ДЗЯ́ГІЛЕЎ (Сяргей Паўлавіч) (31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),
рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т. л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.Пракоф’ева, а таксама К.Дэбюсі, М.Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.Фокін, В.Ніжынскі, Л.Мясін, Б.Ніжынская, Дж.Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.Карсавіна, М.Кшасінская.
М.Мордкін, Г.Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;
Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя вырабы гасп. і дэкар. прызначэння з г.п. Івянец (Валожынскі р-н Мінскай вобл). Промысел вядомы з 16 ст. Выраблялі кухонны і сталовы посуд (тэракотавы, чорназадымлены, глазураваны) шырокага асартыменту, тэракотавую і паліваную кафлю з рэльефнымі расліннымі, зааморфнымі і геральдычнымі выявамі. Асаблівага развіцця І.к. дасягнула ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі працавалі майстэрні па вытв-сці посуду і кафлі, значна пашырыўся асартымент вырабаў (цукарніцы, чайнікі, маслёнкі, вазы, попельніцы, падсвечнікі і інш.). Выраблялі пераважна посуд, глазураваны празрыстай палівай, пад якую наносілі ангобную размалёўку карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых і хвалістых паяскоў, хваёвых лапак інш.геам. і раслінных матываў. У майстэрнях П.Лотыша, К.Дамброўскага, братоў Собаляў выраблялі глазураваную манахромную (жоўтую, карычневую, белую, зялёную) кафлю з рэльефнымі матывамі раслін, кветак, адвольных кампазіцый у стылі мадэрн, а таксама карнізы для печаў, цацкі і інш. У 1960 на базе арцелі імя Дзяржынскага была створана ф-камаст. керамікі і вышыўкі (з 1979 з-д маст керамікі). Посуд мяккіх круглаватых форм, аздоблены гладкімі і расчасанымі хвалістымі палосамі ангобнага дэкору (фляндроўкай), фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, бараноў, зуброў, утылітарна-дэкар. вырабы, дробная пластыка карысталіся шырокай папулярнасцю, экспанаваліся на айч. замежных выстаўках, экспартаваліся ў многія краіны. І.к. 1980—90-х г. — штампаваныя і літыя вырабы гасп. і дэкар.-маст прызначэння.
Літ.:
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 6 Мн., 1994;
Сахута Я. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. conservo захоўваю) у выяўленчым мастацтве і архітэктуры, сукупнасць мер, накіраваных на працяглае захаванне аблічча (першапачатковага або на момант К.), мех. трываласці і хім. інертнасці помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.мастацтва, кніг, рукапісаў і інш.). Непасрэдна звязана з рэстаўрацыяй. У музеях, б-ках, архівах і інш. дзякуючы рэжыму ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра прадметам забяспечваюцца аптымальныя ўмовы захавання (пастаянная тэмпература, вільготнасць, састаў паветра, ахова ад уздзеяння прамога святла, пылу, шкодных рэчываў, насякомых і інш.). Пры спец. рэжыме захоўвання ў музеях выкарыстоўваюць вітрыны з фільтрамі для ачысткі паветра, акантоўку пад шкло для экспанавання, укладанне ў паспарту і захаванне ў адмысловых папках і шафах, апрацоўку спец. сродкамі. Пры К. арх. збудаванняў і помнікаў манум.мастацтва ўмацоўваюць грунт, сцены, скляпенні, узводзяць агароджы, навесы, ахоўныя павільёны. Драўляныя пабудовы прамочваюць бясколернымі воданепрымальнымі сінт. злучэннямі.
Адрозніваюць 2 віды К. помнікаў: часовую (забяспечвае захаванне ў некранутым выглядзе і дае магчымасць даследаваць помнік, вывучаць прычыны яго разбурэння) і пастаянную (прадугледжвае стварэнне ўмоў для працяглага яго захавання і экспанавання). Пастаянная К. цалкам або часткова праводзіцца разам з рэстаўрацыйнымі работамі. Распрацоўку метадаў К. ажыццяўляюць спец лабараторыі і рэстаўрац. майстэрні, на Беларусі — Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў Мін-ва культуры і друку.
На Беларусі К. помнікаў праводзяць з канца 19 ст. (Барысаглебская царква 12 ст. ў Гродне, у 1898 і 1910).
Літ.:
Marconi B. O sztuce konserwacji. Warszawa, 1982;
Ślesiński W. Konserwacja zabytków sztuki. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЁМАН»,
штомесячны літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1945 як альманах рус. секцыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, напачатку меў назву «Отчизна», з 1947 «Советская Отчизна», з 1960 сучасная назва. Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Публіцыстыка», «Нататкі. Успаміны. Дакументы», «Учора. Сёння. Заўтра», «Мастацтва», «Кола чытання» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Друкуе творы пісьменнікаў, якія пішуць па-руску, пераклады твораў бел. і замежных пісьменнікаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, нарысы, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва.
У часопісе надрукаваны пераклады твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, К.Чорнага, Р.Барадуліна, П.Броўхі, Я.Брыля, В.Быкава, Н.Гілевіча, А.Куляшова, А.Макаёнка, І.Навуменкі, І.Мележа, П.Панчанкі, М.Танка, І.Чыгрынава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, В.Адамчыка, Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, А.Жука, В.Казько, В.Карамазава, А.Кудраўца, А.Кулакоўскага, А.Лойкі, М.Лужаніна, І.Пташнікава, А.Пысіна, А.Русецкага, Б.Сачанкі, Я.Сіпакова, А.Твардоўскага, М.Кругавых, А.Міронава, А.Платонава, В.Тараса, І.Шклярэўскага і інш.; зарубежных пісьменнікаў Р.Ваяна, П.Вежынава, К.Вонегута, Г.Гарсія Маркеса, Ж.Сіменона, У.Фолкнера і інш. Сярод перакладчыкаў І.Бурсаў, У.Жыжэнка, Р.Казакова, Н.Кіслік, П.Кошаль, Б.Спрынчан, Я.Хелемскі, В.Шчадрына, Ф.Яфімаў і інш.Гал. рэдактары: Шамякін (1952—53), М.Калачынскі (1953—54), Панчанка (1954—58), Я.Васілёнак (1958—66), Макаёнак (1966—77), Кудравец (1978—96), Жук (з 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РН (франц moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад.мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х. ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар.мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар.мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Да арт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Да арт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Да арт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Да арт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Да арт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Да арт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Да арт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЕ КІНО́, ігравое кіно,
галоўны від кінамастацтва, заснаваны на ўвасабленні акцёрамі сюжэта, напісанага кінадраматургам, знятага кінааператарам пры дапамозе здымачнай групы пад кіраўніцтвам рэжысёра. М.к. сінтэтычнае па сваёй прыродзе. Яно аб’ядноўвае выразныя сродкі ўсіх традыц. і тэхнагенных відаў мастацтва: л-ры (кінадраматургія), тэатр.мастацтва (мастацтва акцёра, рэжысёра, сцэнографа), выяўл.мастацтва, фатаграфіі, аператарскае майстэрства (пластыка фільма), музыкі (муз.-шумавая палітра фільма). Найб. цесна М.к. звязана з л-рай у галіне экранізацый. Гал. фігура ў М.к. — рэжысёр, ён надае фільму маст. цэласнасць і вобразную адметнасць. Да найб. значных з’яў у сусв. кінапрацэсе належаць фільмы аўтарскага кіно. У іх выяўляецца непаўторная рэжысёрская паэтыка, створаны своеасаблівы лірыка-філас. экранны свет (фільмы Ф.Феліні, І.Бергмана, М.Карнэ, А.Таркоўскага, А.Вайды, А.Курасавы, В.Турава). Жанравае кіно — галіна М.к., дзе фільмы ствараюцца паводле канонаў пэўнага жанру: кінакамедыя, меладрама, прыгодніцкі фільм (вестэрн, дэтэктыўны фільм, баявік, навукова-фантастычны фільм), трылер, фільмы жахаў, фільмы катастроф і інш. М.к. неад’емна звязана з актуальнымі тэмамі і праблемамі часу. У нац. кінематографах розных краін на пэўных гіст. этапах у М.к. ўзніклі адметныя маст. школы, праявілася асаблівасць стыляў, кірункаў: у ням. кіно — экспрэсіянізм 1920-х г. і «новае нямецкае кіно» 1980-х г., у італьянскім — неарэалізм 1950—60-х г., у франц. — «новая хваля» 1960-х г., у польскім — «польская школа» 1950—60-х г., у грузінскім — паэт. кіно 1970-х г. М.к. абапіраецца на маст. культуру свайго народа, выражае яго ментальнасць, сістэму духоўных каштоўнасцей. У амер. кіно гэта — вял.амер. мара, герой-адзіночка, які сам дасягнуў сваёй мэты, у італьянскім — культ сям’і і радавога клана, у японскім — пачцівасць да гісторыка-культ. традыцый і г.д. У бел. кіно асноватворным з’яўляецца духоўны вопыт народа, загартаванага ў складаных гіст. выпрабаваннях, мужнага, працавітага, чулага і братэрскага. У бел. М.к. 1920—30-х г. дамінавала гісторыка-рэв. тэма. У пасляваен. гады асноўнае для яго — тэма Вял.Айч. вайны, што прайшла эвалюцыю ў сваёй трактоўцы: ад героіка-рамант. фільмаў пра герояў-падпольшчыкаў, партызан («Канстанцін Заслонаў» У.Корш-Сабліна і А.Файнцымера, «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М.Фігуроўскага, «Альпійская балада» Б.Сцяпанава, «Руіны страляюць» В.Чацверыкова) праз лірычнае апяванне дзяцінства, апаленага вайной («Праз могілкі» і «Я родам з дзяцінства» Турава, «Вянок санетаў» В.Рубінчыка, «Іван Макаравіч» І.Дабралюбава) да фільмаў-трагедый пра генацыд і пакуты народа ў гады вайны («Ідзі і глядзі» Э.Клімава, «Сведка» В.Рыбарава). У 1990-я г. з’явіліся новыя тэмы і вобразы, звязаныя з экалогіяй, гісторыяй і культурай краіны. Тэма Чарнобыля адбілася ў кіно ў «постчарнобыльскім сіндроме» — экранным вобразе «экалогіі душы» і пошукаў новых духоўных арыенціраў (фільмы «Метаноя» В.Шувагіна, «Душа мая, Марыя» В.Нікіфарава, «Чорны бусел» Турава, «Эпілог» Дабралюбава). Імкненне спасцігнуць глыбінную гісторыю народа, яго шматвяковы духоўны вопыт праявілася ў бел.дакументальна-мастацкім кіно. У цыкле В.Шавялевіча (фільмы «Да вас, сучаснікі мае», «Прыйдзі і віждзь», «Пастка для зубра») героі — гіст. асобы (Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Вітаўт, Ягайла і інш.), а таксама нашы сучаснікі. У цыкле муз.-этнагр. фільмаў (1972—99) этнамузыколага З.Мажэйкі паказана багацце і прыгажосць бел. фальклору (фільмы «Палескія калядкі», «Галасы вякоў», «Рух зямлі» і інш). Разнавіднасцю М.к. з’яўляецца тэлевізійнае мастацкае кіно (33-серыйны фільм «Пракляты ўтульны дом» У.Арлова паводле рамана С.Жаромскага, 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,
творчы метад літаратуры і мастацтва, эстэт. пастулаты якога грунтаваліся на сацыяліст. канцэпцыях светаўспрымання. У аснову маст.-выяўл. патрабаванняў былі пакладзены народнасць, гуманістычнасць, рамантыка, праўдзівасць гіст.-канкрэтнага адлюстравання рэчаіснасці ў яе эвалюц. развіцці. Генет. вытокі С.р. фіксуюцца ў рэв.-пралет. л-ры Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі (сярэдзіна — 2-я пал. 19 ст.), Расіі, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Беларусі і інш.еўрап. краін (канец 19 — пач. 20 ст.). Тэрмін «С.р.» упершыню з’явіўся ў перыяд. друку ў 1932 і быў закліканы абазначыць маст. своеасаблівасць сав. л-ры, паняційна канкрэтызаваць іманентную сутнасць таго рэалізму, які пачаў дамінаваць у яе творчай практыцы. Існавалі варыянты азначальнай часткі тэрміна: «гераічны», «рамантычны», «рэвалюцыйны», «сацыяльны», «тэндэнцыйны», «манументальны» і г.д., але зацвердзіўся «сацыялістычны» як найб. універсальны. Паняцце С.р. замацавана на I Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў (1934) для абазначэння асн. метаду сав.маст. літаратуры і літ. крытыкі. У статуце Саюза пісьменнікаў СССР, прынятым на гэтым з’ездзе, дэкларавалася, што С.р. павінен забяспечыць маст. творчасці «выключную магчымасць выяўлення творчай ініцыятывы, выбару разнастайных форм, стыляў, жанраў». Тэарэт. асновы С.р. закладваліся ў працах эстэтыкаў-марксістаў Г.Пляханава, Д.Благоева, А.Луначарскага, Ю.Мархлеўскага, В.Вароўскага, А.Варонскага і інш. Адным з буйнейшых пачынальнікаў лічыцца М.Горкі (раман «Маці»). На Беларусі актыўным прапагандыстам новага метаду быў Ц.Гартны. У 1918 у лекцыі пра бел. л-ру, прачытанай студэнтам Бел.нар. ун-та ў Маскве, ён сфармуляваў вядучыя прынцыпы пралет. творчай дактрыны, у аснову якой быў пакладзены класавы кампанент. На гэту дактрыну ў сваёй творчай практыцы арыентаваліся члены літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Звенья», Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў, якія ўспрынялі заклік М.Горкага паказваць канфлікты сучаснай рэчаіснасці праз прызму гіст. аптымізму, адлюстроўваць іх у перспектыве грамадска-рэв. развіцця, маляваць велічны вобраз новага чалавека, стваральніка новага свету, рэалізатара спрадвечнай мары аб вольнай працы на вольнай зямлі. Аднак адразу быў узяты курс на ператварэнне С.р. з асноўнага ў адзіны для ўсіх творцаў маст. метад, а сац. аптымізм прадпісвалася разумець як лакіроўку рэчаіснасці. Неўзабаве з’явілася тэорыя бесканфліктнасці, якая выключала паказ сапраўдных грамадска-паліт. супярэчнасцей і недахопаў, дапускаючы адлюстраванне барацьбы, сутычак толькі добрага з лепшым, а лепшага з выдатным. Тэарэт. база С.р. пашыралася ідэямі народнасці (1930-я г.), сацыяліст. гуманізму (1950-я г.), прынцыпам эстэтычна адкрытай сістэмы (1970-я г.), што дазволіла стварыць шэраг высокамаст. твораў ва ўсіх жанрах л-ры (паэмы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш., раманы І.Мележа, І.Шамякіна, І.Навуменкі, І.Пташнікава і інш., п’есы К.Крапівы, А.Макаёнка і інш). С.р. — з’ява інтэрнацыянальная, яго прадстаўнікамі былі як савецкія (У.Маякоўскі, М.Шолахаў, К.Федзін, Л.Лявонаў, А.Фадзееў і інш.), так і зарубежныя (Л.Арагон, Г.Зэгерс, М.Пуйманава, Ж.Амаду, Я.Гашак і інш.) пісьменнікі. Метад С.р. быў пашыраны на ўсе віды мастацтва, у т. л. архітэктуру (пераважна аздабленне), выяўл.мастацтва, кіно, тэатр, музыку. Пасля распаду СССР С.р. не знік з творчай практыкі, але яго гіст. місія ацэньваецца даследчыкамі неадназначна.
Літ.:
Ленин В.И. О литературе и искусстве. 7 изд. М., 1986;
Марков Д.Ф. Проблемы теории социалистического реализма. 2 изд. М., 1978;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Гаранін Л Я., Яскевіч А.С., Матрунёнак А.П. Нараджэнне новага мастацтва. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),
нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтваням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленне гуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.
Літ.:
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;
Львов С.П. А.Дюрер. М., 1977;
Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.
А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,
мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродзенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел.дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел.політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш).
Літ.:
Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;
Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;
Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.
А.В.Сычова.
Да арт.Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.Да арт.Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.Ландшафтная архітэктура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБІВА́НКА, набойка, выбойка,
спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст.Найб. росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу Н. ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобл.), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобл.), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабр. вытв-сцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. Н. выраблялі асобныя майстры.
Н. рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна Н. рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых Н. для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з метал. (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У зах. раёнах Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. для Н. выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геам. узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы. Рысунак бел. Н. лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найб. пашыраны геам. (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны расл. арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантаст. птушак). Бел. Н. характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невял. колькасці дэкар. элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна бел. Н. звязана з інш. відамі нар.мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).