гарадскі пасёлак у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. За 37 км ад Сянна, 42 км ад Віцебска. Чыг. ст. Багушэўская на лініі Віцебск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Сянном, Віцебскам, Оршай. 4,5 тыс.ж. (1995).
У 19 ст. вядомы як фальварак Багушэўка, дзе ў 1854—84 працаваў бровар. З пабудовай чыгункі Віцебск—Жлобін (1903) — чыг. ст. Багушэўская, вакол якой вырасла мяст. Багушэўск (Серакаротненская вол. Аршанскага пав.). З 1924 мястэчка Аршанскай акр. У 1926 у Багушэўску 1176 ж., у 1939 дзейнічалі арцель гнутай мэблі «Праца» (44 рабочыя) і вінзавод (34 рабочыя). З 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл., у 1939 было 3,3 тыс.ж. З ліп. 1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў сувязі з блізкасцю да лініі фронту ператварылі Багушэўск у 1943 у апорны вузел абароны; тут адбыўся Багушэўскі бой 1941. У 1924—31, 1935—60 цэнтр Багушэўскага раёна, з 1960 у Сенненскім раёне.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці і па сац.-быт. абслугоўванні. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў. Помнік у гонар войскаў 20-й арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАТО́НСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
аперацыя войскаў 3-га Укр. фронту (каманд. Ф.І.Талбухін) 6—15 сак. ў 2-ю сусв. вайну каля воз. Балатан (Венгрыя). Пасля Будапешцкай аперацыі 1944—45 войскі 3-га Укр. фронту замацаваліся на мяжы Гант — воз. Балатан — р. Драва. Войскі 2-га Укр. фронту (каманд. Р.Я.Маліноўскі) прыкрывалі вызвалены Будапешт. Абодва франты рыхтаваліся да наступлення на Вену. У Балатонскай абарончай аперацыі ўдзельнічалі таксама 1-я балг. і 3-я югасл. арміі. Гітлераўскае камандаванне, каб аднавіць абарону па Дунаі, сканцэнтравала вял. сілы каля воз. Балатан. 6 сак. яно пачало контрнаступленне і нанесла гал. ўдар паміж азёрамі Веленцэ і Балатан у напрамку Дуная, дапаможныя — паміж воз. Балатан і р. Драва на Капашвар і з паўд. берага р. Драва на Печ. Пасля цяжкіх 10-дзённых баёў гітлераўцы прасунуліся на 12—30 км, але прарвацца да Дуная не змаглі. Страціўшы больш за 40 тыс. салдатаў і афіцэраў, шмат баявой тэхнікі, 15 сак. праціўнік спыніў наступленне і перайшоў да абароны. 16—18 сак. войскі 3-га і 2-га Укр. франтоў пачалі Венскую аперацыю 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВАР ((Bolívar) Сімон) (24.7.1783, г. Каракас, Венесуэла — 17.12.1830),
адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы, ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. Амерыкі. Адукацыю атрымаў у Еўропе. Актыўна ўдзельнічаў у звяржэнні ісп. панавання ў Венесуэле (1810) і абвяшчэнні яе рэспублікай (1811). Пасля яе разгрому стварыў у жн. 1813 2-ю Венесуэльскую Рэспубліку. У 1814 пацярпеў паражэнне і пакінуў радзіму. У 1815 надрукаваў «Ліст з Ямайкі» — праграму вызвалення Лац. Амерыкі і стварэння незалежных лацінаамер. дзяржаў. У 1816 вярнуўся ў Венесуэлу. Адмена рабства (1816) і дэкрэт пра надзяленне салдатаў вызв. арміі зямлёй (1817) забяспечылі яму падтрымку шырокіх масаў. У 1819 аб’яднаў Новую Гранаду і Венесуэлу ў федэрацыю Вялікая Калумбія і стаў яе прэзідэнтам. У 1822 далучыў правінцыю Кіта (сучасны Эквадор), у 1824 вызваліў Перу, у 1825 узначаліў рэспубліку ў Верхнім Перу, якую ў яго гонар назвалі Балівіяй. У 1826 распрацаваў Канстытуцыю для Балівіі. Прыхільнік ідэі стварэння Вялікай Федэрацыі лацінаамер. дзяржаў, якую не здолеў рэалізаваць на кангрэсе ў Панаме (1826). Сепаратысцкія выступленні прывялі да звяржэння ўлады Балівара ў Перу і Балівіі. На пач. 1830 пайшоў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГКО́К, Банкок, Крунгтэп,
горад, сталіца Тайланда. Засн. ў 16 ст. 5,9 млн.ж. (з прыгарадамі, 1990). Гал. марскі і рачны порт краіны, у вусці р. Менам-Чао-Прая, за 30 км ад Сіямскага зал. Паўд.-Кітайскага м. (грузаабарот каля 30 млн.т, каля 90% імпарту і 75% экспарту краіны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл.цэнтр. Рысаачышчальныя, лесаапрацоўчыя, тэкст., папяровыя, шклокерамічныя, цэментныя, электратэхн., нафтаперапр., хім., гумавыя прадпрыемствы; аўтазборка, суднабудаванне. Мастацкія рамёствы. Ун-ты. Нац. музей. Шмат каналаў.
У планіроўцы Бангкока элементы радыяльна-кальцавой структуры, вуліцы-каналы (часткова засыпаны ў 20 ст.). Гіст. цэнтр у лукавіне ракі, вакол — «старое прадмесце», зарэчны раён Тханбуры. Горад вядомы унікальнымі помнікамі: комплекс каралеўскага палаца Чакры (канец 18 — пач. 20 ст.), храмы (ваты) Пра Кео (канец 18 ст.), Чэтупон (По), Сутат, Раджабапіт, Бенчамабапіт, Арун (усе 19 ст.). З пач. 20 ст. забудоўваецца атэлямі, банкамі, канторскімі будынкамі еўрап. тыпу. Музеі: Нац. музей Тайланда, «Каралеўскія баржы», «Тайскі дом», «Палац Суан Пакад» і інш.
Бангкок. Храм Пра Кео. 1785.Бангкок. Храмавы комплекс — Чэтупон (По). 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́ПАЛЬ,
гарадскі пасёлак на Беларусі, цэнтр Антопальскага пасялковага Савета Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.За 28 км на З ад Драгічына. На аўтадарозе Кобрын—Драгічын, чыг. ст. Антопаль на лініі Брэст—Пінск. 2,4 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 16 ст. ў складзе Берасцейскага ваяв.ВКЛ. 2.3.1731 кароль Аўгуст III надаў Антопалю прывілей на 3 штогадовыя кірмашы. З 1795 мястэчка Кобрынскага пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1897 было 3867 жыхароў, 1262 дамы, нар. вучылішча. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі сукнавальня, смалакурня, 2 маслабойні, 6 мукамольняў. У 1915 акупіраваны кайзераўскімі, у 1919 — польскімі войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак. У 1940—59 цэнтр Антопальскага р-на. З 25.6.1941 да 16.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1959 у Драгічынскім р-не.
Ватнапрадзільная ф-ка, камбінат быт. абслугоўвання, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, кінатэатр, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі, Васкрасенская царква і касцёл (помнікі архітэктуры 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЛО́ПЫ,
групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Выш. ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЫКЛО́Н (ад анты... + цыклон),
вобласць павышанага ціску ў атмасферы. Ціск з максімумам у цэнтры дасягае 1025—1070 мб на ўзр. м. У папярочніку ад соцень да 2—3 тыс.км; ахоплівае трапасферу. Вятры накіраваны ад цэнтра да перыферыі антыцыклону, пад уплывам вярчэння Зямлі адхіляюцца ў Паўн. паўшар’і па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. паўшар’і — супраць. Перамяшчаюцца са скорасцю 30—40 км/гадз з З на У, адхіляючыся да нізкіх шырот; некаторыя антыцыклоны маларухомыя.
У антыцыклонах пераважаюць сыходныя токі паветра, пры якіх адбываецца адыябатычнае награванне, таму т-ра на некалькі градусаў вышэй, чым у цыклонах. Аднак у зімовых маларухомых антыцыклонах над кантынентамі ўмераных шырот адбываецца моцнае выстуджванне паветра. Для тэрыторый, занятых антыцыклонамі, характэрны яснае і сухое надвор’е, тэмпературныя інверсіі, слабыя вятры. Узнікаюць антыцыклоны штодзённа, найб. у субтропіках (Азорскі антыцыклон) і над кантынентамі (Антарктычны антыцыклон, Азіяцкі антыцыклон і інш.). Па тэр. Беларусі за год праходзіць 15—16 антыцыклонаў, якія вызначаюць надвор’е каля 150 дзён.
І.Ю.Куляшова.
Антыцыклон. Ізабары і прыземныя лініі плыні паветра: а — Паўночнае паўшар’е; б — Паўднёвае паўшар’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,
працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.
Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв.двайное апладненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАСНЕ́ННЕ ВАДЫ́,
апрацоўка марской вады ці вады моцнамінералізаванай крыніцы з мэтай зніжэння канцэнтрацыі раствораных соляў да ступені (звычайна да 1 г/л), пры якой вада становіцца прыдатнай на піццё ці гасп. мэты. Робіцца ў апрасняльніках.
Пры апрасненні вады выпарэннем салёную ваду награваюць, пару кандэнсуюць. Пры апрасненні вады вымарожваннем выкарыстоўваюць уласцівасць салёнай вады пры замярзанні ўтвараць крышталі прэснага лёду, паміж якімі знаходзяцца крышталі салёнага лёду. Пры раставанні ў вадкі стан спачатку пераходзяць крышталі салёнага лёду, што і дазваляе аддзяліць салёную ваду ад прэснай. Пры электролізным спосабе катыёны і аніёны раствораных у вадзе соляў пад дзеяннем пастаяннага эл. поля выдаляюцца праз спец. мембраны, якія не прапускаюць прэснай вады. Гіперфільтрацыйны метад заснаваны на ўласцівасці мембран, зробленых з ацэтылцэлюлозы ці паліамідных смолаў, пры ціску, вышэйшым за асматычны, прапускаць малекулы вады, але затрымліваць гідратызаваныя іоны раствораных у вадзе соляў.
Апрасненне вады ў многаступеньчатым дыстыляцыйным апрасняльніку з імгненным закіпаннем: I—IV, N — камеры выпарэння; 1 — падагравальнік; 2 — кандэнсатар эжэктара; 3 — паравыя эжэктары; 4 — кандэнсатары; 5 — пырскаўлоўнікі; 6 — паддоны для збору кандэнсату; 7 — помпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́НЗАС (Arcansas),
штат на Пд ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўд.-Зах. Цэнтра. Пл. 137,8 тыс.км², нас. 2424 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Літл-Рок. Буйныя гарады: Форт-Сміт, Блайтвіл, Феетвіл. Гар. насельніцтва каля 50%. На ПнЗ плато Азарк (823 м), на ПдЗ горы Уашыта, на У і ПдУ урадлівая даліна Місісіпі і Берагавыя Раўніны. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-ра (у г. Літл-Рок) студз. 6 °C, ліп. 28 °C, ападкаў 1250 ммза год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Арканзас і Уайт-Рывер. Больш як палавіна тэрыторыі пад лесам (хвоя, белы дуб, кіпарыс, каменнае дрэва). Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, земляробства, турызм, лясная гаспадарка. Прамысловасць: хім., лесаапр., папяровая, электратэхн., маш.-буд., нафтаперапр., металургічная (выплаўка алюмінію і сталі), швейная і інш. Здабыча буд. пяскоў і каменю, баксітаў, нафты і газу. Вырошчваюць сою, рыс, бавоўнік, пшаніцу, кукурузу, агародніну, вінаград, садавіну. Гадуюць свіней і птушак. Адкорм буйн. раг. жывёлы, вырошчванне бройлераў. Транспарт: рачны (на Місісіпі і Арканзасе), чыг., аўтамаб., ёсць газа- і нафтаправоды. Турызм. Курорты на плато Азарк.