ПАВЕ́ЗЕ (Pavese) Чэзарэ (9.9.1908, Санта-Стэфана-Бельба, Італія —27.8.1950),
італьянскі пісьменнік. Скончыў Турынскі ун-т (1930). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. У ранніх творах (зб. вершаў «Рабочая стомленасць», 1936; аповесць «Твой родны край», 1941) матывы непрыняцця тагачаснай рэчаіснасці і трагічнага адчужэння. Спавядальны і драм. раман «Месяц і кастры» (1950) пра вяртанне ў свет дзяцінства, паэт.зб. «У смерці твае вочы» (апубл. 1951) — сведчанне душэўнага крызісу, які прывёў да самазабойства. Аўтар антыфаш. рамана «Таварыш» (1947), зб-каў аповесцей «Перш, чым заспявае певень» і «Цудоўнае лета» (абодва 1949), дзённіка «Рамяство жыць» (апубл. 1952), «Пісьмаў» (т. 1—2, выд. 1966), лірычна-філас. эсэ, навел. Творчасць П. блізкая данеарэалізму. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў А.Шаўня.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.;
Золата Фарчэлы: Сучасныя італ. апавяданні. Мн., 1968;
Рус.пер. — Прекрасное лето. Дьявол на холмах. Луна и костры. Товарищ. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУ́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Павулле,
Цётча. Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 8,45 км², даўж. 6,4 км, найб.шыр. 1,5 км, найб.глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 25 км. Пл. вадазбору 652 км². Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 6—8 м (на Пн і Зда 20 м), пераважна спадзістыя, сугліністыя і супясчаныя, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі забалочаныя. У паўд.ч. 2 вузкія доўгія залівы. На ПнУ і У забалочаная пойма шыр. 15—25 м. Востраў пл. 6 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае і пясчана-гліністае, глыбей дно сапрапелістае. У летні час вада праграваецца да дна і добра насычаецца кіслародам. Мінералізацыя каля 200 мг/л. Празрыстасць 0,7—1,3 м. Эўтрофнае. Зарастае. Возера багатае рыбай, ёсць вугор. Праз возера цячэ р. Дзіва (злучае яго з азёрамі Бярозаўскае і Янова). Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. з азёр Чарсцвяцкае і Вяркудскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял.кн.ВКЛ Вітаўтам і вял.кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,
помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЭ́СТА (італьян. podestá ад лац. potestas улада),
кіраўнік выканаўчай і суд. улады ў італьянскіх гарадах-камунах у 12 — пач. 16 ст. Выбіраўся з іншагародніх жыхароў на тэрмін ад 6 мес. да 1 года. У 2-й пал. 12 ст. імператар Фрыдрых I Барбароса прысвоіў сабе права прызначэння П., ператварыўшы яго ў прадстаўніка імператарскай улады. Пасля бітвы каля Леньяна (1176) гарады зноў самі выбіралі П. У сярэдзіне 13 ст. паспяховая барацьба папаланаў з патрыцыятам прывяла ў шэрагу гарадоў (Балоння, Фларэнцыя, Сіена і інш.) да аслаблення ўлады П. на карысць нар. капітанаў. У 14—15 ст. П. мелі толькі юрыд. функцыі, у пач. 16 ст. іх замянілі калегіі суддзяў. У некаторых буйных сярэдневяковых гарадах-дзяржавах Італіі (Фларэнцыя, Венецыя, Генуя) П. называлі прадстаўнікоў падуладных гарадоў, якія прызначаліся цэнтр. уладай. У час фаш. дыктатуры ў Італіі ў гарадах была ўведзена (1926) вышэйшая адм. пасада П., якую займалі па прызначэнні ўрада. У 1946 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАГАЛАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы і іх сістэмы, што знаходзяцца па-за нашай Галактыкай, і прастору паміж імі. Займаецца даследаваннем галактык, квазараў і інш. аб’ектаў, якія выпрамяняюць у аптычным, радыё-, гама-, рэнтгенаўскім і інш. дыяпазонах эл.-магн. хваль. Задачы П.а. — пабудова мадэлей эвалюцыі галактык і іх узаемадзеяння, вывучэнне прыроды квазараў, гравітацыйных лінзаў і інш. аб’ектаў.
Узнікла ў сярэдзіне 1920-х г. дзякуючы працам Э.П.Хабла. Былі выяўлены асобныя зоркі ў Андрамеды туманнасці, што сведчыла пра яе падабенства да нашай Галактыкі і што па-за межамі Млечнага Шляху існуюць іншыя зорныя сістэмы. Развіццё радыёастраноміі прывяло да адкрыцця квазараў і радыёгалактык. У выніку развіцця П.а. створана класіфікацыя галактык, вывучаюцца іх скопішчы і звышскопішчы, пабудавана карціна расшырэння Сусвету.
Літ.:
Воронцов-Вельяминов Б.А. Внегалактическая астрономия. 2 изд. М., 1978;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Тейлер Р.Дж. Галактики: Строение и эволюция: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРА́С,
расійскія кампазітары, браты. Нарадзіліся ў Кіеве.
Дзмітрый Якаўлевіч (7.11.1899—20.12.1978), кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1957). Нар.арт. Расіі (1963). Нар.арт. Чэчэна-Інгушскай АССР (1964). Нар.арт.СССР (1975). Вучыўся ў Петраградскай кансерваторыі (1913—17). У 1923—26 дырыжор і муз. кіраўнік у маскоўскіх драм. і эстр. т-рах, у 1936—72 кіраўнік эстр. аркестра Цэнтр. Дома культуры чыгуначнікаў у Маскве. Аўтар «Марша Будзённага» (1920), кантаты «Наперад», каля 300 эстр. і масавых песень (многія напісаны разам з братам), у т. л. «Конармейская», «Калі заўтра вайна», «Масква майская», «Развітанне», «Марш танкістаў», «Тры танкісты», адметных яскравым меладызмам; твораў для скрыпкі, рамансаў, музыкі дадрам. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Данііл Якаўлевіч (30.11.1905—16.4.1954), кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21). З 1930-х г. супрацоўнічаў з братам. Аўтар песень, «Уверцюры на цюркскія тэмы» для сімф.арк., стр. квартэта, музыкі да кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́БСКІЯ СЛАВЯ́НЕ,
група заходніх славян (плем. саюзы бодрычаў, люцічаў, лужыцкіх сербаў), якія размаўлялі на палабскай мове. У канцы 1 — пач. 2-га тыс. насялялі землі паміж рэкамі Лаба (Эльба) і Одра (Одэр) ад Балтыйскага м. на Пнда Рудных гор на Пд (цяпер тэр.Усх. Германіі і часткова Зах. Польшчы). Найважнейшыя цэнтры — Торгаў, Прыворна, Рэрык, Убаба, Бранібар (цяпер Брандэнбург) і інш. У 6—8 ст. у П.с. адбываўся распад першабытнаабшчыннага ладу, складваліся феад. адносіны Займаліся пераважна земляробствам, у 9—10 ст. значнае развіццё атрымалі рамёствы. Гандлявалі з Саксоніяй, Даніяй, Швецыяй, Кіеўскай Руссю.
У 10 ст. пачалося заваяванне П.с. герм. феадаламі. 11—12 ст. — перыяд найб. росквіту П.с., паспяховага супраціўлення герм. агрэсіі, узнікнення раннефеад. дзярж. утварэнняў, т.зв.Вендскай дзяржавы бодрычаў і люцічаў. П.с. на чале з князем бодрычаў Ніклатам разграмілі крыжовы паход супраць славян 1147. У 2-й пал. 12 ст., скарыстаўшы тэр. раздробленасць П.с., герм. феадалы захапілі іх землі. Ням. каланізацыя прывяла да частковага знішчэння і асіміляцыі П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ш (польскае pałasz ад венг. pallos),
ручная халодная зброя, прызначаная для нанясення колючага або сякучага ўдару. Меў даўжыню простага адналязовага клінка 85 см, на канцы завостранага з двух бакоў, і дзяржанне з ахоўнай гардай. З’явіўся ў Еўропе ў 16 ст. і разам з шабляй і шашкай прызначаўся для замены мяча. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 17—18 ст. (быў на ўзбраенні гусараў, драгунаў і інш.). У войску ВКЛ ім таксама ўзбройваліся паштовыя (радавыя кавалерыі нешляхецкага паходжання); афіцэры коннай гвардыі былі ўзброены гвардз. П. з гардай, багата аздобленай пазалотай. У Расіі быў на ўзбраенні з канца 17 да канца 19 ст.; на флоце П., як від абардажнай зброі, меў больш кароткі клінок. Да 1917 П. — частка форменнай амуніцыі гардэмарынаў. У 1940—58 П. насілі курсанты сав. вышэйшых ваен.-марскіх вучылішчаў. У ВМФ Расіі і некаторых інш. дзяржаў П. уваходзіць у склад форменнага рыштунку для асістэнтаў пры Баявым Сцягу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́Р’Е (Pomorze),
гістарычная назва паўн. прыбалтыйскай ч. Польшчы. Складаецца з Зах. П. і Усх. (ці Гданьскага) П. У канцы 10 ст. П. насялялі памаране, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы. Зах. П. ў 1181 трапіла ў васальную залежнасць ад «Свяшчэннай Рым. імперыі», германізавана (ням. Pommern Памеранія). Да 1637 тут захоўвалася мясц. (слав.) княжацкая дынастыя. Паводле Вестфальскага міру 1648 Зах. і ч.Усх. Памераніі атрымала Швецыя, астатнюю ч.Усх. — Брандэнбургска-пруская дзяржава. Усх., ці Гданьская Памеранія (ням. Pommerellen Малая Памеранія), якую ў 1308—09 захапіў Тэўтонскі ордэн, адваявана Польшчай у выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66. У канцы 18 ст. далучана да Прусіі. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Польшчы была вернута б.ч.Усх. П. (без Гданьска з акругай). Патсдамскай канферэнцыяй 1945 зах. мяжа Польшчы ўсталявана па Одры і Нысе-Лужыцкай.
Літ.:
Historia Pomorza. T. 1—2. Poznań, 1969—84;
Dzieje Pomorza Nadwiślańskiego od VII wieku do 1945 roku. Gdańsk, 1978.