РАДЗІВІ́Л (Удальрык Крыштоф) (28.1.1712, г. Дзятлава Гродзенскайвобл. — 21.7.1770),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, польскі і бел. паэт, гісторык. Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. У 1734—62 канюшы ВКЛ, у 1762 вял. пісар ВКЛ, у 1739—46 староста мінскі; пасол на сеймы 1730, 1733, 1736, 1746, 1764, 1767. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1743), ген.-лейтэнант (1748). У 1749 узначальваў паход супраць укр. гайдамакаў, які апісаў у надрукаваным «Дыярыушы». Аўтар твораў «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Універсальная гісторыя» (у 1758 надрук. першыя 14 арк.), «Крытыкі свету, або Сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе», гісторыі роду Радзівілаў, панегірыкаў, элегій, од. Выдаў кн. «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў» (1741), тэхн. трактаты, некат. вершаваныя творы. Перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П.Карнеля, Ж.Расіна. Спрабаваў увесці ў спектаклі прыдворных т-раў бел. мову. Па-беларуску гаворыць адзін з персанажаў пераробкі Р. твора Э.Бурселя «Камедыя Эзопа» (захаваліся 5 радкоў яго ўступнага маналога).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎДА (Віктар Уладзіміравіч) (н. 10.11.1921, г. Смаргонь Гродзенскайвобл.),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1978). Нар.арт.СССР (1990). Канд. мастацтвазнаўства (1956), праф. (1975). Скончыў Віленскую дзярж. духоўную семінарыю (1939), Літ. кансерваторыю (1951). Вучань А.Свешнікава. З 1951 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Дзярж.акад.рус.нар. хору імя Свешнікава. З 1956 хормайстар і дырыжор Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі, адначасова выкладае у Бел. акадэміі музыкі (з 1964 заг. кафедры). З 1965 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё. Творчасці Р.-хормайстра ўласцівы ўдумлівыя адносіны да муз. твораў, імкненне да чысціні строю, высокай якасці гучання харавога шматгалосся, глыбокая інтэрпрэтацыя муз. твораў. Склаў «Хрэстаматыю па чытанні харавых партытур» (т. 1—2, 1971—74), «Хрэстаматыю па беларускай харавой опернай літаратуры» (1975), зб-кі «Харавыя канцэрты» (1980, 1982, 1984), «Хоры беларускіх кампазітараў на вершы Я.Купалы і Я.Коласа» (1982), «Харавы вянок» (1985). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ц,
манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.
У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).
У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскайвобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.К.Глаўбіц, М.Д.Пёпельман, Дж.Сака, К.Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст.маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл.Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-нГродзенскайвобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл.) і інш.
У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскай вобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскайвобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.
Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт.Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г. аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, І.Селівончык і інш.).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскайвобл. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ (Міхаіл Казіміравіч) (18.6.1806, маёнтак Парэчча, Слонімскі р-нГродзенскайвобл. — 2.8.1833),
бел. рэвалюцыянер, сацыяліст-утапіст. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. У час вучобы ў Віленскім ун-це (1822—25) быў блізкі да тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Удзельнік паўстання 1830—31 у атрадзе ген. А.Гелгуда. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю. Уваходзіў у эмігранцкія паліт. арг-цыі Нац. польск. к-т, Т-валіт. і рус. зямель, Польскае дэмакр.т-ва; з 1833 у тайнай арг-цыі карбанарыяў. Выступаў за адмену прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калект. ўласнасць, за абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакр. рэспублікамі, звязанымі федэратыўнымі адносінамі з Польшчай. Сродкам дасягнення дэмакр. і справядлівага грамадскага ладу лічыў сац. рэвалюцыю агульнаеўрап. маштабу. Удзельнічаў у Заліўскага экспедыцыі 1833. У сак. 1833 у якасці паўстанцкага нач. Слонімскага і Навагрудскага пав. прыбыў на Беларусь. Стварыў у наваколлі Слоніма партыз. атрад з сялян, але шырокай падтрымкі насельніцтва не атрымаў. У маі 1833 атрад разбіты, Валовіч арыштаваны. Паводле прыгавору ваенна-палявога суда павешаны ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРНЯ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік горадабудаўніцтва барока. Сфарміраваўся ў 1760—70-я г. ў в. Варняны (Астравецкі р-нГродзенскайвобл.). Арганізаваны вакол прамавугольнай у плане плошчы. Дамінантай ансамбля з’яўляецца размешчаны на ўсх. баку Георгіеўскі касцёл (пабудаваны ў 1767—69 у стылі позняга барока, дабудаваны ў 1880, 1909, фундатарка — уладальніца Варнян М.Абрамовіч, арх. А.Казакоўскі) — двухвежавы 1-нефавы мураваны храм з трансептам. Арх. пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтравана на гал. фасадзе. Касцёл фланкіруюць 2-павярховыя мураваныя дом аптэкара і плябанія (1770), якія ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысе агароджай. На зах. баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 18 — 1-я пал. 19 ст.; не захаваўся). На паўд. і паўн. баках плошчы размяшчалася па 8 аднатыпных драўляных 1-павярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (захаваліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́ПАЛЬ,
гарадскі пасёлак на Беларусі, цэнтр Антопальскага пасялковага Савета Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. За 28 км на З ад Драгічына. На аўтадарозе Кобрын—Драгічын, чыг. ст. Антопаль на лініі Брэст—Пінск. 2,4 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 16 ст. ў складзе Берасцейскага ваяв.ВКЛ. 2.3.1731 кароль Аўгуст III надаў Антопалю прывілей на 3 штогадовыя кірмашы. З 1795 мястэчка Кобрынскага пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскайгуб. У 1897 было 3867 жыхароў, 1262 дамы, нар. вучылішча. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі сукнавальня, смалакурня, 2 маслабойні, 6 мукамольняў. У 1915 акупіраваны кайзераўскімі, у 1919 — польскімі войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак. У 1940—59 цэнтр Антопальскага р-на. З 25.6.1941 да 16.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1959 у Драгічынскім р-не.
Ватнапрадзільная ф-ка, камбінат быт. абслугоўвання, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, кінатэатр, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі, Васкрасенская царква і касцёл (помнікі архітэктуры 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭН (Келясцін Іванавіч) (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),
бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскайгуб. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр.т-ваРас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.
Літ.:
Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ, Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў,
афіцыйная навук. ўстанова ў крас. 1864—1915 у Вільні. Камісія спецыяльна падбірала такія дакументы, якія абгрунтоўвалі палітыку царызму. У рабоце камісіі прымалі ўдзел П.А.Бяссонаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, Дз.І.Даўгяла, Ю.Ф.Крачкоўскі, І.Я.Спрогіс, А.В.Турцэвіч і інш. Выдадзена 39 тамоў Актаў Віленскай камісіі (дакументы копных, земскіх і гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і вайну 1812, царкоўную унію), 7 тамоў (у 9 кнігах) па гісторыі агр. зносін, лясной гаспадаркі; зборнік палеаграфічных здымкаў са стараж. актаў і грамат і інш. (усяго 49 тамоў). Выданне актавых кніг заснавана на дакументах Цэнтр. архіва для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ., дзе былі сабраны стараж. акты (да 1799) з гарадоў і мястэчак гэтых губерняў. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі бел. мовы.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1795—91 і 1801—1920 на тэр. Літвы і Беларусі (да 1840 Літоўска-Віленская губерня). Цэнтр — г.Вільня. Утворана пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). 6.2.1797 зліта са Слонімскай губ. у адну Літоўскую губерню. Адноўлена паводле ўказа Аляксандра I (9.9.1801) пры падзеле апошняй на Гродзенскую і Віленскую губ. Уключала 11 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі (Новааляксандраўскі), Віленскі, Вількамірскі, Завілейскі, Ковенскі, Расіенскі, Трокскі, Упіцкі (Панявежскі), Цяльшэўскі і Шавельскі. У 1843 частка паветаў перададзена новаўтворанай Ковенскай губ. У складзе Віленскай губерні засталіся: Ашмянскі, Віленскі, Свянцянскі (Завілейскі) і Трокскі пав.; да іх далучаны з Гродзенскайгуб. Лідскі, з Мінскай губ. — Дзісенскі і Вілейскі пав. Уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897, нас. 1591,2 тыс.чал., з іх 56% беларусаў, 17,6 літоўцаў, 12,7 яўрэяў, 8,2% палякаў; паводле веравызнання: 58,8% католікаў, 27,7 праваслаўных, 12,9% іудзеяў. У 1915 пл. губерні 36 825 кв. вёрст, нас. 2083 тыс.чал. У 1920 большая частка Віленскай губерні склала Віленскае ваяводства; астатняя тэр. адышла да Літвы, невял. частка Вілейскага пав. — да БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́ЧКА (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 10.12.1930, в. Вецявічы Слонімскага р-на Гродзенскайвобл.),
бел. паэт, літ.-знавец, крытык, празаік, перакладчык. Д-рфілал.н. (1981). Скончыў БДУ (1956). З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1949. Першы зб. паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны...» (1958). У паэзіі Арочкі спалучаюцца лірызм, задушэўнасць інтанацый, роздум пра мінулае Бацькаўшчыны, трагізм вайны, што апаліла маленства паэта, складаныя праблемы сучаснасці (зб. «Ветраломная паласа», 1962; «Крылатае семя», 1967; «Кветкі бяссмертніка», 1972; «Матчына жыта», 1978; «Падземныя замкі», 1986). Адрадзіў ў сучаснай бел. л-ры жанр драм. паэмы («Курганне», 1980; «Крэва», 1982; «Шляхі і краты», 1984; «Судны дзень Скарыны», 1991). Аўтар аповесці «Хай расце маладая таполя» (1963), зб. вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964). Даследуе сучасную бел. паэзію, жанр паэмы, літ. ўзаемасувязі (кн. «Валянцін Таўлай», 1969; «Сучасная беларуская паэзія», 1976; «Беларуская савецкая паэма», 1979; «Максім Танк», 1984; «Пад высокай зоркай: Паэзія М.Ю.Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова», 1990).