найбольш пашыраны цяжэйшы за паветра лятальны апарат для палётаў у атмасферы; асн. сродак авіяцыі. Адрозніваюць С.: грамадзянскія (пасажырскія, грузавыя і спец. прызначэння — санітарныя, сельскагаспадарчыя, для тушэння лясных пажараў, аэрафотаздымкі і інш.), ваенныя (бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, разведчыкі, ваенна-транспартныя і інш.), вучэбныя; поршневыя, турбавінтавыя, турбарэактыўныя і ракетныя; сухапутнага базіравання, карабельныя, гідрасамалёты, «амфібіі»; самалёты вертыкальнага ўзлёту, скарочанага і звычайнага ўзлёту і пасадкі; манапланы і біпланы; дагукавыя, звышгукавыя і гіпергукавыя. Найб. вядомыя С.: аэробусы («Боінг» і «Канкорд»), трансп. (грузавыя) «Антэй», «Руслан» і «Мрыя» (Ан-225, для перавозкі грузаў масай да 250 т, далёкасць палёту да 14,7 тыс.км).
Асн. часткі С.: планер (крыло, фюзеляж, апярэнне, шасі), сілавая ўстаноўка (складаецца з авіяцыйных рухавікоў, уваходных і выхадных устройстваў, сістэм кіравання, паліўнай і інш.), а таксама (для ваенных) узбраенне (пушачнае, ракетнае, бамбардзіровачнае). Сілавая ўстаноўка стварае цягу, а крыло пры наяўнасці паступальнай скорасці — пад’ёмную сілу. Для кіравання С. выкарыстоўваюць штурвальныя калонкі, ручкі кіравання, разнастайныя навігацыйныя прылады (у т. л.авіягарызонты, аўтапілоты, аўташтурманы, вышынямеры). У навігацыі паветранай і ў самім працэсе ваджэння С. (самалётаваджэнні) выкарыстоўваюцца сучасныя навігацыйныя комплексы, якія аб’ядноўваюць з дапамогай ЭВМ прылады і сістэмы С. з наземнымі навігацыйнымі сістэмамі. У ваен. С. выкарыстоўваецца прыцэльна-навігацыйная сістэма (складаецца з прыцэльнай, навігацыйнай, індыкатарнай і дальнамернай падсістэм). Для ўзлёту, пасадкі і абслугоўвання С. будуюць аэрадромы (звычайна ў складзе аэрапорта). Вытв-сцю С., авіяц. рухавікоў, абсталявання, бартавых сістэм і інш. займаецца авіяцыйная прамысловасць. Для палётаў на малой вышыні з выкарыстаннем экрануючага эфекту паверхні існуюць экранапланы, для заняткаў самалётным спортам — спец. спартыўныя С.
Канцэпцыю С. з раздзеленымі функцыямі нясучай паверхні (крыла) і рухальніка (вінта) прапанаваў у 1799 англ. вучоны і вынаходнік Дж.Кейлі. Патэнт на С. з парасілавой устаноўкай атрымаў у 1881 А.Ф.Мажайскі, паставілі на С. рухавік унутр. згарання і ажыццявілі на ім першыя палёты ў 1903 браты Райт (гісторыю развіцця самалётабудавання гл. ў арт.Авіяцыя). Да канца 20 ст. створаны С. з макс. скорасцю больш за 3000 км/гадз, найб. вышынёй палёту больш за 30 км, далёкасцю палёту больш за 10 тыс.км, грузападымальнасцю да 250 т, пасажыраўмяшчальнасцю да 550 чал.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Шульженко М.Н. Конструкция самолетов. 3 изд. М., 1971;
Яковлев А.С. Советские самолеты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолеты. М., 1981;
Пономарев А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Житомирский Г.И. Конструкция самолетов. М., 1991.
С.М.Кузьменка, У.М.Сацута.
Самалёт: а — «Тып XI» Л.Блерыо, які зрабіў першы пералёт з Барака (Францыя) у англійскі Дуўр (1 — рухавік, 2 — цыліндры паветранага ахаладжэння, 3 — паліўны бак, 4 — бак для павелічэння пад’ёмнай сілы); б — «Боінг-747» (1 — кабіна экіпажа, 2, 4 — перадкрылкі, 3 — турбавентылятарныя рухавікі, 5 — закрылкі, 6 — пасажырскія месцы на 330—490 чал., 7 — стабілізатар са зменным вуглом устаноўкі, 8 — гідраўлічнае шасі, 9 — патрубак для запраўкі палівам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая (харвацка-сербская), што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце сербамі і харватамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы сербаў, чарнагорцаў, харватаў і мусульманскай часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час турэцкага панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус харвацкай мовы (Рэспубліка Харватыя) і С.м. (Саюзная Рэспубліка Югаславія). Ужываецца ў Венгрыі, Румыніі, Германіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.
У аснове С.м. — штокаўскі дыялект з трыма асн. тыпамі гаворак (екаўскі/іекаўскі, экаўскі і ікаўскі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у пэўных пазіцыях гук р словаўтваральны, з 25 зычных 5 мяккія (љ, њ больш мяккія, чым бел. [ль], [нь]), [х] менш актыўны, чым бел. [х] (у многіх гаворках страчаны ці замяняецца санорнымі [в] і [ј]), націск політанічны ці музычны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адз.л., марфал. выражэнне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў назоўніках адз.л. м.р., адсутнасць скланення ў колькасных лічэбніках пасля 5, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова, займеннікавыя і дзеяслоўныя энклітыкі, суіснаванне інфінітыва і канструкцыі «да + форма цяперашняга часу», якая яго змяняе; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык.
Першыя пісьмовыя помнікі: кірылічныя Міраславава і Вуканава евангеллі (канец 12 — пач. 13 ст.), Грамата бана (баснійскага правіцеля) Куліна 1198. Развіццё пісьменства і літ. мовы затармазілася нашэсцем туркаў (канец 14 ст.) і шматвяковым турэцкім прыгнётам. Пісьмовая традыцыя развівалася толькі на свабодных ці часткова незалежных тэрыторыях і ў суседніх землях (у 1494 у Чарнагорыі іераманах Макарый надрукаваў слав. кірылічную кнігу, у 15 ст. ў рукапісах распаўсюджвалася па Русі «Сербская Александрыя», у 16 ст. на Беларусі зроблены пераклад-пераказ з сербскага перакладу «Аповесці пра Баву Каралевіча»). Сучасная літ. С.м. сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. на базе наваштокаўскіх гаворак. У яе фарміраванні вызначальнай была дзейнасць В.Караджыча. Рэфармаваны ім сербскі кірылічны алфавіт (вуковіца) адлюстроўвае спецыфіку гукавой сістэмы С.м., у т. л. за кошт увядзення спец. графічных знакаў для перадачы спецыфічных сербскіх зычных. Выкарыстоўваецца і лацінка (асабліва ў побытавай сферы).
Літ.:
Толстой Н.И. Литературный язык у сербов в конце XVIII—начале XIX в. // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. М., 1978;
Леонова Л.В. Сербскохорватский язык. Мн., 1988;
Сокаль Н.И., Зайцева С.В., Вукович Б. Сербский язык. СПб., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАЛО́ГІЯ (ад позналац. Sina Кітай + ...логія), кітаязнаўства,
сукупнасць грамадскіх навук, якія вывучаюць гісторыю, філасофію, эканоміку, мовы, л-ру і культуру Кітая. Ужываецца як паняцце па-за межамі гэтай краіны. Першыя звесткі пра Кітай еўрапейцы атрымалі ў канцы 13 ст. з нататак Марка Пола Да сярэдзіны 19 ст. ў Еўропе працягвалася назапашванне навук. звестак пра Кітай. У канцы 16—18 ст. ўклад у С. зрабілі каталіцкія місіянеры-езуіты, у т. л. М.Рычы, які першы з еўрапейцаў азнаёміўся з кіт. класічнымі літ. помнікамі. Важнае значэнне мелі нататкі рас. пасланніка ў Пекіне ў 1655—57 Ф.І.Байкова, даследаванні супрацоўнікаў Рас. духоўнай місіі ў Пекіне (1727—1866), у іх ліку М.Я.Бічурына, П.І.Кафарава, ураджэнцаў Беларусі І.А.Гашкевіча і А.М.Кульчыцкага. Пашырэнне кантактаў Кітая з зах. светам пасля паражэнняў у т.зв. опіумных войнах 1840—42 (з Вялікабрытаніяй) і 1856—60 (з Вялікабрытаніяй і Францыяй) стымулявала рост цікавасці да яго ў Еўропе і станаўленне С. як навукі. У канцы 19 ст.англ. вучоны Дж.Лег пераклаў усе кананічныя кнігі канфуцыянства і даасізму з каментарыямі. У 2-й пал. 19—пач. 20 ст. склаліся ням.-галандская, франц. і англ. школы С. Іх найб. выдатныя прадстаўнікі: немцы В.Грубе (кіт. звычаі, абрады) і О.Франке (гісторыя канфуцыянства, ідэалогія імператарскага Кітая), нідэрландзец Я.Я. дэ Гроат (рэлігія, гісторыя і культура Кітая, 6-томная праца «Рэлігіі Кітая»); французы Э.Шаван (канфуцыянства, даасізм, будызм), П.Пельё (кіт.-будысцкая традыцыя), А.Масперо (кіт. міфалогія); англічане Г.А.Джайлс (л-ра і філасофія) і А.Уэйлі (маст. культура). У 1930—50-я г. ўзнікла гіст. фаналогія кіт. мовы (Б.Карлгрэн, Швецыя), з’явіліся працы па кіт. простанар. вераваннях і абрадах (Э.Эбергард, Германія), філасофіі даасізму і канфуцыянства гісторыі Стараж. Кітая (Э.Грэм і Х.Х.Дабс, Вялікабрытанія), гісторыі кіт. грамадскай думкі (Э.Балаш, Францыя—Германія), філасофіі і міфалогіі (Д.Бодэ, ЗША). З сярэдзіны 20 ст. ў самаст.навук. дысцыпліны вылучыліся даалогія (вывучэнне даасізму; А.К.Зайдэль, Г.Крыл, Н.Сівін, К.М.Скіпер), сіна-будалогія (вывучэнне будызму; Э.Цюрхер, Р.Х.Робінсан, К.Чэнь), вывучэнне гісторыі і культуры Стараж. Кітая (Д.Н.Кітлі, М.Лёве, Дж.Мейджар, К.Чан), гісторыя літ.-тэарэт. і маст.-эстэт. думкі ў Кітаі (Дж.Лю, А.Райт, Ф.Такеі). Заснавальнік С. ў Расіі — В.П.Васільеў, арганізатар і першы кіраўнік кафедры кіт. мовы ў Пецярб. ун-це (1855). Яго паслядоўнік С.М.Георгіеўскі (1851—93) — спецыяліст у галіне міфалогіі і традыц. культуры Кітая. У сав. час пытанні С. распрацоўвалі В.М.Аляксееў, Ю.К.Шуцкі, А.А.Штукін, М.І.Конрад, Л.Дз.Пазднеева, В.Л.Фішман, у 1990-я г. — Л.С.Васільеў, Ю.Л.Кроль, У.В.Малявін. Л.С.Пераломаў, М.Я.Краўцова і інш. У Рэспубліцы Беларусь філалагічнай С. займаецца А.М.Гардзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́НЬКАЎСКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. Размешчаны на раўнінным рэльефе (прамавугольны ўчастак каля 15 га) са схілам у бок штучнага вадаёма, на р. Рапуса. З захаду мяжа праходзіць па гал. вуліцы вёскі. Уключаў палац, 2 жылыя дамы, гасп. пабудовы, царкву, касцёл, парк. Захаваліся флігель, павільён (т.зв. скарбчык), жылы дом, усх. брама (часткова), альтанка, некат. гасп. пабудовы. Палац пабудаваны ў 1880 у стылі рамантызму з выкарыстаннем форм сярэдневяковай архітэктуры. Аднапавярховы П-падобны ў плане будынак з 2-яруснай вежай. Другі ярус вежы меў 4 балконы, адкуль адкрывалася кругавая паркавая панарама. Перад палацам быў невял. круглы фантан (захавалася чаша). Падземнымі пераходамі-калідорамі палац быў злучаны з флігелем (кухня), з паўн. боку — са спец. павільёнам (скарбчыкам), прызначаным для б-кі (больш за 20 тыс. тамоў, збор рукапісаў) і калекцый уладальніка сядзібы (нумізматычныя зборы, гіст. малюнкі, збор жывапісу і графікі, гравюры, стараж. абразы, зброя, рэчы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш.). Флігель — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны замковым каменем; вуглы і цокаль руставаныя. Скарбчык — 2-павярховы квадратны ў плане павільён з 4 вуглавымі вежамі, нагадвае сярэдневяковы замак у мініяцюры. Вежы завершаны шатровымі галоўкамі, упрыгожаны аркатурнымі паясамі. Каля 1900 пабудаваны мураваны жылы дом у стылі неаготыкі. Двухпавярховы Г-падобны ў плане, з кароткім 2-павярховым і падоўжаным 1-павярховым крыламі. Вылучаецца паўд. фасад 1-павярховага аб’ёму, у дэкоры якога выкарыстаны пілястры, прафіляваныя ліштвы, сандрыкі. Касцёл (19 ст.) знішчаны ў пач. 20 ст. Парк (закладзены ў 1870-я г. ў сядзібе графа Э.Гутэн-Чапскага) пейзажнага тыпу з элементамі рамантызму. Пл. каля 15 га. З трох бакоў абнесены мураванай сцяной (захавалася часткова), на Пд — вял. штучны вадаём. Кампазіцыя парку пабудавана на 3 шырокіх перспектывах, якія з узвышанай часткі раскрываюцца ў бок вадаёма. У зах. частцы стаяў палац. На ПдУ ад яго пачынаўся шырокі луг, перарэзаны пратокай з 2 астравамі. На зах. в-ве стаіць альтанка — 8-калонная ратонда. Замыкала перспектыву Мікалаеўская царква (1858, засталіся руіны) на процілеглым беразе вадаёма. У 1880—90-я г. пры ўездзе ў парк з У пабудавана мураваная брама з вартоўняй. Брама — 3-пралётная стральчатая арка з высокай цэнтр. часткай, завершанай ступеньчатым шчытом. Сцены апрацаваны плоскімі арачнымі нішамі. У парку растуць экзоты: хвоя веймутава, піхта сібірская, вяз голы, ліпа сэрцападобная, клёны вастралісты і серабрысты, туя заходняя, каштан конскі васьмітычынкавы і інш., на в-ве перад альтанкай — адзіны ў Беларусі экзэмпляр дуба чарэшчатага ніцага. Палац разбураны ў Вял.Айч. вайну, на яго месцы пабудавана школа-інтэрнат.
А.В.Алісейчык, В.Р.Анціпаў.
Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль. Будынак былой бібліятэкі.Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль. Брама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭ́ДНЯЯ ЛІТВА́ (Litwa Srodkowa),
Усходняя Літва, польская марыянетачная дзяржава на тэр. Віленшчыны і Гродзеншчыны ў 1920—22. Утворана з мэтай далучэння да Польшчы Віленшчыны, якая паводле ўмоў польска-літоўскага пагаднення, падпісанага 7.10.1920 у г. Сувалкі, вызначалася як тэр. Літвы. Уключала Ашмянскі, Свянцянскі, Трокскі, Віленскі, Браслаўскі і Лідскі пав., захопленыя ў кастр. 1920 войскамі ген. Л.Жалігоўскага па загадзе Ю.Пілсудскага. Тэр. С.Л. складала каля 10 тыс.км² і налічвала 530 тыс.ж., з якіх больш за 40% былі беларусы. Вярх. ўлада ў С.Л. знаходзілася ў руках ген. Жалігоўскага, функцыю ўрада выконвала Часовая кіруючая камісія, гал. задачамі якой было забеспячэнне паліт. і эканам. стабільнасці краю. На тэр. С.Л. была створана самаст. судовая сістэма. С.Л. залежала ад грашовых крэдытаў польскага ўрада, а яе эканоміка — ад стану гаспадаркі Польшчы і польскай маркі. На тэр. С.Л. на працягу 1921 пачалі дзейнічаць 432 прамысл. і каля 1370 дробных прадпрыемстваў. Асн. прадметам экспарту была прамысл. сыравіна (дрэва, лён і інш.). Улады С.Л. распрацавалі праект электрыфікацыі краю. Беспаспяхова скончылася спроба правядзення зямельнай рэформы, якая мела на мэце аслабленне сац. напружання на вёсцы.
На тэр. С.Л. дзейнічалі і бел. арг-цыі, у т. л.Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, група былых слуцкіх паўстанцаў пад кіраўніцтвам У.Пракулевіча і П.Жаўрыда, бел. камуністы на чале з К.Цярэшчанкам і Э.Русецкім, паланафільская арг-цыя «Беларуская краёвая сувязь» (кіраўнік П.Аляксюк), якая выказвалася за далучэнне С.Л. да Польшчы. У канцы 1920 заснавана бел.Барунская настаўніцкая семінарыя, працягвала працаваць Віленская беларуская гімназія. У 1921 па ініцыятыве Б.Тарашкевіча створана Таварыства беларускай школы, дзейнічала 186 бел. школ. Каб надаць выгляд законнасці далучаных да Польшчы тэрыторый, 8.1.1922 польскі ўрад арганізаваў выбары ў часовы сейм С.Л. У выбарах прынялі ўдзел 64,4% выбаршчыкаў. Большасць бел. і літ. насельніцтва байкатавала выбары, якія сталі перамогай прыхільнікаў інкарпарацыі. Паводле рашэння часовага сейма ад 20.2.1922 С.Л. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы і была ўключана ў Віленскае ваяводства. Гэта стала адной з падстаў Віленскага канфлікту 1920—39. У час уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у вер. 1939 Віленскае ваяв. было занята Чырв. Арміяй. Згодна з сав.-літ. дагаворам ад 10.10.1939 тэр. яго з Вільняй, Віленска-Трокскі і частка Свянцянскага пав. перададзены Літве (агульная пл. 6909 км² з нас. 490 тыс.чал.). У жн. і ліст. 1940 Літ. ССР перададзена яшчэ больш за 2600 км²тэр.БССР. На астатняй тэр. Віленшчыны ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.
Літ.:
Грыцкевіч А. Беларускалітоўскія дачыненьні 1918—1922 гг. // Спадчына, 1994. № 5;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Зинкявичюс 3. Восточная Литва прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996;
Знешняя палітыка Беларусі. Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Dominiczak H. Granici wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. Warszawa. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛАЧЫ́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1931). Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 34,1 тыс.чал. (2002), гарадскога 45%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км² Цэнтр — г.Талачын. Раён уключае г.п.Коханава. 271 сельскі нас. пункт, Коханаўскі пасялковы Савет, 10 сельсаветаў: Аболецкі, Азерацкі, Алёнавіцкі, Валосаўскі, Воўкавіцкі, Жукнеўскі, Плоскаўскі, Серкавіцкі, Слаўнаўскі, Талачынскі. На З раёна невял. плошчы забруджаны радыенуклідамі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Тэр. раёна знаходзіцца ў межах Аршанскага ўзвышша. Паверхня спадзіста-хвалістая і градава-ўзгорыстая, 70% яе на выш. 200—240 м, ніжэй за 200 м каля 20%. Найвыш. пункт 255 м (каля в. Серкавіца). Глыбіня расчлянення рэльефу да 25—30 м/км². Карысныя выкапні: торф. пясок. пясчана-жвіровы матэрыял. гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -7.6 °C, ліп. 17.6 С Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 182 сут. Па тэр. раёна праходзіць водападзел паміж рэкамі басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Тут бяруць пачатак р. Друць з прытокамі: Бярозаўка, Хвашчоўка з Малінаўкай і Прудчанкай. Крывая з Іржэўкай; Бобр з Асакой; Абчуга; Пліса з Ільянкай; Абалянка; Еленка; на мяжы з Аршанскім р-нам працякае р. Адроў з прытокамі Дзярноўка і Сакалянка. Азёры: Касмачэўскае, Глыбокае. Сярэдняе. Вадасховішчы на рэках Друць. Рагачоўка. Сакалянка. Крывая. Пліса. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (59.8%), дзярнова-падзолістыя (24,7%). Пад лесам 30,2% тэрыторыі. Пераважаюць лясы яловыя. хваёвыя. бярозавыя; трапляюцца асінавыя, чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, ліпавыя, дубровы; 13% — штучныя насаджэнні. пераважна хваёвыя. Найб. масівы на З і ПдУ раёна Пад балотамі 2,1% тэр. раёна. Найб. балоты Усвіж-Бук, Слаўнае. У межах раёна мікразаказнікі: бат. Лаўрэнавічы (мядзведжая цыбуля) і ландшафтна-гідралагічны Скарпуцева. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Рацава» і «Юзафполле».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 85,4 тыс.га, з іх асушаных каля 20 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 17 калгасаў, 5 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак, 6 сялянска-калект. прадпрыемстваў, свінакомплекс «Нарцызава». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (віно, пладова-ягадныя напіткі, крухмал, макаронныя вырабы, масла, сыр, малочныя прадукты), буд. матэрыялаў (жалезабетонныя і сталярныя вырабы, піламатэрыялы), машынабуд. (экскаватары, машыны для кормавытворчасці), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (торфабрыкеты), тэкстыльнай (баваўняныя тканіны), кааператыўнай (хлебабулачныя, каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі); лясгас (піламатэрыялы). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі з Талачына ў Сянно і Круглае; газаправоды Ямал (Расія) — Еўропа, Таржок (Расія) — Івацэвічы; прадуктаправод Унеча—Полацк. У раёне 13 сярэдніх, 11 базавых, 8 пачатковых, 2 спарт. школы, 2 школы мастацтваў, ПТВ, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, Дом рамёстваў, спарт.аздараўленчы лагер, 2 спарт. комплексы, 19 дашкольных устаноў, 36 клубаў, 35 б-к, 6 бальніц, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 19 фельч.-ак. пунктаў. Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей. Выдаецца газ. «Наша Талачыншчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕБЕЛАРУ́СКІЯ АРХІ́ЎНА-АРХЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КАНФЕРЭ́НЦЫІ Адбываюцца з 1924 у Мінску (некат. маюць юбілейны характар; у 1930—50-я г. замест канферэнцый праводзіліся нарады архіўных работнікаў). У канферэнцыях удзельнічаюць супрацоўнікі архіўных органаў і ўстаноў, прадстаўнікі акад. ін-таў гуманітарнага профілю, музеяў, бібліятэк, ВНУ, выд-ваў Беларусі (з 1990-х г. і замежных краін). На іх абмяркоўваюцца тэарэтыка-метадычныя і практычныя пытанні па праблемах архівазнаўства, археаграфіі, архіўнай справы і інш. спецыяльных гіст. дысцыплін. Справаздачы і інфарм. паведамленні пра вынікі іх дзейнасці рэгулярна змяшчаюцца ў рэсп. перыядычным друку, спецыялізаваных архіўна-археагр. часопісах і бюлетэнях Расіі, Польшчы, Украіны і Беларусі (з 1999). Матэрыялы некат. канферэнцый надрукаваны асобнымі выданнямі.
Першая Усебеларуская канферэнцыя архіўных работнікаў адбылася 12—15.5.1924 у сувязі з рэарганізацыяй архіўнай справы ў БССР. Удзельнічала каля 30 чал.Другая канферэнцыя архіўных работнікаў БССР адбылася 19—24.12.1927. На ёй разгледжаны дзейнасць і чарговыя задачы дзярж. архіўных устаноў Беларусі, ухвалена іх рэарганізацыя. Прысутнічалі 23 дэлегаты. Наступныя канферэнцыі і нарады, якія склікаліся на Беларусі, не мелі паслядоўнай нумарацыі. Усебеларуская нарада архіўных работнікаў адбылася 22—24.4.1937. Прысвечана вынікам Пленума ЦКВКП(б) (23.2—5.3.1937), у духу таго часу адзначыла «засмечанасць» бел. архіваў т.зв. ворагамі народа, існаванне «шкодных» тэорый у архіўнай справе і інш. Прысутнічала 37 чал.Навуковая канферэнцыя па архівазнаўстве і крыніцазнаўстве ў Беларусі адбылася 13—14.6.1968. Прысвечана 50-годдзю сав. архіўнага будаўніцтва. Удзельнічала больш за 200 чал. Навуковая канферэнцыя архіўных устаноў Беларусі, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння У.І.Леніна, адбылася 3.4.1970. Навуковая канферэнцыя па праблемах выдання гістарычных крыніц і развіцця археаграфіі ў БССР адбылася 12—13.10.1976. Міжнародная навукова-тэарэтычная канферэнцыя «Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы» адбылася 1—2.12.1993; удзельнічала больш за 70 чал.Навуковая канферэнцыя «М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі (да 90-х угодкаў вучонага)» адбылася 14—15.2.1996; удзельнічала больш за 50 чал.Міжнародная навуковая канферэнцыя «Замежная архіўная беларусіка» адбылася 25—26.4.1996; удзельнічала больш за 70 чал.Міжнародная навуковая канферэнцыя «Праблемы беларускай археаграфіі» адбылася 11—12.3.1999. Прысвечана 175-годдзю выхаду 1-га бел. археаграфічнага зб. «Беларускі архіў старажытных грамат». У яе рамках працаваў міжнар. семінар «Педагагічныя аспекты гістарычнай інфарматыкі». Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Архівы Беларусі на рубяжы XX—XXI ст.: гісторыя, стан, перспектывы развіцця» адбылася 8—9.2.2000. У яе рамках працаваў 2-і бел.-франц. архіўны семінар, па выніках канферэнцыі прыняты рэкамендацыі, надрукаваныя ў час. «Архівы і справаводства».
Літ.:
Первая всебелорусская конференция архивных работников 12—15 мая 1924 г.: Док. и материалы. Мн., 1999;
Вопросы архивоведения и источниковедения в БССР. Мн., 1971;
Вопросы археографии в БССР: (Материалы науч. конф. архивных учреждений республики). Мн., 1980;
Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы: Тэз. Міжнар.навук.-тэарэтыч. канф. Ч. 1—2. Мн., 1993;
М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі: (да 90-х угодкаў вучонага): Матэрыялы навук.канф.Мн., 1997;
Замежная архіўная беларусіка: Матэрыялы міжнар.навук.канф.Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАШЫ́ЗМ (італьян. fascismo ад лац. fascio пучок, звязка, аб’яднанне),
1) палітычная плынь праваэкстрэмісцкага характару і адпаведны ёй таталітарны рэжым.
2) Ідэалогія, заснаваная на ваяўнічым антыдэмакратызме і нацыяналізме, кульце расавай перавагі. Першыя фаш. арг-цыі ў форме дружын б. франтавікоў (fasci di combattimento) з’явіліся ў Італіі ў 1919. У 1921 створана нац.фаш. партыя, а ў 1922 уладу ў Італіі захапіў фаш. рэжым на чале з Б.Мусаліні (гл.Паход на Рым 1922). У Германіі станаўленне Ф. звязана з дзейнасцю нацыянал-сацыялісцкай партыі, правадыром (фюрэрам) якой у 1921 стаў А.Гітлер, і якая ў 1933 прывяла апошняга да ўлады (гл.Нацызм). У 1920—30-я г.фаш. рэжым усталяваўся таксама ў Балгарыі, Партугаліі, Венгрыі, Румыніі, Славакіі і інш. краінах. Узнікненне і пашырэнне Ф. было абумоўлена шэрагам прычын: нязгодай з вынікамі Версальскага мірнага дагавора 1919, бояззю распаўсюджання сацыялізму, пагаршэннем сац.-эканам. становішча ва ўмовах крызісу 1920—30-х г. і інш. Напад фаш. Германіі на Польшчу ў вер. 1939 паклаў пачатак другой сусветнай вайне 1939—45, у якой загінула каля 62 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. жыхароў Беларусі.
Найб. характэрныя рысы фаш.паліт. рэжыму: адмаўленне ад дэмакр. сістэмы як формы дзярж. ладу на карысць дыктатуры; татальны масавы тэрор, шавінізм і ксенафобія; сцвярджэнне асаблівай місіі адпаведнага («выбранага») народа і апраўданне выкарыстання ім сілы для вырашэння сваіх геапаліт. інтарэсаў; насаджэнне культу пэўнага харызматычнага лідэра. Усталяванне фаш. рэжыму суправаджаецца ліквідацыяй дэмакр.сац. ін-таў, забаронай дзейнасці інш.паліт. партый і рухаў. Для Ф. характэрна наяўнасць значнай сац. базы, для пашырэння якой выкарыстоўваюцца многія сацыяліст. лозунгі: ліквідацыя існуючых класавых адрозненняў і беспрацоўя; абяцанне годнай аплаты працы; стварэнне сеткі даступных спарт.-рэкрэацыйных устаноў і г.д.
Ідэалаг., сац. і паліт. платформа Ф. знайшла сваё канцэнтраванае ўвасабленне ў праграмных кнігах Гітлера «Мая барацьба» (т. 1—2, 1925—26) і Мусаліні «Дактрына фашызму» (1932). Прэтэндуючы на гіст. абгрунтаванне сваіх поглядаў, ідэолагі Ф. імкнуцца абапірацца на вучэнні і тэорыі мінулага: «моцнай улады» Н.Макіявелі, «грамадства-дзяржавы» Т.Гобса, «няроўнасці чалавечых рас» і «нардызму» Ж.А.Габіно, «Звышчалавека» Ф.Ніцшэ, тэорыю эліт В.Парэта, ідэі Г.Гегеля, О.Шпенглера і інш. Прычым з іх тэарэт. спадчыны Ф. адбірае толькі тое, што адпавядае яго мэтам і прыдатнае для ўздзеяння на масавую свядомасць. Таму ідэалогія Ф. не ўяўляе сабою цэласнай светапогляднай сістэмы, яна эклектычна спалучае розныя элементы сацыял-дарвінізму, этнацэнтрызму, элітарызму, расізму, антысемітызму, антыкамунізму. Ва ўмовах слабасці або адсутнасці дэмакр. ін-таў і механізмаў улады захоўваецца магчымасць узнікнення разнастайных рухаў фаш. тыпу і пераўтварэння Ф. ў сур’ёзную пагрозу для сучаснага грамадства. Гл. таксама Неафашызм.
Літ.:
Тольятти П. Лекции о фашизме: Пер. с итал. М., 1974;
Ширер У. Взлет и падение Третьего рейха: Пер. с англ.М., 1991;
Энциклопедия Третьего рейха. М., 1996;
Zmierczak M. Spory o istotę faszyzmu: Dzieje i krytyka. Poznań, 1988;
Steinweis A. Art, ideology and economics in Nazi Germany. Chapel Hill, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Франкскае каралеўства (лац. Regnum Francorum),
раннефеадальная дзяржава ў Зах. Еўропе ў 5—9 ст.Засн. ў 486 у Паўн. Галіі плямёнамі салічаскіх франкаў, якія заваявалі дзяржаву б.рым. намесніка Сіягрыя. Іх кароль (з 481) і першы кароль Ф.дз. [486—511), Хлодвіг I з дынастыі Меравінгаў у 496 прыняў хрысціянства і заключыў саюз з рымскай царквой, што спрыяла ўмацаванню дзяржавы і забяспечыла падтрымку ўплывовых вярхоў гала-рым. насельніцтва ў барацьбе з суседнімі варварскімі каралямі-арыянамі (гл.Арыянства). У 507 ён заваяваў Аквітанію, яго сыны і ўнукі — амаль усе астатнія землі Галіі, Алеманію (гл.Алеманы), Цюрынгію і Баварыю. Франкскія каралі сканцэнтравалі у сваіх руках усе ўладныя функцыі, паступова замест стараж.плем. інстытутаў улады ствараліся органы дзярж. кіравання. Пры стварэнні Ф.дз. асн. масу яе насельніцтва складалі вольныя франкі і гала-рымляне, напаўсвабодныя літы, калоны, вольнаадпушчанікі і рабы; родавай знаці ў салічаскіх франкаў у часы Меравінгаў не было, аднак у хуткім часе з ліку каралеўскіх дружыннікаў і давераных слуг пачала вылучацца служылая знаць. Пасля смерці Дагаберта I [629—639] паміж яе прадстаўнікамі пачаліся міжусобныя войны. У выніку Ф.дз. падзялілася на 3 часткі: Аўстразію (у бас. рэк Маас, Мозель і на У ад р. Рэйн), Бургундыю і Нейстрыю (паміж рэкамі Шэльда і Луара), ад яе часова аддзяліўся шэраг зямель. Каралеўская ўлада аслабела і ў кіраванні гал. ролю адыгрывалі маярдомы (кіраўнікі каралеўскіх палацаў і маёнткаў). Пасля працяглай барацьбы адзіным маярдомам усіх 3 частак Ф.дз. ў 687 стаў маярдом Аўстразіі Піпін Герыстальскі, які прывёў да пакорнасці знаць. Яго сын Карл Мартэл (маярдом у 715—741) шляхам раздачы бенефіцыяў за ваен. службу стварыў моцную армію, пакарыў фрызаў, абклаў данінай саксаў, у бітве пры Пуацье (732) разбіў арабаў і спыніў іх прасоўванне ў Еўропу, зноў падпарадкаваў Аквітанію. Сын Мартэла Піпін Кароткі (маярдом у 741—751) выцесніў арабаў з Галіі і канчаткова заваяваў Цюрынгію. Пры падтрымцы рым. папы ён скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў Хільдэрыка III [743—751] і сам стаў каралём [751—768), заснаваўшы дынастыю Каралінгаў. Найвыш. росквіту Ф.дз. дасягнула пры яго сыне Карле Вялікім [768—814], які ў выніку амаль няспынных войнаў стварыў вялізную імперыю, што ахоплівала амаль увесь тагачасны зах.-хрысц. свет — тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга, Аўстрыі, Швейцарыі, б.ч. Германіі і Італіі, ч. Іспаніі да р. Эбра; у 800 афіцыйна абвешчаны імператарам. Ён спрыяў развіццю асветы і мастацтва (гл.«Каралінгскае адраджэнне»), Пасля смерці Карла Вялікага пачаўся распад Ф.дз., якая паводле Вердэнскага дагавора 843 канчаткова падзелена на 3 дзяржавы: Зах.-франкскую (Францыя), Усх.-франкскую (Германія) і Сярэднефранкскую (Італія, Бургундыя, землі ўздоўж Рэйна).
Кр.:
Видукинд Корвейский. Деяния саксов. М., 1975;
Григорий Турский. История франков: Пер. с лат.М., 1987.
Літ.:
Лебек С. Происхождение франков, V—IX вв.: Пер. с фр.М., 1993;
Левандовский А.П. Карл Великий: Через империю к Европе. М., 1995;
Франкскае грамадства ў VI ст.: Зб. дак. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛЕ́ЦКІЯ,
шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. Родапачынальнік Мішка жыў у канцы 14 ст., меў некалькі сыноў, у т. л. Каленіка, з нашчадкаў якога паходзіць род Тышкевічаў. Павел Мішкавіч у 1437 атрымаў ад вял.кн. Свідрыгайлы замест г. Сноўск у Северскай зямлі маёнтак Хальч недалёка ад Гомеля. Ад назвы маёнтка, які да пач. 20 ст. знаходзіўся ў валоданні роду Х., утворана родавае прозвішча. Сынамі Паўла былі Яўстафій, Андрэй, Багдан, падключы віленскі. Магчыма, сынам Паўла быў Грыгорый (?—1472), мітрапаліт кіеўскі. Найб. вядомыя: Іосіф Яўстаф’евіч, сын Яўстафія Паўлавіча. Гараднічы рэчыцкі (паміж 1501—06). Міхаіл Яўстаф’евіч, сын Яўстафія Паўлавіча. Пасол у Залатую Арду ў 1484, 1496, 1501, 1511. Адыгрываў важную ролю ва ўсх. дыпламатыі ВКЛ, намеснік рэчыцкі ў 1511. Міхаіл Міхайлавіч, сын Міхаіла Яўстаф’евіча. Гараднічы кіеўскі, староста оўруцкі, пасол у Крым у 1521. Есіф Міхайлавіч (7—1559), сын Міхаіла Міхайлавіча. Староста оўруцкі ў 1544—53, чаркаскі і канеўскі з 1555, маршалак гаспадарскі з 1558. У 1537 разам з братам Астафам атрымаў пацвярджальны прывілей на маёнтак Хальч. Дзмітрый Есіфавіч (Іосіфавіч; каля 1550 — да 20.1.1598), сын Есіфа Міхайлавіча. Мечнік ВКЛ у 1579—88, падскарбі дворны ў 1588—90, падскарбі земскі і пісар ВКЛ з 1590. Маршалак сойма ў 1589. Быў каралеўскім камісарам пры падпісанні Брэсцкай уніі 1596. Андрэй Іосіфавіч (7 — да 6.2.1595), сын Есіфа Міхайлавіча. Рэчыцкі пісар земскі ў 1569, суддзя земскі з 1579, маршалак з 1589. Пасол на сойм 1569, падпісаў акт Люблінскай уніі 1569, пасол у Вял. княства Маскоўскае з паведамленнем пра заключэнне уніі. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82, у т. л. ў баях пад Полацкам, Вял. Лукамі, Псковам. Ян Іосіфавіч (? — да 24.8.1615), сын Есіфа Міхайлавіча. Маршалак гаспадарскі ў 1588—89, мечнік ВКЛ з 1589. Мікалай Крыштоф (каля 1589—7.4.1653), сын Дзмітрыя Есіфавіча. Каралеўскі дваранін, 18 разоў быў паслом на соймы. Мечнік ВКЛ у 1615—50, ваявода новагародскі з 1650, староста алькеніцкі, ляйпунскі, оліцкі. Аляксандр (7 — да 12.10.1651), сын Дзмітрыя Есіфавіча. Войт віленскі ў 1610—20, каралеўскі сакратар у 1620, маршалак лідскі з 1623. Шмат разоў выбіраўся паслом на соймы, яго маршалак у 1627, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1628—32. Уладзіслаў Юрый (30.5.1606, мяст. Ваганаў Брэсцкага ваяв. — 4.2.1668), сын Яна Іосіфавіча. З 1625 служыў у войску. Падкаморы і староста мазырскі з 1654, стражнік ВКЛ з 1656. Шмат разоў быў паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ, яго маршалкам у 1649. Вызначыўся ў час баявых дзеянняў з Б.Хмяльніцкім, у бітве пад Берасцечкам 1651, са шведскімі і рас. войскамі. Міхаіл (12.11.1679, мяст. Вяйсеі Гродзенскага пав., цяпер г. Вейсеяй, Літва — 24.1.1715), сын Караля Казіміра, старосты мазырскага. Староста мазырскі з 1695, абозны ВКЛ з 1709, пасол на соймы 1696—97. Палкоўнік войска ВКЛ (1697), ваяваў супраць Сапегаў, вызначыўся ў бітве пад Алькенікамі 1700. У 1703 пасол да цара Пятра I.