ЦІХАНО́ВІЧ Валянцін Мікалаевіч (29.8.1909, Вільнюс — 25.8.1978),

бел. графік; адзін з пачынальнікаў анімалістычнага жанру ў бел. графіцы. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). Творы вызначаюцца графічнай выразнасцю, эмацыянальнай вобразнасцю, тонкай стылізацыяй матываў, ураўнаважанасцю кампазіцыі. Стварыў ілюстрацыі да «Беларускіх народных казак» (1946), да кніг «Вераб’ёвы госці. Нашы прыяцелі» (з М.​Гуціевым, 1945), «Звяры нашых лясоў» (1951), «Казка пра смелага вожыка» (1957) А.​Якімовіча; «Нашы птушкі» А.​Гурло (1947, 1952); «Мурашка-Палашка» З.​Бядулі (1948, 1954); «Рыбы нашых рэк» (1952) і «Вада і вуда» (1967) А.​Вялюгіна; «Конь і леў» М.​Танка (1955), «Казка пра цара Зубра» В.​Віткі (1960), «Родны край» В.​Вольскага (1961, 1964), «Экзамен» Р.​Барадуліна (1969). Аўтар графічных твораў «Вячэрні канцэрт», «Хтосьці ідзе» (абодва 1967), «Рэха далёкага стрэлу» (1968), экслібрысаў З.​Азгура, М.​Лужаніна і інш., сатыр. малюнкаў.

М.​А.​Гугнін.

В.Ціхановіч. Ілюстрацыя да кнігі «Беларускія народныя казкі». 1946.

т. 17, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЭЙН Аляксандр Пятровіч (28.9.1906, г. Самарканд, Узбекістан — 5.10.1993),

рускі драматург. Пісаў на марскую тэматыку. З 1923 выступаў у друку як журналіст. П’есы «Вясна дваццаць першага» (1939), «Флаг адмірала» (паст. 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951) на ваен.-гіст. і рэв. тэмы. П’есы «Персанальная справа» (паст. 1954), «Акіян» (паст. 1961), «Апладысменты» (паст. 1967), «Жыў-быў Я» (1977) і інш. пра сучаснасць. Аўтар літ.-біягр. драм «У палоне часу» (1970), «Версія» (1976), кінасцэнарыяў «Суд гонару» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), кн. «Аповесць пра тое, як узнікаюць сюжэты» (кн. 1—2, 1965—76), дакумент. кн. «Неба ў дыяментах» (1976), апавяданняў, успамінаў і інш. П’есы Ш. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Персанальная справа» ў Дзярж. рус. драм. т-ры і Бел. т-ры імя Я.​Коласа (абедзве 1955), «Акіян» у рус. т-ры (1961) і інш.

Тв.:

Пьесы. Т. 1—2. М., 1978.

т. 17, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКАПІ́Н (Jakopin) Франц (29.9.1921, с. Драмлі, Славенія — 2003),

славенскі філолаг-славіст. Чл.-кар. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1985), д-р філал. н. (1978), праф. (1979). Скончыў Люблянскі ун-т, чытаў у ім курс лекцый «Фарміраванне беларускай літаратурнай мовы». У 1969 і 1978 працаваў у БДУ. З 1982 дырэктар Ін-та славенскай мовы Славенскай акадэміі навук і мастацтваў. Аўтар манаграфіі «Граматыка рускай літаратурнай мовы» (1968), артыкулаў па бел. мове і мовазнаўстве, у т. л. «Праблемы беларускай мовы і мовазнаўства» (1969—70), «Вывучэнне прыназоўнікаў у беларускай мове» (1970—71), «З галіны беларускага мовазнаўства» (1971—72; 1976—77), «Новы мовазнаўчы часопіс» (пра час. «Беларуская лінгвістыка»; 1972—73), «Манаграфіі пра словаспалучэнні ў беларускай мове» (1972—73), «Беларускі тлумачальны слоўнік» (1980—81), рэцэнзіі на кн. М.​Г.​Булахава «Усходнеславянскія мовазнаўцы» (1978) і інш.

В.​У.​Мартынаў.

т. 18, кн. 1, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЦКО́ЎСКІ Ігнат (каля 1798, Навагрудчына — 1873),

бел. і польскі пісьменнік, мемуарыст. Удзельнік паўстання 1830—31. Працаваў адвакатам у Навагрудку. З 1831 у эміграцыі ў Лондане, кампаньён А.Рыпінскага па выдавецкай справе. У 1857 вярнуўся на радзіму, жыў пад наглядам паліцыі ў маёнтку Ведзьма б. Навагрудскага пав. У эміграцыі выступаў з публіцыст. артыкуламі і вершамі. У мемуарнай кн. «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (выйшла ананімна, 1-е выд., Лондан, 1854; 2-е выд., Познань, 1858) расказаў пра побыт і звычаі жыхароў Беларусі, хваляванне сялян у мяст. Крошын Навагрудскага пав. ў 1828, пра бел. паэта П.​Багрыма (упершыню апубл. яго верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...»). Аўтар публіцыст. кніг «Палітычныя творы» (Лондан, 1853), «Трохгадовае прабыванне на Усходзе» (Лондан, 1857).

Літ.:

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 18, кн. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВІНАВА́ЧАНЫ,

асоба, прыцягнутая да крымін. адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку. Умовай прыцягнення асобы ў якасці абвінавачанага з’яўляецца наяўнасць дастатковых доказаў пра ўчыненне ёю злачынства. Прававое становішча абвінавачанага (працэсуальныя гарантыі, права на абарону і інш.) вызначаецца законам. Абвінавачаны, аддадзены пад суд, наз. падсудным.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА,

слонімскі князь 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1281. У саюзе з валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам і інш. князямі памагаў мазавецкаму кн. Кандрату (Конраду) у міжусобнай барацьбе з Баляславам Мазавецкім. Гэта адзінае сведчанне пра існаванне Слонімскага княства і яго князя.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХ ЦЕЛ ЗАДА́ЧА (у астраноміі),

задача нябеснай механікі пра рух 2 цел, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой пры дапамозе гравітацыйных сіл (гл. Сусветнага прыцягнення закон). Рашэнне Д.ц.з. паказвае, што целы (планеты) рухаюцца па адным з канічных сячэнняў (эліпс, парабала, гіпербала) паводле Кеплера законаў.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТААДКА́ЗЧЫК,

прыстасаванне для аўтаматычнай перадачы па каналах тэлеф. або тэлегр. сувязі па ўстаноўленым сігнале папярэдне закладзенай інфармацыі. Можа перадаваць, напрыклад, умоўную назву або нумар выкліканага абанента, паведамленне пра адсутнасць абанента і інш. Уваходзіць у склад тэлеф. установак, тэлегр. апаратаў, факсаў і інш.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАДЫНА́МІКА,

раздзел вучэння пра магнетызм, у якім разглядаюцца працэсы намагнічвання ў палях, што мяняюцца ў часе. Вывучэнне частотнай залежнасці магн. уласцівасцей (напр., магнітнага рэзанансу) мае значэнне ў сувязі з выкарыстаннем ферамагн. матэрыялаў у прыладах і апаратах, што працуюць у пераменных палях (гл. Ферамагнетызм).

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛА ПАМПО́НІЙ (Pomponius Mela),

рымскі географ 1-й пал. 1 ст. н.э. Родам з г. Тынгентэр (Іспанія). Каля 44 н.э. напісаў трактат у 3 кнігах «Аб будове Зямлі», дзе абагульніў звесткі ант. свету пра кантыненты і акіян, Міжземнамор’е і інш. прыбярэжныя краіны.

т. 10, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)