ПАВЕ́РХНІ ВЯРЧЭ́ННЯпаверхні, утвораныя вярчэннем плоскай крывой вакол прамой (восі), якая размешчана ў той жа плоскасці. Напр., сфера ўтворана вярчэннем паўкружнасці вакол яе дыяметра, прамая кругавая канічная паверхня — прамой вакол інш. прамой, якая перасякае першую.
Лініі перасячэння П.в. плоскасцю, што праходзіць праз вось вярчэння, наз. мерыдыянамі; з плоскасцю, перпендыкулярнай восі, — паралелямі. Калі ўздоўж восі П.в. накіраваць вось Oz прамавугольнай сістэмы каардынат Oxyz, то параметрычныя ўраўненні П.в. можна запісаць у выглядзе: x = ƒ(u)cos φ, y = ƒ(u)sin φ, z = u, дзе ƒ(u) — функцыя, якая вызначае форму мерыдыяна, φ — вугал павароту плоскасці мерыдыяна.
Да арт.Паверхні вярчэння: канічная паверхня (А — вяршыня; У — утваральная; В — вось вярчэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
сістэма тэлебачання, якая выкарыстоўваецца для назірання за падводнымі аб’ектамі.
Адносіцца да сістэм замкнутага тыпу. У падводнай частцы маюць відэакамеру ў воданепранікальным боксе, крыніцы падсвечвання, блок фатаграфавання і спец. кабелі сілкавання і сувязі (глыбакаводныя сістэмы маюць аўтаномныя крыніцы сілкавання, а інфармацыя перадаецца па гідраакустычных ці інш. каналах). У надводнай размешчаны відэаманітор (ці тэлевізар), пульт кіравання і крыніца сілкавання. Кіраванне дыстанцыйнае ці ўручную (на малых глыбінях). Выкарыстоўваецца на розных глыбінях і пры розных умовах (у т. л. пры радыеактыўным забруджванні вады), напр., для агляду падводных частак суднаў, гідратэхн. збудаванняў, камунікацый, пошуку і абследавання затанулых суднаў, назірання за работай вадалазаў, станам лёдавага покрыва, разведкі касякоў рыбы, радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ АНАТО́МІЯ ЖЫВЁЛ,
навука, якая вывучае заканамернасці арганізацыі жывёл розных сістэматычных груп у працэсе эвалюцыі шляхам супастаўлення будовы іх цела і органаў; раздзел параўнальнай марфалогіі жывёл. Выяўляе гамалогію і даследуе філагенет. пераўтварэнні будовы падобных органаў; прасочвае паслядоўнасць дыферэнцыяцыі анат. утварэнняў і будовы анатама-фізіял.сістэм. Падзяляецца на арганалогію (параўнанне арганізацыі органаў у анатама-фізіял. сістэмах), архітэктоніку (вывучэнне плана і прынцыпаў будовы цела) і эвалюцыйную марфалогію (вучэнне пра марфал. заканамернасці эвалюцыі, кірункі развіцця жывёльных арганізмаў, механізмаў іх прыстасаванасці да пераменлівых умоў існавання). Цесна звязана з інш.марфал. дысцыплінамі, эвалюц. вучэннем, заалогіяй, палеазаалогіяй, экалогіяй, сістэматыкай жывёл, генетыкай. Выкарыстоўваецца для абгрунтавання эвалюц. тэорыі і пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГО́НСКІЯ А́НДЫ (Andes Patagonicos),
паўднёвая частка горнай сістэмы Анды, у Паўд. Амерыцы, у Чылі і Аргенціне, на Пд ад 39°паўд. ш. Складаюцца з Патагонскай (Галоўнай) Кардыльеры на У і а-воў Чылійскага архіпелага на 3. Выш. 2—3 тыс.м, найб. — 4058 м (г. Сан-Валянцін). У паўн.ч. моцная сейсмічнасць, на Пн — вулканы; Ланін, Асорна і інш. Клімат умераны, вельмі вільготны (ападкаў да 5000 мм і больш за год) і халаднаваты. Ледавікі (пл. каля 20 тыс.км²). Шмат буйных ледавіковых азёр: Льянкіўэ, Наўэль-Уапі. У паўн.ч. на схілах хваёва-лістоўнічныя вечназялёныя лясы, на зах. схілах пераважна лістападныя букі, на паўд. і ўсх. — мяшаныя лістападна-вечназялёныя і хваёвыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ВЫШЭ́ЙШЫ ЛЁТНА-ТЭХНІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1974 як Мінскае авіяц.-тэхн. вучылішча грамадз. авіяцыі. З 1991 каледж. З 1994 Мінскі дзярж. авіяцыйны каледж. З 1995 сучасная назва. Рыхтуе спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыяй: інжынераў і дыспетчараў па кіраванні рухам на паветр. транспарце, інжынераў-механікаў, інжынераў-электрамеханікаў, радыёінжынераў, авіяц. тэхнікаў-электрыкаў, радыётэхнікаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-электрыкаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): арганізацыя руху і кіраванне на транспарце; тэхн. эксплуатацыя лятальных апаратаў і рухавікоў, авіяц. прыбораў, сістэм і комплексаў, авіяц. радыёабсталявання, авіяц. электрыфікаваных і пілатажна-навігацыйных комплексаў; выліч. машыны, сістэмы і сеткі; кіраванне рухам на паветр. транспарце і інш. Прымаюцца асобы з.сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), міяцэн (ад грэч. meion менш + kainos новы),
ніжні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале; ранняя эпоха неагенавага перыяду геал.гіст. Зямлі. Пачаўся 23,8 млн. і доўжыўся да 5,32 млн. гадоў назад. М.а. (э.) падзяляецца на пададдзелы: ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні). На Беларусі на канец ранняга — пач. позняга міяцэну прыпадае кліматычны оптымум усяго неагену, калі прыродныя ўмовы нагадвалі сучасныя субтрапічныя. Намножыліся кантынентальныя адклады магутнасцю да 100—120 м (пяскі, алеўрыты, сапрапеліты, буры вугаль). Яны ўтвараюць брынёўскі і антопальскі надгарызонты, больш пашыраны на Пд. Да гэтай эпохі належаць большасць радовішчаў тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы бурага вугалю (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНЖ ((Monge) Гаспар) (10.5.1746, г. Бон, Францыя — 28.7.1818),
французскі матэматык, інжынер і грамадскі дзеяч, стваральнік нарысоўнай геаметрыі, адзін з заснавальнікаў Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы (1794). Чл. Парыжскай АН (1780). Навук. працы па геаметрыі, матэм. аналізе, хіміі, оптыцы, метэаралогіі і практычнай механіцы. Стварыў агульны метад перадачы відарысаў прасторавых фігур на плоскасці. У час Франц. рэвалюцыі ўдзельнічаў у камісіі па ўсталяванні сістэмы мер і вагі, займаў розныя пасады ва ўрадзе, загадваў парахавымі і гарматнымі з-дамі. У перыяд Рэстаўрацыі пазбаўлены ўсіх правоў, выгнаны з Політэхн. школы і АН.
Літ.:
Боголюбов А.Н. Гаспар Монж, 1746—1818. М., 1976;
Демьянов В.П. Геометрия и Марсельеза. 2 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАФО́Н (ад магніт + ...фон),
апарат для магн.гуказапісу на магнітную стужку ці інш. носьбіт і наступнага ўзнаўлення гуку. Бывае адна- і шматдарожкавы, мона- і стэрэафанічны. Існуюць таксама спалучэнні М. з інш. апаратамі (напр.магнітола).
Адрозніваюць прафесійны (напр., для сінхроннага гуказапісу пры кіназдымцы), студыйны для высакаякаснага гуказапісу, паўпрафесійны (напр., для запісу дыспетчарскіх перагавораў), бытавы для аматарскага гуказапісу і спецыяльны (напр., геамагнітафон, дыктафон); стацыянарны і партатыўны; шпульны і касетны і інш. Мае блок сілкавання, стужкапрацяжны механізм, узмацняльнікі запісу і ўзнаўлення сігналаў, магн. галоўкі, з дапамогай якіх гэтыя сігналы перадаюцца на гуканосьбіт і наадварот, і акустычную сістэму. М. без узмацняльніка магутнасці і акустычнай сістэмыназ. магнітафоннай прыстаўкай і прызначаецца для спалучэння з інш. апаратамі. Гл. таксама Відэамагнітафон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКАЗНА́ЎСТВА,
комплекс навук. дысцыплін, якія даследуюць і абагульняюць заканамернасці функцыянавання навукі як сістэмы ведаў і сац. ін-та, ажыццяўляюць сістэмны аналіз арганізац.-эканам. і сац.-кіраўніцкіх умоў павышэння эфектыўнасці працэсаў навук. дзейнасці. Узнікла ў 1930-я г., у самаст. галіну ведаў аформілася ў пач. 1960-х г. Уключае розныя галіны ведаў: логіку навукі, сацыялогію навукі, эканоміку і метадалогію навукі, псіхалогію навук. творчасці, тэорыю арганізацыі навукі, навук.-тэхн. прагназаванне і інш. Прадметам іх даследавання з’яўляюцца сац.паліт., эканам., псіхал., прававыя і інш. аспекты н.-д. дзейнасці, структура навук. устаноў і іх сувязь з размеркаваннем навук. кадраў, сістэма камунікацый паміж вучонымі і інш. У Н. выкарыстоўваюцца ідэі і метады інфарматыкі, сістэмных даследаванняў інш. галін ведаў, навукаметрыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ МО́ВА,
спосаб запісу праграм, які дазваляе выконваць іх непасрэдна на тэхн. сродках ЭВМ. Праграма на М.м. з’яўляецца паслядоўнасцю каманд (гл.Каманда ў ЭВМ), адрасоў, даных у любым парадку. Працэсар успрымае і выконвае каманды, выражаныя двайковымі кодамі і размешчаныя ў ячэйках памяці ЭВМ.
Пераважна выкарыстоўваецца ў сістэмным праграмаванні для распрацоўкі найб. аптымальных і эфектыўных праграм, напр., аперацыйнай сістэмы, манітора, кіравальных праграм. У большасці выпадкаў М.м. «схавана» слаямі базавага і прыкладнога праграмнага забеспячэння, што дазваляе працаваць з папярэдне складзенымі праграмамі, а таксама запісваць іх на мовах праграмавання высокага ўзроўню. Пры распрацоўцы базавага праграмнага забеспячэння звычайна карыстаюцца больш зручным спосабам запісу каманд (гл.Асемблер).