Беларускі саюз журналістаў, добраахвотная грамадская арганізацыя прафес. работнікаў перыяд. друку, тэлебачання, радыёвяшчання, інфарм. агенцтваў, выдавецтваў. Створаны ў 1959 як С.ж.Б. З 1995 наз.Бел. саюз журналістаў. Гал. задачы саюза — павышэнне прафес. майстэрства журналістаў, іх кругагляду і абагульненне лепшага вопыту. Арганізоўвае творчыя семінары, стажыроўку маладых журналістаў, прэс-канферэнцыі, творчыя конкурсы, выстаўкі. Членамі саюза могуць быць журналісты, фотакарэспандэнты, мастакі, рэдактары, якія працуюць у друку, на радыё і тэлебачанні, у інфарм. агенцтвах не менш як 3 гады і валодаюць высокім прафес. майстэрствам. Вышэйшы орган — рэсп. з’езд. Паміж з’ездамі дзейнасцю саюза кіруе сакратарыят і рада. З’езды адбыліся ў 1959, 1962, 1966, 1971, 1977, 1982, 1987, 1990, 1995, 2000. Дзейнасць С.ж.Б. распаўсюджваецца на тэр. Рэспублікі Беларусь. У абласцях створаны абласныя журналісцкія арг-цыі, у рэдакцыях — пярвічныя. Уваходзіць у складМіжнар. канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў. Яго прадстаўнікі ўдзельнічаюць у міжнар. сустрэчах і сімпозіумах журналістаў, арганізоўваюць аналагічныя мерапрыемствы на Беларусі, спрыяюць умацаванню супрацоўніцтва і абмену вопытам паміж сродкамі масавай інфармацыі розных краін свету. Выдае газ. «Вдохновение». Старшыні С.ж.Б.: Ф.Я.Кляцкоў (1959—71), У.В.Мацвееў (1971—73), А.А.Тоўсцік (1973—87), І.П.Макаловіч (1987—90), Л.С.Екель (з 1990). На 1.9.2001 аб’ядноўвае 2500 чл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВІ́СТАЎ МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т (МКС),
выканаўчы орган міжнар. аб’яднання славістаў. Мае на мэце наладжванне міжнар. супрацоўніцтва славістаў для спрыяння развіццю навук пра слав. мовы і л-ры, вывучэнню гісторыі і культуры слав. народаў.
Засн. ў 1955 у г. Бялград на Міжнар. нарадзе славістаў. У складзе к-та 37 краін (2001): усе слав. краіны і некат. неслав., дзе вядзецца навук. праца ў галіне славяназнаўства (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Германія, Італія, ЗША, Францыя і інш.). Ад Беларусі ў к-т уваходзілі К.Крапіва, М.Р.Суднік, уваходзіць Г.А.Цыхун (гл. Славістаў беларускі камітэт). С.м.к. узначальвае старшыня, які выбіраецца на 5 гадоў ад краіны, дзе адбудзецца чарговы з’езд. Пры к-це дзейнічае 28 камісій (агульнаслав. лінгвістычнага атласа, выдавецка-тэксталагічная, лінгвістычнай бібліяграфіі, сацыялінгвістыкі, транскрыпцыйная, словаўтварэння, слав. фразеалогіі, слав.літ. моў, археалагічная, лексікалогіі і лексікаграфіі, слав. паэтыкі і стылістыкі, слоўніка стараслав. мовы і гісторыі славістыкі, слав. анамастыкі, грамат. будовы слав. моў і інш.), якія каардынуюць працу славістаў па сваім профілі ў міжнар. маштабе. Праз кожныя 5 гадоў С.м.к. склікае ў слав. краінах Міжнар. з’езды славістаў (адбылося 12 з’ездаў; апошні ў Польшчы, 1998). Паміж з’ездамі праходзяць пленарныя пасяджэнні, на якіх разглядаюцца навук. праблематыка чарговага з’езда, яго праграма, структура і колькасны склад, абмяркоўваецца дзейнасць навук. камісій, выданне прац з’езда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭ́КА (ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),
медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.
Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз.Бел.т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У складт-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш.Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.
А.М.Ваніцкі.
Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,
навучальна-адміністрацыйная адзінка ў Рас. імперыі ў 1829—50. Цэнтр знаходзіўся ў Віцебску. Утворана 17.1.1829 пасля рэарганізацыі Віленскай навучальнай акругі. Напачатку ў склад акругі ўваходзілі Віцебская і Магілёўская, з 1831 Мінская, з 1832 Гродзенская, Віленская губ. і Беластоцкая вобласці. Рэформы асветы ў акрузе праводзіліся ў адпаведнасці са «Статутам гімназій і вучылішчаў павятовых і прыходскіх» (1828) і «Дадатковымі пунктамі да статута навучальных устаноў у дачыненні да Беларускай навучальнай акругі» (1829). Апошні дакумент прадугледжваў уключэнне ў курс прыходскіх вучылішчаў навучанне «мясцовай мове». Пераўтварэнне навуч. сістэмы праводзілася з мэтай ліквідацыі польск. паліт. і культ. ўплыву. Навуч. ўстановы выключаліся з падпарадкавання каталіцкаму духавенству, замест польск. мовы ўводзілася руская. За час існавання Беларускай навучальнай акругі на яе тэр. створана 6 гімназій, 17 пав. вучылішчаў, 160 пач. школ і 29 пансіёнаў. У 1834 адкрыта першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя. У 1848 адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут — першая вышэйшая навуч. ўстанова ў Беларускай навучальнай акрузе. У 1840 на 4630 тыс. жыхароў акругі прыпадала 11,9 тыс. вучняў, з іх 65,2% складалі дзеці памешчыкаў, духавенства, чыноўніцтва, 18,5% — дзеці сялян, 16,3% — дзеці мяшчан, рамеснікаў і інш.; у школах працавалі 553 настаўнікі. Пасля ліквідацыі акругі (2.5.1850) навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. аднесены да адноўленай Віленскай навуч. акругі, навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. — да Пецярбургскай навучальнай акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ДРУГІ́ў Вялікую Айчынную вайну.
1-е фарміраванне створана 17.2.1944, дзейнічала на Ковельскім напрамку. Камандуючы ген.-палк. П.А.Курачкін, чл.ваен. савета ген.-лейт. Ф.Я.Бокаў, нач. штаба ген.-лейт. У.Я.Калпакчы. Уваходзілі арміі: 47, 61, 70, 6-я паветраная. Войскі фронту пачалі Ковельскую аперацыю, у час якой гітлераўцы прарвалі акружэнне Ковеля, таму сав. войскі перайшлі да абароны. 5.4.1944 фронт расфарміраваны, войскі перададзены ў складБеларускага фронту першага.
2-е фарміраванне створана 24.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты, дзейнічала на Магілёўскім напрамку. Камандуючыя: ген.-палк. І.Я.Пятроў, з чэрв. 1944 ген. арміі Г.Ф.Захараў, з ліст. 1944 Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі; чл.ваен. савета: ген.-лейт. Л.З.Мехліс, з ліп. 1944 ген.-лейт. М.Я.Субоцін; нач. штаба: ген.-лейт. С.І.Любарскі, з мая 1944 ген.-палк. А.М.Багалюбаў. У розны час уваходзілі арміі: 3, 19, 33, 43, 48, 49, 50, 65, 70, 2-я ўдарная, 1-я і 5-я гвардз. танкавыя, 4-я паветраная. Франтавая газ. «Фронтовая правда». Войскі фронту ў 1944 правялі Магілёўскую, Беластоцкую аперацыі, удзельнічалі ў Мінскай (гл. адпаведныя арт.), у 1945 ва Усх.-Прускай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацыях. 6.5.1945 на тэр. Германіі сустрэліся з войскамі 2-й англ. арміі. 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне перайменавана ва ўпраўленне Паўн. групы войскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,
гістарычная вобласць у бас.паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн.ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх.ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).
У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял.кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКА-МІ́НСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма вадасховішчаў, каналаў, гідратэхн. збудаванняў, прыродных вадаёмаў і вадацёкаў у Вілейскім, Маладзечанскім і Мінскім р-нах Мінскай вобл. Пабудавана ў 1968—76 для перакідкі вады з р. Вілія (бас. Нёмана) у р. Свіслач (бас. Дняпра) з мэтай водазабеспячэння прам-сці і камунальнай гаспадаркі Мінска і воднага добраўпарадкавання яго прыгараднай зоны. Праходзіць па Нарачана-Вілейскай нізіне і Мінскім узв. Уключае Вілейскае вадасховішча, злучальны канал даўж. 62 км з 5 помпавымі станцыямі магутнасцю да 22 м³/с кожная, якія забяспечваюць пад’ём вады на 75 м да водападзелу каля г.п. Радашковічы, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, зарэгуляваны ўчастак р. Свіслач да ўпадзення ў яе р. Волма ніжэй Мінска. У склад Вілейска-Мінскай воднай сістэмы ўваходзіць Сляпянская водная сістэма.
Злучальны канал мае 2 самацёчныя, адносна неглыбокія ўчасткі: падвадны ад Вілейскага вадасх. да 1-й помпавай станцыі і адводны ад 5-й помпавай станцыі да Заслаўскага вадасх. Астатнія 4 участкі канала паміж помпавымі станцыямі маюць глыб. ад 4—6 м у пачатку да 7—8 м і больш у канцы. Для захавання і паляпшэння навакольнага асяроддзя і выключэння забруджвання вады пры перасячэнні канала з гідрасеткай пабудаваны дзюкеры, акведукі, плаціны, вадаспускі, ліўняспускі і інш. гідратэхн. збудаванні. Адхоны і бермы ўмацаваны жвірам, на асобных участках — інж. замацаваннямі. За год перакідваецца каля 382 млн.м³ вады. Сістэма забяспечвае прам-сць Мінска тэхн. вадой і зберагае падземныя воды для пітнога водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,
адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у складгенаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.
Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.Крык і С.Брэнер, М.Нірэнберг, С.Ачоа, Х.Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял.кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял.кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.