род шматгадовых травяністых раслін сям. грушанкавых. Вядомы 1 від — аднакветка буйнакветная (M. uniflora), пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. Расце ў імшыстых і чарнічных хваёвых лясах, на купінах нізінных і пераходных балот, у гарах уздымаецца да субальпійскага пояса на выш. да 2,4 тыс.м над узр. м. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўн. раёнах.
Выш. 3—17 см. Лісце супраціўнае, акруглае, скучанае ў ніжняй ч. сцябла. Карэнішча паўзучае. Кветкі адзіночныя, белыя, вельмі духмяныя. Цвіце ў чэрв. — пач. ліпеня. Плод — шарападобная шматнасенная каробачка. Лек расліна, выкарыстоўваецца як сродак ад вочных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАКЛА́СНАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА навучальная ўстанова ў Рас. імперыі. На Беларусі першыя аднакласныя пачатковыя вучылішчы існавалі пры манастырах каталіцкіх ордэнаў. Паводле Статута для прыходскіх вучылішчаў 1807 для дзяцей бедных рамеснікаў і сялян ствараліся аднакласныя пачатковыя вучылішчы з адным настаўнікам, якія мелі 6-месячны тэрмін навучання. Вучэбныя планы абмяжоўваліся практычнымі мэтамі. Паводле Статута 1828 дзейнасць аднакласных пачатковых вучылішчаў мела саслоўны характар. «Часовыя правілы для народных школ...» 1863 дазвалялі прыём у аднакласныя пачатковыя вучылішчы дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў; выкладалі Закон Божы, рус. мову, першыя чатыры дзеянні арыфметыкі, спевы. У сярэдзіне 1870-х г. на Беларусі было 50 аднакласных пачатковых вучылішчаў (36 з іх мелі жан. змены), у пач. 1890-х г. — 70 з 2-гадовым тэрмінам навучання. Паводле «Палажэння аб царкоўных школах праваслаўнага веравызнання» (1902) існавалі аднакласныя пач. школы царк. ведамства з 3-гадовым тэрмінам навучання (гл.Царкоўнапрыходскія школы). З павелічэннем ролі земстваў (1911) аднакласныя пачатковыя вучылішчы царк. ведамства не вытрымалі канкурэнцыі з земскімі школамі, дзе даваліся больш глыбокія веды, і сталі пераходзіць на земскае ўтрыманне (Віцебская, Магілёўская, Мінская губерні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАКЛЕ́ТАЧНЫЯ,
арганізмы, целы якіх складаюцца з адной клеткі. Існуюць 2 узроўні арганізацыі аднаклетачных: пракарыётны (бактэрыі і сіне-зялёныя водарасці) і эўкарыётны (зялёныя і інш. водарасці, прасцейшыя). У пракарыётаў няма дыферэнцыраванага клетачнага ядра, у эўкарыётаў яно ёсць і можа дзяліцца. Аднаклетачныя спалучаюць уласцівасці клеткі і самаст. арганізма. Маюць простую будову (хларэлы, амёбы) і складаную (ацэтабулярыі, інфузорыі). Многія ўтвараюць калоніі. Ад аднаклетачных узніклі шматклетачныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАМЕ́РНАГА ЧАЛАВЕ́КА КАНЦЭ́ПЦЫЯ,
найбольш поўнае выражэнне «крытычнай тэорыі грамадства», звязанай з даследаваннямі сац.канфармізму і сац.-псіхал. тыпаў асобы. Назва ад кнігі заснавальніка гэтай канцэпцыі Г.Маркузе «Аднамерны чалавек. Нарысы ідэалогіі высокаразвітога індустрыяльнага грамадства». Істотную ролю ў станаўленні канцэпцыі адыгралі ідэі З.Фрэйда, В.Райха, Т.Адорна, Э.Фрома і інш. даследчыкаў механізмаў адчужэння чалавека.
Аднамернасць як разбурэнне чалавечай суб’ектыўнасці Маркузе звязваў з развітой індустрыяльнай цывілізацыяй, рэпрэсіўным уздзеяннем тэхнікі на духоўны свет асобы. «Аднамерны чалавек» — канфарміст, які поўнасцю інтэграваны ў «сістэму», лёгка паддаецца маніпуліраванню, яго адносіны да свету павярхоўныя, некрытычныя, схільнасці і патрэбы скажоны прынцыпам прадукцыйнасці, што выклікае спажывецкую арыентацыю. Аднамернасці проціпастаўляецца двухмернасць чалавека, якая дапускае наяўнасць унутранага свету асобы, здольнасць яе крытычна ставіцца да ўмоў свайго існавання і самаўдасканальвацца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАПАЛО́СНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,
працэс атрымання мадуляваных ваганняў, частотны спектр якіх мае адну бакавую паласу частот (нясучая частата і другая бакавая паласа значна прыглушаны). У параўнанні з амплітуднай мадуляцыяй пры аднапалоснай мадуляцыі перадавальны спектр частот скарачаецца ў 2 разы, што дазваляе падвоіць колькасць каналаў сувязі. Агульны выйгрыш па магутнасці перадатчыка ў 8—16 разоў. Выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, прафес. і аматарскай радыёсувязі, правадной сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАПО́ЛЫЯ КВЕ́ТКІ,
кветкі, у якіх ёсць толькі тычынкі і няма песціка (песцікаў) або ёсць толькі песцік (песцікі), але няма тычынак. Першыя наз. тычынкавыя (мужч.), другія — песцікавыя (жан.). У многіх аднаполых кветак органы другога полу захоўваюцца ў рэдукаваным стане і не функцыяніруюць. Паводле эвантавай тэорыі паходжання кветкі, аднаполыя кветкі ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ад двух кветак у выніку прыстасавання да апылення ветрам. Такія кветкі наз. функцыянальна-мужчынскімі або функцыянальна-жаночымі. Размеркаванне аднаполых кветак на раслінах рознае (гл.Аднадомныя расліны, Двухдомныя расліны, Шматдомныя расліны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАПО́ЛЮСНАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ,
тэлеграфаванне сігналамі пастаяннага току, якія ўяўляюць сабой кодавую камбінацыю імпульсаў адной палярнасці з бястокавымі інтэрваламі. У адрозненне ад двухполюснага тэлеграфавання выкарыстоўваецца на лініях сувязі невял. працягласці (да 300 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАПРАХО́ДНЫЯ
(Monotremata),
яйцародныя, атрад найб. прымітыўных сярод сучасных млекакормячых. Вядомы з плейстацэну Аўстраліі. 2 сям.: яхідны і качканосы, 5 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Тасманіі, Новай Гвінеі.
Даўж. цела да 80 см. Характэрна сумяшчэнне заднепраходнай і мочапалавой адтулін (клаака, як у птушак). Зубоў у дарослых няма. Страўнік не мае стрававальных залоз. Сярэдняя т-ра цела ніжэйшая, чым у інш. млекакормячых (25—36 °C). Нясуць 1—2, зрэдку 3 яйцы. Малочныя залозы трубчастыя, выдзяляюць малако на брушную паверхню цела (залозістае поле), адкуль яго злізваюць дзіцяняты. Паўводныя ці наземныя формы. Кормяцца жывёльнымі арганізмамі. Колькасць невялікая.