Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛІМАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, для + клімат),
працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання. Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (гл.Натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (гл.Адаптацыя). Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперым. даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясц. флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (гл.Інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (гл.Рэакліматызацыя). На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амер. норка, фазан, сярэбраны карась, амер. сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).
Акліматызацыя чалавека — складаны сац.-біял. працэс, у якім вял. ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААМІЦЭ́ТЫ (Oomycetes),
клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ.раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.
У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁВЫ ЦЫКЛ, цыкл развіцця,
сукупнасць усіх фаз індывід. развіцця арганізма, у выніку якога ён дасягае спеласці і становіцца здольным даваць патомства. Працягласць Ж.ц. вызначаецца колькасцю пакаленняў (генерацый), што развіваюцца на працягу года, або колькасцю гадоў, на працягу якіх ажыццяўляецца адзін Ж.ц.; залежыць таксама ад перыяду спакою або дыяпаўзы, якія ўласцівы дадзенаму арганізму. У жывёл адрозніваюць просты Ж.ц. (прамое развіццё) і складаны (развіццё з метамарфозам або з чаргаваннем пакаленняў). Напр., Ж.ц. капуснай бялянкі складаецца з фаз (стадый) развіцця: яйцо — вусень — кукалка — імага; у пячоначнага смактуна ад яйца да дарослага паразіта праходзіць 6 стадый развіцця.
Адзінкай пры вывучэнні Ж.ц. можа быць адзін ці шэраг антагенезаў, што змяняюць адзін аднаго. У вышэйшых раслін адрозніваюць аднагадовы, двухгадовы і шматгадовы Ж.ц. Для Ж.ц. многіх ніжэйшых раслін і папарацей характэрна змена гаметафіту і спарафіту. У паразітычных грыбоў Ж.ц. па складанасці падобны да паразітычных чарвей, якія развіваюцца са зменай гаспадароў. Сярод прасцейшых найб. складаны Ж.ц. у спаравікоў, напр., у гемаспарыдый. Пра Ж.ц. чалавека гл. ў арт.Антагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКАЯ (Ларыса Мікалаеўна) (н. 2.10.1934, в. Порса Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі раслін. Д-рбіял.н. (1987). Скончыла БДУ (1958). З 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (з 1993 гал.навук. супрацоўнік). Навук. працы па распрацоўцы тэарэт. асноў рэкурэнтнага (перыядычнага) адбору, выкарыстанні біятэхнал. метадаў эмбрыякультуры і культуры пыльнікаў in vitro для стварэння новых генет. крыніц трыцікале на аснове міжвідавых і міжродавых скрыжаванняў, вывучэнні заканамернасцей наследавання гаспадарча-каштоўных прыкмет у атрыманых формах раслін, а таксама экспрэсіі генаў у новым генет. асяроддзі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Периодический отбор в селекции растений Мн., 1976 (разам з М.В.Турбіным, Л.У.Хатылёвай);
Инбридиш у сельскохозяйственных растений. Мн., 1980 (у сааўт.);
Рекуррентная селекция. Мн., 1985;
Создание новых генетических источников тритикале на основе рекомбиногенеза в системе геномнозамещенных форм, линий пшеницы с различной комбинацией Vm генов и гомозиготизации в культуре in vitro (у сааўт.) // Генетические основы селекции сельскохозяйственных растений. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У Афрыцы на Пд ад 20°паўд. ш., уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя). Лічыцца таксама, што К.б.в. — падвобласць Эфіопскай біягеагр. вобл.
Займае пустынныя і паўпустынныя раёны з разнастайнымі ландшафтамі. Вызначаецца вял. фларыстычнай своеасаблівасцю. Сустракаецца каля 7000 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш палавіны эндэмікі (прадстаўнікі 7 сям.: амарылісавыя, касачовыя, пратэйныя і інш.). Найб. характэрныя сям.раслін — бабовыя, верасовыя, касачовыя, пратэйныя, складанакветныя і інш. Флора мае генет. сувязі з трапічнай Афрыкай, Міжземнамор’ем і шэрагам абласцей Паўд. паўшар’я, асабліва з Аўстралійскай біягеаграфічнай вобласцю. Фауна адносна бедная. Некат. групы беспазваночных (напр., перыпаты) з’яўляюцца рэліктамі. З насякомых эндэмічныя жук-алень, некат. саранчовыя. Сярод птушак эндэмічныя 15 родаў з 297. Сярод 83 родаў млекакормячых 8 эндэмічных (віверы, некат. грызуны, даўгапяты, златакраты, трубказубы). Характэрныя жывёлы — антылопа скакун, бурая гіена, віверы, даўганогі, квага.
Да арт.Капская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — даўгапят; 2 — сурыката; 3 — даўганог; 4 — скакунчык; 5 — даман; 6 — трубказуб.