ГАЙДУЧО́НАК (Любоў Георгіеўна) (1921, в. Берлеж Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 22.5.1943),

адзін з арганізатараў камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны вучылася ў Мінскім пед. ін-це. Працавала настаўніцай. З ліп. 1942 упаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Мінскім р-не, з вер. чл. Мінскіх падп. міжрайкома і райкома ЛКСМБ. 22.5.1943 з групай партызан трапіла ў засаду ў в. Плябанцы Мінскага р-на, была паранена, загінула, прыкрываючы адыход таварышаў. У г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. ёй пастаўлены помнік.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎБІЦА (ням. Haubitze),

артылерыйская гармата для стральбы пад вуглом узвышэння да 70° па наземных цэлях. Першыя гаўбіцы з’явіліся ў Еўропе ў 15 ст., у Расіі (гаўфніцы) у сярэдзіне 16 ст. (гл. Артылерыя). Сучасныя гаўбіцы маюць калібр 105—203 мм, адносна кароткі ствол (15—40 калібраў), скарастрэльнасць да 10 стрэлаў за мінуту, далёкасць стральбы да 24 км (рэактыўнымі снарадамі — да 30 км). Бываюць самаходныя або буксіруюцца, некат. могуць страляць ядз. снарадамі. Гаўбіцы калібру 122-, 152- і 203-мм шырока выкарыстоўваліся ў гады Вял. Айч. вайны.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМБІ́ЦКІ (Ібрагім Рафаілавіч) (17.10.1900, Мінск — 1.1.1974),

бел. графік. Скончыў Маскоўскі ін-т выяўл. мастацтва (1938), вучань У.А.Фаворскага. Працаваў у тэхніках ксілаграфіі і каляровай лінагравюры. Сярод твораў выкананыя ў тарцовай гравюры ілюстрацыі да аповесці Я.​Коласа «Дрыгва» (1938), серыі «Разгром белапольскіх акупантаў у 1920 г.» (1939—40), «Будынак політэхнічнага інстытута ў Мінску» (1953), «Мінскі жалезабетонны завод» (1958), «Мінскі камвольны камбінат» (1960) і інш. каляровыя лінагравюры «Выган жывёлы на Усход у час вайны», «Веснавая сяўба» (абедзве 1948), «Уборка ўраджаю» (1952). Творы Гембіцкага вылучаюцца ўраўнаважанасцю кампазіцыі, танальным багаццем гравіроўкі.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НДЭРСАН, Хендэрсан (Henderson) Артур (13.9.1863, г. Глазга, Вялікабрытанія — 20.10.1935), англійскі паліт. дзеяч. У 1903 абраны ў Палату абшчын. Адзін з лідэраў лейбарысцкай партыі (у 1908—10 і 1914—17 яе старшыня, у 1911—34 сакратар). У часы 1-й сусв. вайны ў 1915—17 у складзе кааліцыйнага ўрада, у 1924 міністр унутр. спраў у 1-м лейбарысцкім кабінеце Р.​Макдональда, у 1929—31 міністр замежных спраў у 2-м кабінеце Макдональда. У 1932—33 старшыня міжнар. Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. Нобелеўская прэмія міру 1934.

А.Гендэрсан.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЕЎСКІ ТРАКТА́Т 1783,

дагавор паміж Расіяй і Картлі-Кахецінскім царствам (Усх. Грузія), заключаны 4 жн. ў Георгіеўску (Паўн. Каўказ). Паводле Георгіеўскага трактата груз. цар Іраклій II прызнаваў пратэктарат Расіі і адмаўляўся ад самаст. знешняй палітыкі. Кацярына II гарантавала Грузіі поўную аўтаномію, непарушнасць яе тэр. і абарону на выпадак вайны; прывілеяваныя саслоўі Грузіі прыраўноўваліся да адпаведных рускіх. Георгіеўскі трактат аслабіў пазіцыі Ірана і Турцыі ў Закаўказзі і падрыхтаваў далучэнне Грузіі да Расіі ў 1801.

Літ.:

Брегвадзе А.И. Славная страница истории: Добровольное присоединение Грузии к России и ею социально-экон. последствия. М., 1983.

т. 5, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1963, Елісейскі дагавор. Падпісаны 22 студз. ў Елісейскім палацы (Парыж) федэральным канцлерам ФРГ К.​Адэнаўэрам і прэзідэнтам Францыі Ш. дэ Голем. Старыў новую дагаворную аснову для германа-франц. супрацоўніцтва пасля 2-й сусв. вайны. Для практычнай рэалізацыі дагавора было дамоўлена кожныя паўгода праводзіць сустрэчы кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў, абароны, а таксама па пытаннях выхавання і моладзі. У развіццё дагавора ўтвораны сумесныя органы на ўзроўні ўрадаў: германа-франц. Савет па бяспецы і абароне, фін.-эканам. Савет; у 1989 — Савет па ахове навакольнага асяроддзя.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС ПОЛЕ́СЬЯ»,

грамадска-паліт. газета, орган Рэчыцкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа ў крас.—жн. 1917 у г. Рэчыца на рус. мове. Падтрымала Часовы ўрад і яго палітыку прадаўжэння вайны да перамогі. Друкавала афіц. ўрадавыя дакументы, звесткі з міжнар. жыцця, ваен. хроніку. Шмат увагі аддавала мясц. грамадскаму і прафсаюзнаму руху, арганізацыі самакіравання. Змяшчала дакументы і адозвы Сялянскага саюза Палескага р-на. Перадрукоўвала артыкулы з петраградскіх і маскоўскіх выданняў. Спыніла выхад у канцы жн. 1917 у сувязі з перавыбраннем Савета.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 5, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМАДА́»,

газета, орган Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася з 1.5 да 11.6.1917 у Мінску на бел. мове. Рэдактар А.​Смоліч. Змяшчала інфарм. матэрыялы, давала ацэнку грамадска-паліт. падзей у краіне, абмяркоўвала пытанні сацыяліст. светаўпарадкавання, будучага дзярж. будаўніцтва, асновы духоўнага жыцця народа. Пісала пра сац.-паліт. прычыны вайны, пра падзеі на фронце, заклікала да міру. Публікавала матэрыялы пра культ. жыццё ў Мінску, асобныя творы З.​Бядулі, Л.​Родзевіча, з запісаў А.Сержпутоўскага, рэв. песні. Выйшлі 4 нумары.

Літ.:

Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1992.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦАВЕ́Ц (Сяргей Іванавіч) (6.7.1909, в. Бараўцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.9.1939),

двойчы Герой Сав. Саюза (22.2 і 29.8.1939). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1932), школу паветр. бою (1936). Лётчык-знішчальнік, камандзір авіязвяна, атрада, знішчальнага авіяпалка. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39 (збіў больш за 30 самалётаў ворага), у 1939 баёў на р. Халхін-Гол (збіў 12 самалётаў праціўніка, у адным з баёў выратаваў камандзіра авіяпалка). Загінуў у авіякатастрофе каля пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У Мінску, Баранавічах, Балбасаве, в. Моўчадзь Баранавіцкага р-на яму пастаўлены помнікі.

С.І.Грыцавец.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНЬДЗІ́, Гуань Юй, Гуань Юньчан,

у кітайскай міфалогіі і познім афіц. кульце бог вайны і багацця, апякун вучоных і літаратараў. Яго правобразам быў рэальны Гуань Юй, які жыў у 160—219, праславіўся адвагай і вернасцю свайму правіцелю. Пазней атрымаў тытул вернага і мудрага князя, сапраўднага ўладыкі, які прыносіць мір. Храмавыя выявы Гуаньдзі паказваюць яго седзячы з кнігай Канфуцыя «Вёсны і Восені» ў руках. Яго выявы вывешвалі ў воінскіх шатрах, салдаты насілі іх як талісманы. Вядома каля 1600 дзярж. храмаў Гуаньдзі.

Гуаньдзі ў адзенні гасудара разглядае скаргу. Старажытны народны лубок.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)