 1,8 км, найб.шыр. 240 м, найб.глыб. 7,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пераважна разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, каля ўрэзу вады параслі хмызняком, наУ і З сплавінныя. У паўд.ч. востраў пл. 0,1 га. Дно да глыб. 2 м (вакол вострава да 4—5 м) пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадаюць 2 ручаі, наУ выцякае ручай у воз. Філіпенскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯЗДА́,
рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі т.зв.звездары; атрыбут каляднай абраднасці. Да каркаса са знешняга боку прымацоўвалі пруткі і злучалі іх папарна так, што атрымліваліся промні (рогі З.). Канструкцыю абклейвалі паперай, аздаблялі рознакаляровымі выцінанкамі, палосамі фігурна выразанай паперы або фольгі. З. мела 5, 8, 16 промняў, якія заканчваліся пышнымі пампонамі з паперы рознага колеру. Цэнтр. асветленую нерухомую частку яе (у рух прыводзіліся толькі промні) займаў малюнак або абраз на біблейскую тэму. Звычай нашэння З. на Беларусі быў пашыраны да 1920—30-х г.
М.А.Каладзінскі, М.Ф.Раманюк.
Хлопчык з каляднай звяздой. Вёска Капылы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРКО́ Міхаіл Мартынавіч (27.1.1930, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 1989),
бел. майстар маст. керамікі. Працаваў ганчаром на Івянецкай ф-цы маст. керамікі (з 1955). Стварыў шэраг арыгінальных маст. твораў, а таксама ўзораў керамічных вырабаў для масавай вытв-сці. Прадаўжаў і развіваў мясц. традыцыі вырабу ганчарнага быт. посуду, аздобленага фляндроўкай, фігурных ляпных пасудзін у выглядзе зуброў, мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш., цацкі. Арыгінальнасцю ганчарнай пластыкі, дасціпнасцю вырашэння вызначаецца дробная скульптура ў выглядзе фігурак людзей і цэлых кампазіцый набыт. і фальклорныя тэмы: «Вяселле» (1970), «Івянецкія ганчары» (1975), «Царскі генерал» (1976), «Чырвонаармеец» (1978) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯНО́Е ПАЛАТНО́,
грунтавая аснова аўтамабільных дарог і чыг. пуцей у выглядзе насыпу, выемкі, паўнасыпу-паўвыемкі або спрафіляванай на мясцовасці паласы ў нулявых адзнаках. Нааўтамаб. З.п. ўкладваецца дарожнае адзенне, начыг. — верхняя будова пуці. Да З.п. адносяцца кюветы, канавы, рэзервы, дрэнажныя і інш. непасрэдна звязаныя з палатном водаадводныя збудаванні. Выкарыстоўваецца для ўстаноўкі пуцявых і дарожных знакаў, агароджы, водапрапускных труб, падтрымных або ахоўных прыстасаванняў і канструкцый і інш. З.п. ўмацоўваюць дзёрнам, бетоннымі плітамі, поліэтыленавымі плёнкамі, вяжучымі матэрыяламі, пасевам траў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯЕ́Д (Circaetus gallicus або С. ferox),
птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўд.-Зах. Сібіры, Паўн. Манголіі. Жыве ў мясцінах, дзе лясныя масівы перамяжоўваюцца адкрытымі прасторамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, пераважна на Палессі і Паазер’і; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 73 см, маса да 2 кг, размах крылаў да 1,95 м. Зверху шаравата-буры, знізу — белы з рэдкімі стракацінамі, горла і валляк цёмныя, хвост паласаты. Гнёзды на высокіх дрэвах, скалах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна змеямі (адсюль назва), вужамі, яшчаркамі, жабамі. Зімуе ў Паўд.-Зах. Азіі, Афрыцы.