Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬФ І. І ПЯТРО́Ў Я.,
расійскія пісьменнікі-сатырыкі, якія працавалі сумесна. Нарадзіліся ў Адэсе (Украіна). Ільф Ілья (сапр.Файнзільберг Ілья Арнольдавіч; 15.10.1897—13.4.1937); Пятроў Яўген (сапр.Катаеў Яўген Пятровіч; 13.12.1903—2.7.1942), брат В.П.Катаева. Разам пачалі пісаць у 1926. У рамане «Дванаццаць крэслаў» (1928, экранізацыя 1971) побач з апісаннем прыгод гал. героя ў пошуках скарбу стварылі сатыр. карціну нораваў эпохі нэпа. Сюжэт пра вял. камбінатара прадоўжаны ў рамане «Залатое цяля» (1931, экранізацыя 1968). Вынік паездкі ў ЗША (1935—36) — апошняя сумесная кн. «Аднапавярховая Амерыка» (1936). Пасля смерці І. выдадзены яго амер. дзённік (1935—36) і «Запісныя кніжкі» (1939). На бел. мову асобныя творы І. пераклаў У.Шахавец. П. з першых дзён вайны ваен. карэспандэнт («Франтавы дзённік», 1942). Аўтар рамана «Падарожжа ў краіну камунізму» (незакончаны, апубл. ў 1965), п’есы, кінасцэнарыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Елісеевіч) (4.6.1909, г. Харкаў, Украіна — 16.9.1994),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1929. Першая кніга — зб-к нарысаў «Днепрэльстан» (1932). Аўтар аповесці, пабудаванай на матэрыяле жыцця Т.Шаўчэнкі, «Сэрца чакае» (1939; перапрацаваны варыянт — п’еса «Пецярбургская восень», 1941, паст. 1954). Героіку Вял.Айч. вайны адлюстраваў у кн. апавяданняў і нарысаў «Байцы з нашых мясцін» (1941), «Горны пейзаж» (1942), «Крываўнік» (1946). У лірыка-гумарыстычным рамане «Казацкаму роду няма зводу, ці Мамай і Агонь-Маладзіца» (кн. 1—2, 1958) адлюстраваў гіст. падзеі на Украіне ў 2-й пал. 17 ст., у бурлескным стылі стварыў вобраз героя-запарожца, які ўвасабляе ідэю бессмяротнасці нац. духу, імкненне ўкраінскага народа да свабоды. Творы І. прасякнуты багатым укр. фальклорам. Зб. аповесцей, нарысаў і замалёвак «Аснова, або Хто там стукае ў дзверы? Пастскрыптум жыцця публіцыста» (1984) — філас. роздум пра жыццё, літ. творчасць, культуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ФЕ (Абрам Фёдаравіч) (29.10.1880, г. Ромны Сумскай вобл., Украіна — 14.10.1960),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў сав.фіз. школы. Акад.АНСССР (1920, чл.-кар. 1918). Герой Сац Працы (1955). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1902). Арганізатар і першы дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та (1921—51; цяпер імя І.), Ін-та паўправаднікоў (1955—60) АНСССР і Фіз.-агранамічнага ін-та (1932—60). Навук. працы па трываласці, пластычнасці, электраправоднасці цвёрдага цела. Зрабіў значны ўклад у фізіку і тэхніку паўправаднікоў: паклаў пачатак даследаванням паўправаднікоў як новых матэрыялаў для электронікі, прапанаваў тлумачэнне механізму выпрамлення эл. току ў паўправадніках, распрацаваў асн. аспекты вы карыстання тэрма- і фотаэл. уласцівасцей паўправаднікоў для пераўтварэння цеплавой і светлавой энергіі ў электрычную і інш.Дзярж. прэмія СССР 1942. Ленінская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАДЗЕ́ЕЎ (Аляксей Пятровіч) (7.4.1926, г.п. Альхаватка Данецкай вобл., Украіна — 23.7.1997),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Г.Зелянковай). З 1959 хормайстар, у 1960—93 гал. хормайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1958 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі. Спектаклі, пастаўленыя з яго ўдзелам, вызначаліся высокай якасцю хар. гучання: оперы «Арэстэя» С.Танеева і «Атэла» Дж.Вердзі (1963), «Багема» Дж.Пучыні (1968), «Хаваншчына» (1970) і «Барыс Гадуноў» (1974) М.Мусаргскага, «Міндыя» А.Тактакішвілі (1973), «Лаэнгрын» Р.Вагнера і «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1984), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992), сцэн. кантата «Карміна Бурана» К.Орфа (1983) і інш. Аўтар метадычных прац, кн. «Тэхніка харавога дырыжыравання» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІ (Барыс Аляксандравіч) (25.4.1891, г. Адэса, Украіна — 5.4.1973),
савецкі хімік-арганік. Акад.
АН СССР (1946, чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1918), дзе і працаваў (праф з 1935). З 1936 у Ін-це арган. хіміі АНСССР (у 1954—66 дырэктар). Навук. працы па нафтахіміі і каталітычных пераўтварэннях вуглевадародаў. Выявіў заканамернасці гідрагенізацыі і дэгідрагенізацыі вуглевадародаў, гідрыравання этылену і яго гамолагаў; правіла гідрагенолізу і ізамерызацыі C3- і C4-цыклаалканаў. Адкрыў каталітычную рэакцыю селектыўнага гідрагенолізу цыклапентанавых вуглевадародаў у асяроддзі вадароду на плацінавым каталізатары (1934, разам з М.Дз.Зялінскім і А.Ф.Платэ), рэакцыю араматызацыі парафінавых вуглевадародаў (1936, разам з А.Ф.Платэ), рэакцыю Cs-дэгідрацыклізацыі (1954). Даследаваў састаў бензінавых фракцый нафтаў розных радовішчаў (1946—60). Дзярж. прэмія СССР 1949.
Тв.:
Исследования в области химии углеводородов: Собр. избр. тр.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАЧЭ́НКА (Васіль Паўлавіч) (25.3.1913, г.п. Новаархангельск Кіраваградскай вобл., Украіна — 1.3.1995),
украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1938). Друкаваўся з 1938. У аповесцях адлюстроўваў героіку Вял.Айч. вайны («Цана жыцця», 1945; «Атэстат сталасці», «Сэрца маці», абедзве 1946; «Гарачыя рукі», 1960; «Бліскавіца», 1962; «Лісты з патрона», 1967, Дзярж. прэмія імя Т.Шаўчэнкі 1971), пасляваеннае жыццё ўкр. сялянства («Новыя патокі», 1948; «Зары насустрач», 1951), мараль і побыт нац. інтэлігенцыі («Сальвія», 1945). Аўтар зб. апавяданняў «Нью-Йорк зблізку» (1958), рамана «Бацькоўскі дом» (1979, пра дзейнасць укр. дыпламатаў). Пераклаў на ўкр. мову раманы Я.Брыля «Птушкі і гнёзды», І.Шамякіна «Глыбокая плынь», п’есы «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.Макаёнка, некаторыя апавяданні Брыля, І.Мележа, П.Пестрака, К.Чорнага. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі Брыль, Р.Няхай, І.Стадольнік, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎПА́К (Сідар Арцёмавіч) (25.5.1887, г.п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),
украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял.Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр.партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБА́ЛЬЧЫЧ (Мікалай Іванавіч) (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),
расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.