КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.

Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.​Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.​Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.​Вараніхін) і інш.

На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.

Літ.:

Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;

Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.

Т.​В.​Габрусь.

т. 9, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ САМАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

творчасць аматараў мастацтва, што разгарнулася на акупіраванай тэр. Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны ў партыз. атрадах, брыгадах, злучэннях на тэр. партызанскіх зон. Садзейнічала выхаванню патрыятызму і мабілізоўвала на барацьбу з ворагам. Калектывы маст. самадзейнасці партызан існавалі ў форме агітбрыгад, агітатрадаў, маст. ансамбляў, ансамбляў песні і танца, партыз. джаз-аркестраў і інш. У праграмах іх выступленняў былі песні, прыпеўкі, танцы, байкі, вершы, сатыр. сцэнкі, урыўкі з драм. п’ес, акрабатыка. Першы вядомы канцэрт адбыўся ў Гомельскім партыз. атрадзе ў вер. 1941. У многіх партыз. калектывах узнікалі песні, створаныя мясц. аўтарамі — паэтамі і музыкантамі (вядома больш за 20 аўтараў напеваў і каля 60 аўтараў паэт. тэкстаў).

Найб. значныя калектывы: Агітатрад імя А.​М.​Горкага, Лідскі партыз. т-р [агітбрыгада маст. самадзейнасці Лідскага падп. гаркома і райкома КП(б)Б пад кіраўніцтвам Я.​Д.​Гапеева (маст. кіраўнікі М.​Шчансновіч, Г.​Ананьева)], агіткалектывы 1-й Мінскай партыз. брыгады, 12-й кавалерыйскай партыз. брыгады імя Сталіна, 277-га партыз. атрада, 300-й партыз. брыгады імя К.​Я.​Варашылава, 537-га партыз. палка, 760-га партыз. атрада імя М.​Беразоўскага, атрада імя Г.​К.​Жукава, камсамольска-маладзёжнага дыверсійнага атрада імя М.​Ф.​Гастэлы, партыз. брыгад «Аляксея», «Дзядзькі Колі», імя газ. «Правда», імя Г.​К.​Жукава, імя С.​М.​Кароткіна, імя С.​М.​Кірава, «Полымя», штаба Мінскага партыз. злучэння. Дзейнічалі шматлікія агіткалектывы партыз. брыгад і атрадаў Мінскай, Палескай, Пінскай абл.

У 1943 амаль усе буйныя партыз. брыгады і асобныя атрады мелі самадз. агіткалектывы. Вядомы таксама калектывы маст. самадзейнасці цывільнага насельніцтва ў партыз. зонах (гурток у в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл., маст. кіраўнік — настаўніца М.​Васілевіч з брыгады «Штурмавая» і інш.). Буйнейшы партыз. агіткалектыў — агітатрад імя А.​М.​Горкага пасля вайны працаваў пад наз. Партыз. ансамбль Вілейскай вобл., у 1945 рэарганізаваны ў прафес. Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца.

Літ.:

Петрович С. Лесные артисты // Клуб и художествен. самодеятельность. 1967. № 11;

Титов А. Дорога дружбы. Мн., 1958;

Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди нарочанского края. Мн., 1975;

Сченснович Н.И. Записки актера и партизана. Мн., 1976.

Л.​С.​Мухарынская, С.​А.​Пятровіч.

т. 12, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,

існавалі ў 11—17 ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асн. раёны стараж. Полацка: Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак, Вял. і Запалоцкі пасады. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім» (запіс адносіцца да 13 ст.) паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах 15—17 ст. ’Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафейская і 4 безыменныя. У 17 ст., пасля ўмацавання замка, вежы перабудаваны, некат. пастаўлены ў інш. месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Гуська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная. Умацаванні Вял. пасада вядомы з 11 ст. У 16—17 ст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Зах. Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на Пн, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўн.-ўсх.). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р.Палата на З да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў. На Ніжнім замку ў 17 ст. вежы і сцены заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з 12 ст. У 16 ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вял. пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын». Археал. даследаванні П.г.у. праводзілі В.​А.​Булкін (1979), С.​В.​Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Літ.:

Гл. пры арт. Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак.

С.​В.​Тарасаў.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.

Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.​Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.​Ф.​Купера (ЗША) і Ф.​Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.​Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.​Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.​М.​Рыда. Р.​Л.​Стывенсана, Р.​Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.​Верна, Л.​А.​Бусенара (Францыя), Дж.​Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.​Грына, А.​М.​Талстога, А.​Бяляева, братоў Вайнераў, В.​Каверына, А.​Рыбакова, Ю.​Сямёнава, І.​Яфрэмава, К.​Вільмонт і інш.

На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.​Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел. пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.​Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.​Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.​Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.​Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.​Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.​Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.​Якімовіча (1997) і інш.

Майстар прыгодніцкай прозы — У.​Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Лынькова, Э.​Самуйлёнка, К.​Чорнага, У.​Дубоўкі, С.​Баранавых, Б.​Мікуліча, Р.​Мурашкі, Я.​Нёманскага, І.​Шамякіна, І.​Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.​Асіпенка, В.​Гігевіч, Л.​Дайнека, Э.​Скобелеў, М.​Чаргінец, У.​Ягоўдзік і інш.

М.​Р.​Міхайлаў.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛА́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Косаўскім с/с Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 15 км ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 141 км ад Брэста. 373 ж., 165 двароў (1995).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло Слонімскага пав. ВКЛ. У 16—17 ст. належалі М.​Глінскаму, С.​Чартарыйскаму, Тышкевічам, Л.​Сапегу і інш. З 1526 мястэчка. У 1630 пабудавана Ільінская царква. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У пач. 1880-х г. 664 ж., 42 двары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—47 у Косаўскім, у 1947—62 і з 1965 у Івацэвіцкім, у 1962—65 у Бярозаўскім р-нах.

Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ільінская царква (18 ст.) са званіцай (19 ст.). На ўскраіне вёскі 2 курганныя могільнікі.

Званіца-брама Ільінскай царквы ў Бялавічах. Канец 19 ст.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),

погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.​Гельвецый, Л.​Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.​Марсель, А.​Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.​Гусоўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШНЯ́К (Аляксандр Карлавіч) (15.8.1786 — 1831),

рускі падарожнік, батанік. Праязджаў з Дарагабужа праз Беларусь у Віцебск, Полацк (1815), з Вільні ў Кіеў. Пакінуў цікавыя звесткі пра нас. пункты Беларусі, у т. л. Мінск, Бабруйск і Бабруйскую крэпасць. Лічыў, што зах. паветы Смаленшчыны, дзе жылі беларусы, у этнічных адносінах не розніліся ад усх. паветаў Віцебскай губ. Цікавіўся этнаграфіяй, звычаямі, мовай і дыялектамі бел. сялян. Імкнуўся вызначыць геал. мінулае Беларусі, яе глебы, клімат, лясы, асабліва на Полаччыне. Башняк вядомы і як царскі шпіён, які сачыў за А.​С.​Пушкіным. У жн. 1825 разам з начальнікам паўд. ваен. Пасяленняў І.​В.​Вітам падаў данос («Запіску») у Пецярбург пра дзейнасць Паўд. т-ва дзекабрыстаў на Украіне. Памёр (паводле інш. звестак забіты) у час паўстання 1830—31.

Тв.:

Дневные записки путешествия А.​Бошняка в разные области Западной и Полуденной России в 1815 г. Ч. 1—2. М., 1820—21.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ТЫ,

тып шытага скуранога абутку з высокімі халявамі. Былі вядомы ўсх. славянам са стараж. часоў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 10—11 ст. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, найб. багатымі лічыліся каляровыя саф’янавыя боты, упрыгожаныя цісненнем, вышытым арнаментам. У гараджан былі больш простыя і танныя. У 2-й пал. 19 ст. боты сталі шыць і для заможных сялян, якія надзявалі іх пераважна на святы. Боты былі звычайна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Шылі боты са скуры буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, авечак. У мужчынскіх ботах халявы рабілі вышэй за калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, высокім і тонкім абцасам; на заднікі ў святочныя боты набівалі медныя пласцінкі і каляровыя кавалачкі скуры. Як зручны і практычны абутак боты, пераважна фабрычнага вырабу, бытуюць і ў наш час.

Н.​І.​Буракоўская.

Боты. Вёска Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ДСКІ (Іосіф Аляксандравіч) (24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),

рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.​Ахматавай, С.​Маршака, Дз.​Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.

Тв.:

Соч.: В 4 т. Т. 1—2. СПб., 1992—94;

Назидание. 1990;

Форма времени. Т. 1—2. Мн., 1992.

І.А.Бродскі.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННЫ ВО́ДКУП,

сістэма збірання ўскоснага падатку, пры якой аддаецца на водкуп прыватным прадпрымальнікам права на гандаль віном (гарэлкай). Адкупшчыкі плацілі дзяржаве загадзя абумоўленую грашовую суму і гэтым набывалі права на публічны гандаль гарэлкай. У Расіі вядомы з 16 ст. Існаваў на працягу 17 — 1-й пал. 19 ст. побач з віннай манаполіяй. Асабліва быў пашыраны ў 18 ст. Да 19 ст. не пашыраўся на шэраг зах., паўн.-зах., паўд.-зах. губерняў і Царства Польскае, дзе права на гандаль віном захоўвалі памешчыкі і гарады. З 18 ст. вінны водкуп — адна з крыніц т.зв. пачатковага накаплення капіталу. На яго аснове ўзбагачаліся купецтва і дваранства, а дзяржава атрымлівала вял. даходы (напр., у 1859—63 прыбыткі ад віннага водкупу складалі 40% усіх даходаў). Вінны водкуп выклікаў абурэнне народа і прывёў да адкрытых выступленняў у 1858—59. Сістэма віннага водкупу ліквідавана ў 1863 і заменена інш. відам ускоснага падатку — акцызам.

т. 4, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)