працэсы здабычы нафты з нетраў і падрыхтоўкі яе да перапрацоўкі. Ажыццяўляецца праз буравыя свідравіныза кошт прыроднай энергіі пласта (унутрыпластавога ціску) і энергіі, што пэўным чынам падаецца ў свідравіну. Спосаб Н., пры якім выкарыстоўваецца энергія пласта, наз. фантанным, а спосабы, калі нафта падымаецца на паверхню за кошт энергіі, што падводзіцца звонку, наз. механізаванымі (іх разнавіднасці — кампрэсарны і помпавы спосабы).
Пры кампрэсарным, або газліфтным (гл.Газліфт). метадзе Н. ў свідравіну запампоўваюць газ, які змешваецца з нафтай і зніжае яе шчыльнасць. Дзякуючы гэтаму забойны ціск становіцца ніжэй за пластавы, а перапад ціскаў выклікае рух вадкасці з пласта да паверхні зямлі. Пры помпавым спосабе на пэўную глыбіню апускаюць штангавыя свідравінныя помпы, што прыводзяцца ў дзеянне ад станкоў-качалак (спосаб выкарыстоўваецца на большасці нафтавых радовішчаў свету), або бясштангавыя, пераважна цэнтрабежныя электрапомпы, да якіх праз свідравіны падводзяць эл. энергію. Найб. эфектыўным метадам павелічэння адбору нафты з пласта з’яўляецца падтрыманне пластавога ціску запампоўкай вады (або газу) у нафтавы пласт. Аднак метады воднага ўздзеяння на пласты не забяспечваюць поўнага здабывання геал. запасаў нафты: у нетрах яе застаецца больш палавіны, а на радовішчах вязкіх нафтаў — 85% разведаных запасаў. Для павышэння каэф. нафтааддачы (адносіны колькасці здабытай нафты да першапачатковага яе запасу ў пакладзе) выкарыстоўваюць розныя фіз. і хім. метады выціскання нафты з пласта. Напр., пры запампоўванні ў нафтавы пласт вады з дабаўкай паверхнева-актыўных рэчываў паніжаецца паверхневае нацяжэнне на мяжы нафта—вада, павялічваецца рухомасць нафты і паляпшаецца яе выцясненне вадой. Для павелічэння эфектыўнасці распрацоўкі радовішчаў з нафтамі павышанай вязкасці ўжываюць цеплавыя метады ўздзеяння на паклад: запампоўка ў пласты гарачай вады, пары і ўнутрыпластавое гарэнне. Для інтэнсіфікацыі Н. побач з уздзеяннем непасрэдна на паклад выкарыстоўваюць розныя хім., фіз. і цеплавыя спосабы ўздзеяння на прызабойную зону з мэтай паляпшэння фільтрацыйных уласцівасцей нафтавага пласта. Здабытая з нетраў нафта змяшчае спадарожны газ (50—100 м³/т), ваду (200—300 кг/т), мінер. солі (да 10—15 кг/т), мех. дамешкі. Перад транспарціроўкай і падачай на перапрацоўку газы, мех. дамешкі, асн.ч. вады і солей выдаляюць з нафты.
На Беларусі Н. пачалася ў 1964 (Рэчыцкае радовішча нафты). Пры распрацоўцы нафтавых радовішчаў шырока выкарыстоўваецца падтрыманне пластавога ціску, асн. спосаб Н. — помпавы. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць.
Літ.:
Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;
Технология и техника добычи нефти. М., 1986.
В.А.Вядзернікаў.
Схема нафтаздабычы глыбінна-помпавым спосабам: 1 — станцыя кіравання электрапрыводам; 2 — лябёдка для апускання кабелю ў свідравіну; 3 — помпава-кампрэсарная труба; 4 — апускная цэнтрабежная помпа; 5 — электрарухавік.Да арт.Нафтаздабыча. Схема павелічэння адбору нафты з пласта: 1 — унутрыконтурным завадненнем; 2 — законтурным завадненнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў САЦЫЯ́ЛЬНА-ПАЛІТЫ́ЧНАЙ ГІСТО́РЫІў Маскве.
Створаны ў сак. 1999 шляхам аб’яднання Рас. цэнтра захоўвання і вывучэння дакументаў навейшай гісторыі і Цэнтра захоўвання дакументаў маладзёжных арг-цый, заснаваных у 1991—92 на базе б.Цэнтр.парт. архіва Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦККПСС і Цэнтр. архіва ВЛКСМ. 685 фондаў і калекцый (2,1 млн. адзінак захоўвання) і 2 калекцыі музейных матэрыялаў (больш за 200 тыс. адзінак захоўвання). Архіў захоўвае 3 асн.дакумент. комплексы. Сац. і паліт. гісторыя Зах. Еўропы 18 — пач. 20 ст. адлюстравана ў калекцыях дакументаў Вял.франц. рэвалюцыі, рэвалюцый 1848—49 у Германіі, Францыі і інш. краінах, Парыжскай камуны (1871), міжнар. арг-цый «Саюз камуністаў» (1847—52) і 1-га Інтэрнацыянала (1864—76). Сярод фондаў асабістага паходжання фонды франц. філосафаў-сацыялістаў А.Сен-Сімона, Ш.Фур’е, ням. філосафа Л.Феербаха, К.Маркса, Ф.Энгельса і членаў іх сем’яў, дзеячаў рэв., рабочага і сацыяліст. руху еўрап. краін Ф.Бабёфа, А.Бебеля, Э.Бернштэйна, Л.Блана, А.Бланкі, Д.Вайнкапа, В.Вейглінга, М.Геса, К.Каўцкага, Ф.Ласаля, П.Лафарга, В. і К.Лібкнехтаў, Р.Люксембург, П.Прудона, К.Цэткін і інш. У дакумент. комплекс па гісторыі дарэв. Расіі ўваходзяць фонды і калекцыі з’ездаў, канферэнцый ЦК. РСДРП, кіруючых цэнтраў, органаў друку, фракцый, арг-цый і груп РСДРП (бальшавікоў, меншавікоў, СДКПІЛ, Бунда і інш.), эсэраў, лібералаў, Паалей-Цыён і інш. Архіў зберагае матэрыялы з’ездаў, канферэнцый, пленумаў, Палітбюро, Аргбюро, Сакратарыята РКП(б) — ВКП(б)за 1917—52, Саўнаркома, Савета Працы і Абароны (1917—24), Дзярж.к-та абароны СССР (1941—45), Цэнтр. штаба партыз. руху (1942—44); матэрыялы дзейнасці кампартый саюзных рэспублік, крайкомаў, абкомаў партыі, краявых, абл. партарганізацый за 1918—91; рэдакцый газет і часопісаў, навук і навуч. цэнтраў ЦККПСС; дакументы з’ездаў, канферэнцый, ЦК, саюзна-рэспубліканскіх, краявых, абл. к-таў камсамола, органаў друку і ўстаноў ВЛКСМ. Сярод асабістых фондаў дзеячаў кампартыі і сав. дзяржавы фонды У.І.Леніна, І.В.Сталіна, Р.К.Арджанікідзе, І.Ф.Арманд, К.Я.Варашылава, Ф.Э.Дзяржынскага, Р.Я.Зіноўева, М.І.Калініна, Л.Б.Каменева, С.М.Кірава, Г.М.Кржыжаноўскага, В.У.Куйбышава, А.В.Луначарскага, А.І.Мікаяна, В.М.Молатава, П.К.Панамарэнкі, К.Б.Радака, Я.М.Свярдлова, Г.В.Чычэрына і інш. Гісторыя міжнар., рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху прадстаўлена калекцыямі дакументаў 2-га і Сацыяліст. рабочага інтэрнацыяналаў (1889—1941), фондамі Камінтэрна і кампартый, якія ў яго ўваходзілі, Камуніст. інтэрнацыянала моладзі, Прафінтэрна (1919—43) і інш. Архіў на дагаворнай аснове папаўняецца дакументамі сучасных рас.паліт. партый, грамадскіх рухаў і іх лідэраў.
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 196—205;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА ВО́ЛІ,
філасофска-этычнае паняцце, якое азначае самавызначальнасць чалавека ў сваіх дзеяннях. У філасофіі цесна звязана з праблемамі дэтэрмінізму і індэтэрмінізму волі чалавека, у этыцы — з пытаннямі аб адказнасці чалавека за свае дзеянні, аб суадносінах С.в. і маралі; у хрысц. філасофіі і этыцы разглядаецца ў кантэксце праблемы Божага прадвызначэння і свабоды выбару асобы. Праблеме С.в. належыць адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філас. і этычнай думкі. Сакрат падкрэсліваў вызначальную ролю пазнання ў ажыццяўленні С.в. Платон звязваў С.в. з арыентацыяй на ўсеагульны ідэал дабра, Арыстоцель — з праблемай маральнага выбару. Для сярэдневяковай філасофіі характэрны ідэі прадвызначэння і прэваліравання Божай усемагутнасці над асабістай С.в. чалавека (Аўгусцін, І.Дунс Скот, Фама Аквінскі) або прызнання С.в. асобы як магчымасці выбару паміж дабром і злом (Пелагій). У антрапацэнтрычнай філасофіі Адраджэння С.в. разглядалася як аснова чалавечай дабрадзейнасці, поўнага прыроднага і культ. самаразвіцця асобы (Л.Вала, К.Салютаці, Дж.Манеці). Бел. філасофія Адраджэння прасякнута ідэямі С.в., якая набліжае чалавека да вобраза Бога (С.Будны, Л.Зізаній), з’яўляецца асновай самаўдасканалення асобы шляхам падпарадкавання эмоцый і памкненняў розуму (Б.Будны, А.Алізароўскі), творчага самавыяўлення (М.К.Сарбеўскі). З 17 ст. ў вырашэнні праблемы С.в. вызначыліся 2 супрацьлеглыя пазіцыі: дэтэрмінізм, які сцвярджае, што воля абумоўлена знешнімі прычынамі і адмаўляе існаванне С.в. (Т.Гобс, Б.Спіноза), і індэтэрмінізм, які адстойвае ідэю самаабумоўленасці волі і абсалютнай С.в. (І.Фіхтэ). І.Кант аб’яднаў дэтэрмінізм і індэтэрмінізм, сцвярджаючы, што чалавек абсалютна несвабодны ў прыродным асяроддзі і валодае С.в. толькі ў інтэлігібельным (розумаспасцігальным) свеце. Г.Гегель лічыў С.в. атрыбутам сусв. духу, А.Шапенгаўэр разглядаў С.в. чалавека як выяўленне сусв. С.в. і крыніцу адвечных пакут, звязаных з бясконцасцю чалавечых жаданняў. Рацыяналістычную трактоўку С.в. прапанавалі К.Маркс і Ф.Энгельс, якія лічылі, што пазнанне і засваенне навакольнага асяроддзя спрыяюць ажыццяўленню С.в. Ірацыянальнай трактоўкі С.в. прытрымліваліся С.К’еркегор, Г.Маркузе, К.Ясперс, якія сцвярджалі, што веды і рацыяналізм звужаюць магчымасці для выяўлення С.в. Э.Фром вызначыў парадаксальную адметнасць чалавека 20 ст. — «уцёкі» ад С.в. як форму самаабароны ад непакою, звязанага з адзінотай, адказнасцю за выбар і нявызначанасцю будучыні. У экзістэнцыялізме і фенаменалогіі С.в. разглядаецца як неад’емны атрыбут асобы, які выводзіць яе па-за межы матэрыяльнага свету (М.Хайдэгер, Ж.П.Сартр). Гл. таксама Воля, Свабода, Свабода і неабходнасць.
Літ.:
Ноговицин О.М. Ступени свободы: Логико-ист. анализ категории свободы. Л., 1990;
Максимов А.М. Измерения свободы. Екатеринбург, 1994;
Калмыков Р.Б. Анатомия свободы. Иваново, 1995;
Валла Л. Об истинном и ложном благе;
О свободе воли: Пер. с лат.М., 1989;
Шопенгауэр А. Свобода воли и нравственность: Пер. с нем. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКІ РАЁН.
Размешчаны на Пд Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 17,4 тыс.чал. (2001), гарадскога 47,7%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Слаўгарад. Уключае 83 сельскія нас. пункты, 6 сельсаветаў: Васькавіцкі, Гіжэнскі, Кабінагорскі, Каменкаўскі, Лапаціцкі, Свенскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: амаль уся тэр. (акрамя крайніх паўн. і паўн.-зах. частак) забруджана радыенуклідамі да 15 Кі/км². Насельніцтва ў выніку масавай міграцыі за 1985—95 паменшала на 8 тыс. чал.
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны (крайняя Пн) і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, 85% яе на выш. 130—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 2 км на ПдЗ ад в. Кульшычы). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд Цэнтр і паўд.-ўсх.ч. раёна заняты далінамі рэк Сож і Проня. Глыб. расчлянення на схілах далін да 10—15 м/км². Карысныя выкапні: торф, даламіты, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 605 ммза год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб.р. Сож з прытокамі Проня з Растой, Крупкай і Тросліўкай, Пясчанка, Касалянка з Пацэяй, Ельня, Галуба, Каменка, Якушоўка; на Зр. Баброўка (прыток р. Дняпро), на Пн р Хоцінка (прыток р. Раста). Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (49,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10,6%). Пад лесам 37% тэрыторыі, найб. лясныя масівы на ПдУ раёна. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, асінавыя; трапляюцца шэраальховыя, дубовыя, чорнаальховыя, ясянёвыя, таполевыя і інш. Штучныя насаджэнні — каля 22%, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 3% тэр. У межах раёна ахоўны тарфянік Тупніцкае; помнікі прыроды рэсп. значэння — Блакітная крыніца ў в. Кліны і мясц. значэння — лістоўніца каля в. Улукі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 57,9 тыс.га, з іх асушаных 14,1 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 14 калгасаў, 1 саўгас-камбінат, 3 фермерскія гаспадаркі.
Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) і харч. (цэльнамалочныя прадукты, масла, сыр, сушаная садавіна і агародніна, макаронныя і кандытарскія вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Рагачоў—Слаўгарад—Крычаў, Магілёў—Слаўгарад, Слаўгарад—Карма і інш. Суднаходства па р. Сож. У раёне 7 сярэдніх, 10 базавых, 1 пач. школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 22 клубы, 20 б-к, 1 бальніца, 3 амбулаторыі, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: мемарыяльная капліца і помнік (1908) у гонар перамогі рус. войск над шведскімі ў 1708 каля в. Лясная, парк (пач. 20 ст.) у в. Свенск. Выдаецца газ. «Ленінскае слова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІЯ ЗА́МКІ.
Існавалі ў 15—18 ст. у г.Слуцк Мінскай вобл. Размяшчаліся ў абалоне р. Случ. Складаліся з Верхняга (Горнага), Ніжняга (Дольнага) і Новага (Цытадэлі) замкаў.
Верхні (Горны) замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 × 100 м, якая ўзвышалася над поймай р. Случ на 5—7 м у сутоках яе з р. Бычок. У 11—14 ст. тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска. Першыя звесткі пра Верхні замак адносяцца да 1409, калі ён згадваецца як умацаванне на насыпаным «капцы» з драўлянымі сценамі і вежамі. Па перыметры пляцоўкі быў насыпаны глініста-пясчаны вал шырынёй у аснове 22 м і вышынёй больш за 4 м. З боку поля вал апяразваўся ровам шырынёй 25 м і глыбінёй каля 2 м. Схілы замка былі ўмацаваны дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 м. Паводле інвентарных апісанняў Слуцка за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800, Верхні замак займаў плошчу каля 1,5 га. Цераз абарончы роў быў перакінуты пад’ёмны мост з парэнчамі, які вёў да ўваходнай замкавай брамы. Над ёй мелася высокая вежа з гадзіннікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. Яшчэ ў 1791 тут размяшчаліся 3 гарматы. На восі ўезду стаяў 1-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.
Ніжні (Дольны) замак размяшчаўся на ПнУ ад Верхняга замка (на месцы б. вакольнага горада) і быў аддзелены ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка плошчай 1,9 га. Ён ахоўваўся земляным валам і драўляным парканам. Паводле інвентара 1687, тут стаялі 3 палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня і інш.,гасп. пабудовы. Верхні і Ніжні замкі абмываліся водамі р. Бычок з дапамогай плацін і штучнага рова, які злучаў р. Бычок з р. Случ. У 18 ст. гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».
Новы замак (Цытадэль) размяшчаўся на левым беразе р. Случ на тэр. новага места (горада). Ён меў форму квадрата плошчай 1,1 га з 4 бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласціва для зах.-еўрап. бастыённай фартыфікацыі. Новы замак быў абкружаны вадзяным ровам, злучаным з р. Случ патаемным шлюзам. Уваход у цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з 2 палотнішчаў, збітых з дубовых дошак. Новы замак уваходзіў у сістэму знешніх умацаванняў Слуцка 17—18 ст.Гл. таксама Слуцкія гарадскія ўмацаванні.
Літ.:
Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985;
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Калядзінскі Л. Верхні замак Слуцка // Бел.гіст.часоп. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБЯЦКО́Й (Trubetzkoy) Мікалай Сяргеевіч (16.4.1890, Масква —25.6.1938),
расійскі лінгвіст, культуролаг і філосаф; тэарэтык еўразійства; прадстаўнік пражскай школы ў мовазнаўстве. Сын С.М.Трубяцкога. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). У 1919 эмігрыраваў у Сафію. З 1922 у Вене, з 1923 праф. Венскага ун-та. Распрацаваў шэраг новых кірункаў у лінгвістыцы: фаналогію, марфаналогію, гісторыю літ. моў, тыпалогію моўных структур, кантрастыўную лінгвістыку. Для параўнальнага вывучэння моў абгрунтаваў неабходнасць 3 падыходаў: гіст.-генетычнага, арэальна-гіст. і тыпалагічнага. Выявіў заканамернасці фанетычнага строю малавывучаных моў (фіна-угорскіх, каўказскіх, палеаазіяцкіх). Распрацаваў перыядызацыю стараж. агульнаслав. моўнай гісторыі. Сфармуляваў паняцце «моўнага саюзу» для характарыстыкі моў, пашыраных у адной геагр. зоне і культ.-гіст. вобласці. Распрацаваў дынамічную тыпалогію моў, з дапамогай якой імкнуўся рэканструяваць стараж. этапы моўнай гісторыі і мадэліраваць тэндэнцыі моўнага развіцця ў будучыні. Паводле Т., усе тэарэт. і практычныя даследаванні ў навуцы павінны накіроўвацца на правільнае развіццё асобы. Гарманічнае развіццё чалавека звязваў з яго рэалізацыяй у творчасці. Перадумовай творчай дзейнасці чалавека і яго «самаажыццяўлення» лічыў самапазнанне, якое, на думку Т., знаходзіцца ў пастаянным узаемадзеянні з калектыўна-нац. самапазнаннем («Пра сапраўдны і несапраўдны нацыяналізм», 1921). Абсалютызаваў ролю нац. культур і абвяргаў ідэю стварэння агульначалавечай культуры, якая, на яго думку, можа прывесці да утылітарнага светапогляду і нівеліроўкі духоўных патрэбнасцей чалавецтва. Падзел культур на прымітыўныя і развітыя лічыў памылковым тэзісам еўропацэнтрычнай навукі; сцвярджаў, што вывучэнне культур павінна ажыццяўляцца паводле прынцыпу раўназначнасці і «якаснай непараўнальнасці» культур («Еўропа і чалавецтва», 1920). У «рамана-германскай» еўрапеізацыі бачыў гал. небяспеку для культ.-гіст. развіцця чалавецтва як сукупнасці непаўторных культур розных народаў («шматчалавечых асоб»). Крытыкаваў славянафілаў за імкненне ствараць сваю культуру на ўзор чужой «вялікай» культуры, далучыць да сваёй культуры чужыя «малыя» культуры і пераўтварыць іх на свой лад, за арыентацыю на далёкае мінулае сваёй культуры; рэалізацыя славянафільскіх ідэй, на думку Т., прывяла б да нац. абязлічання, страты чысціні этнасу і нац. ідэі, застою і парушэння сувязі культуры з менталітэтам яе носьбітаў. Лічыў, што рус. культура ўтварае асаблівы «еўразійскі» тып, заснаваны на спалучэнні культур усх. славян і турынскіх народаў (угра-фінаў, самаедаў, цюркскіх народаў, манголаў маньчжураў), і не адносіцца ні да «рамана-германскай», ні да славянскай культур. Выступаў за карэнны пераварот у паліт. і нац. еўрапеізаванай свядомасці рус. народа, самабытны «еўразійскі» шлях яго эвалюцыі. Погляды Т. паўплывалі на развіццё лінгвістыкі, фарміраванне лінгвакультуралогіі, этнасацыялогіі, рус. геапаліт. даследаванняў.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. тр. по филологии. М., 1987;
История. Культура. Язык. М., 1995;
Наследие Чингисхана. М., 1999;
Основы фонологии. 2 изд. М., 2000.
Літ.:
Н.С.Трубецкой и современная филология: [Сб. ст.]. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЧЭ́РСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,2 тыс.км². Нас. 17,5 тыс.чал. (2003), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 15 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Чачэрск. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 7 сельсаветаў: Залескі, Ленінскі, Меркулавіцкі, Нісімкавіцкі, Палескі, Роўкавіцкі, Чачэрскі. Раён значна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Тэр. пераважна забруджана радыенуклідамі 5—15 Ku/км², невял. ўчасткі на У і Пд маюць забруджанасць больш за 40 Ku/км² У выніку міграцыі ў 1985—92 насельніцтва зменшылася на 9,9 тыс. чал.
Тэр. раёна ў межах Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі дробнаўзгорыстая, 73% яе на выш. 140—160 м, 25% — ніжэй за 140 м. Найвыш. пункт 177 м (г. Лысая каля паўд. ускраіны Чачэрска). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел і мергель, пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -7,4 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 637 ммза год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб.р. Сож з прытокамі Покаць, Чачора, Ліпа; на ПнУ — р. Каўпіта (прыток Беседзі). Азёры: Коўпіна, Старое, Стаячае, Святое; шмат азёр-старыц, у т. л. Вілія, Вір, Асіннае, Старасожжа. Вадасховішча Меркулавічы на р. Чачора. Меліярац. каналы: Навухава-Малыніцкі, Рэзкі-Пола, Сычаўка і інш. Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (45,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32%), тарфяна-балотныя і поймавыя (13,9%) і інш. Пад лесам 46% тэр., пераважна на У і левабярэжжы р. Сож. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорна-альховыя лясы; трапляюцца дубовыя, асінавыя, грабавыя і інш. Штучныя насаджэнні складаюць 27,8% лясоў. Пад балотамі 3% тэр. У межах раёна біял. заказнік рэсп. значэння Чачэрскі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 44,5 тыс.га, з іх асушаных 8,2 тыс.га. На 1.1.2003 у раёне 7 калгасаў, 5 саўгасаў, 1 фермерская гаспадарка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбаводстве. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (хлебабулачныя вырабы, пладова-ягаднае віно), спецлясгас (буд. матэрыялы, тавары нар. ўжытку з драўніны); вытв-сцьмаст. вырабаў з саломы і лазы. На З раёна праходзіць аўтастрада С.-Пецярбург—Адэса; з Чачэрска аўтадарогі ідуць на Магілёў, Гомель, Буда-Кашалёва, Карму, Краснаполле, Ветку і інш. У раёне 5 сярэдніх, 4 базавыя школы, 5 комплексаў школа-сад, спарт. школа, дзіцячы дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр дзіцячай творчасці, сац. прытулак, 11 дашкольных устаноў, у т. л. 6 груп у комплексе школа-сад, 10 дамоў культуры, 9 клубаў, 18 б-к, 2 бальніцы, 1 паліклініка, 4 амбулаторыі, 8 фельч.-ак. пунктаў. Раённы гісторыка-этнагр. музей. Выдаецца газ. «Чачэрскі веснік».
Літ.:
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ ГВА́РДЫЯ,
у Pacü 1917—18 узбр. фарміраванні рабочых, якія разам з часцямі арміі і флоту былі гал. ударнай сілай бальшавікоў у Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. Узніклі пад рознымі назвамі (нар. дружыны, вольныя атрады, нар. апалчэнне і інш.) у першыя дні Лют. рэвалюцыі 1917 па ініцыятыве бальшавікоў Петраграда, Масквы, Адэсы, Харкава і інш. гарадоў. Назва «Ч.г.» пашырылася з крас. 1917. Першаснай арганізац. адзінкай Ч.г. быў дзесятак (13—15 чал.), 4 дзесяткі складалі ўзвод, 4 узводы — дружыну, 3 дружыны — батальён (каля 600 чал.), некалькі батальёнаў — полк. Складалася з добраахвотнікаў (членаў сацыяліст. партый і прафсаюзаў або рэкамендаваных імі), фарміравалася паводле тэр.-вытв. прынцыпу; камандзіры выбіраліся на сходах чырвонагвардзейцаў. Узбраенне было разнастайным: ад самаробных пік і паляўнічых стрэльбаў да кулямётаў, гармат і бронемашын. Ч.г. падпарадкоўвалася мясц. Саветам. Яе агульны колькасны склад у кастр.—ліст. 1917 дасягаў 200 тыс.чал., пасля Кастр. рэвалюцыі — 253 тыс. У губернях і гарадах выдаваліся ўласныя статуты Ч.г., паводле якіх яна стваралася ў мэтах абароны заваёў рэвалюцыі, барацьбы з контррэвалюцыяй, аховы грамадскага парадку, умацавання сав. улады. У канцы 1917 — пач. 1918 атрады Ч.г. падаўлялі антысав. выступленні на Доне, Паўд. Урале, Украіне, Сібіры і на Д. Усходзе, з лют. 1918 удзельнічалі ў баях з наступаючымі герм. войскамі. З утварэннем Чырв. Арміі, якая спачатку фарміравалася найперш за кошт уступлення ў яе чырвонагвардзейцаў (паасобку і цэлымі падраздзяленнямі). Ч.г. (36 000 чал. на 20.5.1918) паступова расфарміравана да восені 1918, але яе асобныя атрады, пераважна з міліцэйскімі функцыямі, дзейнічалі і пазней.
Першымі фарміраваннямі, створанымі ў сак. 1917 на Беларусі на ўзор Ч.г., былі баявая дружына рабочых Оршы і рабочая міліцыя Мінска (нач. М.В.Фрунзе). Бел. атрады Ч.г. колькасна выраслі і ўмацаваліся ў час барацьбы з Карнілава мяцяжом 1917, калі яны затрымлівалі і раззбройвалі эшалоны карнілаўцаў, што ішлі на Маскву і Петраград. Да кастр. 1917 у 44 нас. пунктах Беларусі налічвалася больш за 16 тыс. чырвонагвардзейцаў. Яны актыўна ўдзельнічалі ў Кастр. рэвалюцыі, у т. л. дружына пад камандаваннем П.Ф.Голуба — ва ўзбр. паўстанні ў Петраградзе. Мінскія зводныя рэв. атрады разам са зводным атрадам з Петраграда і Ч.г. Віцебска, Гомеля, Оршы, Полацка і інш. ліквідавалі супраціўленне Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Магілёве. У пач. 1918 Ч.г. на Беларусі налічвала больш за 20 тыс.чал. Яе атрады ў лют. 1918 змагаліся з Доўбар-Мусніцкага мяцяжом 1918, у лют.—сак. вялі баі супраць наступаючых герм. войск каля Мінска, Калінкавіч, Жлобіна, Рэчыцы, Оршы, Гомеля, Добруша. Пазней яны былі перафарміраваны ў часці Чырв. Арміі, якія дзейнічалі на Зах. фронце.
Літ.:
80 лет Вооруженным силам Республики Беларусь // Армия. 1998. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭНЕРГЕТЫКА
Як галіна прамысловасці энергетыка з’яўляецца паліўна-энергетычным комплексам, які ахоплівае здабычу энергетычных рэсурсаў, выпрацоўку, перадачу, размеркаванне і выкарыстанне розных відаў энергіі. На Беларусі з энергетычных рэсурсаў ёсць пэўная колькасць нафты і спадарожнага газу, торф, гаручыя сланцы, драўніна (дровы), водная, ветравая і сонечная энергія. Вядучымі галінамі энергетыкі з’яўляюцца электра- і цеплаэнергетыка, ёсць таксама гідраэнергетыка.
Электраэнергетыка на Беларусі пачала развівацца ў канцы 19 ст. Першая электрастанцыя пабудавана ў 1889 на папяровай фабрыцы ў Добрушы. У 1894 уведзена ў эксплуатацыю эл. станцыя магутнасцю 225 кВт у Мінску, у 1898 — электрастанцыя 425 кВт бельгійскага акц.т-ва ў Віцебску, у 1910 — у Магілёве, у 1911 — дызельная малой магутнасці ў Гродне, у 1913 — паратурбінная каля 2200 кВт у Добрушы, у 1920—660 кВт у Брэсце, у 1923—350 кВт у Гомелі, у 1926—1720 кВт у Бабруйску. У 1913 працавала 11 эл. станцый агульнай магутнасцю 5,3 тыс.кВт; найбольшыя з іх — у Добрушы, Мінская (960 кВт), Магілёўская (430 кВт), Віцебская, Гомельская. Працягласць ліній электраперадачы складала да 200 км, выпрацоўка электраэнергіі 3 млн.кВт∙гадз (да 1917 каля 4 млн.кВт∙гадз). У выніку грамадзянскай вайны, акупацый і звязаных з імі разбурэнняў магутнасці электрастанцый знізіліся да 1 тыс.кВт.
Развіццё электраэнергетыкі паскорылася з ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. У 1926 на Беларусі дзейнічалі 22 электрастанцыі агульнага прызначэння і 92 на прамысл. прадпрыемствах агульнай магутнасцю 9,7 тыс.кВт. У 1927—30 пабудавана Беларуская ДРЭС (10 МВт). За 1-ю пяцігодку (1928—32) створаны невял. эл. станцыі ў Бабруйску, Крычаве, Магілёве і інш. У 1932 агульная магутнасць электрастанцый дасягнула 60 тыс.кВт, выпрацоўка электраэнергіі — 176,7 млн.кВт∙гадз. За 2-ю пяцігодку (1933—37) пабудаваны Мінская ЦЭЦ-2 (6 МВт), Барысаўская, Мазырская, Полацкая эл. станцыі, Слуцкая ЦЭЦ. У 1940 закончана будаўніцтва 2-й чаргі БелДРЭС, магутнасць станцыі дасягнула 34,5 тыс.кВт. У 1930—31 пачала фарміравацца Бел. энергетычная сістэма, магутнасць электрастанцый якой да 1940 склала 128,8 тыс.кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 508,4 млн.кВт∙гадз. У Вял.Айч. вайну энергетыка Беларусі амаль поўнасцю разбурана (знішчана больш за 150 электрастанцый рознага прызначэння). Магутнасць эл. станцый пасля вызвалення (1944) складала 3,4 тыс.кВт (2,6% даваен. ўзроўню).
У пасляваенны перыяд прадпрыемствы электраэнергетыкі аднаўляліся, будаваліся і ўводзіліся ў дзеянне эл. станцыі з сучасным айч. абсталяваннем. У 1946 пушчаны 1-ы агрэгат на БелДРЭС (12 тыс.кВт), Мінская ЦЭЦ-2 (33 тыс.кВт). Адбудаваны электрастанцыі ў Магілёве, Гомелі, Бабруйску. У 1951 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-3 (435 тыс.кВт), у 1951—58 — пабудавана Смалявіцкая ДРЭС (у Жодзіне, 66 тыс.кВт), у 1954—58 — Васілевіцкая ДРЭС (у Светлагорску, 322 тыс.кВт), Усяго у 1945—61 адноўлена 13 электрастанцый (12 ЦЭЦ і 1 ДРЭС). Да канца 1960 устаноўленая магутнасць электрастанцый дасягнула 756 тыс.кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 2,6 млрд.кВт∙гадз. Асноўным відам паліва быў торф, часткова выкарыстоўваўся вугаль.
З 1960-х г. развіццё электраэнергетыкі значна паскорылася. У 1961 пушчаны 1-ы блок Бярозаўскай ДРЭС (будавалася з 1958, 6-ы блок пушчаны ў 1967, агульная магутнасць 940 тыс.кВт, працуе на мазуце і газе), у 1963 — Наваполацкай ЦЭЦ (будавалася з 1959, 8-ы турбаагрэгат уведзены ў дзеянне ў 1977, агульная магутнасць 505 тыс.кВт). За 1960—70 магутнасць электрастанцый вырасла з 765 да 3464 МВт — у 3,6 раза, выпрацоўка электраэнергіі з 2,6 млрд. да 14,7 млрд.кВт∙гадз — амаль у 6 разоў.
У 1966—70 пабудавана Гродзенская ЦЭЦ-2 (170 тыс.кВт), у 1969 пушчана Магілёўская ЦЭЦ-2 (60 МВт, праектнай магутнасці ў 345 МВт дасягнула ў 1981); пачаў працаваць 1-ы энергаблок (300 МВт) Лукомскай ДРЭС (будаўніцтва пачата ў 1964, праектнай магутнасці ў 2,4 млн.кВт дасягнула ў 1974, 3-я чарга здадзена ў 1978, агульная магутнасць больш як 2,5 млн.кВт). У 1974 пушчана Мазырская ЦЭЦ на мазуце (60 МВт), у 1977 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-4 (турбіна на 60 тыс.кВт; да 1992 уведзены ў дзеянне 6 энергаблокаў праектнай магутнасцю 900 тыс.кВт), у 1994 уключаны 3-і энергаблок (180 МВт) Гомельскай ЦЭЦ-2 (будавацца пачала ў 1979, агульная магутнасць дасягнула 540 МВт). Усяго ў 1951—86 пушчана 13 новых электрастанцый (4 ДРЭС, 9 ЦЭЦ). У 1985 электрастанцыі Белгалоўэнерга спынілі спальванне вугалю і торфу; асноўным палівам для большасці эл. станцый стаў топачны мазут і газ.
З уводам новых энергетычных магутнасцей узнікла неабходнасць будаваць ЛЭП высокага напружання. Першыя ЛЭП напружаннем 35—110 кВ пачалі ўводзіцца ў дзеянне ў 1946. Створаны мясц. энергасістэмы: Цэнтральная (уключала асноўныя эл. станцыі Мінскай і Віцебскай абл.), Паўднёвая (аб’ядноўвала Гомельскую, Мазырскую, Васілевіцкую і Бабруйскую электрастанцыі), Паўночна-Заходняя (уключала Гродзенскую і Лідскую станцыі). У 1961—62 у асноўным закончылася фарміраванне адзінай энергет. сістэмы рэспублікі.
Лініяй электраперадачы Бярозаўская ДРЭС—Баранавічы—Мінск усе энергет. раёны Беларусі аб’яднаны ў адну эл. сетку. З ростам магутнасцей эл. станцый будаваліся новыя лініі электраперадачы высокага напружання: ЛЭП 220 кВ — у 1959, 330 кВ — у 1961, 750 кВ — у 1984. У 1961 уведзена ў дзеянне ЛЭП 330 кВ Мінск—Вільнюс. У 1963 Бел. энергасістэма злучана ЛЭП напружаннем 220 кВ з энергасістэмай Польшчы, у 1965 з энергасістэмамі Паўн. Захаду і цэнтра СССР і праз энергасістэму Польшчы — з энергасістэмай «Мір» (аб’ядноўвала энергасістэмы еўрапейскіх краін — членаў Савета Эканам. Узаемадапамогі). У 1983 уключана першая кабельная лінія 110 кВ у Мінску.
Лініі 220—330 кВ звязалі паміж сабой усе буйныя электрастанцыі Беларусі, а 38 ЛЭП рознага напружання забяспечылі сувязь з энергасістэмамі Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы і Украіны. У 1986 уключана ЛЭП напружаннем 750 кВ паміж Ігналінскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская» каля г. Старыя Дарогі (часова працуе на 330 кВ), у 1992 — ЛЭП 750 кВ паміж Смаленскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская». З 1960 па 1990 агульная даўжыня паветраных электрасетак павялічылася ў 7,3 раза, а сістэмаўтваральных ЛЭП (220—330—750 кВ) — у 16 разоў і дасягнула 5875 км. На Мінскай ЦЭЦ-4 у 1992 пушчаны ў работу 6-ы блок магутнасцю 250 МВт, у 1993 закончаны мантаж 7-га катла прадукцыйнасцю 420 т пары за гадзіну. У 1994 на Гомельскай ЦЭЦ-2 уключаны 3-і энергаблок магутнасцю 180 МВт (магутнасць станцыі дасягнула 540 МВт). У 1999 пушчаны ў эксплуатацыю 1-ы блок (330 МВт) Мінскай ЦЭЦ-5. Усяго на канец 2000 у Рэспубліцы Беларусь эл. і цеплавую энергію выпрацоўваюць 25 цеплавых электрастанцый устаноўленай агульнай магутнасцю 783 8 МВт, працягласць сістэмаўтваральных ЛЭП высокага напружання складае каля 7 тыс.км. Працягваецца рэканструкцыя ЦЭЦ і ДРЭС: Аршанскай ЦЭЦ па парагазавай тэхналогіі (ПГУ 70 МВт), замена турбаўстановак на Пінскай, магілёўскіх ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, пераход на прыродны газ Бабруйскай ЦЭЦ-2, Наваполацкай, Полацкай і інш.ЦЭЦ. Уведзены ў эксплуатацыю першая ў краіне дэтандэр-генератарная ўстаноўка магутнасцю 5 МВт на Лукомскай ДРЭС. У канцы 2003 пушчаны мадэрнізаваны 4-ы энергаблок на Бярозаўскай ДРЭС. Выпрацоўка электраэнергіі ў 2003 склала 26 640 млн.кВт∙гадз (у т. л. цеплавымі электрастанцыямі 26 611 млн., гідраэлектрастанцыямі 29 млн.).
Гідраэнергетыка Беларусі дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі. Працуе 21 малая ГЭС з устаноўленай магутнасцю 10 МВт. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт, пушчана ў 1953), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт, 1960), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт, 1959). Вядуцца эксперыментальна-пошукавыя работы паветраэнергетыцы і сонечнай энергетыцы (геліятэхніцы).
На аснове электраэнергетыкі адбылася электрыфікацыя ўсіх галін нар. гаспадаркі Беларусі.
Спачатку электраэнергія выкарыстоўвалася пераважна для асвятлення. У пач. 20 ст. на некаторых прадпрыемствах (Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка каля Слоніма, рамонтныя майстэрні чыгунак у Пінску, Добрушская папяровая фабрыка) былі ўстаноўлены эл. рухавікі. У 1920—30-я г. з пабудовай дробных, а потым і буйных эл. станцый большасць электраэнергіі стала спажывацца на вытворчыя мэты. Найб. хуткімі тэмпамі расло выкарыстанне эл. энергіі ў прамысловасці: у 1-ю пяцігодку значная частка станочнага парка пераведзена на электрапрывод, удзельная вага спажывання электраэнергіі на вытв. мэты склала 70,5%. У 1898 пушчаны трамвай у Віцебску, у 1929 — у Мінску. У 1940 нар. гаспадаркай Беларусі спажыта 478,4 млн.кВт∙гадзэл. энергіі, у т. л. (млн.кВт∙гадз): прамысловасцю і будаўніцтвам 326,7, сельскай гаспадаркай 10,1, транспартам 41,2. У пасляваен. гады з аднаўленнем і развіццём электраэнергетыкі павялічылася выкарыстанне электраэнергіі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Эл. энергія шырока выкарыстоўвалася для выплаўкі сталі, электразваркі, электралітычных працэсаў, на лесапільных рамах, млынах, для падымальна-транспартнага абсталявання і інш. З 1952 дзейнічае тралейбус у Мінску. З 1954 сельская гаспадарка атрымлівала электраэнергію не толькі ад уласных электрастанцый, а і ад дзяржаўнай сеткі.
Электрыфікацыя нар. гаспадаркі паскорылася з пач. 1960-х г. Будаваліся размеркавальныя электрычныя сеткі і трансфарматарныя падстанцыі, з дапамогай якіх да 1967 электрыфікаваны ўсе калгасы, саўгасы і іх населеныя пункты, якія мелі больш за 10 двароў.
Спажыта электраэнергіі ў 1975 (у млрд.кВт∙гадз): у прамысловасці 14,13 (у 1960—2,4), у сельскай гаспадарцы 2,32 (0,22), на транспарце 0,8 (0,12). Пушчаны тралейбусы ў Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Віцебску і Бабруйску (1978). Электрыфікаваны ўчасткі чыгункі ад Мінска да Маладзечна (1966), Асіповіч (1973), Барысава (1974), Стоўбцаў (1975).
Спажыванне электраэнергіі на Беларусі нарастала даволі хутка: за 25 гадоў (з 1965 да 1990) яно павялічылася (млрд.кВт∙гадз): у прамысловасці з 4,8 да 30,8 (у 6,4 раза), у сельскай гаспадарцы з 0,5 да 4,9 (у 9,8 раза), на транспарце з 0,2 да 0,9 (у 4,5 раза), у астатніх галінах з 1,2 да 7,3 (у 6 разоў; гл. таксама табл.). Электрыфікавана 900 км чыгунак. У 2001 сумарнае энергаспажыванне склала 33,34 млрд.кВт∙гадз. Значную долю энергаспажывання ў краіне займае вытворчасць прадукцыі хіміі і нафтахіміі — 12,1% у 1995 і 13,3% у 2001, а таксама машынабудаванне і металаапрацоўка — адпаведна 7,2 і 7,5%. Гэтыя вытворчасці складаюць асноўную даходаўтваральную частку ў бюджэце краіны, а таксама ўнутр. і знешняга гандл. абароту, хаця і з’яўляюцца энергаёмістымі, а асноўныя вытв. магутнасці (нафтаперапр. заводы, абсталяванне па вытворчасці хім. угнаенняў, здабычы калійных солей, нафты і спадарожнага газу) патрабуюць пастаяннай мадэрнізацыі і абнаўлення. Патрэбы ў электраэнергіі забяспечваюцца бел. электрастанцыямі і імпартам (у 2002 атрымана 3,7 млрд.кВт∙гадз з Расіі, 3,1 млрд.кВт∙гадз з Літвы). Асноўная спецыфіка электраэнергетыкі Беларусі — малая (каля 18%) доля энергарэсурсаў, што здабываюцца на яе тэр. (нафта, спадарожны газ, паліўны торф, дровы), астатнія купляюцца за мяжой (пераважна ў Расіі). У гэтых умовах найважнейшым з’яўляецца пошук альтэрнатыўных энергарэсурсаў і энергазберажэнне.
Цеплафікацыя забяспечвае камбінаваную выпрацоўку цеплавой і электрычнай энергіі на буйных і малых цеплаэлектрацэнтралях. На Беларусі пачалася ў 1936, калі цеплавую энергію для горада стала даваць Мінская ЦЭЦ-2. Будаваліся таксама цеплаэлектрацэнтралі пры буйных прамысл. прадпрыемствах. У 1950—60-я г. пушчана першая цеплаэлектрацэнтраль высокага ціску ў Мінску — ЦЭЦ-3 (25 МВт), пабудаваны ЦЭЦ у Віцебску, Пінску, Баранавічах, Полацку, Магілёве, Гродне, Бабруйску. Ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах створаны магутныя цэнтралізаваныя сістэмы цеплазабеспячэння. Цяпло прадпрыемствам і насельніцтву даюць таксама раённыя цеплавыя вузлы і кацельныя прамысл. прадпрыемстваў. У 1990 магутнасць ЦЭЦ дасягнула 3426,9 МВт (супраць 530 МВт у 1960). Сумарная прадукцыйнасць энергетычных катлоў склала 40 510 т пары за гадзіну, воданагравальных — 10 850 Гкал за гадзіну, устаноўленая цеплавая магутнасць турбаагрэгатаў — 7819 Гкал за гадзіну. Цеплафікацыю забяспечваюць новыя магутныя ЦЭЦ, раённыя кацельныя і больш за 2 тыс.км цеплавых сетак. Сярэднегадавы расход паліва на выпрацоўку электра- і цеплаэнергіі ў 2000 склаў 274,8 г на 1 кВт∙гадз і 172,3 кг на 1 Гкал, што адпавядае лепшым сусветным стандартам. У 2000 завершаны работы па ўкараненні міні-ЦЭЦ: 3,5 МВт у Віцебску, 3 МВт у Пінску, 3,5 МВт у Гродне.
Кіраванне энергетыкай краіны забяспечвала Галоўнае вытв. ўпраўленне энергетыкі і электрыфікацыі — Белгалоўэнерга, створанае ў 1957. У 1992 яно пераўтворана ў Мін-ва энергетыкі, у 1994 — у Мін-ва паліва і энергетыкі. У 1995 пастановай Кабінета Міністраў створаны Беларускі дзярж. энергетычны канцэрн «Белэнерга». У яго складзе 140 раёнаў электрычных сетак (РЭС), 27 раёнаў цеплавых сетак; 2 кандэнсацыйныя электрастанцыі (устаноўленая магутнасць 3330 МВт), 20 цеплаэлектрацэнтралей (4293,5 МВт), 12 прамысл. блок-станцый (99,5 МВт), 11 гідраэлектрастанцый (7 МВт), 35 раённых кацельных. Працягласць паветраных ЛЭП 35—750 кВ — 34 936 км (у т. л. 2 ЛЭП 750 кВ працягласцю 753 км), ЛЭП 6—10 кВ — 117 458 км (у т. л. кабельных 12 504 км). Энергасістэма спажывае 9071,8 млн.м³ прыроднага газу, 167 млн.м³ спадарожнага і 1206,9 тыс.т мазуту (даныя на канец 2000). Гл. таксама Энергетыка, Электраэнергетыка і Электрыфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Харчовая прамысловасць Беларусі з’яўляецца шматпрофільнай высокаразвітой галіной, доля якой у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці складае 18,3% (2002). Уключае 478 прадпрыемстваў і вытворчасцей, большасць з якіх уваходзяць у канцэрн «Белдзяржхарчпрам». У дзярж. уласнасці знаходзяцца 26,4% прадпрыемстваў (вырабляюць 29% агульнага аб’ёму прадукцыі), у прыватнай уласнасці — 72% (68,7% агульнага аб’ёму прадукцыі). У галіне 29 прадпрыемстваў-дамінантаў, удзельная вага якіх у агульным аб’ёме вытворчасці дасягае 23,4%. Ступень зносу асн. прамыслова-вытворчых фондаў адна з самых нізкіх у прам-сці Беларусі — 46,8%. Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу 127 тыс. чалавек. Галіна мае 20 падгалін, іх прадпрыемствы вырабляюць больш за 3000 відаў харч. прадуктаў. У 2002 выраблена прадукцыі на 4571 млрд.руб., рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі адна з найб. высокіх у прам-сці — 5,4%. У 2001 на душу насельніцтва прыпадала (кг): цукру-пяску 65,5; алею 1,8; хлеба і хлебабулачных вырабаў 77,1; кандытарскіх вырабаў 14; макаронных вырабаў 2,1; маргарынавай прадукцыі 1,7; мяса 36,7; каўбасных вырабаў 15,6; мясных паўфабрыкатаў 4,7; масла жывёльнага 6,7; цэльнамалочнай прадукцыі (у пераліку на малако) 96,3; сыроў тлустых 4,8; мукі 71,1; круп 2,7. Вядучая роля ў харч. прамысловасці належыць мясной, малочнай і масласыраробнай, лікёра-гарэлачнай галінам. Такая структура склалася пад уплывам харч. патрэб насельніцтва і дзякуючы наяўнасці значнай сыравіннай базы.
У 2002 доля прадукцыі харч. прамысловасці ў таварнай структуры экспарту Беларусі складала 7,9% (у Расію — 13,8%). У структуры экспарту 53,9% займае цукар, 19,6% — кандытарскія вырабы (лідэры ААТ «Чырвоны харчавік» і «Кандытарская фабрыка «Слодыч»), 9,3% — солад (ААТ «Белсолад»), малочныя кансервы і сухое малако (лідэр ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат»), 1,8% — піва. Экспартаваліся малочныя кансервы (57,6 тыс.т, з іх у Расію 47,5 тыс.т; таксама ў Германію, Літву, Польшчу, Таджыкістан), масла сметанковае (29,7 тыс.т, пераважна ў Расію), сыры, тварог (28,3 тыс.т, пераважна ў Расію), цукар (332,1 тыс.т, у Расію), кандытарскія вырабы (25,9 тыс.т, пераважна ў Расію, таксама ў Германію, Латвію), солад (73,1 тыс.т, у Расію), піва (57,3 млн.л, у Расію) і інш.
Імпартаваліся ў 2002 алей сланечнікавы (75,5 тыс.т, Расія, Украіна), цукар (592,4 тыс.т, Бразілія, Куба, Тайланд, Расія), сокі фруктовыя і агароднінныя (47,6 тыс.т, Расія, Малдова, Украіна, Літва), тытунёвыя вырабы (6025,7 млн.шт.) і інш.
Развіццё і размяшчэнне. На Беларусі харч. прамысловасць пачала развівацца ў 1-й пал. 19 ст. У 1830-я г. ўзнікла цукровая прамысловасць. Да 1860-х г. працавалі 33 невял. цукр. з-ды ў панскіх маёнтках, пераважна на поўдні Магілёўскай і Мінскай губ. У 1859—60 яны вырабілі 672,9 т цукру. Развіццё гандлю і земляробства садзейнічала росту перапрацоўчых галін харч. прамысловасці на базе мясц. сыравіны. Пераважалі спіртавыя, гарэлачныя, піваварныя, маслабойныя, крухмала-патачныя, тытунёвыя прадпрыемствы, млыны, крупадзёркі. У канцы 19 ст. ў галіновай структуры харч. прамысловасці адбыліся змены: значна скарацілася мукамольная, заняпала, а пасля перастала існаваць цукр. вытворчасць, не вытрымаўшы канкурэнцыі з украінскай; расла канцэнтрацыя вытворчасці, прадпрыемствы расшыраліся, павялічвалася колькасць рабочых. У пач. 20 ст. ўзніклі манапольныя аб’яднанні: «Заходняе дрожджа-вінакурнай і сельскагаспадарчай прамысловасці акцыянернае таварыства», сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Заходняга краю (у Оршы), акц.т-ва піўзавода «Багемія» (у Мінску, існавала да 1906) і інш. У 1913 на тэр. 5 бел. губерняў было 568 спіртавых, 33 крухмальныя, 19 тытунёва-махорачных прадпрыемстваў.
Харч. прамысловасць давала 35,5% валавой прадукцыі ўсёй цэнзавай прамысловасці Беларусі. Найб. развіты былі спіртавая, гарэлачная, піваварная, дражджавая, а таксама мукамольна-крупяная вытворчасць.
У 1920—30-я г. галіна развівалася больш інтэнсіўна. Пабудаваны малочны з-д (1928) і кандытарская ф-ка «Камунарка» (1931) у Мінску, кандытарская ф-ка «Спартак» (1927) і маргарынавы з-д (1932) у Гомелі, мясакамбінат у Оршы (1930), кандытарская фабрыка ў Бабруйску (1930), макаронная ў Барысаве (1931), малочна-кансервавы камбінату Рагачове (1937). У 1940 харч. прамысловасць вырабляла 27,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі і займала 1-е месца сярод інш. галін. Пасля Вял.Айч. вайны галіна адноўлена. Вытворчасць яе прадукцыі ў 1945 перасягнула ўзровень 1913 у 2,6 раза, але гэта склала 18,5% ад узроўню 1940. Пабудаваны буйныя, высокааснашчаныя прадпрыемствы: мяса- і птушкакамбінаты ў Мінску, Брэсце, Магілёве, Бабруйску, Гродне, Оршы, Баранавічах, Полацку, Ваўкавыску, Пінску, Маладзечне, Віцебску; малочнакансервавыя камбінаты ў Лепелі, Ваўкавыску, Глыбокім, Лідзе; сыраробныя з-ды ў Бярозе, Гомелі, Магілёве, Слуцку, Полацку; піўзаводы ў Гомелі і Магілёве; кансервава-агароднінасушыльныя камбінаты ў Быхаве, Ганцавічах; цукр. заводы ў Гарадзеі, Жабінцы, Скідзелі, Слуцку і інш. У 1970—80-я г. пабудаваны мяса- і рыбаперапрацоўчыя комплексы ў Мінску, мясакамбінаты ў Жлобіне, Бярозе, піўзаводы ў Бабруйску і Рэчыцы, малочны завод у Брэсце, сыраробны ў Шуміліне.
На большасці прадпрыемстваў вядзецца планамернае абнаўленне тэхн. абсталявання і рэканструкцыя. У 2002 завершана рэканструкцыя ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
Асн. кірункі развіцця харч. прамысловасці: асваенне сучасных тэхналогій (мембранных, ультрагукавых), якія дазваляюць больш поўна выкарыстоўваць сыравіну, паскараць тэхналагічныя працэсы, зніжаць колькасць адходаў і захоўваць у натыўным стане біялагічна актыўныя кампаненты сыравіны; выпуск прадуктаў функцыянальнага харчавання, якія маюць лекава-прафілактычныя якасці (напр., прабіятычныя прадукты), дыетычных (абястлушчаных, з паніжанай колькасцю цукру), з нетрадыцыйнай сыравіны, хуткага прыгатавання, якія захоўваюць якасці і састаў натур. сыравіны.
Тэхнічнае абсталяванне для прадпрыемстваў харч. прамысловасці вырабляюць ААТ «Машхарчпрад» (Мар’іна Горка), «Гандальмаш» (Баранавічы), доследна-мех.з-д «Харчмаш» (Мінск), Эксперым.-канструктарскае бюро машынабудавання (Мінск), Гомельскі «Тэхнапрыбор», закрытае акц.т-ва (ЗАТ) «Атлант» (Мінск), Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання і інш. Выкарыстоўваецца абсталяванне расійскіх прадпрыемстваў: «Малмаш» (Масква), Някрасаўскага машынабудаўнічага з-да, таксама аснашчэнне з Украіны, Германіі, Польшчы, Італіі, Венгрыі і інш.
Развіццю харч. прамысловасці ў краіне садзейнічаюць Магілёўскі ун-т харчавання, які рыхтуе кадры для харч. прамысловасці, бел.н.-д. і канструктарска-тэхналагічныя ін-ты мяса-малочнай прамысловасці, харч. прадуктаў, н.-д. і праектна-тэхналагічны ін-т хлебапрадуктаў, Ін-т рыбнай гаспадаркі, Ін-т «Плодаагароднінапраект», Ін-т «Белдзіпрааграхарчпрам» і інш.
Мясная прамысловасць складае 25,6% у аб’ёме валавой прадукцыі харч. прамысловасці (2002). Галіна ажыццяўляе забой і комплексную перапрацоўку жывёлы і птушкі, вырабляе мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, мясныя і мяса-раслінныя кансервы, жывёльныя тлушчы. Асн. частку прадукцыі даюць (2002) 3 мясакансервавыя (Аршанскі, Баранавіцкі, Бярозаўскі) і 23 мясакамбінаты, з якіх найбуйнейшыя Ашмянскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Гомельскі, Жлобінскі, Магілёўскі, Мінскі, Слуцкі і інш.
Малочная і масласыраробная вытворчасць дае 22,3% валавой прадукцыі харч. прамысловасці. У 2002 у Беларусі працавала больш за 200 малакаперапрацоўчых заводаў і цэхаў. Большасць прадпрыемстваў шматпрофільныя. Сучасны кірунак развіцця галіны — распрацоўка і выпуск вітамінізаванай і прабіятычнай малочнай прадукцыі, які асвойваецца на найб. буйных прадпрыемствах гэтай галіны — Брэсцкім малочным камбінаце, Бярозаўскім сыраробным камбінаце, ААТ «Гродна Малкамбінат», «Малако ААТ» (Віцебск), ААТ «Беллакт» (Ваўкавыск), Мінскіх гармалзаводах №2 (ААТ «Млітэпс») і №3, ААТ «Кобрынскі масла-сыраробны камбінат» і ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат» і інш. Прадукцыя галіны неаднаразова адзначана на міжнар. выстаўках. Назіраецца ўстойлівы рост аб’ёмаў вытворчасці ў малочна-кансервавай падгаліне.
Алейна-тлушчавая прамысловасць вырабляе алеі, маргарыны, маянэзы, гасп. мыла і інш.Асн. прадпрыемствы галіны: Гомельскі тлушчавы камбінат, ААТ «Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод», «Бабруйскі завод алеяў», «Мінскі маргарынавы завод» і інш.
Рыбная прамысловасць спецыялізуецца на вырошчванні, здабычы і перапрацоўцы рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя прэсервы і кансервы). Уключае 26 рыбных гаспадарак, з іх найб. буйныя «Любань» Любанскага, «Белае» Жыткавіцкага, «Сялец» Бярэзінскага, «Чырвоная Слабада» Салігорскага р-наў. Перапрацоўкай марской рыбы і морапрадуктаў займаюцца больш за 15 прадпрыемстваў, з іх найб. буйныя сумесныя прадпрыемствы «Санта-Імпэкс Брэст», «Санта-Брэмар» (Брэст), ААТ «Рыбакомплекс» (Мінск).
Мукамольна-крупяная прамысловасць спецыялізуецца на перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Дзейнічае каля 2000 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. буйныя прадпрыемствы: ААТ «Брэстхлебпрадукт», «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў», «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» і інш.
Дражджавая прамысловасць прадстаўлена ААТ «Дражджавы камбінат» (Мінск), які вырабляе хлебапякарныя прасаваныя і высушаныя дрожджы — 50 тза суткі, 18 тыс.т штогод. Прадукцыя прадпрыемства поўнасцю задавальняе патрэбы хлебапякарных прадпрыемстваў і рознічнага гандлю краіны, 15% аб’ёму прадукцыі экспартуецца. Галіна характарызуецца ўстойлівым ростам аб’ёмаў вытворчасці.
Хлебапякарная прамысловасць уключае больш за 160 прадпрыемстваў, раўнамерна размеркаваных па тэр. краіны; найб. у Мінску (6 хлебазаводаў і «Аўтамат») і абл. цэнтрах. Прадпрыемствы аб’яднаны ў вытворчыя аб’яднанні Мінскхлебпрам, 6 абласных і Барысаўхлебпрам. Вырабляецца больш за 200 найменняў хлеба (жытняга, пшанічнага, жытне-пшанічнага, палепшанага, заварнога, фармавога, подавага), батоны. сушкі, сухары, абаранкі, караваі, кандытарскія вырабы і інш. Сучасны кірунак развіцця галіны — выпуск дыетычнай і лекава-прафілактычнай прадукцыі (бессалявы, бялковы, бездражджавы, вітамінізаваны, вотруб’евы і інш. хлеб).
Цукровая прамысловасць вырабляе цукар-пясок, цукар-рафінад, лімонную кіслату, цукр. сіроп. Працуюць 4 прадпрыемствы агульнай уліковай вытворчай магутнасцю перапрацоўкі цукр. буракоў 15,5 тыс.тза суткі і 3 тыс.т цукру-сырцу: ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», «Жабінкаўскі цукровы завод», «Скідзельскі цукровы камбінат», «Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат», якія ўваходзяць у асацыяцыю «Беларускі цукар». Па ўзроўні выпуску цукру Беларусь займае 3-е месца сярод краін СНД (пасля Украіны і Расіі). Паводле тэхн. аснашчэння бел. прадпрыемствы ўваходзяць у лік перадавых прадпрыемстваў краін Усх. і Цэнтр. Еўропы. Выхад цукру пры перапрацоўцы цукр. буракоў склаў 12,74% (на Скідзельскім камбінаце 13,64%) — найб. высокі паказчык сярод краін СНД.
Кандытарская прамысловасць у структуры выпуску таварнай прадукцыі канцэрна «Белдзяржпрам» займае 17,1% (2002). Вырабляе цукеркі, шакалад, дражэ, ірыс, карамель, халву, тарты, пячэнне і інш., больш за 500 найменняў. Вядучыя прадпрыемствы — сумеснае прадпрыемства ААТ «Спартак» і ААТ «Камунарка». Станоўчая дынаміка па аб’ёме вытворчасці назіраецца ў ААТ «Чырвоны харчавік» (Бабруйск, тэмп 107,5%), ААТ «Конфа» (Маладзечна, тэмп 106,4%), ААТ «Чырвоны мазыранін» (Нароўля, тэмп 105,4%).
Вінаробная прамысловасць вырабляе віны вінаградныя з прывазной і пладова-ягадныя з мясц. сыравіны. Найб. прадпрыемствы: ЗАТ «Мінскі завод вінаградных він» (гандлёвая марка «Амбасадор», каля 40 найменняў ад сухіх да дэсертных натуральных вінаградных він), Мінскі завод ігрыстых пеністых* він, Гомельскі вінаробчы завод і інш.
Лікёра-гарэлачная прамысловасць вырабляе розныя віды гарэлкі, лікёры, наліўкі, настойкі, аперытывы, бальзамы і інш. Уключае больш за 70 прадпрыемстваў, у т. л. РУП «Мінск Крышталь», Брэсцкі «Белалка» (адзіны экспарцёр у галіне), Віцебскі, Гродзенскі, Гомельскі, Клімавіцкі лікёра-гарэлачныя заводы. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Гомель, Пружаны і інш.). Прадпрыемствы неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі ўзнагароды «За лепшую якасць прадукцыі».
Півабезалкагольная прамысловасць вырабляе піва, газіраваныя салодкія напіткі, мінеральную і пітную ваду, сокі. Піва вырабляюць 16 прадпрыемстваў, сярод іх найб. ААТ «Аліварыя», «Крыніца», «Лідскае піва», «Рэчыцапіва». Асн. вытворцы безалкагольнай прадукцыі: ААТ «Акватрайпл», «Дарыда», харч. камбінат Белкаапсаюза (усе Мінск), «Вяйнянская крыніца» (Магілёўскі р-н). У 2002 выраблена мінер. вады 378,5 млн. паўлітраў, безалкагольных напіткаў — 23,4 млн. дэкалітраў.
Соладавая прамысловасць вырабляе солад піваварны. Асн. прадпрыемства ААТ «Белсолад» (Іванава) 99% прадукцыі якога экспартуецца ў Расію. Вырабляюць солад таксама на ААТ «Дражджавы камбінат» (Мінск), «Крыніца», «Маладзечнапіва», Аршанскім, Слуцкім і Полацкім піўзаводах. У 2002 выпушчана 72 тыс.т соладу, з іх 62,7 тыс.т — на прадпрыемстве «Белсолад».
Харчоваканцэнтратная прамысловасць вырабляе сумесі з высушаных раслінных і жывёльных прадуктаў для хуткага прыгатавання гатовых страў. Уключае каля 25 прадпрыемстваў, найб. буйное — ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты», створанае ў 1997 на аснове Лідскага з-да харч. канцэнтратаў, Навагрудскага і Радунскага агароднінасушыльных заводаў.
Плодаагароднінная прамысловасць ажыццяўляе перапрацоўку агародніны, садавіны, ягад, вырабляе плодаагароднінныя кансервы, сушаную агародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты і інш. (больш за 300 найменняў). Працуюць каля 260 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі і Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльныя заводы, кансервавыя заводы ў Клецку, Кобрыне, Пінску, Слуцку, Красным (Маладзечанскі р-н). Перспектыўная галіна, але недастаткова развітая з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў. Укараняюцца ў вытворчасць кансервы з нетрадыцыйнай сыравіны — дзікарослай, тапінамбуру, агароднінных кансерваў з дабаўленнем марской капусты. Частка прадукцыі экспартуецца (лідэры — Маларыцкі і Клецкі заводы).
Тытунёвая прамысловасць вырабляе папяросы і цыгарэты з прывазной сыравіны. Асн. прадпрыемства — Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», якая выпускае 23 найменні тытунёвых вырабаў, у т. л. цыгарэты з падоўжаным фільтрам «Прэм’ер класічныя», «Магнат класічныя», «Мінск», «Арбіта-люкс», «Белая Русь»; з паніжанай колькасцю нікаціну і смол «Прэм’ер лёгкія», «Магнат лёгкія», «ГТФ лёгкія» і інш. Больш за 18 найменняў тытунёвых вырабаў выпускае бел.-амерыканскае СП «Тытунь-інвест» (Мінск).
Салявая прамысловасць. Асн. вытворца ААТ «Мазырсоль» — буйнейшае і высокатэхналагічнае прадпрыемства па вытворчасці харч. вакуум-выварачнай солі экстра на тэр. СНД. Прадпрыемства на аснове базавага сорту солі «Экстра» вырабляе соль з мікрадабаўкамі ёду і фтору, таксама соль прафілактычную (з памяншэннем на 30% колькасці натрыю і ўвядзеннем у састаў солі іонаў калію і магнію), за што неаднаразова адзначалася ўзнагародамі на міжнар. конкурсах і выстаўках. Асноўныя паказчыкі па вытворчасці прадукцыі харч. прамысловасці (па гадах) прыведзены ў табл. 1.
Табліца 1 Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі харчовай прамысловасці
Вытворчасць прадукцыі
1990
1995
1998
1999
2000
2001
2002
2003
Каўбасныя вырабы, тыс.т
216,6
141,3
163,8
150,0
150,8
156,0
167,4
195,9
Масла, тыс.т
159,1
65,1
74,2
62,6
65,1
66,7
65,1
64,3
Цэльнамалочная прадукцыя (у пераліку на малако), тыс.т
1776
801
952
1032
954
960
907
929
Тлустыя сыры, тыс.т
65,0
24,7
43,3
40,5
41,0
48,1
45,2
52,5
Рыбная прадукцыя (без кансерваў), тыс.т
45,8
13,2
20,0
21,4
23,0
28,5
16,3
22,4
Алей, тыс.т
26,4
6,7
11,3
15,8
16,9
17,9
20,5
17,0
Кансервы, млн. умоўных слоікаў
788,7
310,0
413,3
433,7
442,2
428,9
458,5
422,7
з іх:
мясныя і мясараслінныя
97,0
30,7
63,7
58,7
42,7
32,5
38,3
33,0
рыбныя
5,4
3,5
9,5
9,1
9,1
31,6
54,7
57,4
малочныя
168,3
75,4
115,1
94,3
94,1
101,3
89,0
115,7
агароднінныя
143,9
67,8
62,3
86,1
59,6
53,2
59,4
71,1
фруктовыя
301,2
72,4
94,2
104,1
131,2
142,0
135,7
108,6
натуральныя сокі
180,2
43,0
63,6
64,6
79,6
91,2
85,9
63,7
Цукар-пясок, тыс.т
347,1
140,1
476,3
500,9
565,0
654,4
666,1
710,6
Хлеб і хлебабулачныя вырабы, тыс.т
1583
1037
949
967
866
769
707
689,1
Мука, млн.т
3,1
1,4
1,2
1,1
0,9
0,7
0,6
0,7
Крупы, тыс.т
229,3
72,6
83,8
60,0
37,9
27,2
23,2
28,3
Кандытарскія вырабы, тыс.т
173,4
72,6
142,2
150,2
149,0
139,8
136,3
132,8
Макаронныя вырабы, тыс.т
60,2
36,4
52,8
49,9
38,3
20,8
20,3
17,8
Гарэлка і лікёра-гарэлачныя вырабы, млн. дал
8,8
14,8
13,5
13,3
10,8
10,0
9,5
8,2
Вінаграднае віно, млн. дал
6,6
0,3
1,1
0,9
0,7
0,9
1,5
1,1
Пладова-ягаднае віно, млн. дал
0,1
5,1
18,2
22,3
23,7
23,2
27,4
27,6
Піва, млн. дал
32,8
15,2
26,0
27,3
23,7
21,7
20,3
20,6
Папяросы і цыгарэты, млрд.шт.
16,4
6,2
7,3
9,3
10,4
11,2
10,5
10,5
Лінія па вытворчасці вараных каўбас Бярозаўскага мясакансервавага камбіната. 2004.Бярозаўскі сыраробны камбінат (2004): 1 — лінія па разліве кісламалочных напіткаў; 2 — камера выспявання цвёрдых сычужных сыроў.Гарадзейскі цукровы камбінат. 2004.Хлебазавод №6 Мінскхлебпрама (2004): 1 — лінія па вырабе батонаў; 2 — лінія па вырабе і фасаванні аўсянага пячэння.