ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда, за 16 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,48 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Пл. вадазбору 1,9 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, пад хваёвым лесам, на У разараныя. Берагі месцамі забалочаныя, пад хмызняком. Дно пясчанае, глыбей 2 м выслана сапрапелем. Зарастае слаба, шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 15—30 м. Злучана пратокамі з азёрамі Круглае і Нешчарда.

т. 6, с. 188

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 240 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 3 км. Пл. вадазбору 5,8 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м (на 3 да 6 м), пераважна пад хмызняком, на З месцамі разараныя. Берагі высокія, на У зліваюцца са схіламі, на Пд і З месцамі сплавінныя. На Пн упадае ручай з воз. Рукшанскае, злучана ручаём з воз. Плацішна.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎЖА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 7 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 1,04 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 13,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 12 км. Пл. вадазбору 10,3 км². Схілы катлавіны выш. 2—6 м (на ПдУ да 20 м), разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, у асобных месцах абразійныя. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная выслана глеямі. Зарастае. Паласа расліннасці ўздоўж берагоў да 20 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Глодава.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМЕ́ЛЬНІЦА (Gumelnita),

археалагічная культура меднага веку (4-е тыс. да н.э.) на тэр. Балгарыі, Румыніі, Малдовы; належыць да этнакультурнай вобласці фракійскага энеаліту. Назва ад паселішча з жытламі на нізкіх тэлях каля в. Гумельніца на левым беразе Дуная (Румынія). Сфарміравалася з неалітычных культур Баян і Хаманджыя. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у глінабітных і каркасна-слупавых наземных жытлах, паўзямлянках. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах у скурчаным становішчы. Побач з касцянымі і крамянёвымі прыладамі выкарыстоўвалі вырабы з медзі і золата.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБЕ́ЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна (правы прыток Зах. Дзвіны), якая выцякае з возера, за 7 км на ПдЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 2,31 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 32 км². Схілы катлавіны невыразныя, на У выш. 4—5 м, разараныя. Берагі сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, які здабываюць на ўгнаенне. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1 м. Моцна зарастае. Злучана ручаём з азёрамі Круглік і Мошна.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́РЫ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА З МАЛДО́ЎСКІМ КНЯ́СТВАМ 15—16 ст. Заключаліся паміж вял. князямі ВКЛ і малд. гаспадарамі, вызначалі асновы ўзаемаадносін паміж дзвюма дзяржавамі. Вядомы дагаворы 1415, 1431 (з удзелам Тэўтонскага ордэна), 1435, 1437, 1442, 1447, 1496, 1499, 1518, 1551, 1554. Паводле гэтых дагавораў ВКЛ нязменна захоўвала з Малдовай мір, нягледзячы на тое, што звязаная з ёй уніяй Польшча часта ваявала з Малдовай і імкнулася ўцягнуць у баявыя дзеянні войска ВКЛ (напр., у 1509 і 1532). Заключэнне дагавораў дэманстравала таксама незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.

А.​В.​Белы.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КІ (лац. Daci),

група паўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э. былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКРЫЯЦЫСТЫ́Т (ад грэч. dakryon сляза + цыстыт),

запаленне слёзнага мяшка вока. Бывае хранічны і востры. Прычына Д.: звужэнне ці поўнае закрыццё слёзна-насавога канала, затрымка адтоку слёзнай вадкасці з поласці слёзнага мяшка і развіццё ў ім патагенных мікробаў. Д. у нованароджаных бывае пры закрытым прасвеце слёзна-насавога канала зародкавай перапонкай. Прыкметы: слёзацячэнне і гнойныя выдзяленні ў кан’юнктывальнай поласці; пры націсканні на вобласць слёзнага мяшка са слёзных кропак выдзяляецца слізістая ці гнойная вадкасць. Лячэнне хірургічнае, у нованароджаных — масаж, прамыванне антысептычнымі растворамі пад ціскам ці зандзіраванне металічным зондам слёзна-насавога канала.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛЬСКІ (сапр. Няелаў) Мамант Віктаравіч

(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),

расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера).

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМКРА́Т (галанд. dommekracht),

пераносны, перасоўны або стацыянарны механізм для пад’ёму грузаў на невялікую (звычайна да 2 м) вышыню. Бываюць рэечныя (рычажныя і зубчастыя), вінтавыя, гідраўлічныя і пнеўматычныя, ручныя і маторныя. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да соцень тон. Выкарыстоўваюцца пры будаўніча-мантажных, рамонтных і пагрузачна-разгрузачных работах, на аўтамаб. і чыг. транспарце. Магутнымі Д. можна падняць цэлае збудаванне на вышыню ў некалькі метраў.

Тыпы дамкратаў: 1 — вінтавы на палазах; 2, 5 — гідраўлічныя бесперапыннага дзеяння; 3 — гідраўлічны; 4 — рэечны з зубчастай перадачай; 6 — рычажна-рэечны; 7 — вінтавы; 8 — паравозны.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)