ПАРАЎТВАРЭ́ННЕ,

пераход рэчыва з вадкага або цвёрдага стану ў газападобны; адзін з фазавых пераходаў 1 роду. П. са свабоднай паверхні вадкасці наз. выпарэннем, з паверхні цвёрдага цела — сублімацыяй. У замкнутым аб’ёме П. ідзе да таго часу, пакуль прастора над вадкасцю (цвёрдай фазай) не запоўніцца парай, ціск якой роўны раўнаважнаму пры дадзенай т-ры (ціск насычэння). П. у аб’ёме (кіпенне) абумоўлена ўзнікненнем бурбалак насычанай пары на сценках пасудзіны і іх ростам у аб’ёме вадкасці.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЕЙДО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з гал. багоў-алімпійцаў, бог мораў, крыніц і землетрасенняў, якімі ён кіруе з дапамогай трызубца. Сын Кронаса і Рэі, брат Зеўса і Аіда, з якімі падзяляе панаванне над светам, бацька Тэсея, Мінатаўра і інш. міфалагічных персанажаў. Лічылася, што ён жыве ў раскошным палацы на дне мора. У стараж. Афінах П. шанавалі як апекуна марской магутнасці горада, у яго гонар наладжваліся Істмійскія гульні. У рым. міфалогіі П. адпавядаў Нептун.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРО́КЛ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, сябар Ахіла. У небяспечны для грэкаў момант, калі траянцы на чале з Гектарам уварваліся ў іх лагер і імкнуліся падпаліць караблі, Ахіл з-за сваркі з Агамемнанам адмовіўся ўдзельнічаць у бітве, але аддаў П. свае даспехі. П. узначаліў контратаку грэкаў і адагнаў траянцаў ад лагера, забіўшы пры гэтым знакамітага героя Сарпедона, але і сам быў забіты Гектарам, які зняў з яго даспехі Ахіла.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЦЯРУ́ХА»,

бел. нар. танец, блізкі да «трасухі». Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца 4 парамі. Дзяўчаты, патрэсваючы корпусам і размахваючы рукамі, на пятках вырабляюць розныя па, а потым нібы плывуць насустрач сваім партнёрам, якія танцуюць на насках дробнымі крокамі і тупаюць нагамі. Потым усе разам, пераплёўшы рукі, утвараюць кругі і рухаюцца то ў адзін, то ў другі бок. Зафіксаваны ў 19 ст. у в. Сіняўка (Клецкі р-н, Мінскай вобл.).

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 12, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАПІ́Д (Pelopidas; каля 410 да н.э., г. Фівы, Грэцыя — 364 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 379 адзін з арганізатараў антыспартанскага дэмакр. перавароту ў Фівах. З 378 шмат разоў выбіраўся ў калегію гал. дзярж. чыноўнікаў (беатархаў) Беатыйскага саюза. Пад яго кіраўніцтвам фіванцы перамаглі спартанцаў каля Танагры (377), Тэгіры (375), Леўктраў (371). З 369 кіраваў ваен. дзеяннямі фіванцаў супраць Македоніі і тырана г. Фер Аляксандра; загінуў у бітве з ім каля Кінаскефалаў.

т. 12, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНК ((Penck) Альбрэхт) (25.9.1858, г. Лейпцыг, Германія — 7.3.1945),

нямецкі геамарфолаг і географ. У 1885—1906 праф. Венскага ун-та, у 1902—26 праф. і дырэктар Ін-та геаграфіі і акіянаграфіі Берлінскага ун-та. Навук. працы па тэорыі агульнай геамарфалогіі і палеагеаграфіі чацвярцічнага (антрапагенавага) перыяду, даследаванні па геамарфалогіі Альпаў, Пірэнеяў, Канады, Аўстраліі і інш. рэгіёнаў, а таксама гідраграфіі р. Дунай. Адзін з распрацоўшчыкаў геамарфалагічнай класіфікацыі кліматаў і канцэпцыі стараж. зледзянення Альпаў (вылучыў 4 ледавіковыя эпохі).

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕІ́ДЫ,

адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.​Скіяпарэлі, 1866).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНАЦЫТО́З (ад грэч. pino п’ю + kytos ёмістасць, тут — клетка),

захопліванне клетачнай паверхняй вадкасці з растворанымі ў ёй рэчывамі. Адзін з асн. механізмаў пранікнення ў клетку высокамалекулярных злучэнняў (бялкоў, глікапратэідаў, ліпідаў). Пры П. на спецыялізаваных участках плазматычнай мембраны паяўляюцца кароткія тонкія вырасты, якія акружаюць кроплю вадкасці і перамяшчаюць яе ўнутр клеткі. Адбываецца П. у эпітэліяльных клетках кішэчніка, ныркавых канальцах; найб. характэрны для амёб. Часам тэрміны «П.» і «фагацытоз» аб’ядноўваюць агульным паняццем — эндацытоз.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНСО́Н (Pinzón),

браты, ісп. мараплаўцы. Вісентэ Яньес (1460, Палас, Іспанія — каля 1524), у 1492—93 удзельнік 1-й экспедыцыі Х.Калумба, камандаваў каравелай «Нінья». У 1500 на чале флатыліі з 4 судоў адкрыў Паўн.-Зах. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі з вусцямі рэк Амазонка і Арынока. У 1508—09 сумесна з Х.​Солісам даследаваў Усх. Бераг п-ва Юкатан. Марцін Алонса (каля 1440, Палас, Іспанія — 1493), адзін з арганізатараў і кіраўнікоў 1-й экспедыцыі Калумба, камандаваў каравелай «Пінта».

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮ́СКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1583, адзін з дагавораў паміж Расіяй і Швецыяй, якімі закончылася Лівонская вайна 1558—83. Заключаны на р. Плюса тэрмінам на 3 гады (потым прадоўжаны да 1590). Паводле П.п. пад уладай Швецыі заставаліся рус. землі, якія яна захапіла ў час вайны: гарады Івангорад, Ям, Капор’е і Карэла з іх паветамі. У выніку рус.-шведскай вайны 1590—93 паводле Цяўзінскага мірнага дагавора 1595 усе гэтыя тэрыторыі вернуты Расіі. Гл. таксама Ям-Запольскі мірны дагавор 1582.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)