НО́БЕЛЕЎСКІЯ ПРЭ́МІІ,

прэстыжныя міжнар. ўзнагароды. названыя ў гонар іх заснавальніка А.Б.Нобеля. Прысуджаюцца штогод з 1901 са сродкаў Нобелеўскага фонду за дасягненні ў галіне фізікі, хіміі, медыцыны і фізіялогіі, л-ры, дзейнасць па ўмацаванні міру, з 1969 і па эканоміцы. Паводле завяшчання Нобеля. прысуджэнне прэмій ускладзена на Каралеўскую Швед. АН (па фізіцы і хіміі), Каралінскі медыка-хірург. ін-т у Стакгольме (па фізіялогіі і медыцыне), Швед. акадэмію ў Стакгольме (па л-ры) і спец. к-т з 5 чал. нарв. парламента (прэміі міру). У 1969 у сувязі са сваім 300-годдзем Швед. дзярж. банк заснаваў таксама штогадовую прэмію памяці Нобеля па эканоміцы. Н.п. складаюцца з залатога медаля з выявай А.Нобеля, дыплома і чэка на вызначаную Нобелеўскім фондам грашовую суму (у 1996 памер прэміі дасягнуў 7,4 млн. швед. крон). Урачыстая цырымонія ўручэння Н.п. адбываецца ў дзень смерці Нобеля (10 снеж.); іх, як правіла, уручаюць нарв. кароль у Осла (прэміі міру) і швед. кароль у Стакгольме (астатнія прэміі). Лаўрэаты абавязаны на працягу 6 месяцаў пасля атрымання прэміі выступіць з т.зв. Нобелеўскай лекцыяй (папулярная лекцыя па тэматыцы сваёй працы) у Стакгольме або Осла. Н.п., як правіла, не прысуджаюцца двойчы і пасмяротна. У 1901—91 іх атрымалі больш за 600 чал.

Літ.:

Лалаянц И.Э., Милованова Л.С. Нобелевские премии по медицине и физиологии. М., 1991;

Сульман Р. Завещание Альфреда Нобеля: История Нобелевских премий: Пер. с англ. М., 1993.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАД’ЁМНЫ КРАН,

грузападымальная машына перыядычнага (цыклічнага) дзеяння для падняцця і перамяшчэння грузаў на невял. адлегласці. Бываюць паваротныя і непаваротныя, стацыянарныя і перасоўныя. Выкарыстоўваюцца ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, на буд-ве, транспарце і інш.

Асн. часткі П.к.: нясучыя канструкцыі (маставая ці кансольная ферма, вежа, мачта, страла, партал), гал. грузапад’ёмны механізм (лябёдка, тэльфер), сілавая ўстаноўка (электрычны рухавік, дызель і інш.), механізмы перамяшчэння крана, павароту, грузазахопныя прыстасаванні і інш. Паваротныя П.к. бываюць: чыгуначныя, веласіпедныя (з рэйкамі на розных узроўнях), пнеўмаколавыя, аўтакраны, гусенічныя, насценныя і дахавыя. Непаваротныя: маставыя з катучай маставой фермай, што перамяшчаецца па рэйках (у т. л. кран-бэлькі), перагрузачныя (маставыя перагружальнікі, казловыя і кабельныя краны), насценна-кансольныя. Ёсць таксама паваротныя і непаваротныя плывучыя краны, высокія мачтавыя і вежавыя краны, спец. металургічныя і інш. У цяжкадаступных месцах выкарыстоўваюць верталёты-краны. Грузападымальнасць П.к. да 2,5 тыс. т. Простыя драўляныя П к выкарыстоўваліся да канца 18 ст., суцэльнаметалічныя з’явіліся ў 1820-х г., з мех. прыводам — у 1830-х г. Паравы П.к. створаны ў 1830, гідраўлічны ў 1847 (Вялікабрытанія), з электрарухавіком у 1880—85, з рухавіком унутр. згарання ў 1895 (ЗША, Германія). У Расіі вытв-сць П.к. пачата ў канцы 19 ст.

Літ.:

Справочник по кранам. Т. 1—2. Л., 1988.

І.І.Леановіч.

Пад’ёмныя краны: 1—6 — паваротныя (1 — чыгуначны, 2 — пнеўмаколавы, 3 — гусенічны, 4 — партальны, 5 — мачтава-стралавы, 6 — суднавы); 7—9 — непаваротныя (7 — насценна-кансольны, 8 — маставы, 9 — кабельны).

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НКІ ФІЗІ́ЧНЫХ ВЕЛІЧЫ́НЯЎ,

фізічныя велічыні, якім паводле вызначэння прысвоена лікавае значэнне, роўнае адзінцы. Перадаюцца мерамі і захоўваюцца ў выглядзе эталонаў.

Гістарычна першымі з’явіліся адзінкі фізічных велічыняў для вымярэння даўжыні, масы (вагі), часу, плошчы, аб’ёму. Выбраныя адвольна, яны садзейнічалі ўзнікненню ў розных краінах аднолькавых па назве і розных па памеры адзінак (напр., аршын, валока, гарнец, пуд, фут, цаля і інш.). Развіццё навукі і тэхнікі, эканам. сувязяў паміж краінамі патрабавала уніфікацыі адзінак. У 18 ст. ў Францыі прынята метрычная сістэма мер, на яе аснове пабудаваны метрычныя сістэмы адзінак. Упарадкаванне адзінак фізічных велічыняў праведзена на аснове Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Даўнія меры і адзінкі фізічных велічыняў вывучае метралогія гістарычная.

Адзінкі фізічных велічыняў падзяляюцца на сістэмныя, што ўваходзяць у пэўную сістэму адзінак, і пазасістэмныя адзінкі. Сярод сістэмных адрозніваюць асноўныя, якія выбіраюцца адвольна (напр., ампер, секунда і інш.), вытворныя, што ўтвараюцца пры дапамозе ўраўненняў сувязі паміж фізічнымі велічынямі (напр., метр у секунду, кілаграм на кубічны метр і інш.), і дадатковыя (напр., радыян). У СІ 17 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Вельмі вял. ці малыя лікавыя значэнні фіз. велічыняў для зручнасці перадаюць кратнымі адзінкамі і дольнымі адзінкамі.

Літ.:

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Слов.-справ. М., 1990;

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983.

А.І.Болсун.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАЕКТАВА́ННЯ,

выкарыстанне ЭВМ і інш. сродкаў аўтаматызацыі, аб’яднаных у сістэму класа «чалавек—машына» для праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. аб’ектаў.

Аўтаматызацыя праектавання дае магчымасць павялічыць дакладнасць разлікаў і канструктарскай дакументацыі, выбіраць варыянты для рэалізацыі на аснове матэм. аналізу ўсіх або большасці з іх, скараціць тэрміны праектавання і інш. Метады і сродкі аўтаматызацыі праектавання залежаць ад характару і прызначэння аб’екта праектавання. Найб. істотныя вынікі атрымліваюцца пры аўтаматызацыі праектавання складаных тэхн. сістэм і збудаванняў, пры падрыхтоўцы праграмна-кіравальнага выканаўчага абсталявання. З дапамогай графапабудавальнікаў, друкавальных прыстасаванняў і інш. сродкаў вываду інфармацыі вынікі аўтаматызацыі праектавання аўтаматычна выдаюцца ў выглядзе схем, чарцяжоў ці графікаў (табліц) на аркушах паперы чарцёжных фарматаў, магнітнай стужцы, мікрафільмах і інш. або на спец. экране. Пры аўтаматызацыі праектавання машын і механізмаў па зыходных даных вызначаюць найлепшы варыянт кампаноўкі вырабу, выбіраюць і разлічваюць канструкцыю і яе асобныя вузлы, аптымізуюць допускі і пасадкі, вызначаюць форму спалучаных паверхняў, чысціню іх апрацоўкі і інш.

Навукова-тэхн. распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі праектавання вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі з 1960-х г.: сфармуляваны асновы аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні; створаны першыя алгарытмы, праграмы і тэхн. сродкі канструявання і тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці машын і абсталявання; распрацаваны «аўтаматычны чарцёжнік» дае магчымасць з вял. дакладнасцю рабіць чарцяжы вырабаў складанай канфігурацыі (карабельных вінтоў, крыла самалёта, лапатак рабочых колаў турбін і інш.).

Літ.:

Системы автоматизированного проектирования технологических процессов, приспособлений и режущих инструментов. М., 1988;

Ракович А.Г. Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985.

А.Г.Раковіч.

т. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЛАФАРА́ЛЬНЫЯ, непласціністыя (Aphyllophorales),

парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гіменаміцэты. Уключае 20 сям., каля 300 родаў і 3 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна ў лясных зонах. На Беларусі каля 300 відаў з 87 родаў і 16 сям.: балетопсідных, ганадэрмавых, гіменахетавых, каніяфоравых, картыцыевых, лахнакладыевых, лісічкавых, паліпоравых, порыевых, рагацікавых, скутыгеравых, стэрэумавых, тэлефоравых, фістулінавых, шызафілавых, вожыкавікавых. Большасць афілафаральных — сапратрофы. Жывуць на раслінных субстратах (адмерлай драўніне, лясным подсціле, на глебавым гумусе). Ёсць паразіты травяністых і дрэўных раслін, мікарызаўтваральнікі. Многія афілафаральныя (губавыя грыбы, дамавыя грыбы) разбураюць драўніну. Некат. віды (напр., флебія гіганцкая) выкарыстоўваюцца як біял. антаганісты шкодных разбуральнікаў драўніны — каранёвай губкі. Ёсць лек. (чага, лісічкі і інш.), ядомыя (бяляк, грыбная капуста, грыбная локшына, лось, пеўнік, стракач і інш.). Як рэдуцэнты (дэструктары) адмерлай драўніны і ападу афілафаральныя адыгрываюць вял. ролю ў кругавароце рэчываў.

Міцэлій развіваецца ў субстраце. Гіфы шматлікія, бясколерныя або злёгку афарбаваныя, у некаторых відаў утвараюць грыбныя шнурочкі і плеўкі. Пладовыя целы разнастайнай формы (распасцёртыя, прамастойныя. булавападобныя, цыліндрычныя, разгалінаваныя, шапкападобныя з цэнтр. або эксцэнтрычнай ножкай, сядзячыя, паўкруглыя, капыта-, кансолепадобныя, прымацаваныя бокам ці зачаткавай бакавой ножкай), памераў (ад некалькіх мм да 1 м), колеру і кансістэнцыі (мяккамясістыя, рыхла- або шчыльналямцавыя, плеўкавыя, валакністыя, скурыстыя, коркавыя, дзеравяністыя). Гіменафор гладкі, складкаваты, сеткаваты, шыпаваты, трубчасты, бародаўчаты, лабірынтападобны, зубчастарассечаны. Гіменіяльны слой складаецца з базідый, шматлікіх базідыёл, гіфід, нярэдка са спец. стэрыльных клетак — цыстыдаў, глеяцыстыдаў, шчацінак. Базідыі з 4, радзей 2, 6 або 8 спорамі. Базідыяспоры бясколерныя ці афарбаваныя, з гладкай або шыпаватай, бародаўчатай абалонкай.

А.М.Капіч.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛА́З,

марка кар’ерных аўтамабіляў-самазвалаў, спец. колавых трансп. сродкаў для металургічных прадпрыемстваў і аэрадромных цягачоў, якія выпускаюцца Беларускім аўтамабільным заводам. Самазвалы вырабляюцца з колавай формулай 4×2 (гл. Аўтамабіль) для розных клімат. і дарожных умоў, з гідрамех. ці электрамех. трансмісіямі, з рознымі мадэлямі рухавікоў і каробак перадач.

З 1995 вырабляюцца: кар’ерныя самазвалы БелАЗ-7540 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75405, -75407 грузападымальнасцю 30 т з рухавіком ЯМЗ-240ПМ2 магутнасцю 309 кВт (420 к.с.); БелАЗ-7548 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75485, -75489 (42 т) з рухавіком ЯМЗ-8401.10-02 (405 кВт, ці 550 к.с.); БелАЗ-7549 (80 т) з рухавіком 6ДМ-2ПБ (809 кВт, ці 1100 к.с.); БелАЗ7512 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75124, -75125, -75128 (120 т) з рухавіком 8ДМ-21АМ (956 кВт, ці 1300 к.с.); БелАЗ-75215 (180 т) з рухавіком 12ЧНІА-26/26 (1691 кВт, ці 2300 к.с.); БелАЗ-7530 (200—220 т) з рухавіком Дэтройт Дызель 16V-149ТІВ (1641 кВт, ці 2200 к.с.). З рухавіком ЯМЗ-8424.10-01 (312 кВт, ці 425 к.с.) выпускаюцца: аэрадромны цягач БелАЗ-74211 (4 × 4) для буксіроўкі самалёта масай да 210 т; шлакавоз БелАЗ-7920 (6 × 2) грузападымальнасцю 80 т для транспарціроўкі вадкага шлаку ў каўшах на металургічных прадпрыемствах; цяжкавозы БелАЗ-7921, -7924 (14 × 4; 140—150 т) для ўнутрызаводскіх перавозак тэхнал. грузаў; франтальны пагрузчык БелАЗ-7820 (10 т).

А.С.Рукцяшэль.

Да арт. БелАЗ. Шлакавоз БелАЗ-7920.
Да арт. БелАЗ. Кар’ерны самазвал БелАЗ-7549.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,

бактэрыяльная зброя, зброя масавага паражэння, дзеянне якой засн. на хваробатворных уласцівасцях мікраарганізмаў — узбуджальнікаў хвароб людзей, жывёл і раслін. Аснова паражальнага дзеяння біялагічнай зброі — бактэрыі, вірусы, грыбы і таксічныя прадукты іх жыццядзейнасці, якія выкарыстоўваюцца ў ваен. мэтах праз жывых заражаных пераносчыкаў захворванняў (насякомых, грызуноў і інш.) або ў выглядзе парашкоў. У якасці біялагічнай зброі могуць выкарыстоўвацца ўзбуджальнікі чумы, тулярэміі, бруцэлёзу, сібірскай язвы, сапу, халеры, сыпнога тыфу, натуральнай воспы, яшчуру, іржы пшаніцы, фітафторы бульбы і інш. Хваробныя мікробы і таксіны ў сумесі з вадкімі і сухімі рэчывамі могуць распырсквацца ці распыляцца з дапамогай спец. ракет, авіяц. бомбаў і кантэйнераў, артыл. снарадаў (мін) і інш. боепрыпасаў, а таксама дыверсантамі. Высокая эфектыўнасць біялагічнай зброі — у яе малой інфіцыравальнай дозе, магчымасці скрытага выкарыстання, цяжкасці індыкацыі, выбіральнасці дзеяння, моцным псіхал. уздзеянні, вял. аб’ёме і складанасці работ па ахове людзей і ліквідацыі наступстваў. Бяспека насельніцтва дасягаецца арганізацыяй калект. і індывід. засцярогі ад біялагічнай зброі (гл. Засцярога ад зброі масавага знішчэння).

Забарона выкарыстоўваць на вайне яды вядома са старажытнасці. Афіцыйна біялагічная зброя забаронена ў Дадатку да 4-й Гаагскай канвенцыі 1907 (Законы і звычаі вайны) і ў Жэнеўскім пратаколе 1925. У 1-ю сусв. вайну Германія першая зрабіла спробу выкарыстання біялагічнай зброі (заражэнне коней узбуджальнікам сапу). Перад 2-й сусв. вайной яна разам з Японіяй вяла падрыхтоўку да выкарыстання такой зброі. У пасляваен. перыяд стварэннем біялагічнай зброі займаліся пераважна краіны з таталітарнымі рэжымамі У 1972 ААН прыняла Канвенцыю аб забароне біялагічнай зброі (набыла сілу ў 1975).

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ БАРАЦЬБЫ́ са шкоднікамі і пустазеллем, метады стварэння біял. перашкоды для распаўсюджвання, памяншэння колькасці або знішчэння шкодных з пункту гледжання чалавека арганізмаў. Засн. на ўзаемаадносінах арганізмаў у біяцэнозах, пры якіх выкарыстоўваюцца натуральныя ворагі або ўзбуджальнікі хвароб шкоднікаў ці пустазелля і найб. спрыяльныя ў экалагічным сэнсе. Тэрмін прапанаваў амер. заолаг Л.Хоўард (1916). Мікрабіял. метад у барацьбе са збожжавымі жукамі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў І.І.Мечнікаў (1879). Найб. пашыраныя біялагічныя метады барацьбы: інтрадукцыя драпежнікаў або паразітаў сярод папуляцыі шкоднікаў (рыба гамбузія выкарыстоўваецца супраць малярыйнага камара; эфектыўная барацьба з чырвонай крывяной тлёй вядзецца з дапамогай паразіта афелінуса, завезенага з ЗША, і інш.); выкарыстанне патагенных мікраарганізмаў (вірус міксаматозу супраць трусоў у Аўстраліі, вірусы гранулёзу супраць азімай і зерневай совак, энтабактэрын супраць вусеняў яблыневай і пладовай моляў, баярышніцы і інш.); спец. спосабы практычнага выкарыстання энтамафагаў і акарыфагаў (развядзенне трыхаграмы для барацьбы з шэрагам с.-г. і лясных шкоднікаў, драпежнага кляшча фітасеюлюса супраць павуцінных кляшчоў у цяпліцах і інш.); рэпрадукцыйныя метады (скормліванне ваўкам, каётам і лісам стэрылянтаў, якія выклікаюць бясплоднасць самак ці зніжаюць тэмпы размнажэння і інш.); выкарыстанне жывёл для барацьбы з пустазеллем (знішчэнне святаянніку прадзіраўленага з дапамогай лістаеда і златкі); экалагічная прафілактыка (падтрымка экалагічнай мазаікі, скарачэнне плошчаў монакультур і інш.).

На Беларусі біялагічныя метады барацьбы распрацоўваюцца ў Ін-це лесу АН і НДІ аховы раслін ААН. Распрацаваны біялагічныя метады барацьбы з хвоегрызучымі шкоднікамі лесу і с.-г. раслін у закрытым грунце. Ускосна распрацоўка біялагічных метадаў барацьбы стымулявала даследаванні, якія прывялі да стварэння т.зв. біялагічнай зброі.

І.К.Лапацін.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],

двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).

Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.М.Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.Драйз і Ф.М.Фішэр, шатландзец Г.Далзел, англічанін Трэфу, французы П.Лалеман і М.Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.Б.Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл. вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл. Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзярж. улады ў Беларусі ў 1991—96. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканад. улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярх. Савет Беларускай ССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканад. органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасці Вярх. Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярх. Савета. Для арганізацыі работы Вярх. Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі. Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спец. і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярх. Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэсп. рэферэндумаў, вызначэнне асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, інш. пытанні. Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Старшыні Вярх. Савета: М.І.Дземянцей (1990—91), С.С.Шушкевіч (1991—94), М.І.Грыб (1994—96), С.Г.Шарэцкі (з 10.1.1996 да 27.11.1996). Дзейнасць Вярх. Савета спынена 27.11.1996 у выніку праведзенага рэферэндуму і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Г.А.Маслыка.

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)