археалагічная культура канца бронзавага — пач. жалезнага веку (11—7 ст. да н.э.) на тэр. Кабардзіна-Балкарыі, Чэчні, Інгушэціі, Паўн. Асеціі. Назва ад могільніка каля аула Кабан (Паўн. Асеція). Вывучаны гал. чынам могільнікі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным выглядзе. Пахаванні ямныя, абкладзеныя і перакрытыя каменнымі плітамі. Пахавальны інвентар — бронзавыя паясы, спіральныя ручныя і нажныя бранзалеты, кінжалы, баявыя сякеры, вял. шпількі, бронзавыя і сердалікавыя пацеркі. Кераміка з геам. арнаментам і налепамі. Металургія К.к. — адна з найб. развітых на тэр. Каўказа, некат. бронзавыя прадметы інкруставаныя жалезам. Гал. занятак насельніцтва — авечкагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЯ МУ́ФТА,
прыстасаванне для мех. і эл. злучэння кабеляў, далучэння іх да эл. установак і апаратаў. Выкарыстоўваюцца ў кабельных лініях электраперадачы, прамысл. электраўстаноўках. Бываюць злучальныя, адгалінавальныя і канцавыя (далучальныя), разнастайныя па канструкцыі і з рознай арматурай (залежаць ад прызначэння, умоў эксплуатацыі, тыпу кабелю і інш.). Высакавольтныя К.м. на 110—750 кВ — складаныя эл.-тэхн. ўстройствы (даўж. да 6 м і больш).
Кабельныя муфты: 1 — адгалінавальная Т-падобная на 1 кВ; 2 — канцавая на 6—10 кВ; 3 — злучальная на 110—500 кВ з іскравым прамежкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБРА́Л ((Cabral) Педру Алварыш) (1467 або 1468, Белмонты, Партугалія — каля 1520),
партугальскі мараплавец. У 1500 узначаліў флатылію, якая павінна была даплыць да Індыі, але адхіліўся ад курсу і 22.4.1500 дасягнуў Бразіліі, якую прыняў за востраў і назваў Зямлёй Вера-Круш (Санта-Круш). Потым накіраваўся да мыса Добрай Надзеі (Афрыка) і ў сярэдзіне вер. 1500 дасягнуў Індыі ў раёне г. Калікут, які разбурыў за адмову гандляваць. Заключыў гандл. пагадненні з гарадамі, у студзені 1501 пакінуў краіну і ў канцы ліп. вярнуўся ў Партугалію з каштоўнымі інд. таварамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГУРО́,
адно са стараж. карэйскіх плямён, пазней назва адной з трох карэйскіх раннефеад. дзяржаў (К., Пэкчэ, Сіла). Племя К. да пач. 1 ст.н.э. займала тэр. па сярэднім цячэнні р. Амнакан. Сталіца — г. Хвандо (сучасны Цзіань у паўн.-ўсх. Кітаі), з пач. 5 ст. — Пхеньян. Найб. магутнасці дзяржава К. дасягнула ў канцы 4 ст. У 668 яна разгромлена войскамі кіт. дынастыі Тан, якая выступіла ў саюзе з дзярж. Сіла: дынастыя Тан захапіла землі на Пнадр. Тэданган, а паўд.ч. адышла да Сіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕІ́Н (адлац. caseus сыр),
складаны бялок — фосфапратэід, у якім рэшткі фосфарнай кіслаты ўтвараюць складаны эфір з гідраксільнай групай серыну.
Малекулярная маса 75—100 тыс Раствараецца ў разбаўленых шчолачах і ў водных растворах солей. Неаднародны, падзяляецца на α-, β- і φ-К., якія розняцца амінакіслотным саставам і фіз.-хім. ўласцівасцямі. Састаўная ч. малака, тварагу, сыру, брынзы (каровіна малако мае 2,5—4,5, жаночае 0,3—0,9% К.). Адзін з гал. бялкоў ежы (мае ўсе незаменныя для жыўлення арганізма амінакіслоты). Выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці пластмас, штучнага валакна. клею, фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙМІ́Н, Каймінскае возера. У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Сарачанка, за 34 км на ПнУадг.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,43 км², даўж. 1,55 км, найб.шыр. 380 м, найб.глыб. 19,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 159 км². Схілы катлавіны выш. 3—14 м, пад лесам і хмызняком, на Пн участкамі разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Дно з упадзінамі, да глыб. 4—6 м выслана пяском і апясчаненымі глеямі, ніжэй — сапрапелем. Праз возера цячэ р. Клевель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКІ́СІНА,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУадг. Лепель. Пл. 0,78 км², даўж. 1,9 км, найб.шыр. 550 м, найб.глыб. 33,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 кмПл. вадазбору 2,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м (на З і У 2—6 м), разараныя. Пойма шырокая, месцамі забалочаная. Берагі пясчаныя, зах. і паўн. забалочаныя. Мелкаводдзе шырокае, выслана пясчанымі адкладамі, глыбакаводная ч. дна — сапрапелем. Вада вызначаецца чысцінёй і празрыстасцю. Выцякае ручай у воз. Вогзіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ДЗІН (Аляксей Максімавіч) (24.10.1861, станіца Усць-Хапёрская Серафімовіцкага р-на Валгаградскай вобл. — 11.2.1918),
расійскі ваен. дзеяч, адзін з кіраўнікоў казацкага антысав. руху на Доне ў 1917—18. Генерал ад кавалерыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1882) і Акадэмію Генштаба (1889). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 17(30).6.1917 атаман войска Данскога, са снеж. 1917 і чл. кіраўніцтва «Данскога грамадз. савета». 25.10(7.11).1917 заявіў аб непрызнанні прыходу да ўлады бальшавікоў і на чале данскога казацтва пачаў узбр. барацьбу супраць іх. Пацярпеў паражэнне, скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМА́ТКА (Filago),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 3 віды К.: палявая (F. arvensis, нар. назвы бледнік, касмотка, барадач), малая (F. minima), германская (F. vulgaris). Трапляецца на пясчаных мясцінах, пустках, у хваёвых лясах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш 10—30 см. Сцябло белашарсціста-лямцавае, адзіночнае, часта ад сярэдзіны разгалінаванае. Лісце чаргаванае, сядзячае, лінейнае, суцэльнакрайняе Кветкавыя кошыкі дробныя, яйцападобныя, бледна-жоўтыя па 2—7 у клубочках. Плод — дробная сямянка. Лек., дубільныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯДАВА́ННЕ,
у славян і інш. народаў традыц. звычай абходу хат на каляды і віншаваць гаспадароў. Каляднікі (калядоўшчыкі) насілі звязду і выконвалі велічальныя калядныя песні, тэатралізаваныя сцэнкі з пераапрананнем у «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жураўля». За гэта каляднікам давалі дарункі (сала, каўбасы). У аснове К. — стараж.агр. абраднасць, прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле нар. выразу, ад каляд сонца паварочвала на лета) і забеспячэнне багатага ўраджаю ў новым гасп. годзе. К. як рэшткі язычніцтва забаранялася царквой. З цягам часу яно ператварылася ў забаву.