ПА́ЛАЦКІ (Palacký) Францішак (14.6.1798, в. Годславіцы ў Маравіі, Чэхія — 26.5.1876),
чэшскі гісторык, філосаф і паліт. дзеяч. Вучыўся ў евангелічным ліцэі ў Браціславе (1812—18). У 1818 апублікаваў (у сааўтарстве з П.І.Шафарыкам) твор «Пачаткі чэшскай паэзіі», у якім абгрунтаваў неабходнасць адраджэння нац. культуры і навукі. П. — ініцыятар рэарганізацыі Чэш.нац. музея (стаў цэнтрам навук. і культ. жыцця краіны) і стварэння (1831) культ.-асв.т-ва «Маціца чэшская». У 1840-яг. ўзначальваў чэш. нац.-ліберальны рух. У рэвалюцыю 1848—49 выступіў з разгорнутай праграмай аўстраславізму, старшынстваваў на Слав. з’ездзе ў Празе (1848). У канцы 1840 — пач. 1860-х г.дэп.аўстр. рэйхсрата і чэш. сейма, з 1860-х г. адзін з ідэйных лідэраў кансерватыўнай партыі старачэхаў. Аўтар эстэтыка-філас. і гіст. прац, у т. л. «Гісторыі чэшскага народа ў Чэхіі і Маравіі» (т. 1—5, 1848—72), у якой паказаў барацьбу чэхаў за нац. незалежнасць у сярэднія вякі, высока ацэньваў гусіцкі рух. Публікаваў крыніцы па паліт., эканам., культ. гісторыі, л-ры, мастацтве сярэдневяковай Чэхіі. Шмат зрабіў для падрыхтоўкі першай чэш. энцыклапедыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
адна з груп аўстранезійскіх моў. Пашыраны на астравах Палінезіі паміж Новай Зеландыяй, Гавайскімі астравамі і в-ам Вялікадня (Пасхі) на Ціхім акіяне. Падзяляюцца на падгрупы: танганскую (мовы тонга і ніўэ) і ўласна палінезійскую, якая складаецца з моў самаанскіх (самоа, тувалу, такелаў, усх. футуна, пука-пука, нукуора, такуў, лунгіўа, увеа, маэ і інш.) і ўсх.-палінезійскіх (маоры, гавайская, таіці, рапануі, раратонга і інш.). П.м. ўзыходзяць да агульнай прапалінезійскай мовы, якая мела сістэму з 5 галосных (i, e, a, o, u — доўгія і кароткія) і 13 зычных, што з пэўнымі зменамі адлюстравана ў фаналагічных сістэмах сучасных П.м. У граматычным ладзе пераважае аналітызм, у сінтаксісе — наяўнасць іменных і вербальных аналітычных комплексаў, што складаюцца са знамянальнага слова і шэрагу прэ- і постпазіцыйных службовых адзінак. Большасці П.м. уласцівы намінатыўны лад, для астатніх — эргатыўны. Гал. спосабы словаўтварэння — рэдуплікацыя і словаскладанне. Са старажытнасці захаваліся нерасшыфраваныя тэксты ронга-ронга (в-аў Вялікадня). Пісьменства ў некаторых П.м., што маюць літ. форму, з 19 ст. на аснове лацініцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РНЫ ЛІКу мовазнаўстве,
у старабеларускай мове адна з трох катэгарыяльных форм ліку, якая проціпастаўлялася адзіночнаму і множнаму ліку. Унаследаваны старажытнарускай мовай ад праславянскай мовы. Ужываўся пры абазначэнні парных прадметаў («двѣ руцѣ», «двѣ ноз»), а таксама двух аднолькавых у якіх-небудзь адносінах прадметаў ці істот («двѣ сестре», «двѣ жонце»).
Адрозніваліся 3 формы: назоўна-вінавальнага, родна-меснага і давальна-творнага склонаў. У назоўна-вінавальным склоне ў залежнасці ад тыпу скланення назоўнікі мелі канчаткі «-а», «-я», «-ѣ», «-и», «-ы»; у родна-месным і давальна-творным склонах назоўнікі ўсіх скланенняў мелі аднолькавыя канчаткі «-у/-ю» і «-ма». П.л. мелі ўсе зменныя часціны мовы. Разбурэнне Пл. з 13 ст. на ўсходнеславянскіх мовах звязана з развіццём абстрактнага лічэння.
П.л. ужываецца ў сучаснай славенскай мове, часткова ў інш.слав. мовах. Рэшткі П.л. захаваліся ў некат. бел. гаворках («дзве вядрэ», «дзве назе», «дзве сцяне»), а таксама ў літ. мове («вачыма», «грашыма», «плячыма», «дзвярыма»).
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯРХА́Т (ад грэч. pater бацька + archē улада),
1) форма родавай арганізацыі першабытнаабшчыннага ладу, якая характарызуецца вяршэнствам мужчыны ў грамадскай вытв-сці і сац. жыцці. П. ўласцівы патрылакальнасць (прыход жанчын у сем’і родавых абшчын) і патрылінейнасць (адлік роднасці па бацькоўскай лініі). Адрозніваюць ранні П., заснаваны на парнай сям’і, і позні П., які з’явіўся ў канцы першабытнаабшчыннага ладу ў выглядзе манагамных патрыярхальных сем’яў. Як і матрыярхат, П. існаваў не ва ўсіх народаў і не быў стадыяй развіцця першабытнаабшчыннага ладу. Прыхільнікамі тэорыі першапачатковай патрыярхальнасці грамадства ў ант. часы былі Платон, Арыстоцель. У сярэднія вякі гэты погляд быў пануючым, у 19 ст. яго абараняў Г.Мэн. У 1860—80-яг. І.Бахафен і Л.Морган абверглі гэту ідэю. На тэр. Беларусі першыя адзнакі патрыярхальных адносін выяўлены пры даследаванні помнікаў эпохі бронзы: на паселішчах Падзвіння скульпт. і графічныя выявы мужчын-духаў, што сведчыць пра большую ролю мужчын у рэліг. вераваннях; на калект. могілках сярэднедняпроўскай культуры пахаванні мужчын часцей займаюць цэнтр. месца.
2) У хрысціянстве П., патрыярхія — кіруемая патрыярхам царква ў сукупнасці яе элементаў: веравучэння, культу, падання і традыцыі, іерархічнай сістэмы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА Надзея Васілеўна (н. 15.5.1956, г. Чэбаксары, Чувашыя),
расійская артыстка балета. Нар.арт. Чувашыі (1980). Нар.арт.СССР (1984). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1974, педагог Л.Сахарава), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1983). З 1972 салістка Пермскага т-ра оперы і балета, у 1975—95 у Вял. т-ры ў Маскве. Балерына лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначаюць адухоўленасць і грацыёзнасць пластыкі, бездакорная танц. тэхніка. Сярод партый: Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія, Маша («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Прынцэса («Драўляны прынц» Б.Бартака), Джульета, Кацярына («Рамэо і Джульета», «Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Шырын («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Валянціна («Ангара» А.Эшпая). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу маладых балетмайстраў і артыстаў балета (1972), Гран-пры Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1973; абодва Масква). Здымалася ў кіно і на тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ Савелій Яфімавіч (н. 7.2.1934, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, пісьменнік, публіцыст. Канд.гіст.н. (1971), праф. (1990). Скончыў БДУ (1962). З 1955 у браслаўскай раённай газеце, сакратар Маладзечанскага абкома камсамола. З 1960 нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена». З 1961 у ЦК ЛКСМБ, з 1963 у ЦККПБ (у 1971—89 заг. аддзела). З 1989 рэктар Ін-та паліталогіі і сацыяльнага кіравання. З 1992-заг. кафедры Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. і бел. мовах. Працы па праблемах эвалюцыі сац.-эканам. адносін, паліт. структуры грамадства, захаванні культ. спадчыны і гуманістычных каштоўнасцей грамадства (кн. «Каштаны наліваюцца гневам», 1962; «Чалавек ідзе ў жыццё...», 1964; «Слова — зброя», 1970; «Два колеры зямлі», 1980; «Вендэта па-амерыканску», 1985). Аўтар кн. дарожных нататак «Рэпартаж з борта Зямлі» (1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ДАКО́ТА (North Dakota),
штат на Пн ЗША, каля граніцы з Канадай. Пл. 183 тыс.км². Нас. 638,2 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Бісмарк. Паверхня раўнінная, павышаецца ад 350 м на ПнУ да 1000 м і больш на ПдЗ, глыбока парэзана рачнымі далінамі. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. каля -13 °C, ліп. каля 20 °C. За год выпадае 400—500 мм ападкаў. Штат перасякае р. Місуры. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Гал. культура — яравая пшаніца. Штогадовы збор ад 6 да 10 млн.т. Вырошчваюць таксама авёс, ячмень, жыта, кукурузу, лён-кудраш, сою, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, сеяныя травы, гародніну. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта на З. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 1900, авечак — 134, свіней — 205. Птушкагадоўля — 270 тыс. курэй (без бройлераў, 1999). Гал. галіны прам-сці: харч. (асабліва мукамольная, мясная), маш.-буд. (выраб абсталявання для ферм, для перапрацоўкі с.-г. прадуктаў), энергетычная, электронная. Здабыча нафты, газу, бурага вугалю, буд. матэрыялаў. Турызм у 1996 прынёс даход у 1,1 млрд.дол. Транспарт чыг., аўтамаб., авіяцыйны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСТЫЦЫ́ДЫ (ад лац. pestis зараза + caedere забіваць),
хімічныя сродкі аховы раслін і жывёл ад шкоднікаў і непажаданых мікраарганізмаў. Больш за 80% П. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Асн. групы П. для аховы с.-г. культур: інсектыцыды — хім. сродкі знішчэння шкодных насякомых, фунгіцыды — сродкі барацьбы з грыбковымі захворваннямі, гербіцыды — сродкі барацьбы з пустазеллем, інсектарэпеленты — для адпужвання і інсектаатрактанты (напр., ферамоны) — для прываблівання насякомых, хемастэрылізатары — пазбаўляюць шкоднікаў здольнасці да размнажэння, заацыды — сродкі знішчэння шкодных грызуноў, птушак, рыб, а таксама рэгулятары росту раслін, дэфаліянты (выклікаюць ранняе ападанне лісця), дэсіканты (падсушваюць расліны на корані), антыдоты для раслін (надаюць устойлівасць да гербіцыдаў).
Дзейная аснова П. — прыродныя або сінт. рэчывы. Звычайна для практычнага выкарыстання на іх аснове рыхтуюць парашкі, эмульсіі, растворы. гранулы, аэразольныя прэпараты. Вядома больш за 10 тыс. найменняў пестыцыдных прэпаратаў. Вытв-сць і выкарыстанне кожнага П. дапускаецца з дазволу дзярж. органаў, адначасова вызначаюцца правілы і тэрміны іх выкарыстання, лімітадапушчальныя нормы астачы П. у прадуктах харчавання і ГДК. у паветры і вадзе.
Літ.:
Мельников Н.Н. Пестициды: Химия, технология и применение. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТЫў хіміі,
тонкадысперсныя афарбаваныя парашкі, нерастваральныя ў вадзе і плёнкаўтваральных рэчывах. Паводле паходжання П. падзяляюць на прыродныя і сінт., паводле складу — на мінер. (неарган.) і арган., паводле колеру — на ахраматычныя (белыя, шэрыя, чорныя) і храматычныя (інш. колераў), паводле прызначэння — на дэкар., ахоўныя, мэтавага прызначэння (сігнальныя, тэрмаіндыкатарныя, бактэрыцыдныя і інш.).
П. неарганічныя — пераважна аксіды, сульфіды і солі пераходных металаў (жалеза, кобальту, хрому і інш.), парашкі каляровых металаў (алюмінію, медзі, цынку, нікелю) і сплаваў (бронзы, латуні), сажа. Прыродныя (напр., жалезны сурык, вохра, умбра) атрымліваюць з мінералаў, сінт. — хім. асаджэннем з водных раствораў і суспензій (напр., кроны), награваннем (напр., аксід хрому Cr2O3 — з хромпіку), рэакцыямі ў паравой ці газавай фазе з наступнай кандэнсацыяй прадуктаў (напр., бялілы). П. арганічныя — найб. пашыраны азапігменты (гл.Азафарбавальнікі), азалакі (нерастваральныя солі азазлучэнняў), трыфенілметанавыя, поліцыклічныя (спец. формы кубавых фарбавальнікаў) і фталацыянінавыя П. (комплексныя злучэнні фталацыяніну). Выкарыстоўваюць для вырабу лакафарбавых матэрыялаў і паліграф. фарбаў, фарбавання неарган. буд. матэрыялаў, пластмас, хім. валокнаў, гумы, паперы, штучнай скуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАТО́ВІЧ Станіслаў Антонавіч (25.9.1922, в. Барок Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 15.6.1986),
партыйны і дзярж. дзеяч БССР, дыпламат. Скончыў Бабруйскую фельчарскую школу (1940), Баранавіцкі настаўніцкі (1952) і Мінскі пед. (1956) ін-ты. У Вял.Айч. вайну з вер. 1942 партызан атрада «Полымя» ў Пухавіцкім р-не, у кастр. 1942 — ліп. 1944 сакратар Пухавіцкага, Чэрвеньскага падп. райкомаў, адначасова да ліст. 1943 сакратар Мінскага падп. міжрайкома ЛКСМБ. У 1944—53 сакратар Чэрвеньскага райкома, Мінскага, 1-ы сакратар Баранавіцкага абкомаў ЛКСМБ У 1953—62 1-ы сакратар Навагрудскага райкома, 2-і сакратар Гродзенскага абкома, заг. аддзела парт. органаў ЦККПБ. З 1962 1-ы сакратар Віцебскага абкома КПБ. З 1965 сакратар ЦККПБ. У 1971—78 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у ПНР. У маі 1978 — снеж. 1983 нам. старшыні СМБССР. Чл.ЦККПБ у 1960—71, 1981—86, чл. Прэзідыума ЦККПБ у 1965—66, чл. Бюро ЦККПБ у 1966—71. Чл.ЦККПСС у 1971—81. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1959—67, 1978—85, Вярх. Савета СССР у 1966—74. Трагічна загінуў.