ВАЛЕ́Н-ДЭЛАМО́Т ((Vallin de la Mothe) Жан Батыст Мішэль) (1729, г. Ангулем, Францыя — 7.5.1800),
французскі архітэктар. Праф. Пецярбургскай АМ (1759). Вучыўся ў Ф.Бландэля і ў Італіі (1750—52). У 1759—75 працаваў у Расіі, пераважна ў Пецярбургу. У яго пабудовах характэрная для ранняга рус. класіцызму дакладнасць кампазіцый спалучаецца з барочнай пластыкай формаў: Гасціны двор (1761—85), касцёл Кацярыны (1763—83) на Неўскім праспекце, Малы Эрмітаж (1764—67), будынак АМ (1764—88, з А.П.Какорынавым), склады «Новая Галандыя» (1765—80, з С.І.Чавакінскім) — усе ў Пецярбургу. Сярод яго вучняў — В.І.Бажэнаў, І.Я.Староў.
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Іосіф Іосіфавіч) (8.12.1911, г. Данецк — 20.4.1994),
рускі паэт. Скончыў тэатр.-драм. курсы ў Мінску (1932). Працаваў акцёрам БДТ-2 (Віцебск), у тэатрах Расіі. З 1967 жыў у Мінску. Друкаваўся з 1931. Аўтар пейзажнай і любоўнай лірыкі. Пераклаў на рус. мову зб. паэзіі М.Хведаровіча «Кляновы сок» (1972), казку А.Якімовіча «Каваль-Вярнідуб» (1974). Выдаў зб. выбраных перакладаў з бел. паэзіі «Адвечнай песні галасы» (1980).
Тв.:
В добрый час. Смоленск, 1954;
Лирика. Смоленск, 1961;
Свершение. М., 1966;
Мой спутник солнце. Мн., 1971;
Река времени. Мн., 1989.
т. 4, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Паўлавіч) (4.3.1818, Ніжні Ноўгарад — 10.5.1900),
рускі вучоны-кітаязнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Праф. Казанскага (з 1851) і Пецярбургскага (з 1855) ун-таў. Скончыў Казанскі ун-т (1837). У 1840—50 у рус. духоўнай місіі ў Пекіне, вывучаў санскрыт, кіт., манг., тыбецкую і маньчжурскую мовы. Навук. працы па рэлігіі Усходу, гісторыі, геаграфіі, л-ры Кітая (першы з еўрапейцаў даследаваў фанетыку, марфалогію і пісьмо Кітая). Гал. працы: «Будызм, яго догматы, гісторыя і літаратура» (ч. 1, 3, 1857—69), «Аналіз кітайскіх іерогліфаў» (ч. 1—2, 1866—84) і інш.
т. 4, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя навучальная ўстанова ў г. Ваўкавыск у 1909—18. Засн. на базе прыватнай агульнаадук. навуч. установы 1-га разраду. Тэрмін навучання 7 гадоў. У 1913/14 навуч. г. вучылася 265 выхаванак. Выкладаліся рус., франц. і ням. мовы, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, рукадзелле, графічнае мастацтва, правапіс, спевы. Сярод настаўнікаў выпускнікі ун-таў Варшавы, Кіева, Адэсы, С.-Пецярбурга, Маскоўскіх вышэйшых курсаў і Варшаўскага Аляксандраўска-Марыінскага ін-та. Існавала на зборы за навучанне. Плата ў малодшых класах складала 80 руб., у астатніх — 100.
А.Ф.Самусік.
т. 4, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕВЯРЭ́СК,
летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.М.Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.В.Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ГЕНЕР ((Wegener) Альфрэд Лотар) (1.11.1880, Берлін — канец ліст. 1930),
нямецкі геафізік. Праф. ун-та ў Грацы (1924). Удзельнік (1906—08, 1912—13) і кіраўнік (1929—30) экспедыцый па даследаванні Грэнландыі. Апошняя экспедыцыя здзейснена для стварэння ў цэнтр. Грэнландыі на выш. каля 3000 м круглагадовай даследчай станцыі «Айсмітэ». Пры вяртанні з яе загінуў у льдах. Навук. працы па тэрмадынаміцы атмасферы і палеакліматалогіі. Аўтар тэорыі дрэйфу мацерыкоў — першай гіпотэзы мабілізму; гл. Вегенера гіпотэза (1912).
Тв.:
Рус. пер. — Возникновение материков и океанов. М.; Л., 1925;
Термодинамика атмосферы. М.; Л., 1935.
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЦЕР,
жак, традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядомая бел., рус. і інш. слав. народам. Венцер — сеткавы мяшок (куль) на абручах з адной або дзвюма перагародкамі (горламі) унутры. Рыба заплывала ў куль праз адтуліну ў горле. Да мяшка пры ўваходзе прывязвалі адно (аднакрылы венцер) ці два (двухкрылы венцер) сеткавыя крылы (нацягнутыя па вертыкалі на драўляныя планкі), што перагароджвалі шлях рыбе і накіроўвалі яе ў куль. У глухім канцы куль сцягваўся шнурком. Венцер устанаўліваўся ў вадаёме пры дапамозе калкоў. Аднакрылымі венцерамі лавілі рыбу пераважна ў азёрах, двухкрылымі — па цячэнні.
А.І.Браім.
т. 4, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ У ПРО́ЗЕ,
лірычны твор у празаічнай форме. У ім няма вершаванага рытму, метра, рыфмы, але ёсць многія прыкметы паэтычнага твора — у змесце (ідэі, матывы, вобразы), эмацыянальна-суб’ектыўнай танальнасці, у паэтычнай фактуры (канцэнтрацыя тропаў, павышаная асацыятыўнасць), сінтаксісе (паўторы, звароты, умоўчванні і г.д.), пабудове (невял. памер, падзел на абзацы). Упершыню тэрмін «верш у прозе» ўвёў Ш.Бадлер, у рус. л-ры вядомым аўтарам такіх вершаў стаў І.С.Тургенеў. У бел. л-ры ўзнік на пач. 20 ст. («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, «Васількі», «Раны» Ядвігіна Ш., «Стогны душы» М.Гарэцкага, «Пяюць начлежнікі» З.Бядулі і інш.).
В.П.Рагойша.
т. 4, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СНІК БЕЛАРУ́СКАГА ЭКЗАРХА́ТА»,
часопіс. Выдаецца Бел. правасл. царквой з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Засн. на базе час. «Минские епархиальные ведомости». Разлічаны на святароў і ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі і сучаснага стану правасл. царквы на Беларусі, а таксама прадстаўнікоў інш. правасл. цэркваў і хрысц. канфесій. У часопісе пераважаюць артыкулы гісторыка-архіўныя, аналітычныя багаслоўскага зместу, прысвечаныя найб. значным падзеям у Беларускім экзархаце. Кожны нумар (пачынаючы з № 4) прысвечаны адной тэме. З 1990 у дадатак да часопіса выдаецца серыя брашур «Библиотека «Вестника Белорусского экзархата».
А.А.Петрашкевіч.
т. 4, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК МИ́РА»,
газета Беларускага фонду міру. Выходзіць з ліст. 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра дзейнасць Бел. фонду міру, грамадскага аб’яднання «Дзеці ў бядзе», бел. і замежных дабрачынных арг-цый, што аказваюць дапамогу ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Асвятляе выкананне праграм па лячэнні і аздараўленні бел. дзяцей, устанаўленне і развіццё сувязей з замежнымі партнёрамі, размеркаванне гуманітарнай дапамогі і інш. Друкуе матэрыялы міжнар. сімпозіумаў, канферэнцый, круглых сталоў па праблемах Чарнобыля. Мае рубрыкі: «Супраць бяды — разам», «Крыніцы міласэрнасці», «Чорны боль мой» (фотаматэрыялы), «Нашы замежныя партнёры» і інш.
т. 4, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)