ТЭРАТАГЕНЕ́З [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...генез],

фарміраванне прыроджаных парушэнняў развіцця арганізма. Абумоўлены пашкоджаннем гамет і ўздзеяннямі рознага паходжання на стадыі зародка, эмбрыёна і плода. Пры Т. мяняецца працэс размнажэння клетак, зніжаецца іх мітатычная актыўнасць. Дыферэнцыроўка клетак можа спыніцца на любым этапе і пачацца працэс росту недыферэнцыраваных клетак. Міграцыяй клетак абумоўлена ўзнікненне органа ці тканкі на незвычайным месцы. На тканкавым узроўні пры Т. гінуць асобныя клетачныя масы, запавольваецца распад тканак, што адміраюць у ходзе нармальнага эмбрыягенезу.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 16, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭР-ПЕТРАСЯ́Н Лявон Акопавіч (н. 9.1.1945, г. Халеб, Сірыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі, усходазнавец. Д-р філал. н. Скончыў Ерэванскі ун-т. З 1972 на навук. працы ў Ін-це л-ры АН Арменіі, з 1978 — у Матэнадаране. З 1988 кіраўнік к-та «Карабах», з 1989 чл. праўлення Арм. агульнанац. руху «Карабах». З 1990 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Арм. ССР, у 1991—98 прэзідэнт Арменіі. Працы па гісторыі Кілікійскай армянскай дзяржавы і арм.-сірыйскіх культ. сувязей.

т. 16, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРДУ́ МО́ВА,

дзяржаўная мова Пакістана (разам з англ.); адна з асн. літ. моў Індыі. Разам з хіндзі мовай уваходзіць у абсяг мовы хіндустані — новаінд. мовы самай шматлікай групы насельніцтва інд. субкантынента. Ад хіндзі У.м. адрозніваецца значнай колькасцю лексічных запазычанняў з іран. і араб. моў, некат. маргінальнымі рысамі фанетыкі, марфалогіі і сінтаксісу, выкарыстаннем араб. алфавіту. Літ. традыцыі на У.м. ўзыходзяць да 16 ст., літ. мова склалася к пач. 19 ст.

Літ.:

Дымшиц З.М. Язык урду. М., 1962.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УШАКО́ВА (дзявочае Паўленка) Ірына Васілеўна

(н. 29.9.1954, г. Гомель),

бел. спартсменка (фехтаванне на рапірах). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1979). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1975). З 1973 інструктар Спарт. к-та Беларусі, трэнер БВА па фехтаванні. З 1996 у Бел. акадэміі фіз. культуры (з 2002 дацэнт). Сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква). Чэмпіёнка свету (1979, г. Мельбурн, Аўстралія; 1981, г. Клермон-Феран, Францыя), СССР (1974, 1978, 1980) у камандным заліку.

А.​А.​Дубовік.

т. 16, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАПЛА́СТЫ,

пластычныя масы на аснове фенола-фармальдэгідных смол. Выпускаюцца ў выглядзе прэс-парашкоў (напаўняльнік — каалін, графіт, кокс і інш.), слаістых пластыкаў (напаўняльнік — папера, тканіны), валакнітаў (напаўняльнік — сечаныя валокны), газанапоўненых пластыкаў — пенафенапластаў.

Устойлівыя да ўздзеяння вады, раствораў к-т і солей, арган. растваральнікаў, доўга захоўваюцца пры т-рах да 200 °C, нетаксічныя. Ф. перапрацоўваюць у вырабы гарачым прасаваннем, ліццём пад ціскам. Выкарыстоўваюцца як цеплаахоўныя, цеплаізаляцыйныя, антыкаразійныя матэрыялы, у вытв-сці вырабаў агульнатэхн. прызначэння, дэталей радыё- і электратэхнікі і інш.

т. 16, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАРАЎ Пётр Паўлавіч (парт. псеўд. Дняпроўскі, Фёдар; 1885, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 28.4.1920),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуніст. падполля на Беларусі ў грамадз. вайну. Увосень 1919 накіраваны ЦК КП(б)ЛіБ у г. Бабруйск для арганізацыі камуніст. падполля і партыз. руху. Чл. Бабруйскага падп. к-та КП(б)ЛіБ. Узначальваў Ясенскі райком (15 ячэек), ствараў партыз. атрады. 25.4.1920 схоплены польск. жандарамі ў час канфер. Бабруйскай падп. арг-цыі, расстраляны. Пахаваны ў Бабруйску, на брацкай магіле помнік.

т. 16, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛО́РЫСТЫ ВАДАРО́Д,

злучэнне хлору з вадародам, HCl.

Бясколерны газ з рэзкім пахам, у вільготным паветры моцна дыміць; tпл 114,2 °C, tкіп, 85,1 °C. Водны раствор Х.в. — саляная кіслата. У прам-сці атрымліваюць сінтэзам з элементаў і як пабочны прадукт пры хлараванні арган. злучэнняў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці салянай к-ты і арган. хлорзмяшчальных рэчываў, у т. л. палімераў. Таксічны, раздражняе скуру і слізістыя абалонкі, разбурае зубы, выклікае катар верхніх дыхальных шляхоў; ГДК у атм. паветры — 0,05 мг/м³.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЙКО́Ў Раман Міхайлавіч (н. 2.10.1950, Мінск),

бел. спартсмен (суднамадэльны спорт, радыёкіроўныя гоначныя мадэлі). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1978). Сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1979, г. Дуйсбург, ФРГ; 1998, г. Курвіль, Францыя). Чэмпіён Еўропы (1977, Кіеў). Чэмпіён СССР (1976, 1978—2-разовы, 1981, 1982, 1984, 1987—2-разовы). Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР. У 1980—91 інструктар па спорце Цэнтр. к-та добраахвотнага т-ва садзейнічання арміі і флоту СССР. З 1993 кіраўнік суднамадэльнага гуртка Рэсп. цэнтра тэхн. творчасці вучняў (Мінск).

т. 17, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШХУ́НА (ад англ. schooner),

ветразевае судна з 2—7 мачтамі і косымі ветразямі. Вызначаецца добрай мараходнасцю, магчымасцю хадзіць крута к ветру, нешматлікасцю каманды. Бываюць трансп., прамысл., спарт. і вучэбныя. Водазмяшчэнне да 5 тыс. т. Сучасныя Ш. маюць рухавікі ўнутр. згарання для руху пры штылевым надвор’і і на вузкіх фарватэрах. Ёсць Ш.-баркі (баркенціны) і Ш.-брыгі (брыганціны). У 18—19 ст. уваходзілі ў склад парусных флатоў (як пасыльныя судны), Ш. рас. флоту мелі гарматы.

Шасцімачтавая ветразевая шхуна «Ваёмінг» (Фінляндыя).

т. 17, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Я́БЛЫЧКА»,

сцэнічна-бытавы танец. Муз. памер ​2/4. Гэмп хуткі. Выконваецца пад папулярныя прыпеўкі «Ох, яблычка, куды ты коцішся...» адным ці двума мужчынамі або масава, весела, з запалам, мае імправізацыйны характар. На Беларусі пашыраны з 1920-х г. Быў папулярны ў час грамадз. і Вял. Айч. войнаў. Тэксты прыпевак, якія нараджаліся ў народзе, часта былі водгукамі на падзеі, адлюстроўвалі настрой людзей. «Я.» ўвайшло ў матроскую сюіту балета Р.​Гліэра «Чырвоны мак».

Л.​К.​Алексютовіч, Л.​С.​Мухарынская.

т. 18, кн. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)