карты, якія адлюстроўваюць рэльеф зямной паверхні, яго паходжанне, узрост, формы і іх памеры. Вылучаюць агульныя геамарфалагічныя карты шырокага (комплекснага) зместу і прыватныя, якія складаюцца па асобных (морфаметрычных, структурна-геамарфалагічных і інш.) прыкметах рэльефу, а таксама спецыяльныя, прызначаныя для вырашэння спец. навуковых ці гасп. задач (напр., пры пошуках асобных радовішчаў карысных выкапняў, пры дарожным будаўніцтве і інш.). Для характарыстыкі рэльефу дна акіянаў і мораў складаюць геамарфалагічныя карты падводнага рэльефу. Марфалогію, дынаміку і паходжанне рэльефу берагавой зоны адлюстроўваюць на геамарфалагічнай карце берагоў. На аснове геамарфалагічных картаў складаюць карты геамарфалагічнага раянавання з паслядоўным падзелам тэр.на геамарфалагічныя краіны, правінцыі, вобласці, раёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬМАН Паліна Уладзіміраўна (н. 24.10.1919, г. Бярдзічаў, Украіна),
Герой Сав. Саюза (1946). З 1920 жыла ў Гомелі. Скончыла 3 курсы Маскоўскага ун-та (1941), курсы штурманаў (1942), Ваен.ін-т замежных моў (1951). З кастр. 1941 у Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну з 1942 наПаўд., Паўн.-Каўказскім (у Асобнай Прыморскай арміі), на 4-м Укр. і 2-м Бел. франтах: штурман, нач. сувязі эскадрыллі 46-га Таманскага жаночага авіяпалка начных бамбардзіроўшчыкаў. Удзельніца абароны Каўказа, вызвалення Кубані, Крыма, Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Зрабіла 860 баявых вылетаў. Да 1957 у Сав. Арміі. У 1959—79 на выкладчыцкай рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,
органы палавога размнажэння раслін; разам з органамі бясполага і вегетатыўнага размнажэння належаць да рэпрадукцыйных органаў. У ніжэйшых раслін з развітым палавым размнажэннем генератыўныя органы падзяляюцца наантэрыдыі і аагоніі, у імхоў, папарацей, хвашчоў і дзеразы — на антэрыдыі і архегоніі. У голанасенных адбываецца рэдукцыя генератыўных органаў, ад архегонія застаецца толькі яйцаклетка і некалькі пабочных клетак, мужчынскі гаметафіт рэдукаваны да трох клетак. У пакрытанасенных (кветкавых) утвараюцца высокаспецыялізаваныя структуры — двухклетачны мужчынскі гаметафіт (вегетатыўныя і генератыўныя клеткі) і зародкавыя мяшкі — жаночыя гаметафіты з яйцаклеткай і цэнтр. клеткай. Паняцце генератыўных органаў часта пашыраюць на кветкі і плады. Генератыўныя органы жывёл і чалавека наз. палавымі органамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМЕ́НКА Назар Яўстратавіч (1903, чыг. ст. Пціч Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — люты 1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. З 1929 працаваў у Мінску. З першых дзён ням.-фаш. акупацыі горада стварыў і ўзначаліў падп. групу (падп.псеўд. Мікалай), з 1942 сакратар Сталінскага падп. райкома КП(б)Бг. Мінск. На яго кватэры збіраліся падпольшчыкі, прымаліся сувязныя партыз. атрадаў, захоўвалася зброя, медыкаменты, нелегальная л-ра. У падп. рабоце ўдзельнічалі яго жонка Таццяна і 12-гадовая дачка Люся. У кастр. 1942 гітлераўцы арыштавалі ўсю сям’ю Герасіменка і пасля катаванняў загубілі. Натэр. сярэдняй школы № 25 у Мінску — бюст Люсі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРААЎКСІ́Н, індалілвоцатная кіслата,
C10H9NO2, хімічнае рэчыва высокай фізіял. актыўнасці з групы гармонаў росту (аўксінаў). Ёсць у мачы і сліне жывёл, бактэрыях, грыбах, водарасцях і вышэйшых раслінах. Вылучаны ў 1934 з культуры плесневых грыбоў і інш. мікраарганізмаў галандскім хімікам Ф.Кёглем. Уздзейнічае на роставыя працэсы парасткаў, лісця, укаранення чаранкоў, узмацняе размнажэнне клетак у калусах, у спалучэнні з цытакінінамі стымулюе дыферэнцыяцыю клетак. Механізм уздзеяння гетэрааўксіна на клеткі звязваюць з актывацыяй H± выпампоўвальнага механізма ў плазмалеме, на дзейнасць рыбасом і ядра, узмацненне сакрэцыі кіслых гідралаз. Утвараецца ў верхавінкавых мерыстэмах сцябла. Фізіялагічна актыўны ў канцэнтрацыях 10−3 — 10−8 М. Гетэрааўксін — адзіны з аўксінаў, які атрымліваюць сінтэзам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАДЫНА́МІКА (ад гідра... + дынаміка),
раздзел гідрамеханікі, які вывучае рух несціскальнай вадкасці і яе ўзаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Адрозніваюць гідрадынаміку ідэальнай вадкасці і гідрадынаміку рэальнай (вязкай) вадкасці; рух эл.-праводных вадкасцей у магн. палях вывучае магнітная гідрадынаміка. На аснове гідрадынамікі рашаюцца задачы гідраўлікі, гідралогіі, гідратэхнікі, метэаралогіі, разліку гідратурбін, помпаў, трубаправодаў і інш.
У тэарэт. гідрадынаміцы на аснове ўраўненняў Л.Эйлера (для ідэальнай вадкасці; для рэальнай — ураўненняў Наўе—Стокса) і неразрыўнасці ўраўнення вызначаюць размеркаванне скарасцей і ціску ў вадкасці. Эксперым. гідрадынаміка грунтуецца нападобнасці тэорыі. Метады гідрадынамікі прыдатныя і для газаў пры скарасцях, значна меншых за гукавую, калі іх можна лічыць несціскальнымі (гл.Газавая дынаміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА, сетка гідралагічных назіранняў,
сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм. раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНАМІЦЭ́ТЫ (Hymenomycetidae),
група парадкаў (афілафаральныя і агарыкальныя) базідыяльных грыбоў. Вядома больш за 12 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў лясных біяцэнозах. На Беларусі больш за 2 тыс. відаў. Большасць сапратрофы, многія паразіты. Ёсць ядомыя, лек., ядавітыя. Мікарызаўтваральнікі або мінералізатары адмерлых раслінных рэшткаў.
Пладовыя целы адна- і шматклетачныя разнастайныя па форме, памерах (ад 0,2 да 72 см), кансістэнцыі і афарбоўцы. Характэрная прыкмета гіменаміцэтаў — утварэнне на паверхні пладовага цела гіменія — шчыльнага слоя з базідый і стэрыльных элементаў, якія выконваюць ахоўную функцыю. Гіменафор (вырасты пладовага цела, што нясуць гіменій) пласціністы, трубчасты, складкаваты і інш. Афарбоўка спораў разнаколерная, ад яе залежыць колер гіменафора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНАКАЛЕ́Я (Gymnocolea),
род пячоначных імхоў сям. лафозіевых. Вядомы 2 віды. Адзін з іх пашыраны пераважна ў паўн. раёнах Паўн. паўшар’я, другі — ў Паўд. паўшар’і. На Беларусі 1 від — гімнакалея ўздутая (G. inflata), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Расце на алігатрофных балотах, па берагах азёр. Трапляецца толькі ў Мядзельскім р-не.
Двухдомная невялікая гіграфільная расліна. Дзярнінкі шырокія, ад светла-зялёных да чырванаватых або цёмна-бурых. Парасткі даўж. да 2,5 см, часта з падверхавінкавымі галінкамі. Лісце коса прымацаванае, да 1/4—1/3 двухлопасцевае. Перыянцый (абгортка архегоніяў) ад амаль шарападобнага да адваротнаяйцападобнага або грушападобнага. Каробачка на ножцы, цыліндрычная, раскрываецца ўздоўж створкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЦІХ Міхаіл (? — 1654),
літаратар, палеміст. Нарадзіўся на Беларусі. Выхоўваўся ў духу арыянства. Вучыўся ў Альтдорфскай гімназіі (з 1607, Германія), выключаны за прапаганду прагрэс. ідэй. Паслядоўнік С.Буднага. У 1611 вярнуўся на Беларусь, жыў у Навагрудку. Вядомы філас. трактатамі, палемікай, перапіскай. Пісаў налац. мове. У 1612 напісаў трактат «Аб задавальненні Хрыста», у 1649 склаў алфавітны даведнік «Багаслоўскія зборнікі». У перапісцы з польск. мысліцелямі Я.Крэлем, І.Маскажэўскім, М.Руарам выказваў думкі пра сілу чалавечага розуму і законы прыроды (апубл. ў Амстэрдаме, 1677). Палеміка Гіціха з альтдорфскім праф. Л.Люцыусам надрук. пад назвай «Аб задавальненні... паміж М.Гіціхам, сацыніянцам і Л.Люцыусам артадоксам» (Базель, 1628).