Існаваў у Мінску з 20.1.1919 дачэрв. 1941, да 31.8.1923 абл. музей. У аснове калекцый матэрыялы Царк.-археал. музея і Т-ва аматараў прыроды і археалогіі. У 1941 у музеі больш за 60 тыс. экспанатаў: найб. каштоўныя рукапісныя і друкаваныя кнігі 15—18 ст. (друкаваная Трыёдзь 1494, Тураўскія мінеі-чэцці 1525, слоўнік П.Бярынды і інш.), дарчыя граматы 16—17 ст., грашовыя скарбы 10—18 ст., вырабы цэхавых майстроў, слуцкія паясы, абразы 15—19 ст., карціны бел. мастакоў, бел.нац. адзенне, прадметы працы і хатняга ўжытку і інш. Пры музеі існавалі архіў рукапісных дакументаў 16—18 ст. і навук.б-ка. Музей папаўняўся матэрыяламі археал. раскопак, этнагр. экспедыцый і экспанатамі, перададзенымі інш. музеямі. У 1940—41 музей папоўніўся калекцыямі зброі з Нясвіжскага замка кн. Радзівілаў. У Вял.Айч. вайну разрабаваны ням.-фаш. акупантамі, большасць калекцый загінула. Уцалелыя экспанаты зберагаюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Дырэктарамі музея працавалі П.Харламповіч, В.Ластоўскі, С.Рак-Міхайлоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААЧЫ́СТКА,
комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.
Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл.Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННАЯ ТЭО́РЫЯ,
сістэма поглядаў, паводле якой сярэдневяковая вотчына ў Зах. Еўропе разглядалася як вызначальны інстытут, у сац.-эканам., паліт. і культ. жыцці сярэднявечча. Зарадзілася ў ням. гістарыяграфіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., сфарміравалася ў 1870—80-я г. Прыхільнікі вотчыннай тэорыі даказвалі, што буйная вотчына поўнасцю паглынула ўсе астатнія формы землекарыстання і да 13—14 ст. у рамках вотчыны існавала гармонія інтарэсаў феадалаў і сялян. Частка прадстаўнікоў вотчыннай тэорыі (ням. даследчыкі К.Т.Інама-Штэрнег, К.Лампрэхт, рус. П.Г.Вінаградаў і інш.) спалучала яе з асобнымі прынцыпамі абшчыннай тэорыі, звязваючы ўзнікненне вотчыны з працэсам ператварэння свабодных земляробаў-абшчыннікаў у феад.-залежных сялян і прызнаючы істотную розніцу паміж эпохай ранняга сярэднявечча і перыядам сталых феад. адносін. Група вучоных (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж у Францыі, Ф.Сібам у Вялікабрытаніі) адмаўляла існаванне свабоднай абшчыны ў мінулым і разглядала вотчыну з уласцівай ёй залежнасцю земляроба ад уласніка зямлі як адзін з найпершых ін-таў чалавецтва. Да сярэдзіны 20 ст. вотчынная тэорыя страціла сваё значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ШЫ (Anoplura, Siphunculata),
атрад насякомых. З сям.: гематапіды (Haematopidae), калючыя вошы (Echinophthiridae), педыкуліды (Pediculidae). У сусв. фауне каля 300, на Беларусі 12 відаў. Крывасмокі, спецыфічныя паразіты млекакормячых жывёл і чалавека. Найб. вядомыя паразіты чалавека — вош плацяная (Pediculus humanus vestimenti), вош галаўная (Pediculus humanus capitis), вош лабковая, або плашчыца (Phthirus pubis), свіней — вош свіная (Haematopinus suis).
Даўж. 0,3—6 мм. Цела пляскатае, бяскрылае, укрытае валаскамі, шчацінкамі, шыпамі, бялява-жаўтаватае з бурымі або чорнымі плямкамі. Галава прадаўгаватая, брушка авальнае. Вочы рэдукаваныя або адсутнічаюць. Ротавы апарат колюча-сысучы з кручкамі. Ногі з учэпістымі кіпцюркамі. Раздзельнаполыя. Адкладваюць да 300 яец. Самкі спец. сакрэтам прыклейваюць яйцы (гніды) да валасоў, адзення або субстрату. Лічынкі развіваюцца праз 5—19 сут. Жывуць 32—46 сут. Пераносяць узбуджальнікаў сыпнога і зваротнага тыфаў, ліхаманак, сібірскай язвы і інш. небяспечных хвароб. Знішчаюць вошай мех., тэрмічным і хім. спосабамі. Гл. таксама Педыкулёз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВІХ,
зрушэнне сустаўных канцоў касцей, што выклікае парушэнне функцыі сустава. Бывае поўнае ссоўванне сустаўных паверхняў (поўныя вывіхі) і частковае (няпоўныя вывіхі, падвывіхі). Адрозніваюць вывіхі траўматычныя, звычайныя, прыроджаныя і паталагічныя. Траўматычныя вывіхі бываюць ад ускосных або прамых мех. траўмаў з пашкоджаннем капсулы сустава і звязкі. Падзяляюцца на свежыя (да 3 дзён), нясвежыя (да 3—4 тыдняў) і застарэлыя (больш за месяц), у залежнасці ад стану скуры — на адкрытыя і закрытыя. Прыкметы: рэзкія болі ў пашкоджаным суставе, парушэнне яго функцыі і формы, канечнасць прымае змушанае становішча, мяняецца яе даўжыня. Лячэнне: тэрміновае ўпраўлянне вывіху, застарэлыя лечаць хірургічна. Звычайныя вывіхі найчасцей бываюць у плечавым суставе пасля няправільнага лячэння траўматычнага. Лячэнне хірургічнае. Прыроджаныя вывіхі — вынік няправільнага ўнутрычэраўнага развіцця плода (найчасцей адна- або двухбаковы вывіх сцягна). Вынік лячэння залежыць ад часу выяўлення такіх вывіхаў; позняе выяўленне патрабуе хірург. лячэння. Паталагічныя вывіхі ўзнікаюць ад развіцця ў поласці сустава ці ў сустаўных канцах касцей запаленчага працэсу, пры вялых паралічах канечнасцей ці артрапатыях. Лячэнне залежыць ад прычыны хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ КІТА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
нізінная раўніна на У Азіі, у Кітаі. Пл. каля 325 тыс.км². Абмежавана на Пн гарамі Яньшань, на Зхр. Тайханшань, на ПдЗхр. Тунбайшань і Дабешань; на У працягнулася больш як на 1000 км уздоўж узбярэжжа Жоўтага і Усх.-Кітайскага мораў.
Паверхня плоская, выш.да 100 м. Складзена з магутнай тоўшчы алювіяльных адкладаў рэк. Клімат субтрапічны мусонны, з вільготным летам і сухой халаднаватай зімой. Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пнда 3 °C на Пд, ліп. 20 °C (у Прымор’і) і 28 °C (ва ўнутр. раёнах). Ападкаў за год 400—500 мм на Пн, 750—1000 мм на Пд. Раўніну перасякаюць рэкі Хуанхэ, Хуайхэ, Хайхэ; з Пн на Пд — Вялікі канал. Частыя паводкі. Самыя вял. азёры: Тайху, Хунцзэху, Вэйшаньху. Амаль уся тэр. ўзараная. Вырошчваюцца пшаніца, рыс, арахіс, проса, соя, бавоўнік. Адзін з самых населеных раёнаў свету; вял. гарады: Пекін, Шанхай, Цяньцзінь, Нанкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (Hawaiian Islands), Сандвічавы астравы,
архіпелаг у цэнтр. частцы Ціхага ак., штат ЗША — Гаваі і ўладанне Мідуэй. Пл. 16,7 тыс.км². Гавайскія астравы — вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта, складаюцца з 24 вулканічных і каралавых астравоў, выцягнутых з З-Пн-З на У-Пд-У больш як на 3600 км (самыя вял. і значныя — Гаваі, Ааху, Каўаі, Ланаі, Малакаі, Маўі, Нііхау, Кахаалаве). Выш.да 4205 м (патухлы вулкан Маўна-Кеа на в-ве Гаваі). Дзеючыя вулканы Маўна-Лоа (4170 м) і Кілаўэа (1247 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячная т-ра 18—25 °C. Ападкаў ад 700 мм (на паўд.-зах. берагах) да 3500—4000 мм за год (на в-ве Каўаі ў асобныя гады больш за 10 000 мм). На наветраных схілах вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — рэдкалессе і саванны; шмат эндэмічных відаў раслін. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу, кавы і інш. трапічных культур. Развіта кветкаводства. Рыбалоўства. Суднабудаванне. Кліматычныя курорты. Турызм. Адкрыты Гавайскія астравы ў 1778 англ. мараплаўцам Дж.Кукам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАТУ́РЫІ, марскія агуркі,
марскія скарбонкі (Holothurioidea),
клас марскіх беспазваночных тыпу ігласкурых. 5 атр., каля 1100 сучасных відаў пашыраны ў морах і акіянах, пераважна на дне. Найб. вядомыя трэпанг далёкаўсходні (Stichopus japonicus), кукумарыя, або марскі агурок японскі (Cucumaria japonica), марскі агурок выцягнуты (Trachythyone elongata), марская курачка (Psolus phantapus). Выкапнёвыя шкілетныя пласцінкі вядомы з дэвону, на Беларусі зрэдку трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.
Даўж. бочачкападобнага або чэрвепадобнага цела ад некалькіх ммда 2 м, у многіх з вонкавымі прыдаткамі (шчупальцы, ножкі, папілы, парус і інш.). Цела ўкрыта мяккай скурай, якая ўтрымлівае мікраскапічныя шкілетныя вапняковыя пласцінкі (спікулы). Рот на пярэднім канцы цела, акружаны венчыкам шчупальцаў. Многія здольныя дааўтатаміі задняй ч. цела з наступнай рэгенерацыяй. Палавыя прадукты выводзяцца ў ваду, дзе яйцы апладняюцца і развіваюцца. Лічынка плавае. Некаторыя галатурыі выношваюць малявак. Аб’екты промыслу і аквакультуры (пераважна трэпанг).
Галатурыі: 1 — марскі агурок выцягнуты; 2 — марская курачка; 3 — кукумарыя, або марскі агурок японскі; 4 — трэпанг далёка-ўсходні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ВІЧ Васіль Васілевіч (10.1.1910, г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.12.1991),
бел.тэатр. мастак. Засл. дз. маст. Казахстана (1955). Скончыў Кіеўскі маст.Ін-т (1932). У 1933—58 працаваў у т-рах Днепрапятроўска, Саратава, Алматы. Выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1959—65). У 1958—62 гал. мастак Бел.т-ра імя Я.Купалы. Аформіў спектаклі: «Дні нашага нараджэння» І.Мележа (1958), «Каб людзі не журыліся» А.Макаёнка (1959) і інш. У 1963—73 гал. мастак Рус.драм.т-ра Беларусі, стварыў дэкарацыі да спектакляў: «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (1964), «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча (1965), «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ (1972) і інш. Афармляў таксама спектаклі ў Брэсцкім абл.драм. т-ры («Варвары» М.Горкага, 1979). У творчасці імкнуўся дасягнуць гарманічнай дакладнасці, спалучанай з фантазіяй, лаканізмам кампазіцыі, выяўл. сродкаў. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Л.Ф.Салавей.
В.Галубовіч. Эскіз дэкарацый да спектакля «Варвары» М.Горкага. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА (Gama) Васка да (1469, г. Сініш, Партугалія — 24.12.1524),
партугальскі мараплавец, які ўпершыню праклаў марскі шлях з Еўропы ў Індыю. Адмірал (1502). Граф Відыгейра (1519). На чале экспедыцыі з 4 караблёў (выйшла з Лісабона ў ліп. 1497) абагнуў з Пд Афрыку і з дапамогай араб. лоцмана Ахмеда ібн Маджыда ў маі 1498 дасягнуў інд. порта Калікут. Са 168 маракоў у Партугалію жывымі вярнуліся 55 (вер. 1499). У час экспедыцыі 1502—03 на чале армады (20 караблёў з дэсантам пяхоты і артылерыі) разбурыў Калікут, стварыў крэпасць у порце Кочын, заснаваў шэраг апорных баз-факторый на Малабарскім беразе, усх. узбярэжжы Афрыкі і інш. У 1524 прызначаны віцэ-каралём Індыі і здзейсніў туды апошняе плаванне. Памёр у крэпасці Кочын. Экспедыцыі Гамы садзейнічалі каланізацыі Індыі партугальцамі і ўстанаўленню іх кантролю за міжнар. гандлем у Індыйскім акіяне.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. Т. 2. С. 39—44, 84—85.