КУ́ЧАВА-ДАЖДЖАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cumulonimbus (Cb)],

шчыльныя і магутныя воблакі белага колеру з цёмнымі, зрэдку сіняватымі асновамі з моцным вертыкальным развіццём (да выш. 14 км). Ападкі з іх ліўневага характару, часам суправаджаюцца навальніцай, шквалам, градам. Развіваюцца з магутных кучавых воблакаў, адрозніваюцца ад іх верхняй часткай, якая складаецца з крышталёў лёду.

Кучава-дажджавыя воблакі.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ЗАВО́Д ЭЛЕКТРАВЫ́РАБАЎ.

Пабудаваны ў г. Ліда ў 1927 як цвіковая ф-ка. З 1955 з «Металашырспажыў», з 1956 з электравырабаў. У 1960—65 рэканструяваны, пабудаваны новы вытв. корпус, асвоены выпуск стабілізатараў, люмінесцэнтных свяцільняў. З 1976 працуе цэх па вырабе пускарэгулявальнай апаратуры. Асн. прадукцыя (1999): свяцільні, пускарэгулявальная і нізкавольтавая апаратура.

т. 9, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІШАПУ́РСКІЯ ГО́РЫ.

На ПнУ Ірана, паўд. паласа Туркмена-Харасанскіх гор. Даўж. каля 350 км, выш. да 3314 м (г. Кенгзошк). Складаюцца з асобных хрыбтоў, падзеленых шырокімі далінамі. Складзены з вапнякоў і пясчанікаў з выхадамі інтрузій з парфіраў і гранітаў. Участкі бедленду. Тэрмальныя крыніцы, радовішча бірузы. Перадгорныя пустыні змяняюцца з вышынёй паўпустынямі і горнымі стэпамі.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЎТ (Іван Іванавіч) (н. 20.7.1932, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў БПІ (1961). З 1952 у ін-це «Белпрампраект» (з 1968 гал. архітэктар), адначасова (з 1968) выкладчык Бел. політэхн. акадэміі. Асн. работы (у сааўт.): карпусы з-даў гадзіннікавага (1953—56), ЭВМ (1955—61), радыёзавода (1960—63), будынкі Дзіпрасельбуда (1968), СКБ з-да працяжных станкоў (1970), аўтатрактарнага ф-та БПІ (1976), комплексы з-да халадзільнікаў (1965—90), паказальных гандл.-вытв. аб’яднанняў фірмаў «Мерседэс-Бенц» (1993) і «Пума-БМВ» (1995), навук.-вытв. аб’яднанні «Гранат» (1982) і «Цэнтр» (1985), гараж хуткай мед. дапамогі (1986—89) у Мінску; дывановы (1965), панчошны (1968) камбінаты, з-ды ЭВМ (1965—72), электралямпавы (1967—75), комплекс з-даў Мінлегхарчмаша (1980—82) у Брэсце; Бел. аўтамабільны з у Жодзіне (1966—82), філіял Мінскага трактарнага з-да ў Смаргоні (1985—90). У 1977—80 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛІ, калоідныя растворы,

высокадысперсныя калоідныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем. Часцінкі дысперснай фазы маюць памер 10​−7—10​−5 см. Разам з малекуламі (іонамі) дысперсійнага асяроддзя, што акружаюць іх, яны ўтвараюць міцэлы, якія свабодна ўдзельнічаюць у броўнаўскім руху З. з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідразолямі, з арган. асяроддзем — арганазолямі. У адпаведнасці з агульнай класіфікацыяй дысперсных сістэм падзяляюць на ліяфільныя і ліяфобныя (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя (напр., З. мыла, фарбавальнікаў, водныя растворы біяпалімераў) агрэгатыўна ўстойлівыя і тэрмадынамічна раўнаважныя. Ліяфобныя (напр., гідразолі плаціны, золата і інш. металаў) агрэгатыўна няўстойлівыя і нязначныя дабаўкі электралітаў прыводзяць да іх каагуляцыі. Пры каагуляцыі ліяфобныя З. ператвараюцца ў гелі. Цвёрдымі З. наз. дысперсныя сістэмы з размеркаванымі ў цвёрдай фазе найдрабнейшымі часцінкамі інш. цвёрдай фазы. Да іх адносяць некат. мінералы, у т. л. каштоўныя і паўкаштоўныя камяні, каляровае шкло (напр., рубінавае), эмалі.

Літ.:

Гл. пры арт. Дысперсныя сістэмы, Калоідная хімія.

У.​С.​Камароў.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦЫ,

княжацкі род гербаў «Кітаўрас» і «Ружа» ў ВКЛ. Паводле генеалагічнай легенды, род Гедройцаў паходзіў ад князя Гедруса, прадстаўніка дынастыі Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад Гедзімінавічамі. У гіст. крыніцах Гедройцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1399, калі яны вялі судовую спрэчку з віленскім біскупам. У 1431—33 шэраг дзярж. актаў быў замацаваны подпісамі Гедройцаў поруч з подпісамі інш. прадстаўнікоў літ. знаці і князёў Войнуса, Гагуліса і Ягайлы. Родавай вотчынай Гедройцаў быў маёнтак Гедройцы ў Віленскім пав. У 15 ст. род Гедройцаў разгалінаваўся, а ў 16 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў, якія выходзілі на вайну асобнай харугвай. Многія Гедройцы ўпамінаюцца ў крыніцах без княжацкага тытула, што сведчыць пра здрабненне роду. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Матэвуш (Мацвей; каля 1500—63), сын Балтарамея (?—1524), у сярэдзіне 16 ст. дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі, намеснік віленскі. З 1562 у складзе Рады ВКЛ у якасці гаспадарскага маршалка. У 1528 разам з братам Крыштофам ставіў у войска 8 коннікаў. Мельхіёр (1536?—1609), сын Матэвуша, кусташ віленскага капітула, біскуп жамойцкі з 1574. Марцін (каля 1550—1621), сын Матэвуша, староста абельскі з 1586, вількамірскі з 1589, бельскі з 1616, ваявода мсціслаўскі з 1617. Юрый (?—1619), сын Пятра, падсудак вількамірскі з 1589 і суддзя земскі вількамірскі з 1607. Марцыян (?—1649), сын Уладзіслава, падстолі полацкі з 1613, падсудак віленскі з 1624 і суддзя земскі віленскі з 1647. Арнольф (? — пасля 1656), сын Януша, мечнік пінскі з 1641, чашнік пінскі ў 1650 і войскі пінскі ў 1656. Рамуальд Тадэвуш, гл. Р.Т.Гедройц.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́МБА (галанд. dam),

гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе насыпу, будовай аналагічнае земляной плаціне. Бываюць напорныя і безнапорныя. Выкарыстоўваюцца для аховы ад затаплення і падтаплення с.-г. угоддзяў, населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў (Д. абвалавання), для рэгулявання рэчышчаў, прадухілення іх размываў, адкладання наносаў (рэгулявальныя Д.).

Д. абвалавання будуюць з мясц. грунтоў, яны могуць умацоўвацца каменным накідам, бетоннымі або жалезабетоннымі плітамі, мець проціфільтрацыйныя ядро або экран з гліністых грунтоў ці поліэтыленавай плёнкі, дрэнаж. Рэгулявальныя Д. будуюць з каменнага накіду, каркасна-каменных канструкцый, фашын і інш. (гл. Рэгуляцыйныя збудаванні). На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Д. робяцца пры буд-ве вадасховішчаў і водных сістэм (напр., на Вілейска-Мінскай воднай сістэме).

Г.​Г.​Круглоў.

Папярочныя профілі дамбаў абвалавання з экранам з грунтавога матэрыялу (1), з ядром (2) і з экранам з поліэтыленавай плёнкі (3).

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЎКАЎ (Тодар Хрыстаў) (н. 7.9.1911, с. Правец Сафійскай акр., Балгарыя),

палітычны і дзярж. дзеяч Балгарыі. Герой Сац. Працы Нар. Рэспублікі Балгарыі (1961), двойчы Герой НРБ (1971, 1981), Герой Сав. Саюза (1977). З 1932 чл. Балгарскай камуніст. партыі (БКП). Адзін з кіраўнікоў Вераснёўскага народнага ўзброенага паўстання 1944 у Балгарыі. З 1945 канд., з 1948 чл. ЦК БКП. У 1948—49 1-ы сакратар Сафійскага гаркома БКП, з 1950 сакратар, з 1951 чл. Палітбюро ЦК БКП. Ген. сакратар (у 1954—81 1-ы сакратар) ЦК БКП, адначасова старшыня Савета Міністраў НРБ (1962—71). З 1971 старшыня Дзярж. савета НРБ. У снеж. 1989 выключаны з БКП і зняты з усіх пасад. У 1994 асуджаны на 7 гадоў зняволення па абвінавачанні ў растраце дзярж. сродкаў, знаходзіўся пад хатнім арыштам; у 1996 апраўданы.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́НАВА,

узгорак з рэшткамі стараж. паселішчаў на Пд Балгарыі. Мае 7 культ. пластоў эпохі неаліту і бронзавага веку (6—3-е тыс. да н. э.). У ніжнім пласце выяўлена кераміка з размалёўкай, сярпы з рогу з крамянёвымі ўкладышамі, рэшткі стараж. жытлаў. 3-і пласт, познанеалітычны (сярэдзіна 5-га тыс. да н. э.), утрымлівае чорную і шэрую глянцавую кераміку, 5-ы пласт (пач. 4-га тыс. да н. э.) — шэрую кераміку з паглыбленым арнаментам, запоўненым белай пастай. 6-ы пласт належыць да балг. варыянта культуры Гумельніца (сярэдзіна 4-га тыс. да н. э.), выяўлены дамы з печамі, збожжасховішча, кераміка з графітнай размалёўкай. 7-ы пласт належыць да ранняй бронзы (3-е тыс. да н. э.), для яго характэрны дамы з апсідамі, чорная і карычневая кераміка з шнуравым арнаментам.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДЫЯ (ням. Kurland),

Курземе, гістарычная вобласць на З Латвіі. Са старажытнасці населена балцкімі плямёнамі, ад аднаго з іх (куршаў) наз. Курземе. Кантактавала з Полацкім княствам. З пач. 13 ст. ў саюзе з літ. князямі намагалася абараніцца ад экспансіі крыжакоў. Да 1267 заваявана і хрысціянізавана крыжацкім Лівонскім ордэнам, тут існавала Курляндскае епіскапства. З 1561 б.ч. К. ўваходзіла ў склад падвасальнага ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай) Курляндскага герцагства, у якім з 1617 дзейнічалі Курляндскія статуты. Адсюль паходзіў фаварыт рас. імператрыцы Ганны Іванаўны Э.​І.​Бірон (курляндскі герцаг у 1737—40 і 1763—69, гл. Біронаўшчына). Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Расіі, уключана ў Курляндскую губ. (1796—1917). У 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Германіі (з 1915). 3 ліст. 1918 у складзе Латвіі (да 1940 яе правінцыя).

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)