ДЗІ́ТВА,

рака на тэр. Літвы і Воранаўскага і Лідскага р-наў Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 93 км (у межах Беларусі каля 90 км). Пл. вадазбору 1220 км². Пачынаецца каля г. Эйшышкес у Літве, цячэ ў межах Лідскай раўніны, у нізоўі — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Каменка, Восава, Няшкрупа, Крупка, Лідзея (злева), Радунька, Чарняўка (справа). Даліна выразная, яе шыр. да ўпадзення р. Крупка 1—2,5 км, ніжэй 600 м — 1,1 км. Рэчышча ад мяжы з Літвой на працягу 50 км каналізаванае, ніжэй моцназвілістае, падзяляецца на рукавы. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,2 м³/с.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМІ́ДАВА (Ала Сяргееўна) (н. 29.9.1936, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1984). Скончыла Маскоўскі ун-т (1960), Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1964). Працавала ў Маск. т-ры драмы і камедыі на Таганцы (да 1991). Яе мастацтва вызначаюць інтэлектуальнасць, эмац. насычанасць пры знешняй стрыманасці і строгасці: Гертруда («Гамлет» У.​Шэкспіра), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Федра («Федра» М.​Цвятаевай) і інш. У кіно з 1957: «Дзённыя зоркі», «Іду да цябе», «Люстэрка», «Шчыт і меч», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (Дзярж. прэмія СССР 1977), «Шклянка вады» (тэлевізійны) і інш. Стваральнік (1991) і кіраўнік прыватнага т-ра «А».

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРЫНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдЗ ад Віцебска. Пл. 0,37 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 15,2 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м (на Пн і Пд да 5 м), у верхняй ч. разараныя, на У пад хмызняком. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, уздоўж урэзу вады параслі хмызняком, на Пн нізкія, пераўвільготненыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — сапрапелі; глеі. Зарастае слаба. У возера ўпадае ручай, на Пн выцякае ручай у Зах. Дзвіну.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ГА (англ. drag),

плывучая ўстаноўка з абагачальным абсталяваннем, з дапамогай якой з-пад слою вады здабываюць карысныя выкапні. Спосабамі абагачэння карысных выкапняў з паднятага грунту вылучаюць каштоўныя металы і мінералы, пустую пароду ўкладваюць у адвал. Адрозніваюць Д.: кантынентальныя (манціруюцца звычайна на пантонах) і марскія (на самаходных або буксірных суднах); эл., дызель-эл. і дызельныя; адна- і шматчарпаковыя, гідра- і пнеўмаўсмоктвальныя. У шматчарпаковых Д. умяшчальнасць чарпака да 1500 л, глыбіня чэрпання да 50 м. Д. здабываюць золата, плаціну, алмазы, друз і інш.

Драга: 1 — шматчарпаковая (з чарпакамі па 210 л); 2 — грэйферная (схема).

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЭ́РА (Duero),

партуг. Дору, рака ў Іспаніі і Партугаліі. Даўж. 925 км, пл. бас. каля 95 тыс. км². Вытокі ў Іберыйскіх гарах, у верхнім і сярэднім цячэнні ў глыбокай даліне перасякае Старакастыльскае пласкагор’е. Пры спуску да прыморскай нізіны ўтварае каньён, упадае ў Атлантычны ак. Вусце Д. — эстуарый, перагароджаны барам. Гал. прытокі: Пісуэрга, Адаха, Эсла, Тормес, Тамега. Сярэдні расход вады ў вусці каля 700 м³/с (самая мнагаводная рака на Пірэнейскім п-ве). Зімова-веснавыя паводкі. Суднаходная на 200 км. ГЭС. Вадасховішча. На Д. — гарады Сорыя, Аранда-дэ-Дуэра, Самора (Іспанія), Порту (Партугалія).

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХА́ННЕ РАСЛІ́Н,

працэс акісляльнага распаду вугляводаў (або інш. дыхальных субстратаў) да дыяксіду вугляроду (CO2) і вады, які ідзе з паглынаннем кіслароду. Пры гэтым вызваляецца энергія, што раней назапашваецца пры фотасінтэзе, і выкарыстоўваецца на ўтварэнне багатых энергіяй злучэнняў (часцей у форме АТФ). У ніжэйшых раслін абмен газаў пры дыханні ідзе шляхам дыфузіі праз паверхню клетак, у вышэйшых раслін — праз міжклетнікі, якія пранізваюць усё цела. Найб. інтэнсіўнасцю дыхання вызначаюцца маладыя, хутка растучыя органы і тканкі. У расліны найб. актыўна дыхаюць рэпрадукцыйныя органы, потым лісце, слабей — сцёблы і карані. З заканчэннем перыяду актыўнага росту Д.р. аслабляецца, што звязана з працэсамі старэння пратаплазмы.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБІ́Т (ад франц. débit збыт, расход),

колькасць вадкасці (вады, нафты) або газу, якія паступаюць за адзінку часу з прыроднай ці штучнай крыніцы (буравой свідравіны, калодзежа, водазаборнага збудавання, трубы і інш.). Д. вадкасці вымяраецца ў л/с, м³/с, м³/сут (для нафты і т/сут); газу — у м³/сут.

Д. вызначаецца разлікам (па формулах падземнай гідрадынамікі) і з дапамогай адпампоўвання (пробных, доследных, эксплуатацыйных). Пры адпампоўваннях для вымярэння Д. вадкасці выкарыстоўваюць мерныя пасудзіны, вадамеры, дэбітометры, самапісныя дэбітографы, свідравінныя расхадамеры; газу — анемометры, шайбавыя вымяральнікі і інш. Д. водазаборных свідравін на Беларусі ад 0,005 да 0,05 м³/с.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАПУРА́, Япура (Japurá, Yapurá),

рака ў Бразіліі і Калумбіі (дзе наз. Какета, Caquetá). Левы прыток р. Амазонка. Даўж. 1930 км, пл. бас. 282 тыс. км². Пачынаецца ў Цэнтр. Кардыльеры Калумбіі. У верхнім цячэнні, у Андах і ў зах. ч. Гвіянскага пласкагор’я парожыстая, на Амазонскай нізіне шырокая і спакойная, у ніжнім цячэнні ўтварае шматлікія рукавы, пратокі (адзін з іх злучаецца з Амазонкай на 600 км вышэй за вусце Ж.). Жыўленне дажджавое. Паводка з сак. да ліпеня. Сярэдні гадавы расход вады 17900 м³/с. Суднаходная ў межах Бразіліі і на асобных участках у Калумбіі.

т. 6, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХБЕ́ЙКА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Лужаснянка, за 25 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 0,26 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 280 м, найб. глыб. 8,7 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 2,14 км². Схілы катлавіны выш. да З м, пясчаныя, пад лесам, на Пн і Пд невыразныя. Берагі выш. да 0,5 м, тарфяністыя, на ПнУ пясчаныя, да ўрэзу вады лес і хмызняк. Мелкаводдзе вузкае. Дно да глыб. 2,5—3 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Ёсць востраў пл. 0,4 га. Зарастае. У час разводдзя ручаём злучаецца з воз. Вымна.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕЧАРПА́ЛЬНЫ СНАРА́Д,

плывучая землярыйная машына з чарпаковым прыстасаваннем для вымання грунту з-пад вады. Рабочы орган адначарпаковых З.с. — коўш ёмістасцю да 20 м³ (глыбіня чэрпання да 30 м) або грэйфер многачарпаковых — шэраг каўшоў ёмістасцю да 1,5 м³, злучаных у выглядзе замкнёнага ланцуга (глыбіня чэрпання да 18 м). Падняты каўшамі грунт выдаляецца ў адвалы (разам з вадой па латаках, трубаправодах) ці загружаецца на грунтаадвозную шаланду або баржу. Выкарыстоўваюцца для днопаглыбляльных работ, капання падводных катлаванаў, узвядзення дамбаў, насыпаў, здабычы карысных выкапняў і інш. Здабыўныя З.с. маюць абагачальную ўстаноўку і наз. драгамі.

М.​М.​Кунцэвіч.

Шматкаўшовы землечарпальны снарад.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)